it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 28

macej2

Эксклюзіўнае інтэрв’ю князя Мацея Радзівіла пасля тыдня таемнага знаходжання князёў у Беларусі

Князі Радзівілы на чале з 91-гадовай Эльжбетай Радзівіл прабылі ў Беларусі тыдзень. Высокія госці знаходзіліся тут фактычна інкогніта — ў адрозненне ад травеньскага візіту, калі іх прымалі дырэктары музеяў, мэр Нясвіжу і іншыя афіцыйныя асобы.

Цяперашні візіт стаўся хутчэй адпачынкам у родным Нясвіжы. За ўсе дні знаходжання князі мелі толькі адно афіцыйнае мерапрыемства — абед з міністрам культуры спадаром Паўлам Латушкам. Міністр запрасіў князёў у рэстарацыю “Новы Нясвіж” у Мінску, якая аздобленая старымі здымкамі замку і Сям’і. Па іроніі лёсу — на некаторых фота выяўлены князь Альбрэхт Радзівіл з дачкой Бэткай — той самай Эльжбетай Радзівіл, якую прывітаў міністр на ганку рэстарацыі!..

На маю просьбу князь Мацей Радзівіл распавёў пра сустрэчу з міністрам і дэталі тыднёвага адпачынку Радзівілаў у Беларусі…

Глеб Лабадзенка: Пан Мацей, што сталася прычынай, што ўжо праз два месяцы пасля мінулага прыезду Вы зноўку ў Беларусі?

Мацей Радзівіл: Гэта любоў да Нясвіжа!.. Нам вельмі спадабалася, як мы былі тут апошні раз — у траўні. Наша цёця Эльжбета хацела яшчэ раз пабываць тут цяпер, калі цёпла летам. Мы таксама хацелі пагуляць па замку. Сустрэліся таксама з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам і размаўлялі пра рэканструкцыю замка.

Глеб Лабадзенка: Пра што дакладна ішла гаворка на гэтай сустрэчы?

Мацей Радзівіл:
Мы вельмі радыя, што рэканструкцыя ідзе хутка. Але мяркуем, што некаторыя элементы трэба змяніць. І мы гэта сказалі міністру. Гэта найперш праблема вежы-цыбуліны, якая была зробленая некалькі гадоў таму. Яна не падобная да вежы, якая была ў Нясвіжы перад вайной. Магчыма, яна падобная да той вежы, якая была ў XVI стагоддзі. Але я думаю, што гэта таксама была іншая вежа. І што нельга рабіць рэканструкцыю па ўзору маленькай гравюры XVI стагоддзя!.. Я спадзяюся, што Міністэрства культуры ў адзін дзень вырашыць змяніць вежу, каб яна была такая, як перад вайной.

Глеб Лабадзенка: Якія яшчэ заўвагі па рэканструкцыі замка Вы зрабілі на сустрэчы з міністрам?

Мацей Радзівіл: Заўжды паўстае пытанне: які замак мы аднаўляем? Той, з часу Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі?.. Можа быць, той, з часу Рыбанькі, з сярэдзіны XVIII стагоддзя?.. Альбо замак эпохі Марыі дэ Кастэлян — канца ХІХ стагоддзя?.. Альбо з гадоў перад Другой сусветнай вайной?.. Наша цёця Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская мяркуе таксама, што ўяздная брама змененая, і яе ранейшы выгляд трэба вярнуць. Што не трэба было канструяваць такія тры недарэчныя коміны на даху, якіх тут не было раней…

Глеб Лабадзенка: Вы прабылі ў Беларусі больш за пяць дзён. Якія яшчэ сустрэчы, апроч спаткання з міністрам, былі ў гэтым часе?

Мацей Радзівіл: Мы яшчэ раз наведалі гістарычны музей у Мінску, дзе ёсць радзівілаўскія партрэты. Пагулялі па Нясвіжы — гэтым разам без журналістаў… Мы пагулялі па парку, бо ў траўні на гэта не хапіла часу… Пайшлі ў касцёл, спусціліся, як заўсёды ў нашую крыпту, каб там памаліцца аб нашых сваяках, нашых продках.

Глеб Лабадзенка: Мінулы ваш візіт можна назваць афіцыйным — бо вас віталі кіраўнікі розных узроўняў, было шмат журналістаў. А зараз вы прыбылі інкогніта. Ці адчулі вы розніцу ў тым, як сустракалі вас людзі ў розных куточках Беларусі?

Мацей Радзівіл:
І тады, і зараз усе людзі вельмі сардэчныя, вельмі прыемныя. Мы адчуваем сябе тут як дома, як на Радзіме. Гэты раз, праўда, быў спакайнейшы. Хаця нам вельмі прыемна, што зараз мы былі прынятыя афіцыйна — гэта было для нас важна. Важны знак, што Беларусь змяняецца. Я заўжды згадваю мой першы візіт у 1989 годзе, у часе Савецкага Саюзу. Я паехаў у Нясвіж нелегальна, бо меў запрашэнне толькі да Мінску. І, напэўна, мяне не хацелі пусціць у замак. Але я паспеў яго пабачыць. Я быў першы Радзівіл, які вярнуўся ў Нясвіж пасля вайны. Цяпер гэта ўжо іншая Беларусь. І я вельмі рады, што Рэспубліка Беларусь хоча цяпер аднавіць замак, касцёл, іншыя замкі. І што ўсе рэстаўратары, архітэктары, гісторыкі мастацтваў — яны задаюць пытанні, раяцца з намі. Гэта вельмі важна і прыемна. Бо для нас, і найперш для нашай цёці, гэта ёсць дом, а не толькі замак. Гэта наш дом, наша месца ў свеце.

