it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 10

У пятніцу, 25 кастрычніка, на новым абсталяванні РУП «Слуцкія паясы» выраблены першы слуцкі пояс, які адпавядае сусветна вядомым старажытным аналагам.

Жанна Аўдзеева, kurjer.info

Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам «ІК» Ларыса Тарасава, дырэк­тар прадпрыемства, экс­клю­зіўны выраб адразу быў адвезены ў Мінск на экспертызу, якую правядуць спецыялісты і гісторыкі.

«Але ўжо сёння можна зазначыць, што ў цэлым пояс па тэхналагічных параметрах, арнаментацыі, коле­равай гаме адпавядае старажытным ана­лагам, – паведаміла яна. – Даўжыня пояса – 3 метры, шырыня – 35 санты­метраў, такі ж «малюнак», столькі ж пера­пляценняў нітак – 27».

Першы сучасны слуцкі пояс пробны. Ён сатканы з шаўковых і мета­нітавых нітак. Але ў далейшым паясы плануюць вырабляць з залатых і сярэбраных нітак.

Ларыса Тарасава, дырэктар фабрыкі, з першым аналагам слуцкага пояса. Фота: Наталля Селязнёва (з сайта s-k.by, газета «Слуцкі край»)

Для выпуску першага экзэмпляра спецыялістам фабрыкі спатрэбілася каля 60 гадзін. Пасля далейшай абкаткі абсталявання час выпуску аналагаў слуцкіх паясоў будзе скарочаны.

Нагадаем, што пояс вы­­­раб­­лены на адмысловым тэхналагічным аб­ста­ляванні нямецкай кампаніі «Магеба», якое ўстаноўлена на прадпрыемстве ў верасні гэтага года. Аўтаматызаваная, з праграмным кіраваннем лінія зроблена пад заказ – адмыслова для вытвор­часці слуцкіх паясоў.

Што тычыцца адкрыцця адноўленай фабрыкі, а дакладней музейна-вытворчага комплексу «Слуцкія паясы», то, па словах Ларысы Тарасавай, аб’ект цалкам гатовы. «Мы чакаем, што ў бліжэйшы час у Мінску будзе вызначана дата для ўрачыстасцей, і комплекс адкрыецца для наведвальнікаў», – паве­да­міла суразмоўца.

 

Тэгі: