it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 17

Глеб Лабадзенка, для naviny.bylabadzenka-250n>

У маёй сьвядомасці наклаліся адна на адну й спалучыліся дзьве каларытныя падзеі, якія належаць прамінуламу тыдню.

Першая — сустрэча з амэрыканскім дасьледчыкам Куртам Вулхайзэрам. Курт — славіст, выдатна ведае беларускую мову й можа вольна размаўляць на ёй. Правёў ужо не адно дасьледваньне, зьвязанае з нашай мовай. Цяпер таксама знаходзіцца ў Беларусі, анкетуе “новых беларускамоўных”. Гэта значыцца, тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску ўжо ў сталым веку, а не зь дзяцінства.

Курт робіць шэраг цікавых высноваў. Пераказваць іх ня буду, бо маеце мажлівасьць паслухаць самі: 27 жніўня спадар Вулхайзэр прачытае ў Менску публічную лекцыю “Urbi et Orbi” у межах “Лятучага Ўнівэрсытэта”.

Вядома, гэта ўражвае, калі замежнік бліскуча гаворыць на нашай мове. Прычым Курт — як навукоўца — трапна падбірае словы, дакладна расстаўляе націскі, набліжаецца да бездакорнага пазначэньня нашай прыроднай мяккасьці.

Але ўражвае і іншае — калі амэрыканец, пасьміхаючыся проста як у кіне, кажа табе, што далёка ня ўсе тутэйшыя людзі былі здольныя адказваць яму па-беларуску. Але ж многія пачыналі адмыслова падбіраць словы, старацца.

У сваіх дасьледваньнях Курт параўноўвае беларускую мову з шатляндзкай. Гістарычныя перадумовы — тыя самыя: саюзная дзяржава, душачы малодшага брата ў абдымках, заадное наступае ботам на горла і мове. Сучасны стан — таксама вельмі падобны. У разуменьні многіх, той, хто гаворыць па-беларуску (шатляндзку) — калхозьнік. І яшчэ адно каласальнае падабенства: ані беларусы, ані шатляндцы не гавораць на сваёй мове, але пры гэтым вельмі любяць яе, лічаць мілагучнай, адчуваюць вялікі сантымент.

Сапраўды, аж перакошвае ад аргумэнтаў “не говорящих, но сочувствующих”, што яны, бачыце, усёй душой за мову, але “не хотят портить этот прекрасный язык и говорить с ошибками”. Больш перакошвае толькі ад выразу “Минск — чистый город”.

І другі выпадак, які перагукаецца з першым. У паштовай скрыні знайшоў ліст з адміністрацыі Фрунзенскага раёну, дзе мяне запрашалі даваць паказаньні ў справе беларускай мовы.

Гісторыя вельмі вясёлая. Я рабіў рамонт — клаў кафлю на кухні. Сусед — стары дзед, міліцыянт у адстаўцы. Зь ім праблемаў няма. Але раз на месяц да яго прыходзіць зяць. Як кажа бабуля — “чурка нейкі, па-рускі не гаворыць”. І гэты чурка выявіўся скандалістам і тэлепатам — накатаў на мяне цялегу, што я раблю “незаконную перапланіроўку”. І накіраваў яе… у міліцыю. Міліцыя перанакіравала ў ЖЭС. А ЖЭС-48 прыслаў мне ліст, прыкладна такога зьместу: ай-я-яй, будзеце яшчэ абы што тварыць — палучыце штраф.

Натуральна, я быў абражаны да глыбіні душы — і напісаў пратэст у ЖЭС, а копію выслаў у ЖРЭА. Сэнс такі: як вы можаце, не разьбіраючыся, не прыходзячы да мяне і нават не тэлефанаваўшы, кулакамі тут патрасаць, на чэснага чалавека паклёп узводзіць?! А ў канцы дапісаў, што ў адпаведнасьці з часткай 1 пункта 18 Закона аб зваротах грамадзян ад 18.07.2011 прашу даць мне адказ на мове звароту. Гэта значыцца — па-беларуску.

Са ЖРЭА неўзабаве прыйшоў адказ (па-беларуску), дзе выбачаліся за дзеяньні ЖЭСу ды абяцалі атругаць іх па поўнай праграме.

А потым прыйшоў адказ з ЖЭСу. За ўсімі аскірзаньнямі быў феерычны фінал: адказваць па-беларуску ня будзем, бо паводле Канстытуцыі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Дарэчы, гэтае “дзьве дзяржаўныя мовы” я чую звычайна ад беларусафобаў. Як кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, уся праблема ў “або”. Што ў законе аб мовах сказана пра ўсе справы ў краіне — “на беларускай або рускай мове”. Калі б было сказана “на беларускай і рускай” — вось гэта было б сапраўднае дзвюхмоўе.

Карацей, такой аплявухі ад роднага ЖЭСу я не чакаў. Таму скіраваў ліст у Генпракуратуру аб парушэньні маіх правоў і Закону аб зваротах грамадзян. Адтуль адказалі па-беларуску і пераслалі зварот у пракуратуру Фрунзенскага раёну, а там даручылі разбірацца Адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

Куды ўжо выклікалі для тлумачэньняў дырэктара ЖЭСа, а таксама мяне — як пацярпелага. Сказалі, у верасні будзе суд.

Дык вось, сьведкам на гэты суд мне вельмі карціць запрасіць Курта Вулхайзэра. Але баюся, што зьвінавацяць у дыскрэдытацыі дзяржавы і сувязі з замежнікамі.

Нават калі гэта амэрыканец, які цудоўна гаворыць па-беларуску.

Тэгі:


2 Responses to “Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. ЖЭС-48 і сьвяшчэнная вайна”

  1. 1. Уладзь Рымша Says:

    https://www.facebook.com/vlad.rimsha/posts/506078036139762

  2. 2. Уладзь Рымша Says:

    https://www.facebook.com/vlad.rimsha/posts/506078036139762
    Мдаааа. Так знаёма..
    Але-ж і натхніла.

    Прыгадаліся й мае прыгоды ў ЖЭС-128.
    Малодшаму сыну (4 гадочкі) рабілі пашпарт. Ну а ў ЖЭСе спэцыялісткі-пашпартысткі выдаюць дзеля запаўненьня такую паперку, каб там усё-усё было друкаванымі літаркамі напісана. Ды – дзіва – у тым блянку УСЁ МУСІЦЬ ПІСАЦЦА ПА-БЕЛАРУСКУ (адно імя, прозьвішча ды адрас дублююцца па-расейску).
    Трохі ўзрушаны такім патрыятычным стаўленьнем дзяржавы да роднае мовачкі я падаў той аркушочак, са старанна ўпісанымі літаркамі, у шпакоўню, над якой вісела шыльда кшталту “пашпартыст”.

    І пачалося. Са шпакоўні пачулася:
    – У Вас на лацініцы прозьвішча запоўненае, а імя – не. Мусіце ўпісаць.
    Зразумела, ўсё тое ею гаварылася не беларускай, а той самай замежнай моваю, на якую я чамусьці павінны быў перакласьці імя, прозьвішча ды адрас. Тады мяне гэта яшчэ не насьцярожыла – ці мала хто тут ведае замежную мову. Гэта-ж добра, калі чалавек апроч сваёй, роднай, ведае яшчэ й мову суседзяў – паліглот, мабыць ))
    Карацей я, ня быўшы сьпецыялістам у напісаньні на лацініцы слова “Цімафей”, запытаў:
    – Можа параіце?
    І тут са шпакоўні вылецеў першы званочак:
    – Што-што?

    І вось гэнае “што-што” паціху пачало расплюшчваць мне вочы.
    Як паляўнічага сабаку насьцярожвае шорхат у кустах, так і я ўзяў стойку: маю досьвед, што такое пытаньне звычайна задаюць тыя, хто па-наску ніхалеры не разумее, альбо разумеючы, робяць адваротны выгляд. (Зазначу, што за 10 дзён майго знаходжаньня ў Заходняй Украіне, дзе я таксама гаварыў выключна па-беларуску, я толькі аднойчы пачуў “што-што?” – дый то ад жанчыны, што прадавала крыжыкі ў праваслаўным шапіку і, як пасьней вылучылася, па-ўкраінску таксама не разумела).

    Маючы спадзеў, што натрапіў не на манкурта ў спадніцы, а на чалавека, што проста не дачуў, намагаюся неяк дапамагчы недарэцы. Паўтараю гучней:
    – Кажу, можа якую параду дасьцё аб слушным напісаньні імя майго сына? Вы-ж адмыслоўца, мабыць і досьвед які маеце – як правільна пісаць, – падкажыце, калі ласка.

    Адказ пазбавіў мяне апошняга спадзеву ды прагучаў, як суворы вырак:
    – Я не понімаю по-беларускі!
    Выгукнута роўна ў створ уладаркаю дзіркі ад шпакоўні ды гаспадыняй бланкаў, квіткоў і дзяржаўных цыдулек. Са стомлена-важным позіркам зацюканага намі, дакучлівымі жыхарамі Каменнай Горкі, сур’ёзнага чалавека.

