it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 13

5 мая, напярэдадні міжнароднай Ночы музеяў, у Мінску адбудзецца публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй “Кірмаш праектаў”. Падзеі на Кірмашы, відавочна, будуць разгортвацца вакол музея і яго шляхоў да людзей: праз дзверы, экраны ці запрашэнні на баль.

Прыём крэатыўных прапановаў, як зрабіць музеі цікавейшымі і бліжэйшымі да шырокай публікі, завершаны, і каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” урачыста абвяшчае, што ўжо ведае 8 цікавых “хадоў”. Дыяпазон задумаў вельмі шырокі: ад рэчаіснасці, што грукаецца ў дзверы, да вандраванняў у часе і, канечне, усёахопнага анлайну.

​Такім чынам, на “Кірмашы праектаў” 15 мая будуць прадстаўленыя наступныя ідэі:

-          Віртуальныя музеі;

-          Мабільныя выставы;

-          Асветніцка-забаўляльныя праекты для дзетак;

-          Інфармацыйныя тэхналогіі і Купалле;

-          Машына часу для музея;

-          Флэш-анімацыя на службе ў музея.

Прагучаць прапановы і для мінскіх музеяў, і для рэгіёнаў.

Прэзентацыі, традыцыйна для “Кірмашу праектаў” ад “Будзьма беларусамі!”, будуць прадстаўленыя ў фармаце “маланкавай размовы”, пасля чаго аўтару кожнага з праектаў можна будзе задаць свае пытанні, даць ацэнку і, галоўнае, парады, абмяняцца кантактамі для будучых партнёрстваў.

 

Задаваць жа найбольш складаныя пытанні, як і забяспечваць прэзентатараў прафесійнай кансультацыйнай падтрымкай, будзе экспертнае высокапрафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць:

Алесь Зіменка, старшыня ICOM (The International Council of Museums) у Беларусі;

Сцяпан Стурэйка, гісторык, культурны антраполаг, выкладчык, даследчык феномену культурнай спадчыны;

Дзіяна Шантар, спецыялістка аддзела маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея.

 

“Кірмаш праектаў” – гэта час, прастора і нагода для культурніцкіх менеджараў і ўсіх іншых, хто ведае, як і каму культура паляпшае жыццё, сустрэцца разам і абмеркаваць новыя ідэі, падыходы, выклікі ў сваёй працы і магчымасці для развіцця і рэалізацыі задум. “Кірмаш” можа быць месцам знаёмстваў, натхнення, узаемападтрымкі і адукацыйнай пляцоўкай. Якім будзе гэты “Кірмаш” – можаце вырашыць таксама і вы!

Запрашаюцца ўсе цікаўныя!

 

“Кірмаш праектаў” адбудзецца 15 траўня 2014 г. у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” па адрасе: прасп. Незалежнасці, 58, к.6 (праход праз вул. П.Броўкі), дальні пад’езд, 2 паверх (схема праезду).

Пачатак: 19.00.

Тэгі: