it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 18

+IMG_4416
Крысціне 14, Вадзіму 28, Ромку тры месяцы…

У Беларусі ўсё часцей здараецца, што дзяўчаты нараджаюць у 13-14 гадоў. Я сустрэўся з юнымі мамамі ў Нясвіжы і распытаў, як так атрымліваецца

Чаму менавіта Нясвіж? Пра тутэйшых юных мам я даведаўся з дайджэста навінаў – адным радком было напісана, што вось, маўляў, трынаццацігадовыя нараджаюць, і ўжо не першы раз. У гатэлі “Нясвіж” супрацоўніца на рэцэпцыі здзіўлена паглядзела на мяне:
— А што тут дзіўнага?! У нас час гэта, на жаль, стала звычайнай з’явай – ужо колькі разоў так было…
— Толькі ў маёй школе ўжо тры выпадкі за апошія гады, — пацьвердзіў мне знаёмы нясвіжскі настаўнік.
Тэлефаную ў радзільню.
— Нічога вам не скажу без дазволу галоўнага ўрача лякарні!.. – адказвае мне загадчыца радзільні Святлана ДАВЫДЗЕНКА.
— Нічога не ведаю, першы раз ад вас чую!.. – адказвае мне галоўны ўрач Нясвіжскай раённай лякарні Зміцер ПУЛЯК. – Зараз перазваню ў радзільню, перапытаю.
Праз 10 хвілін.
— Вас падманулі, — кажа мне Зміцер Аляксеевіч. – У радзільні мне сказалі, што ніводнага выпадка ў гэтым годзе не было…
Самым дасведчаным апынуўся райвыканкам. Начальніца Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ірына ЧАМЯРЭЎСКАЯ глядзіць у кампутары – і кажа:
— Зараз на ўліку тры непоўнагадовыя мамы, яшчэ нядаўна было восем – павырасталі. Мы іх усіх ведаем, тэрытарыяльны цэнтр трымае ўсіх на ўліку…
І ўжо зусім даверліва Ірына Антонаўна дадае:
— Ведаеце, маёй дачцэ цяпер 15 гадоў… Дык я калі з гэтымі юнымі мамамі сутыкаюся, думаю – хоць бы мяне, Божа, такая доля мінавала…
Тры сённяшнія мамы на ўліку – гэта тры розныя меладрамы. Самая свежая – 16-гадовая Вікторыя з вёскі Лань пад Нясвіжам. Першага Максімку нарадзіла ў красавіку 2008, другога Мацьвея – у ліпені 2009. Сям’я прыстойная, але з журналістам размаўляць адмаўляюцца. Кажуць, усё ў нас добра, ніякай дапамогі не трэба, на дваіх дзяцей 600 тысяч атрымліваем.
Другі выпадак можна назваць самым удалым – ёй 17, яму 21. Жывуць у Снове, ён працуе на агракамбінаце, добра зарабляе – нават дзяржаўную дапамогу не атрымліваюць, бо прыбытак дастатковы.
Трэцяя – Крысціна з вёскі Карцэвічы пад Нясвіжам сама прыйшла да мяне ў рукі – з’явілася ў выканкам афармляць дакументы на бясплатнае харчаванне, калі я гутарыў там з чыноўнікамі.
Маленькая, прыгожанькая, ціхенькая як котачка. Сядзіць і сарамліва паглядае на журналіста, якому ўсё хочацца ведаць. Знаёмлюся з яе прыёмным бацькам Сяргеем, напрошваюся ў госці. Дарогаю пытаюся ў Крысціны ўсё як ёсць, пры гэтым ўважліва падбіраючы словы. Дзіўнае адчуванне – размаўляць з чалавекам, на 9 гадоў за цябе маладзейшым, у якога ўжо ёсць дзіця… Асабліва калі табе самому 23…

“Мама толькі і здолела спытаць – ад каго…”

— Я даведалася ўсё на 26-м тыдні, — кажа Крысціна. – У мяне стаў расці жывот – мама гэта заўважыла. І мы паехалі ў шпіталь на абследванне. Абследвалі – і сказалі: дваццаць шосты тыдзень.
— І што сказала мама?
— Мама была, вядома, у шоку. Мы прыйшлі дадому і сталі размаўляць. Мама спытала, ад каго. Я адказала. Яна кажа: “Нічога страшэннага, не бойся, я табе дапамагу”.
— А ты сама што адчувала?
— Я сама была ў шоку…
— У школе як адрэагавалі – аднакласнікі, настаўнікі?
— Яны рабілі выгляд, што нічога не змянілася. Дачыняліся, як і раней. Усё было карэктна.
— Крысціна, а як ты паведаміла гэта… бацьку твайго дзіцёнка?
— Пасля таго як паразмаўлялі з мамай, паехалі да яго – мама сама яму ўсё сказала. Яго Вадзім завуць.
— А колькі яму гадоў?
— Дваццаць восем. Ён, натуральна, таксама быў у шоку. Але адразу сказаў, што будзе дапамагаць гадаваць дзіця, выхоўваць. Ён у кінатэатры працуе.
— Ажаніцца прапанаваў?
— Так, але я вырашыла пакуль не рабіць гэтага. Напэўна, зарана.
— Крысціна, дзяцей мець не зарана, а жаніцца зарана?!
— Я мушу вывучыцца спачатку. Ён адказаў, што будзе чакаць маёй згоды.
— І цяпер вы жывяцё не разам?
— Ён прыязджае, звычайна па выходных.
— А калі не сакрэт, вы з Вадзімам доўга сустракаліся перад тым, як… дзіця з’явілася?
— Ну, дзесьці тыдзень…
— А гэтыя 6 месяцаў, калі ты ўжо цяжарная была?
— Не, не сустракаліся.
Ад тэмаў амурных пераходзім да тэмаў матэрыяльных. Колькі атрымлівае дапамогі ад дзяржавы 14-гадовая мама?
— Калі нарадзіла, атрымала два з нечым мільёны, — кажа Крысціна. – Цяпер во штомесяц па 350 тысяч даюць. На тыя два мільёны адразу набылі вазочак за 650 тысяч, ложак дзіцячы, рэчы – нічога не засталося. Гэтых грошай, 350 тысяч, таксама не хапае – памперсы, харчаванне, адзенне, лекі… Як халодна стала – цёплыя рэчы трэба. А ў Нясвіжы выбар невялікі, ды і каштуюць дорага…
— А колькі цяпер, дарэчы, памперсы каштуюць?
— Бярэм таннейшыя, за 24 тысячы пачак – там 60 штук. На дзень дзіцёнку тры-чатыры памперсы. На месяц два пачакі такія ідзе.
— Чым корміш дзіця?
— Раней цыцку давала, а зараз малако скончылася, дык дзіцячае харчаванне даю.
— У выканкаме сказалі, што харчаванне бясплатна даюць…
— Не, купляем. Мы не ведалі, што бясплатна атрымліваць можа, толькі сёння во заяву напісала…
У хаце мяне вітае мама Крысціны спадарыня Таццяна. Маладая, 35 гадоў усяго, прыгожая, ахайная. Запрашае на гарбату. Пытаюся – часам тое самае, што і ў дачкі – каб параўнаць адказы…
— Таццяна, даруйце, я ніколі цяжарным не быў, але няўжо жанчына не адчувае гэтага? Як так сталася, што вы даведаліся ўсё настолькі позна?
— У яе былі месячныя. І лекар нам сказаў, што ўсё ў парадку. А выкрылася ўсё ўжо на шостым месяцы, калі позна нешта рабіць… У нас адразу і картку забралі, каб схаваць, што мы звярталіся раней, а нам нічога не вызначылі…
— Вы так рана не збіраліся бабуляй рабіцца?
— Што вы, я была ў шоку! Цяпер ужо прызвычаілася… Не крычала на дачку, не сварылася. Так здарылася, значыцца трэба думаць, як дзіця гадаваць, а не сварыцца. Хацелася б, вядома, каб так не атрымалася. Але ж – ужо ёсць…
— Я ведаю, што вы асабіста паведамілі навіну бацьку дзіцёнка. Як гэта адбылося?
— Як? Ледзьве не адлупілі! Ён ашалеў канкрэтна. Паўтараў толькі : “ну што зробіш?” Прапанаваў жаніцца, але мы вырашылі, што вывучыць спачатку дзяўчыну трэба.
— 350 тысяч хапае на маленькага дзіцёнка?
— А як вы думаеце? Памперсы, харчаванне, адзенне…
— Дзіця было пачало кашляць, далі рэцэпт, я пайшоў у аптэку, — уступае ў размову Сяргей, муж Таццяны. – Пытаюся, колькі каштуе. 47 тысяч! І ні льготаў, ні палёгкаў!
— Таццяна, а як вы вырашылі пытанне са школай?
— Крысцінка ходзіць цяпер у школу, у дзевяты клас, я з дзіцем сяджу. Паразмаўлялі з дырэктаркай школы, яна да нас прыходзіла. Параіла нам Крысціну пасля ў вечаровую школу аддаць, там можна бясплатна курсы бухгалтараў скончыць, прафесію атрымаць – яны адпраўляюць. Так і вырашылі. А то тут адная нарадзіла непаўнагадовая, а пасля паехала вучыцца – дык з другім на руках вярнулася!
— Крысцінка, а ты ў класе свайго бэбіка паказвала?
— Не, маленькі яшчэ, каб не сурочыў ніхто…

