it cz lt rb
ua fr pl en
se by
May 30

Выйшаў першы прафесійна зроблены анімацыйны фільм, прысвечаны гісторыі Беларусі ад яе пачатку да нашых дзён. Мультфільм з’яўляецца цэнтральнай, але далёка не фінальнай падзеяй сумеснага праекту “БудзьмаTUT” культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і парталу TUT.BY.

Не было раней нічога, а цяпер усяго многа.
За гэта мы мусім падзякаваць Богу,
Ён ствараў наш свет у жанры фрыстайлу,
Прамовіў “Будзьма!”, і Беларусь паўстала.
Іхтыязаўры і іншыя цмокі…
Мы напачатку ў акіяне моклі,
А потым пакінулі водныя нетры
І займелі мы назву “неўры”.
Неўры здавён, ад першых вякоў
Пераўтвараліся ў ваўкоў —
Такая вось звычка была ў народа…
Жыцень, Пярун, Дажджбог і Кола Сварога —
У паганскіх багоў продкі нашыя верылі,
Але ўжо хрысціянства грукае ў дзверы ім.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Год 862 ад нараджэння Хрыстова —
Пра Полацак першыя летапісныя словы.
Ў тым Полацку збудуюць сабор Святой Сафіі
(У свеце былі толькі тры такія).
Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей
Быў чоткі персанаж, але слухай далей!
У Полацку жыла Еўфрасіння Святая,
Памяць пра яе ў стагоддзях не тае.
Для яе зрабілі знакаміты крыж
(Не проста супер, а супер-звыш),
Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў.
Такі вось, прабачце, мясцовы грааль.

Ідзем далей, не марудзім доўга.
Час надышоў князя Міндоўга.
І тут мы зацяміць мусім з табой —
Тады Беларусь называлі Літвой,
А дакладней — Вялікім Княствам Літоўскім
З гербам “Пагоня” і суперскім войскам.
Пакрочым далей сваім шляхам пыльным.
Князь Гедымін засноўвае Вільню.
Сон легендарны — ваўчара ў латах…
На Вікіпедыі пра гэта багата.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Год 1362-гі.
Шчэрацца дзіды. Лунаюць сцягі.
Нашыя войскі ля Сіняй Вады
Разбілі трох ханаў Залатое Арды,
І Княства Літоўскае раптам — о-па! —
Зрабілася буйнейшай дзяржавай Еўропы.

Давайце далей разгортваць світак.
У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт.
Тэўтонскі Ордэн нам пагражае.
Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае.
Вітаўт з Ягайлам, польскім каралём,
Крыжакоў адправілі ў металалом.

Францішак Скарына — канкрэтны мажор.
Вучыўся не ў Полацку, а за мяжой.
І з гэтай навукай ён добра парадзіў —
Беларускую Біблію выдаў у Празе.
Вайскоўцы былі ў форме не горшай —
Паклалі маскоўскае войска пад Оршай
У 1514-м годзе,
Але годзе пра гэта, наперад мы пойдзем!
Хвілінны прыпынак — зараз і тут
Зацверджаны Трэці Літоўскі статут,
А пад Кіргхольмам разбілі шведаў,
Відаць, ты пра гэта раней не ведаў.

Будзьма ведаць свой род!

У Магілёве ў бітве апантанай
Сем тысячаў палегла акупантаў.
Якіх акупантаў? Ну, гэтых… З Усходу —
Прадстаўнікоў братняга расейскага народу.
Іх называлі яшчэ “маскавіты”,

А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай —
Беларуска-літоўска-польскай дзяржаве —
І чамусьці суседзяў усіх раздражнялі.
Тры падзелы Рэчы Паспалітай —
Вось так — узялі нас і падзялілі.
Найбольшую частку з’ела Расея…
Сярод шляхты незадаволенасць спее.
На сцэне з’явіўся Тадэвуш Касцюшка.
Запомніць імя гэта трэба. Таму што
Тадэвуш канкрэтным быў рэвалюцыянерам —
У свабоду, роўнасць, братэрства верыў,
Змагаўся за гэта нават у Штатах,
Але рускі царызм яго кінуў за краты.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Падчас напалеонаўскага землятрусу
З беларусамі біліся беларусы,
А ў 1863-м
Паўстанне ізноў пажарышчам свеціць.
Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі
Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе,
Падняў касінераў, смела біўся ў палях,
Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.

Свет на мяжы ХХ стагоддзя.
Трэба падымаць культуру ў народзе!
Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас,
Ластоўскі, Луцкевіч… Багата было вас!
Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў…
Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.

