it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 16

Кажаны з Краснага Берага, косткі маманта з Юравічаў і труны ў падзямеллі кляштара XVIII стагоддзя…

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем. І рушылі далей, на поўдзень Беларусі…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7914

Красны Бераг: кажаны, якім вярнулі галовы

Сядзібу ў Красным Берагу пачынаў будаваць у 1890 годзе расейскі генерал Міхаіл Гатоўскі, потым яе ўладальнікамі сталі беларускія паны Козел-Паклеўскія – дачка Гатоўскага Марыя выйшла замуж за Вінцэнта Козел-Паклеўскага і атрымала сядзібу ў пасаг.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7767

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7711

Між турыстаў і шукальнікаў Цмока сядзіба вядомая сваімі непаўторнымі ляпнымі выявамі кажаноў на фасадзе. Ёсьць у іх нешта цмачынае!..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7723

Містычная дэталь: усе да аднаго кажаны захаваліся да нашага часу некранутыя, але… без галоваў!

++IMG_0285

У такім выглядзе яны былі яшчэ зусім нядаўна, пакуль рэстаўратары не вярнулі галовы на месца. Загадка тут ого-го! Бо знаходзяцца кажаны на такой вышыні, што кінуць камнем -- і адбіць толькі галаву – не выйдзе, кажан пабіўся б цалкам, бо ён досыць невялікі. Калі б чалавек, які не любіць кажаноў, узлез туды на драбіне – то ці стаў бы таксама адбіваць толькі галаву? Размалаціў бы ўсяго! Карацей, містыка – ня горай, чым у Хічкока!

Акрамя кажаноў, можна ўбачыць яшчэ казачных істот над галоўным ўваходам, якія будуць выконваць функцыю вадасцёкаў. Сказаць, хто гэта, не бяруся ))

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7747

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7753

Цяпер сядзіба належыць аграрнаму каледжу, яна вельмі якасна рэстаўруецца – рэдкі пазітыўны прыклад!.. Што праўда, патрапіць гэтым разам у сярэдзіну не ўдаецца. Начальнік будаўнікоў-рэстаўратараў тлумачыць проста: “Ніззя”

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7740

Дзіўна, бо мінулы раз, як быў тут – было можна. Больш таго, ужо тады ўсярэдзіне ўсё выглядала даволі прыстойна.

++IMG_0214

++IMG_0215

++IMG_0216

++IMG_0229

++IMG_0238

Хоць рэстаўрацыя толькі пачыналася, але багаты захаваны дэкор і абрысы будучага аблічча праглядаліся маляўніча. Некаторыя дэталі аж занадта маляўніча.

++IMG_0239

++IMG_0240

Апроч уласна сядзібы, варта таксама агледзець меншы па памерах, але не менш цікавы флігель.

А таксама – браму. Яна таксама старая, аўтэнтычная. Праўда, расфарбаваная так “нарадна” – што адразу і не скажаш.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7714

Выглядае, што фармаваць яе менавіта так – традыцыя мясцовай каларыстыкі. Бо 4 гады таму брама мела іншы колер, але была не менш пёстрая.

++002

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7763

 

Парычы: Цмок жыве на пароме цераз Беразіну!

Хоць навігатар і хацеў павесці нас далей чалавечаю дарогаю з няслабым колам, спрактыкаваныя шукальнікі Цмока кіруюць наўпрост у рэчку!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7783

Аднак, каб не засмучаць кампанію Ford пераправаю іхнага Kuga уплаў, вырашаем усё ж скарыстацца паслугамі аднаго з нямногіх у Беларусі паромаў – у вёсцы Парычы Светлагорскага раёна. Дарэчы, паромы ў нас усе – бясплатныя.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7776

Чакаць парома даводзіцца зусім няшмат – хвілін дваццаць. Вось ён – наш плывучы мост – тарахціць з суседняга берага, выпускаючы сівыя віхры дыму!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7796

Судна мякка стукаецца ў бераг, адкідвае трап для транспарту – і мы акуратненька заяздждаем на палубу.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7812

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7836

-- Што ў вас за машына такая размаляваная? Ніколі такой прыгажосці не бачыў!.. – ссоўвае белую фуражку на патыліцу, мяркуючы па ўсім, капітан парома. Ці як гэта ў іх завецца?

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7829

Грэх не навярнуць такога цікаўнага чалавека ў цмоказнаўства!.. Наварочваем неадкладна!

Афіцыйная пасада Сяргея Пятровіча Мураля – рулявы паромнай пераправы. Карацей, капітан! Ягоны напарнік Павел Мяфодзевіч Лапцеў – таксама капітан, звычайна яны працуюць пазменна.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7950

А вось Пеця – пакуль што толькі матрос.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7933

-- Уначы пільнуе наш крэйсер, каб басота на металалом не расцягнула!.. – як бывалы марскі воўк смяецца Сяргей Пятровіч.