“Я і цяпер, маючы дваіх дзяцей, не гатовая быць мамай…”

Завітаў я і яшчэ ў адную нясвіжскую хату. Наталлі ўжо споўнілася 19. Сына Мікітку нарадзіла ў 15, дачку Палінку ў 16. Жывуць з бацькам дзяцей ў бабулінай хаце, не распісаныя. Драматургія тут што трэба – і бацькі цяжарную дачку з дома выганялі, і малады бацька дзяцей не вытрымаўшы пачаў піць, і 16-гадовай маме замест калыхання дзіцёнка хацелася з сяброўкамі скакаць на дыскатэку… Цяпер усё хбольшага прамінула. Аднак дзяцінства для Наталлі адразу перайшло ў мацярынства…

+IMG_4520
Наталля на дваіх дзяцей атрымлівае цяпер 99 тысяч…

— Наталля, я так разумею, што першае дзіця было ў вас… незапланаванае?
— Так.
— Гм… А другое?
— Таксама… Шчыра вам скажу – проста не хапіла ведаў… Я думала, раз месячныя ёсць – значыцца парадак. І толькі пасля даведалася, што бывае і такое. Разумееце, я сама была яшчэ дзіцем… Думала пасля – чаго я туды ўвогуле палезла?..
–Цяпер вы жывяце з бацькам сваіх дзяцей. А чаму не ажаніліся дагэтуль?
— Ведаеце, у жыцці ўсяк бывае. Не факт, што мы з ім і далей жыць будзем… Па маладосці ўсё было. Сустракацца гэта адное, а жыць… Я яго прывучыла ўсё рабіць, глядзець дзяцей, але…
— Човен кахання разбіўся аб побыт?
— Так… Я сама моцная па характары. А ён слабы, яго гэта ўсё зламіла, выпіваць пачаў… Сумеснае жыццё, гадаванне дзяцей – гэта ж адказнасць. Мы то жылі разам, то не жылі… А цяпер я яму паставіла ўмову: альбо кадзіруйся, альбо ўсё.
— Ён старэйшы за вас?
— Яму 24 – на 5 гадоў старэйшы.
— Да таго, як у вас першае дзіця з’явілася, вы доўга сустракаліся?
— Нядоўга, мо паўгады.
— І як позна вы даведаліся, што ў вас будзе дзіця?
— Я асабіста даведалася месяцы праз два, а маме сказала толькі праз паўгады – баялася.
— Калі самі даведаліся, былі думкі пазбавіцца ад дзіцёнка?
— Былі, канешне. Я ў школе вельмі добра вучылася, ды і бацька ў мяне вельмі строгі. Каб вы ведалі, колькі я перажыла…
— Атрымліваецца, вы самі прынялі рашэнне пакінуць дзіця?
— Як прыняла… Не рашылася проста на іншае. А пасля, як мама даведалася, пачаліся крыкі, што гэта на ўвесь Нясвіж ганьба, трэба рабіць аборт і гэтак далей. А позна было ўжо пазбаўляцца…
— А як, дарэчы, мама даведалася?
— Вельмі незвычайным чынам. Пайшла да гадалкі, і тая нагадала ёй, што “ваша дачка народзіць да 18 гадоў”. Мама прыйшла ўся ўсхваляванае, адразу да мяне. А я, зразумела, збялела, пачала нервавацца. І мама пытаецца: “Наташа, што – ужо?!” І тут усё адкрылася. Мама зразумела, што я не проста папраўлялася, а ўва мне ўжо дзіця…
— Наталля, вы шкадуеце?
— Я шкадую, што ўсё здарылася так рана. І на дыскатэкі хацелася хадзіць, і з сяброўкамі гуляць… Прашу маму: “Паглядзі дзіця”. А яна: “Нарадзіла – вось і глядзі, а не на дыскатэкі бегай”. І вучыцца во паступіла ў Смілавічы на завочнае – бухгалтарам буду. Аднак на працу не прыладзіцца – досведу няма, на руках двое дзетак. Ніхто такую браць не хоча…
— Як сталася, што зараз без бацькоў жывяцё?
— У вас, напэўна, няма жонкі, раз пытаецеся… Як можна маладым з бацькамі жыць? Яны і лезуць увесь час, і сварыліся мы з хлопцам праз гэта… Адзін раз бацька мяне ўвогуле з хаты выгнаў, у самым пачатку. А гэта во хата маёй прабабулі, мяне сюды бабуля пусціла жыць – яна моцна мне спачувае. Цяпер з бацькамі стасункі наладзіліся, яны дапамагаюць, дзяцей калі трэба глядзяць.
— А людзі, знаёмыя – шапталіся, пальцамі паказвалі?
— Канешне! І мама гэта спазнала, і бабуля, і я сама. Прыходзіць мама ў краму – а там за спінай пачынаюць шаптацца, што “гэта яе дачка ў 15 нарадзіла”… Я сама першы час ад сораму з дому не выходзіла. А пасля падумала – у мяне цудоўнае дзіця, я яго люблю, гляджу – чаго мне ўжо саромецца?..
— Наталля, што вы параіце дзяўчатам, якія так рана сутыкаюцца з такім пытаннем?
— Нікому не раю нараджаць так рана, не падумаўшы. Мне цяпер 19 гадоў – і я разумею, што і цяпер не гатовая была б нараджаць, каб так не здарылася… Трэба ўсё ўзважыць. Разумець, што спадзявацца трэба на сябе і на бацькоў. Калі бацькі, скажам, п’яніцы – як нараджаць? На сацыяльную дапамогу вы здарове дзіця не выгадуеце… І з бацькам дзіцёнка – ці будзеце, ці не будзеце…
На развітанне я спытаўся ў Наталлі, колькі яна атрымлівае дапамогі ад сцыяльных службаў. Высветлілася, што на старэйшага ўжо нічога – бо споўнілася тры гады. А на малодшую Палінку – 99 тысяч, гэта 50% ад агульнай сумы, бо тая ходзіць у садочак. Знайсці працу ў Нясвіжы Наталля пакуль не здолела. Вось і атрымліваецца: самой 19 гадоў, на руках двое дзетак 2,5 і 3,5 гадочкі. І на траіх – 99 тысяч рублёў. Жыві як хочаш.

+IMG_4529

КАМЕНТАР МІНІСТЭРСТВА
“За гэты год нарадзілі 917 непоўнагадовых…”

Галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксандр БАРСУКОЎ кажа, што непаўнагодовыя цяжарныя – сёння з’ява ўжо не адзінкавая.
— Вось у мяне якраз на стале статыстыка за 9 месяцаў гэтага і мінулага года, — гартае паперы спадар Аляксандр. – За 2008 год – 903 непаўнагадовыя нарадзілі, за гэты – 917. Прыкладна на адным узроўні. Абортаў у непаўнагадовых абсалютна роўныя колькасць – па 442 выпадкі. Як бачыце, кожная трэцяя робіць аборт, астатнія нараджаюць… Іншая справа, што ў нас у краіне сёння мы не можам гарантаваць цалкам бяспечны аборт. Паводле міжнародных правілаў, гэта мусіць рабіцца медыкаментозным чынам, а мы толькі ідзем да гэтага, робім збольшага хірургічным шляхам. Хачу адзначыць, што адсотак хваробаў і ўскладненняў сярод дзетак непаўнагадовых мамаў значна большы, чым у дарослых жанчын… І мы зараз працуем як з непаўнагадовымі мамамі, гэтак і з усімі дзяўчатамі, іх бацькамі. Размаўляйце з дзецьмі, расказвайце ім, як засцерагацца! Нашыя дзеткі сёння вельмі рана пачынаюць палавое жыццё – і думаюць, што яны ўжо дарослыя. А ведаў зазвычай не хапае…

КАМЕНТАР МЕДЫКА
“У такім узросце і нараджаць небяспечна, і аборт рабіць небяспечна…”

Што рабіць, калі дзяўчо зацяжарыла ў 13-14 гадоў? Па такі каментар я звярнуўся да лекара-гінеколага, доктара медычных навук Пётры КУХАРСКАГА.
— Зразумела, што ў такім узросце арганізм дзяўчыны не развіўся да канца, вядома, нараджаць рана! Адкуль у яе патрэбная колькасць малака, каб карміць дзіця? Чыста фізіялагічна дзяўчына гатовая нараджаць дзіця ў 17-18 гадоў. Іншая справа – што яна як маці дасць гэтаму дзіцёнку нават у такім узросце? Пытанне вельмі складанае. Бо пры такой ранняй цяжарнасці ў дзіця могуць быць любыя хваробы. А можа і цалкам здаровае дзіця нарадзіцца. Сучасная медыцына здольная ўбачыць большасць хваробаў і паталогій на ранняй стадыі цяжарнасці. Аднак калі рабіць аборт у такім малым узросце, то ёсць небяспека, што дзяўчына ніколі ўжо не здолее мець дзяцей… Так што калі ўжо, проста кажучы, заляцела – і лекары вызначылі, што дзіця здаровае, з медычнага пункту гледжання лепей нараджаць…

КАМЕНТАР ЧЫНОЎНІКА
“Раз нарадзіла – дзяржава мусіць дапамагаць”

Дырэктарка Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Наталля КОРСАК кажа, што ніводная мама не застаецца ў іх без дзяржаўнай падтрымкі.
— Як толькі цяжарная мама стала на ўлік, мы пачынаем працаваць з сям’ёй. Яна чакае дзіцёнка – і чыноўнікі, лекары чакаюць разам з ёй. Глядзім на прыбытак, калі трэба вылучаем гуманітарную дапамогу, як толькі народзіць – да двух гадоў атрымлівае бясплатнае харчаванне. Непаўнагадовыя мамы ў мяне запісаныя ў асобнай тэчцы, я іх усіх асабіста ведаю. Атрымліваюць грошы – у залежнасці ад прыбытку, звяртаюцца па адрасную сацыяльную дапамогу… Мая справа як чыноўніка – не разважаць, добра гэта ці дрэнна. Раз нарадзіла – дзяржава мусіць дапамагаць.

Надрукавана ў “Звяздзе” за 18 лістапада

Тэгі: ,


19 Responses to “I мама кажа: нешта ў цябе, дачка, жывот падазрона расце…”

  1. 1. Мiкалай Says:

    У нашых продкаў у 15 год уступалi ў шлюб.
    Напрыклад сваю пятнаццацiгадовую пляменнiцу Софью Гальшанскую Вiтаўт аддаў за 70-гадовага Ягайлу.
    Наогул у паўднёвых краiнах дзяўчаты “паспяваюць” хутчэй, чым у паўночных.

  2. 2. Мiкалай Says:

    недаўна прачытаў:
    Мацi вымаўляе дачцэ:
    15 год – толькi пра адны дыскатэкi думаеш.
    Нават маму з 30-цiгоддзем забыла павiншаваць.

  3. 3. vedmo4ka Says:

    такой милый плод юной любви на последней фотке.)))))))

  4. 4. Моня Says:

    раздражает то, что дети в нашей стране – ранние ли, поздние ли, даже их отсутствие – всегда ставятся в упрек матери. “ах, родила в 15 – проститутка!!!” ” ох, не родила не 30 – точно первый ребеночек больной будет, ведь какой возраст уже” “не хочет рожать – эгоистка, дизертирка, идиотка”
    про трудоустройство вообще страшно сказать! ни разу не было такого, чтобы на собеседовании после ФИО у меня не спросили “а дети у вас есть?” вот интересно, на уровень профессионализма это как влияет?
    объясните кто-нить, почему в самом деле в 15 веке рожали в 15 лет и было нормально, а сейчас врач комментирует, что мол не готов организм?

  5. 5. astrynczanka Says:

    паважаная, Моня, пры ўладкаванні на працу вас пытаюць пра сямейны стан таму, што некаторыя працадаўцы не жадаюць браць на працу замужніх ці калі ў іх ёсць дзеці, бо маладыя жанчыны могуць стаць мамамі і ў хуткім часе працоўнае месца вызваліцца, а працадаўцу гэта не выгадна, асабліва калі ён траціць час і сродкі на вашае навучанне, а вы пасля зваліце ў дэкрэтны адпачынак 🙂 таму ахвотней бяруць незамужніх (кансультантамі і т.п.) і замужніх з дарослымі дзецьмі (часам на пасаду сакратаркі)

  6. 6. vedmo4ka Says:

    Глеб,сначала постеснялась выразить свое мнение… Но все =таки коллегам надо говорить честно… этот материал просто супер. Давно с таким интересом ничего журналистского не читала. Даже стыдно стало, какой я маюсь фигней)))

  7. 7. labadzenka Says:

    адкажу вам, vedmo4ka, анекдотам.
    Падбягае да студэнта маленькі хлопчык, торгае яго за штаніну і кажа:
    — Дзядзя, а дзядзя, дай тысячу!..
    Студэнт нэрвова адбрэхваецца, а пасьля задумваецца, дастае дзьве тысячы, працягвае хлопчыку і кажа:
    — На. Дзесьці ж так і мой бегае…

    😉

    калі я глядзеў на гэтых цудоўных дзетак, я ня мог адчуваць ніякага негатыву да гэтых дзяўчатак. дзіцячыя вочы, дзіцячая ўсьмешка — яны многага каштуюць.

