it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 19

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

labadzenka-250nКаму з вас не даводзілася чуць: “У нас з архітэктуры няма чаго паглядзець, а вось у Ягіпце піраміды — эта да!..”. Прасунутыя юзеры назавуць вам Мір і Нясьвіж, а далей пачнуць чухаць рэпу… Аднойчы я спытаўся ў дзетак у школе, якія будынкі ў Менску самыя старыя? І пачуў адказ: вакзал і Траецкае прадмесьце.

Мы, беларусы, дзіўныя людзі — я б нават і гімн так падкарэктаваў. Сказаць, што мы ня любім сваё, няправільна. Каго не спытай — і мову любіць (толькі не гаворыць). І песьні народныя любіць (толькі не пяе). І вершы любіць (але на памяць нічога не прыгадае). І архітэктуру любіць (але ня ведае).

Гэта галоўная праблема: што мы свайго ня ведаем. А немагчыма любіць тое, чаго ня ведаеш. Бо будзе як з фотакарткай актрысы: любіш яе, любіш… А пазнаёміўся — яна грубіянка і распусьніца.

“Сваё” можа быць не такім абстрактным, як сядзібы й палацы. Да якога калена вы ведаеце свой радавод? Да прадзедаў? Добра, калі так. Я вось стаў цікавіцца — і з жалем зразумеў, што далей шостага калена без архіваў ужо ня знойдзеш. У мінулым годзе пашчасьціла знайсьці пад Слуцкам магілу прапрадзеда Кандрата Вітка, які нарадзіўся ў 1870 годзе. Гэта дзед мае бабулі. Як яна была маленькая, то гасьцявала яшчэ ў яго ў хаце. І я задумаўся: чаму яна за ўсё жыцьцё ні разу ня зьезьдзіла да яго на магілу? Чаму гэтага не зрабіла і мая мама? Чаму гэта стала цікава толькі нам з братам?.. Ці то савецкі час павыбіваў зь людзей памяць, ці то і выбіваць не асабліва давялося… Ня ведаем і не памятаем — і адчуваем сябе пры гэтым досыць камфортна.

Калі пачынаеш корпацца ў прычынах няведаньня і нелюбові да свайго — усплывае яшчэ адзін стэрэатып: сваё — кепскае, імпартнае — добрае. Ад джынсаў да палацаў. Вось і прыязджаюць беларусы ў Варшаву, ідуць у каралеўскі парк Лазенкі, глядзяць на палац і кажуць: “Ах, как красіва!..”. І ведаць ня ведаюць, што ў Жамыславе (Івейскі раён) стаіць такі самы палац! Пан Умястоўскі так захапляўся каралём Панятоўскім, што нават мэблю сабе замовіў на той жа фабрыцы, што і кароль. Але што нам Жамыслаў? Жамыслаў — фуфло. А вось Лазенкі…

Так, часам сваё любіць досыць цяжка. Чым больш бачыш эўрапейскіх гарадоў, тым складаней любіць менскую архітэктуру. Калі вяртаешся з Прагі і едзеш па праспекце — то думка адна: архітэктурнае ўбожаства. А калі прыгадваеш, колькі старых будынкаў грохнулі гэтыя піцерскія гастарбайтэры, каб узвесьці нам Горад Сонца (©Артур Клінаў) — робіцца ўвогуле млосна!

Але ты мусіш укусіць сябе за палец і любіць гэта. Бо гэта — сваё. Ня лепшае і ня горшае за іншае, проста сваё. І іншага свайго ня будзе. Хоць зьнявечаны горад-герой — сумнае месца ў плане турыстычнай атракцыі. Найлепшая экскурсія па Менску — экскурсія па горадзе, якога няма. Тут стаяў такі дом, там быў касцёл, тут ішла вуліца… Іначай давядзецца паказваць убогую халупу “Кемпінскага” і вечны агонь…

Я палюбіў сваё, калі пачаў вандраваць па Беларусі, калі аб’ехаў больш за 600 гарадоў, вёсак і мястэчак. Калі зразумеў, што прыгожым касьцёлам у Італіі я проста любуюся, а выгляд касьцёла ў Нясьвіжы прымушае маё сэрца калаціцца іначай, бо гэта — сваё.

Памятаю, як вадзіў аднаго паляка па Менску, падыйшлі да прысутных месцаў каля ратушы, чытаем шыльду: тут вучыліся Бенедыкт Дыбоўскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка… “То вшыстко нашы!” — радасна выгукае паляк. Ідзем далей, каля помніка забойцу Дзяржынскаму кажу: “Вось яшчэ адзін ваш, паляк”. Мой паляк пачынае круціцца і кажа: “То наш вспульны!”. Атрымліваецца, Манюшка — ваш, а Дзяржынскі вспульны?

І вы спытаеце: дык што, любіць гэтага падонка, калі ён наш?..

Не, скажу я вам, не любіце Дзяржынскага. Палюбіце Саладуху. Саладуха для мяне — зборны вобраз. Прыклад таго, што сваё можа быць сьмешным і недарэчным, але трэба любіць гэта. Бо лепей вы будзеце любіць Саладуху, чым Стаса Міхайлава і Грыгорыя Лепса!

Любіць Элтана Джона — але не крывіць морду ад Саладухі. Захапляцца Саграда Фаміліа ў Барсэлоне — і паралельна ехаць глядзець найпрыгажэйшы касьцёл у Гервятах. Абмяркоўваць новы твор Умбэрта Эка — але прачытаць пры гэтым усяго Валянціна Акудовіча.

Сваё — гэта як бацькі. Іншых бацькоў у нас ня будзе. І не выпадае думаць, ці добрыя яны, ці так сабе, ці ў суседа лепшыя? Любіце сваё сэрцам. І ведайце сваё розумам.

Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/opinion/2013/09/19/ic_articles_410_183066/

Тэгі:


3 Responses to “Палюбіць Саладуху”

  1. 1. Наталля Says:

    Глеб, я заўсёды любіла сваё так, як вы напісалі: мову любіла – не размаўляла, але песьні народныя і вершу ведала і ведаю 🙂 больш любіла ездзіць за мяжу, здавалася там так добра.

    Але ж вось як пераехала жыць у гэтую “за мяжу” па волі лёсу, толькі тады зразумела, якое ў нас ўсё прыгожае, самае лепшае, бо сваё, роднае! І як зараз гэтага не хапае мне! Заўсёды, калі прыязджаю ў Беларусь, абавязкова вандрую.

    Зараз мару аб’ехаць усе мястэчкі цмока )))

  2. 2. labadzenka Says:

    любіце сваё актыўна, а не пасіўна ))

  3. 3. Уладімір Кірыенка Says:

    Правільна,Глеб Паўлавіч, кажаш!
    Але так можна дагаварыцца да таго, што і ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй Беларуссю было добрай паздеяй для беларускага народу, і КПЗБ мела добрых чальцоў і шмат чаго зрабіла для захавання беларушчыны ў Польшчы.
    Навеяны Ваш артыкул падзеямі 17 верасня 1939))))
    Не сумнявайцесь польскія партнёры Ваш пасыл успрынялі.
    P.S. ложай Руплівы Ліцьвін рэкамендавана выкарыстоўваць і ўводзіць у абарот паняцце “белмова” (ціпа скарачэнне ад “беларуская мова”) Пагэтаму будзьце у трэндзе, а ня то трындзец будзе.

Leave a Reply