it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 20

Каля Таўэра

Лявон Вольскі правёў у Брытаніі 10 дзён – даў канцэрт і агледзеў мясцовыя каштоўнасці. Адразу па вяртанні славуты музыка распавёў “Звяздзе”, як пабачыў яхты мільярдэраў, патрымаў у руках арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага і наведаў Кембрыджскі ўніверсітэт

“Ангельскія беларусы жывуць дружна – і гэта нетыповая з’ява!..”

— Як атрымалася, што дагэтуль вы ні разу не былі ў Лондане? Здаецца, столькі беларусаў ужо туды пераездзіла, а Вольскі – не быў…

— Мне здаецца, што для шараговага беларуса, які нават імкнецца і мае мажлівасць часта выязжаць – гэта вельмі распаўсюджаная з’ява. Звычайна ездзяць у Парыж, кудысьці адпачываць на поўдзень – Іспанія, якая-небудзь Італія. Ездзяць там у Варшаву, Прагу. У нас, напрыклад, мала знаёмых да Лондана дабіраліся. Усё-ткі гэта выспа, асобная віза трэба, ды і лічыцца, што там страшна дорага, таму лепей туды не трапляць. Неяк у мяне з Брытаніяй дагэтуль не перакрыжоўваліся біяграфіі…

— І якім чынам перакрыжаваліся?

— Мы з жонкай Ганнай паехалі на запрашэнне Англа-беларускага таварыства. Таварыства запрасіла мяне на творчую сустрэчу са мной. (усміхаецца) Намі апекаваліся доктар Вадзім Дзямідчык – беларус, які ўжо колькі гадоў жыве ў Брытаніі, а таксама Джым Дынглі, старшыня гэтага таварыства.

— Чым займаецца гэтае таварыства?

— Займаецца запрашэннем цікавых асобаў… Я прабачаюся, што пра сябе так кажу!.. (смяецца) Але я не пра сябе – там перада мной шмат цікавых людзей было: Уладзімір Арлоў, Зміцер Бартосік, Дзяніс Раманюк… Там ёсць дзве суполкі – гэта Англа-беларускае таварыства (куды ўваходзяць беларусы і англічане) і Задзіночанне беларусаў Вялікабрытаніі. Усцешвае нетыповая беларуская сітуацыя – яны не пасвараныя раз і назаўсёды! І не пішуць скаргі ў пракуратуру ангельскую ды ў гаспадарчы суд пра злоўжыванні!… (смяецца) Наадварот, цэлы шэраг асобаў уваходзіць і ў адно, і ў другое аб’яднанні, яны сябруюць. На канцэрце было вельмі шмат людзей таксама са Згуртавання беларусаў, яны нам дапамагалі.

— Калі эмігравалі беларусы, якія ўваходзяць у гэтыя суполкі?

— Першая хваля была ў 1940-х гадах. І яны былі досыць актыўныя, гуртаваліся, рабілі нейкія суполкі, займаліся справамі. Другя значная хваля – “дзеці перабудовы”, якія з’ехалі не так даўно. Спачатку яны былі менш інтэграваныя, а цяпер вось тыя, хто прыехаў ужо ў 1990-х, пачалі яднацца, пачаўся рух. Цікава было пачуць ад саміх ангельцаў, што цяпер беларуская тусоўка па актыўнасці, па дзейнасці на трэцім месцы пасля латышоў і ўкраінцаў. Гэта прыемна… Бо ва ўсіх астатніх краінах сітуацыя кардынальна розніцца з гэтай.

“Гадавы праязны на ўсе віды каштуе 7500 даляраў!”

— Вы жылі ў самім Лондане?

— Не, напачатку мы жылі ў доктара Вадзіма Дзямідчыка ў ягоным катэджы – нам быў адведезны там пакой. Гэта Колчэстэр, альбо як мы казалі на беларускі капыл – Калчэсцер. Вельмі вядомы горад, там нават захаваўся стары рымскі мур, там знаходзіцца адзін з самых старажытных англійскіх гатэляў, яму гадоў 700 ці 800. І яны падтрымліваюць яго ў належным старым выглядзе, еўрарамонта няма. Адтуль да Лондана ехаць 40 хвілін цягніком. Потым, пасля канцэрту, мы жылі ў Беларускім доме ў Лондане. Ён, дарэчы, XVIII стагоддзя. А яшчэ там ёсць на Фінчлі ўніяцкая царква і бібліятэка, якімі апякуецца айцец Аляксандр Надсан. Бібліятэка нас, канешне, вельмі ўразіла!.. Там ёсць арыгіналы Купалы, Коласа, дакументы Францыска Скарыны, старыя мапы беларускай тэрыторыі тысяча чатырыста нейкага году, доследы сярэднявечных падарожнікаў з Нямеччыны, Францыі ці Англіі, якія праязжалі праз Беларусь. Ёсць арыгінал Статута Вялікага Княства… Пачыталі, наколькі змаглі… (усміхаецца)

— Ці былі ў вас нейкія стэрэатыпы пра Брытанію і брытанцаў перад паездкай?