Глеб Лабадзенка:
Ці было ў вас адчуванне, што рэстаўратары прыслухаюцца да вашых просьбаў?

Мацей Радзівіл:
Так. Я думаю, што некалькі элементаў трэба было змяніць, бо цяпер замак будзе музеям. Там будзе рэстаран, некалькі пакояў для гатэлю… Ёсць розныя супрацьпажарныя законы, трэба канструяваць лесвіцы… Не ўсё гэта падабаецца нашай цёці Эльжбеце. Але яна разумее, што функцыя замку цяпер будзе іншай, чым перад вайной. Яна некалькі разоў сказала, што яна не супраць зменаў, што яна разумее, што нельга дакладна аднавіць унутранае ўбранне, бо яно было важнае для тых людзей, якія жылі тады ў замку, а цяпер іншы час.

Глеб Лабадзенка:
Пане Мацею, цяпер пачынаецца сапраўдная вайна за рэчы, якія раней былі ў замку. Пазіцыя Нясвіжу — што ўсё павінна вярнуцца ў замак. Пазіцыя мінскіх музеяў — што рэчы і надалей павінны заставацца ў іх. Што Радзівілы думаюць на гэты конт?

Мацей Радзівіл:
Мы разумеем, што дырэктары музеяў, дзе цяпер знаходзяцца карціны, кнігі і дакументы, яны хочуць, каб гэтыя рэчы заўжды заставаліся ў іх. Але я спадзяюся, што ўсе дамовяцца. Што ўсе рэчы, пра якія вядома, што яны былі ў замку — яны вернуцца ў замак, каб ён зноўку жыў. З нашага боку мы ўжо прывезлі ў замак дзве арыгінальныя гравюры XVII стагоддзя, а таксама 162 копіі гравюр Ляйбовіча — гэтыя карціны знаходзіліся ў замку ў XVIII стагоддзі. У нас ёсць план, каб зрабіць якасныя лічбавыя копіі 40 карцін Радзівілаў, якія зараз знаходзяцца ў Сям’і. Я таксама спадзяюся, што Народны музей у Варшаве вырашыць нарэшце перадаць Беларусі копіі карцін з Нясвіжа, якія знаходзяцца ў музеях Польшчы. Я не спадзяюся, што яны аддадуць гэтую калекцыю цяпер, магчыма — ў будучыні. Я вельмі рады таксама, што старадаўняя капліца ў замку будзе адноўленая ў першапачатковым выглядзе. У нас ёсць арыгінал абразу Маці Божай, які быў у замку. Перад вайной там была ўжо копія, бо Нясвіж быў каля мяжы з Савецкім Саюзам — і адносіны між Польшчай і СССР былі тады вельмі дрэнныя. Радзівілы вырашылі тады забраць гэты абраз у Варшаву, ён захаваўся ў часе вайны. Мы цяпер зробім копію, каб гэты абраз вярнуўся ў замак. Каб гэта была капліца, а не толькі музей.

Глеб Лабадзенка: Пане Мацею, які галоўны мэсыдж вы атрымалі ад Паўла Латушкі?

Мацей Радзівіл: Я вельмі рады, што рэканструкцыя Нясвіжа — гэта прыярытэт, самая важная задача міністэрства. Што яны зробяць усё, каб знайсці грошы, каб паспяхова скончыць рэканструкцыю ў 2011 годзе. Мне таксама вельмі спадабаліся словы міністра Латушкі, што трэба як найхутчэй скончыць будаўнічыя працы, аднак пасля не варта спяшацца ў аднаўленні інтэр’ераў. Што якасць павінна быць самым важным чыннікам.

Глеб Лабадзенка: Ці стануць цяпер такія візіты Радзівілаў у Беларусь добрай традыцыяй?

Мацей Радзівіл: Я спадзяюся!.. У нас ёсць ідэя стварыць Фонд аднаўлення Нясвіжскага замка. Мы размаўлялі з дырэктарам замка спадаром Сталярчуком, прадстаўнікамі Міністэрства культуры. У іх таксама ёсць ідэя стварыць такую Раду, куды будуць запрошаныя прадстаўнікі нашай Сям’і. Мы вельмі радыя!..

Зроблена для Эўрарадыё

Тэгі: ,


2 Responses to “Князь Мацей Радзівіл: Мы сказалі міністру Латушку, што вежу-цыбуліну на замку трэба змяніць”

  1. 1. АЛЕКС Says:

    Цікавы экспанат.
    На фотаздымках гербу добра прасочваюцца Радзівілаўскія трубы
    http://globus.tut.by/molodovo/church_gallery.htm

Leave a Reply