  8. 8. ptitsina Says:

    Глебушка, гэта самы цікавы артыкул, які я прачытала за апошні тыдзень. Я нават уяўляла, як ты з гэтымі дзяўчатамі размаўляеш… І вось падумалася, ці не сыйсці мне на вольны хлеб. Бо часцей за ўсё ў рэдакцыі даводзіцца займацца не тым, што цябе цікавіць

  9. 9. vedmo4ka Says:

    ага, сейчас по примеру Глеба все рванут на вольные хлеба.)))

  10. 10. Беляева Says:

    Моё отношение к таким случаям негативное. Как 15-летний РЕБЁНОК может вырастить и воспитать такого же ребёнка? Тем более, в 99,9 % случаев – беременность нежелательная, либо от сверстника по любопытству, либо от “взрослого мужика” хрен знает почему. И ребёнок этот нежеланный как для матери, так и для отца. “Мы решили не жениться…бла-бла-бла…отец приезжает по выходным…” это не семья. ещё один ребёнок без отца. и без той должной заботы, которую он должен получить в самом раннем возрасте.
    Ещё. Каким образом этот ребёнок будет обеспечен? От мамы, которая, скорее всего, получит базовое образование(среднее) и ни на какого бухгалтера учиться не будет? или как?
    хотя……моё отношение к абортам вообще крайне негативное…тем более в 15 лет…
    так что думать надо всегда головой! а не чем-то другим. тем более в свои 15 детских лет.

  11. 11. Yanka Says:

    Дыфірамбы пець не буду (гэта лепей пры сустрэчы рабіць), а вось за тое, што ўвогуле ўзяўся за такую тэмы – шчыры дзякуй. Нажаль, часцяком акрамы абразы, гэтыя маленькія жанчыны нічога не чуюць. Але ж адно тое, што яны пакінулі дзетак і гадуюць іх самастойна – дарагога каштуе. Шкада, што дзяржава гэтага не разумее, бо 99 тысячаў на дзіця – ганьба!

  12. 12. labadzenka Says:

    Таня, тут справа ня толькі ў вольным хлебе. Сапраўды, наша праца, часьцей за ўсё, — пісаць бягучыя навіны і падзеі. Трэба імкнуцца часам дазваляць сабе раскошу ўдыхнуць, выдыхнуць — і проста размаўляць з людзьмі, а не дапытваць іх, бо часу мала 😉

  13. 13. Julia Says:

    Малайцы дзяўчаткі, што нараджаюць! Дарослыя звычайна сумняюцца: кар’ера, праца, хочацца вандраваць…
    Але ж тыя застаюцца бяз належнай адукацыі… Самі дзеці.
    Цяжкае пытаньне. Добра, што яго падымаеце.
    Відаць, калі Бог дае дзіцятка – хоча гэтым нешта сказаць ці паказаць…

  14. 14. Мiкалай Says:

    Так, ёсць у нашай краiне дэмаграфiчнае пытанне. Але не толькi ў колькасцi справа, але i ў якасцi насельнiцтва. Успомнiце “Казус Кукоцкага”. Нараджальнасць у сацыяльна нешчаслiвым асяроддзе большая. Усе дзеткi добрыя. А хто з iх вырасце? (па прынцыпу яблык ад вiшанькi). На фота хоць Ромкiнаму бацьку 28, але выгляд у яго нясталы.

  15. 15. Kub Says:

    Тэарэтычныя выкладкі выдатныя, а вось практыка….Глебе, ўто там з практыкаю?!

  16. 16. labadzenka Says:

    адкажу вам анекдотам, Kub

    — Мужчына, чаго вы на мяне так пяліцеся?!
    — Гэта ня я пялюся, а мой сын выбірае сабе маму!..

  17. 17. vedmo4ka Says:

    Какой философский анекдот. Даже не смешно

  18. 18. vedmo4ka Says:

    Дети же и правда выбирают себе родителей

Leave a Reply