— Не, не было – нас папярэдзілі, пра ўсё падрабязна распавялі. (усміхаецца) Мы мелі з сабой нават мапы – мапу метро, спіс месцаў, дзе ўсё-ткі варта пабываць. І мы мэтанакіравана што маглі наведалі, астатняе адклалі на наступны раз. Мяне, напрыклад, уразіў Тэйт Мадэрн – музей сучаснага мастацтва. Уваход туды, як і ў многія іншыя музеі, дармовы. Там была выстава Поля Гагена… Паглядзелі ў тым ліку і на нашых майстроў – Шагала, Малевіча… Пабачылі абсалютна дзівосную інсталяцыю кітайскага мастака, з каменнай крошкі. Адмыслова ў кар’ерах здабывалі камяні, потым іх пераўтваралі ў пудру, потым замешвалі ў такі росчын (гэта ўсё паказвалася на экранах) – ён з усяго гэтага вырабіў такія семкі, якія не адрозніш ад звычайных. Яны размаляваныя ўручную, імі быў засыпаная велізарная заля. Людзі ў іх валяліся разам з дзецьмі, сядзелі там з лаптопамі, зарываліся – толькі галава тырчала… Мы не ўтрымаліся і ўзялі па адной семцы на памяць – але іх там былі напраўду мільёны!..

Адзін з сымбаляў Лёндану — тэлефонныя будкі

— Ок, у вас не было стэрэатыпаў, але ў многіх ёсць – што англічане вельмі сур’ёзныя, чопарныя, сэры, пэры… Наколькі гэта пацвяржаецца, калі туды прыязжаеш?

— Магчыма, гэта ёсць на ўзроўні арыстакратыі, графаў там ці баронаў… Мы з такой праслойкай не сутыкаліся. А што тычыць клеркаў ці бізнэсоўцаў, то яны цэлымі офісамі ідуць у абед у паб (дзе мы таксама сабе рабілі перапынкі паміж гэтай беганінай). А паб – гэта таксама ангельская культура, з якой варта пазнаёміцца “на родзіне героя”, а не дзе-небудзь у іншай краіне. Ім па 200-300 гадоў!.. Дык вось, лонданцы прыходяць у абед у паб і выпіваюць па піву, нічога не ядуць. У сэнсе, можа яны дзе пасля і ядуць, але ў пабе толькі піва п’юць.

— А колькі там піва каштуе?

— У сярэднім 3,5 – 4 фунты. Каля 15 тысяч на нашыя. Шчыра сказаць, добрае піва, якое прывозяць адтуль, і ў Мінску столькі каштуе ў бары – таму розніца невялікая. Выбар піва там вельмі вялікі, сідраў розных шмат.

— А ўвогуле кошты там гэткія атамныя, як гавораць?

— Такія, як у нас прыкладна. Акрамя транспарту – ён вельмі дарагі, бо яго з дзяржаўных рук аддалі ў “ненадзейныя рукі спекулянтаў”. У выніку гадавы праязны на ўсе віды транспарту каштуе ад 4 да 5 тысяч фунтаў – гэта 7500 даляраў!!! “Трэвэл кард” – на цэлы дзень на ўсе гатункі лонданскага транспарту (без прыгарадных электрычак) – 6 фунтаў (27 тысяч рублёў)…

— Слухайце, дык за гэтыя грошы машыну набыць можна!..

— І нармалёвую машыну! Але там такія коркі ў горадзе, што на машыне куды даехаць значна цяжэй, чым на метро. Мала таго, што ў Лондане жыве больш за 10 мільёнаў чалавек, дык туды яшчэ бясконца з усяе краіны едуць паглядзець на гэтага “отца городов англійскіх” і Тэмзу – “маць рэк брытанскіх”. Ангельцы, між іншым, ездзяць імпэтна, перавышаюць хуткасць часта, могуць і рэзануць. Але агульная дысцыпліна, у параўнанні з нашай… Я адразу сюды прыехаў, сеў за стырно… І адразу быў уражаны адкрытым хамствам кіроўцаў. І тым, што па ўсім горадзе стаіць ДАІ і разрульвае, каб нейкі там высокі госць праехаў. Там шмат паліцыі, але яна спяшаецца па сваіх справах з міргалкамі. Альбо на “заціхаронных” машынах прыватнага тыпу раптам выстаўляюць міргалку – і таксама кудысьці едзе змагацца з чарговым злачынствам. Ці спыняюць за перавышэнне хуткасці.

— Ёсць такое?

— За перавышэнне спыняюць ва ўсім свеце. Але без дай прычыны (як у нас: “Праверка дакументаў”) – там такое немагчыма.

“Не ўтрымаўся – і набыў сабе гарнітур!”

— Набылі сабе што?

— Для тых, хто любіць тарыцца адзеннем – там проста шопінг-рай! Ёсць такія крамы, дзе розныя якасныя рэчы прадаюцца без падаткаў. Я не ўтрымаўся – і гарнітур набыў сабе.

— Смокінг?

— Не, звычайны. Дзе ў нас у смокінгу хадзіць, якія ў нас уручэнні прэміяў?..

— Ангельская мова, якую вы там пачулі – яна сапраўды адрозніваецца ад “астатняй ангельскай мовы”?

— Вельмі адрозніваецца! Я ўжо два гады з перапынкамі займаюся ангельскай мовай з рэпетытарам. Дык вось, таму ўсе гавораць, як выкладчыца!.. Я калі глядзеў розныя навучальныя фільмы – думаў, што там гавораць так адмыслова для вучняў, каб усё было зразумела, каб кожная літара гучала! Але яны сапраўды так размаўляюць! І нават беларусы, якія ўжо там пажылі, так навучыліся размаўляць!

Гідратэрапія і фітнэс для сабак

— Што там самае нязвыклае для беларуса, які прыехаў упершыню?

— Вельмі нязвыкла, што ў краме ніхто цябе не будзе штурхаць! Будуць наадварот праходзць за метр ад цябе і казаць “Ай’м соры”, “Экск’юз мі”!.. Для нашых гэта дзіўнае ўражанне: “Ды пайшлі вы к чорту, што вы лезеце да мяне!..” (смяецца) Што ўвесь рух наадварот – не справа, як у нас, а злева – да гэтага нашыя людзі падрыхтаваны. І стырно ў машыне не з таго боку, і перадачы левай рукой пераключаць трэба. Але для мяне гэта было дзіўна – што BMW, Chrysler, Ford – машыны, якія мы бачым у нас кожны дзень, таксама ўсе робяцца з правым рулём.

— Не паспрабавалі за стырном праехаць так экзатычна?

— Я не рызыкнуў, шчыра кажучы! Нашыя людзі скардзяцца на завялікую колькасць кругавых развязак на дарозе – ледзьве не кожныя 500 метраў. І не заўжды зразумееш, як з іх выехаць. І я не хацеў сядаць, бо баяўся, што вярнуся – і буду палосы блытаць! (усміхаецца) Хоць я і едзіў на месцы пасажыра, але пастаянна ламіўся за стырно – яно ж там, дзе ў нас пасажыр сядзіць!.. Вярнуўся – і адчуванне, што па сустрэчнай едзеш!.. Я запытаўся, адкуль у іх гэта пайшло. Распавялі, што калі ўсе яшчэ едзілі на конях (а ездзілі прадстаўнікі “сярэдняга і вышэйшага класу, і трэба было падаць руку прадстаўніку арыстакратыі – так зручней!.. (усміхаецца)

“Калі санстанцыя зачыніла паб – людзі зладзілі масавы пратэст!..”

— Тамтэйшая архітэктура вас уразіла?

–Пасля Мінску, дзе архітэктура збольшага “спакойная” – там увесь час натыкаешся на нейкую неверагодну, велічную готыку! Едзеш на аўтобусе – і раптам з’яўляюцца Каралеўскія корты з выдатнай разной готыкай!.. Там ёсьць дух – вуліцы, якім не адно стагоддзе… Там усё імперскае, з размахам. Калі плошча – дык гэта ўжо плошча. Калі там будзе адмірал Нэльсан на слупе – дык слуп гэты будзе належнага памеру!..

— Калі стаіш там на вуліцы – адчуваецца, што ў гэтым горадзе жыве больш за 10 мільёнаў чалавек?

— Адчуваецца! Гэтая плынь чалавечая… Прычым рознакаляровая – абсалютна розныя нацыі, нагадвае Нью-Йорк.

— Не хочацца за кішэні трымацца? Каб грошы не пакралі?

— Нас папярэджвалі, што трэба – таму мы не бралі з сабой шмат наяўных грошай, карысталіся карткамі.