    Мяне, як той казаў, УЗЯЛО. Настала мая чарга:
    – ШТО-ШТО?!
    – А што Вам непанятно? У нас-жэ двуязычіе!
    Уявіўшы ці то “ў нас”, ці то “ў іх” два языка ў роце, стала ледзь не млосна. У голаў палезлі дурныя вобразы: раздвоены язык са шпакоўні пад шыпеньне сьпэцыялісткі-пашпартысткі так і намагаецца выдраць у мяне з рук паперку са старанна напісанымі па-беларуску літарамі.
    Колькі разоў чуў гэты недарэчны выраз, але-ж ніяк не магу прызвычаіць да яго вуха.
    Дарэчы, вушы тых, хто стаяў за мною ды ва ўсіх астатніх чэргах (аплата камунальных паслуг, за тэлефоны і г.д.) – таксама адзначылі разваротам у наш бок сваю цікавосьць да нашай мірнай гаворкі.
    Пры такой паважанай аўдыторыі пасаваць мне ўжо не выпадала:
    – Прашу мне патлумачыць, як Вы – чалавек, што мае паводле службовых абавязкаў правяраць слушнасьць беларускага напісаньня – можаце прызнавацца ў тым, што не разумееце па-беларуску?!

    Адказ дабіў мяне канчаткова, бо сказаны быў фанабэрыста-задзірліва, нібы з гонарам (!):
    – Я недавно із Рассіі пріехала!

    Дах у мяне зьнесла канчаткова. Зазначыўшы, што мяне ніколечкі не хвалюе, адкуль у нас заводзяцца двуязычныя стварэньні, я давёў шаноўнай, што яна ня мае права займаць сёньняшнюю пасаду, бо не валодае абодзьвума мовамі, як тое патрабуе беларускае заканадаўства.
    Запытаў ейнае прозьвішча (зараз яго не прыгадаю, бо было тое месяцы паўтары таму, але алівы ў вогнішча падліло тое, што прозьвішча было на “-іч”). Пабрыў (не, ПАСКАКАЎ) да начальніка ЖЭСа. Як яго не было, то трапіў на намесьніцу начальніка. Заляцеў да яе з дурацкім пытаньнем:
    – Па якім прынцыпе Вы падбіраеце кадры?!
    – ??? Што здарылася?
    – Таварыш (ня памятаю “..-іч”) з вакенца № 5 не адпавядае нават мінімальным патрабаваньням беларускага заканадаўства: не разумее па-беларуску. Як можа такі чалавек правяраць слушнасьць напісаньня беларускіх слоў?!
    Варта сказаць, што начальніца нібы зажурылася ад сораму за такіх супрацоўнікаў. Адказ быў адпаведны:
    – Бярэм таго, хто пойдзе на такі аклад.. – сказала, бачу, шчыра. – Вы даруйце ёй, у яе гарманальныя сбоі. Цяжарная.
    І ні слова пра тое, што ейная падначаленая прыехала з Расеі. Значыць, усё-ж натрапіў на МАНКУРТА.
    5 хвілін прагаварыўшы зь ёю, ды як толькі перасталі трэсьціся рукі, прагныя крыві (плюс яна дапамагала мне разабрацца ў слушным напісаньні на лацініцы слова “Цімафей”),- я амаль канчаткова залагодзіўся.

    Мы з Цімохам выходзім з кабінэту, а пад дзьвярыма чалавекі два-тры з чаргі
    прынесьлі свае вушы да дзьвярэй – мусіць цікава, як беларусы гавораць па-беларуску – дзе яшчэ пачуеш? ))

    Потым мы зноў пасунуліся да той уладальніцы дзьвух языкоў.
    Аддалі ўсе дакумэнты ў тую шпакоўню №5 нашай “добрай” знаёмай.
    Але-ж без чарговай дурасьці не абыйшлося:
    – Падпішыце фота, калі ласка: ФІО ўладальніка па-руску. – Сказана ціха (мо ад сораму за сваю непісьменнасьць?).
    Вядома, напісаў па-беларуску: “Рымша Цімафей Уладзімеравіч”.
    Узяла. Прачытала. Так-жа ціха патлумачыла, дзе й калі забіраць пашпарт.

    Дзякуй, родненькая. Жыві – ў кнігу скаргаў я нічога не напісаў.
    Мо цяпер твой раздвоены ня будзе шыпець пра “двуязычіе”?

Leave a Reply