it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 02

А сам сцяг прымусілі прыбраць. Культурніцкі актывіст Алесь Мазанік дабіўся такога рашэння ад дырэктара аўтобуснага парка №2 Ігара Журка.

перадрук з Еўрарадыё

Сцяг суседняй краіны кінуўся ў вочы Алесю Мазаніку ў аўтобусе сталічнага маршрута №50, калі ён сеў у яго 4 верасня на прыпынку “Станцыя метро “Спартыўная”.

Алесь Мазанік. Фота: svaboda.org

Алесь Мазанік: “Мне трэба было праехаць усяго адзін прыпынак, таму я стаяў ля дзвярэй і глядзеў наперад, праз кабіну кіроўцы. Спачатку я не зразумеў, што не так, а пасля заўважыў, што непасрэдна перад кіроўцам знаходзіцца, акрамя дзяржаўнага сцяга Беларусі, расійскі трыкалор з гербам!”

Мінскі гарадскі аўтобус — ілюстрацыйнае фота. Здымак: minsknews.by

Першае, што зрабіў Мазанік, — занатаваў дзяржаўны нумар аўтобуса АА 4159-7 ды імя кіроўцы. А потым напісаў ліст у аўтобусны парк №2. Неўзабаве прыйшоў адказ. Дырэктар Ігар Журок засведчыў, што падчас праверкі “выяўлена парушэнне экіпіроўкі”, і паведаміў, што “кіроўцу паменшаны памер прэміяльнай аплаты за верасень 2013 года”. Таксама ў адказе значыцца, што “парушэнне ліквідаванае”.

У размове з Еўрарадыё Ігар Журок зазначыў, што “заадно” са шкла аўтобуса прыбралі і дзяржаўны беларускі сцяг.

Ігар Журок. Фота: minsktrans.by

Ігар Журок: “Яму (пасажыру. — заўв. Еўрарадыё) проста не спадабалася, што ў нашай машыне вісіць расійскі сцяг  разам з беларускім. Гэта забаронена правіламі, таму мы знялі абодва сцягі”.

Фота: beltransport.by

Дырэктар падкрэслівае, што знялі не таму, што гэта той ці іншы сцяг, а таму што правіламі забаронена змяшчаць на лабавым шкле староннія прадметы ўвогуле.

Ігар Журок: “Па вялікім рахунку, на лабавым шкле ўвогуле нельга нічога размяшчаць. Хоць таблічка аб праходжанні тэхагляду вешаецца на лабавое шкло. І цяпер яшчэ для аплаты дарог прылады. Але болей нічога нельга”.

Кіроўцу знялі часткі прэміі за верасень — паводле словаў дырэктара, гэта “10 або 15 працэнтаў”. А таксама ўзялі тлумачэнне, чаму сцягі з’явіліся ў кабіне.

Ігар Журок: “Ён (кіроўца. — заўв. Еўрарадыё) нічога ў гэтым не бачыць, што вісіць два сцягі. Кажа: “Мы ж сябруем з Расіяй, чаму я не магу павесіць?” Тым не менш правіламі забаронена  таму мы прымусілі яго зняць, каб не было далей канфліктаў”.

Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак, калі грамадзяне скардзяцца на расійскія сцягі ў грамадскім транспарце. У траўні 2013 года пасля скаргі журналіста Кастуся Шыталя глыбоцкі аўтапарк прымусіў кіроўцу прыбраць расійскі сцяг з кабіны рэйсавага аўтобуса “Глыбокае-Міёры”. Што праўда, тады пра пазбаўленне кіроўцу прэміі нічога сказана не было.

Сцягі, якія былі знятыя з аўтобуса “Глыбокае-Міёры” пасля зварота Кастуся Шыталя

Тэгі:


One Response to “Кіроўцу мінскага аўтобуса пазбавілі прэміі за расійскі сцяг у кабіне (фота)”

  1. 1. bv Says:

    Цiкава, а калi б Алесь Мазанiк пабачыу бы сцяжок Зiмбабвэ? Было б тое ж самае?
    Шкада дзядзьку-кiроуцу.

Leave a Reply