Пытаюся ў двух капітанаў, ці святкуюць яны дзень ваенна-марскога флоту?

-- Не, толькі дзень дэсантніка!.. – смяюцца мужыкі.

Пытаюся, дзе такія фуражкі класныя ўзялі – няўжо паложаныя па званню?

-- Ды не… -- хітравата ўсміхаецца капітан Мураль. – Знаёмы наш ва Украіне адпачываў, убачыў – прывёз во нас парадваць!

Трэба сказаць, пасажараў парома фуражкі радуюць не менш!

Пакуль крэйсер тарахціць, распытваем пра ягоныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі. Балазе, на капітанскай рубцы візіць шыльда, што паром падымае 55 тон! Трыццаць Ford Kuga з цмоказнаўцамі на борце!..

-- І праўда, і няпраўда, -- кажа Павел Лапцеў. – Рака так змялела, што вады – ці не па калена! Таму бярэм на борт не больш за тры легкавікі. Або адну грузавую – і тое калі нягружаная.

Тым, каго на борт не ўзялі, даводзіцца не соладка: да аднаго моста 30 кіламетраў у адзін бок і 50 – у другі. То бок, круг – уся сотня! Так што нам, лічы, пашчасціла!

У будцы для пасажыраў – кароткая ілюстраваная гісторыя Парычаў. Суперская прыдумка! Бо, як кажуць, куды ж ты з карабля дзенешся – сядзі і вучы матчастку!..

Дарэчы, апроч парома ў Парычах ёсць і іншыя цікавосткі: цэлы шэраг старых будынкаў, а таксама агромністы каменны крыж XIV стагоддзя (а можа, і старэйшы) ў мясцовай царкве!

zdudichskij_kamennyj_krest

Фота Тэльмана Маслюкова

Што да парома, то шчыра дзякуем бравай камандзе і ўрачыста падчапляем на капітанскую рубку нашую фірмовую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7906

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7924

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7997

Гэта першая такая шыльда, якая будзе не вісець на адным месцы, а ўвесь час рухацца ў прасторы!

Дарогаю сустракаем вёску Палессе. А як вядома, менавіта Палессе славіцца цмокамі!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8018

 

Юравічы: зуб маманта вагою 4 кілаграмы

Яшчэ збіраючыся ў Юравічы, прамацвалі глебу, як пабачыць славуты музей у мясцовай школе.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8114

Дырэктар Сцяпан Франклінавіч, на жаль, быў у адпачынку. Аднак у адпачынку не была Зінаіда Цырулік – вахцёрка юравіцкай школы!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8104

-- Во, каровы зноў на школьны двор зайшлі, выганяла!.. – кажа пані Зінаіда.

 

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8033

-- Дык трэба было падаіць спачатку!.. – выгукае наш фатограф Таранціна, вядомы аматар сырадою.

Зінаіда Цырулік – наш гід па гісторыі Беларусі 28-тысячагадовай даўніны. Менавіта ў Юравічах была самая першая стаянка старажытных беларусаў (туды мы таксама заедзем).

-- Гэта во проста розныя косткі мамантаў, -- паказвае чароўная мамантазнаўца ў адну палову пакоя гэтак будзёна, нібыта там ляжаць косткі тых кароваў, якіх яна не наважылася падаіць.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8038

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8040

Пані Зінаіда рушыць далей, а мы нямеем. Вядома, чулі раней, што гэты школьны музей проста фантастычны… Але ўбачыць дзясяткі костак маманта (да гэтага не бачыўшы ніводнай) – дзе ж тут не ўразішся!..

-- А чаго яны вымерлі, маманты?.. – цікавіцца ў Зінаіды Цырулік Таранціна.

-- З’елі іх беларусы!.. – шчыра смяецца кабета.

Siegsdorfer_Mammut

Скелет маманта. Фота з Вікіпедыі

Ад “проста костак маманта” пераходзім да няпроста костак.

-- Во гэта бівень ягоны, гляньце, як добра захаваўся, -- паказвае спадарыня Зінаіда на вітрыну.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8070

Бівень і праўда захаваўся так, нібыта жыхары Юравічаў з’елі гэтага небараку ўчора, а не 28 тысяч гадоў таму. Назва Юравічы пачынае навязліва нагадваць назву фільма “Парк Юрскага перыяду”. Вырашаем з Таранцінам, што трэба падказаць ягонаму галівудскаму цёзку Таранціну пераплюнуць Спілберга і зняць “Парк Юравіцкага перыяду”. Вядома, з хэпі-эндам, дзе апошняга маманта, якому беларусы паспелі толькі адцяць адну нагу на халадзец, ратуе храбры беларускі Цмок!...