Ну вось. У рэвалюцыйных жахах
З’яўляецца новая дзяржава.
Завецца прыгожа яна: БНР.
Яе ўтварэнне святкуем і цяпер.
Але раптам аднекуль — з дзіркі ад бубліка —
З’яўляецца іншая на табе рэспубліка.
Завецца ўжо не рамантычна яна —
Савецкая сацыялістычная.
20-я гады. Векапомны час.
Беларусізацыя пануе ў нас.
Пісьменнікі пішуць выдатныя творы,
Мастакі ў Віцебску заўсёды ў гуморы…
І гэтак было, пакуль не прыйшоў
Год 37-мы, крывавае шоу.
Але то шчэ была апраметная.
І вось пекла — Другая сусветная.
Былі акупанты, былі партызаны,
Краіну ізноў на шматкі разгрызалі…
Ізноў беларусы з абодвух бакоў…
Ліецца кроў родных братоў.

Канец вайне! Здавай аўтамат!
І вось ужо ў небе ляціць касманаўт.
Машэраў, прамову сваю гавары!
Спявайце пра Яся грамчэй, “Песняры”!
Барыс Кіт, рабі вынаходкі ў НАСА,
А мы застанемся з краінай сам-насам.
Рэспубліка Беларусь — яе назва цяпер.
Прыняты сцяг, зацверджаны герб.
Спяваюцца песні, чытаюцца вершы…
Год 1991-ы…

Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ…

На гэтым шматкроп’е. У рукі вам сцяг
Хай кожны напіша ўласны працяг…

Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ…
Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, шалёны народ…

Аўтар словаў – Лявон Вольскі

Тэгі:


8 Responses to “Гісторыя Беларусі за 5 хвілін ад Будзьмы”

  1. 1. chill Says:

    глядзеў, вельмі добра так атрымалася

  2. 2. Stanislaw Says:

    Файна!
    Але, як на мой погляд, дык толькі для тых, хто гісторыю ведае. Ці выкліча цікавасць і жаданне пазнаёміцца з “роднай” гісторыяй – вось пытанне.

  3. 3. Кастусь Says:

    Stanislaw, можа і не выкліча цікавасць да роднай гісторыі, але ж нагадае, што пачынаецца яна не з Вялікай Айчыннай – гэта ўжо добра.

  4. 4. Stanislaw Says:

    Так, Кастусь, толькі што нагадае. Зараз гісторыя (і не толькі яна, а і любая школьная дысцыпліна) вучыцца толькі тымі, каму яна патрэбна, каб паступіць у ВНУ. І толькі ў межах пытанняў ЦТ. А што ў ЦТ? Рэвалюцыя, ленін ды сталін, ВАВ ды партызаны; ды партрэт АРЛ у падручніках, нават два – адзін у якасці кіраўніка дзяржавы, а другі – у якасці першадрукара…

  5. 5. Kolt Says:

    Хороший мульт. И песня хороша, вместе сложились красиво. Так дердать, ждём новый творений!

  6. 6. Наталя Says:

    Была вельмі ўражаная, калі ў савецкай частцы мульта (прыкладна 5:16) убачыла сваю бабулю Куратнік А.Я. (у белай кашулі з улёткай у руцэ). У пачатку 50-х яе як ударніка сацыялістычнай працы зрабілі дэпутатам Вярхоўнага савета СССР. Нажаль, я не паспела спытаць, у чым менавіта заключалася яе дэпутацтва акрамя наведвання рознага кшталту мерапрыемстваў. І ўжо ніколі не спытаю. Але я ўпэўнена, што тысячы такіх, як яна абсалютна нічога не вырашалі. Гэтыя простыя дзеці вёскі і не разумелі добра, што вакол іх адбывалася. І з радасцю ўсміхаліся з плакатаў.

  7. 7. Наталя Says:

    Памылілася з часам. прыкладна на 4-й хвіліне

  8. 8. Stanislaw Says:

    Сидел вчера в экзаменационной комиссии (9 класс, история Беларуси), “узнал много нового” :). Особо запомнилось:
    1. В Грюнвальдской битве, оказывается, участвовали войска Российской империи.
    2. Беларусы, оказывается, называются беларусами, потому что всегда были православными, а “православный – в переводе – белый, чистый от католичества”.
    3. Марк Шагал, оказывается, был поэт, мало того – беларус.
    4. Россия была уже в 15 веке…
    5. Благодаря большевикам, оказывается, территория Беларуси увеличилась в несколько раз.
    6. Столицей ВКЛ, оказывается, был Новгород.

Leave a Reply