— Апроч “папсовых турыстычных месцаў” кшталту Біг Бэна ці Таўэра што наведалі?

— Нашая знаёмая дызайнерка Саша Белавокая, якая ўжо гадоў пяць жыве ў Лондане, вадзіла па такіх месцах, куды звычайна турысты не ходзяць. Непадалёк ад Таўэра мы пабачылі затоку, дзе стаяць яхты мільярдэраў. Самі мільярдэры жывуць тут жа, у дарагім квартальчыку. А гэтая затока – як паркінг для іх!.. Яшчэ там ёсць вуліца Брык Лэйн – такая багемна-мастацкая, артавая. Там вельмі цікавы кірмаш, дзе мастакі продаюць зробленыя тут жа рэчы, дызайнерскую вопратку… Там жа ёсць і нейкія дзікія сэканд-хэнды, дзе можна знайсці які-небудзь цыліндр 1859 году, нейкія старыя гарнітуры, валізкі, “кацялкі”…

Паб, які не змагла зачыніць санстанцыя )))

— Як прайшоў сам канцэрт?

— Канцэрт нечакана для мяне прайшоў на вялікім уздыме! Быў колішні амбасадар Брытаніі ў Беларусі Брайан Бэннэт, былі беларускія консулы… Дарэчы, канцэрт быў якраз на 70-ю гадавіну Джона Ленана – што таксама ў пэўным сэнсе сімвалічна для мяне…

— Дзе вы паспелі пабыць апроч Лондану і Калчэсцеру?

— Былі ў Кембрыджы..

— Паступалі?

— Не-не, мы правалілі ўсе іспыты, апроч літаратуры! (смяецца) Класна ім там вучыцца, я гляджу! У кожнага каледжа свая капліца ёсць – некаторыя з іх большыя разы ў два за нашыя касцёлы!.. У інтэрнаце жывуць па адным чалавеку ў пакоі. Дарэчы, там можна паабедаць у іх сталоўцы… У некаторых каледжах ёсць свае старажытныя вінныя лёхі – па важных святах там можна папіць вельмі і вельмі старога шапманскага. Там ёсць такі паб “Ігл”, дзе вынайшлі ДНК. Чаму ў пабе? Напэўна, пайшлі паабедаць – здарыўся прыліў крыві да мазгоў – і адбылося адкрыццё!.. (смяецца)

— Лявон, як яны з такім рытмам жыцця ў гэтым агромністым мегаполісе паспяваюць нараджаць дяцей, кахаць?..

— А ў іх у пятніцу наступае “канец працы”. Усё, канец працы, усе ідуць у паб! А суботу-нядзелю яны прысвячаюць сям’і. Рытм у іх, я вам скажу!.. Усе бягуць страшэнна заклапочаныя! Потым смяюцца ў пабе ў абед, потым зноў нясуцца страшэнна заклапочаныя, потым увечары смяюцца ў пабе, здымаюць напружанне – і едуць дахаты. І мамаў з дзецьмі мы там пабачылі шмат!

— Чаму нам варта павучыцца ў брытанцаў?

— Шанаваць сваё. Мяне захапіла, як брытанцы захоўваюць сваю культуру, свае традыцыі…Амаль ва ўсім свеце едзяць па правай паласе – а яны, я ўпэўнены, не адмовяцца ад свайго левага руху!.. Мы зайшлі ў адзін вінны бар, якому больш за 300 гадоў. Нам распавялі пра яго гісторыю. Прыйшла туды санстанцыя і кажа: “Як гэта вы тут за апошнія 90 гадоў нічога не змянілі?! Антысанітарыя, мы вас часова закрываем, пакуль не прыбярэце недахопы!” І што вы думаеце – паднялася хваля пратэсту, людзі пачалі абурацца!.. І санітарная служба была вымушаная адступіць: “Ды піце вы ў свінюшніку, калі хочаце!..” У хатах вы пабачыце два краны – адзін з гарачай вадой, другі з халоднай. І хоць гэта нязручна, хоць можна зрабіць адзін – але такая традыцыя…

Фота з архіва Лявона ВОЛЬСКАГА.

Кэмбрыдж

Тэгі:


3 Responses to “Лявон Вольскі: “З музея сучаснага мастацтва ў Лондане я скраў… семку!..””

  1. 1. dyk Says:

    Там жа і Скарынаўская Біблія калісьці была ў той Беларускай бібліятэцы ў Лондане, калі не памыляюся.

  2. 2. zmitrok Says:

    скралі беларусы, якія кватаравалі у беларускіх маёнтках на Фіншлі. Надсан перажываў

  3. 3. zmitrok Says:

    ня жарт

Leave a Reply