-- А гэта во зуб ягоны, -- вяртае нас да справаў жыцейскіх Зінаіда Цырулік. – Чытайце: “Вага 4 кілаграмы”. Падымаць яго я вам не дам, але паверце, што дакладна чатыры!..

zub2

Анатомія маманта натхняе нас на вачах. Вось тазавая костка памерам з паў-лядоўні, насавая частка з маю руку, галёнка, рэбры ростам з гадавалага дзіцёнка…

jur3

Ледзьве не праслязіла “каленная чашачка маманта”.

jur5

Косткі чэрапа прымушаюць задумацца, што мазгі ў маманта былі паболей за нашыя (хочацца верыць, што біёлагі скажуць адваротнае)!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8094

Апроч нашых сяброў-мамантаў, у музеі можна пабачыць пудзіла зубра, аленя, казулі, дзіка, зайцоў, розных птушак і рысі.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8048

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8081

Рысь выглядае так, нібыта перад гібеллю нешта доўга паліла.

jur6

Апроч гэтага, у музеі вельмі моцны ўласна этнаграфічны куток: драўляныя ступы, кросны, сапраўдныя лапці, збаны-збаночкі… І нават макет маўзалея Леніна стаіць. Побач з косткай ад задніцы маманта – сюррэалізм поўны!..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8045

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8066

-- Ну што, нідзе такога не бачылі? – з гонарам за школу пытаецца Зінаіда Цырулік.

-- Нідзе!! – абсалютна шчыра выгукаем мы.

Пакідаем у музеі новы экспанат. Хэй-хэй, тут жыве беларускі Цмок!..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8084

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8107

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8027

 

Юравічы: адзін беларус з’ядаў за жыццё аднаго маманта?..

Міма бутэрброднай “Літвін” кіруемся на стаянку нашых спрытных продкаў, якія нарабілі для школьнага музею столькі экспанатаў.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8029

Стаянка ўяўляе сабой гару, на якую варта ўзлезці прынамсі каб падзівіцца цудоўнаму мясцоваму краявіду.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8139

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8123

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8125

Глядзець наверсе практычна няма чаго – зразумела, што ўсе археалагічныя раскопы былі ахайна засыпаныя назад.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8129

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8130

Пад гарою – вельмі добры інфармацыйны стэнд, адкуль можна дазнацца ўсю гісторыю Юравічаў.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8119

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8151

Што праўда, нашая краіна на стэндзе названая “Белоруссией”, а айцы-бернардынцы аўтару стэнда так і не даліся. У адным месцы яны фігуруюць як “бернадиры”, а праз пару абзацаў робяцца “бернандинцами”. Як вы зразумелі, аздоблены стэнд таксама на невядомай беларускаму Цмоку мове.

Карацей, 28 тысяч гадоў таму жыло на гэтай гары каля 30 чалавек. Дзіўнае супадзенне, але тут знойдзены парэшткі якраз трыццаці мамантаў.

-- Карацей, ясна, -- падсумоўвае Таранціна. – Тагачасны беларус з’ядаў за сваё жыццё аднаго маманта!

Дарэчы, вага маманта дасягала 12 тон – як сярэдні трамвай “Белкамунмаш”, які калясіць з Зялёнага Луга да Возера.

Пасля таго, як 30 беларусаў з’елі 30 мамантаў, наступіў гамон – і іхны аграгарадок накрыла двума кіламетрамі лёду ў вышыню. Што працягвалася даволі доўга. Такія рэзкія меры захавалі нам каленныя чашачкі маманта не горш за халадзільнік-маразільнік “Атлант” з лінейкі The Barachlo.

Дарэчы, першым Юравіцкую стаянку адкрыў у 1929 годзе Юліян Юліянавіч Попель – археолаг, які пэўны час працаваў настаўнікам юравіцкай школы. За такое адкрыццё нашчадкі краманьёнцаў, якія прапусцілі эвалюцыю, Юліяна Юліянавіча Попеля ў 1938 годзе расстралялі…

 

Юравічы: падзямелле з трунамі і кот-ахоўнік кляштара

Спускаемся з гары і кіруемся да яшчэ аднаго ўнікальнага юравіцкага аб’екта – езуіцкага касцёла 1726 года. Што праўда, цяпер гэта – праваслаўны манастыр. Бо касцёл быў закрыты яшчэ ў 1832 годзе на загад цара Мікалая І – манахі-каталікі падтрымалі паўстанне, што ўсходні захопнік дараваць не мог. Пазней комплекс быў аддадзены праваслаўным.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8162

За апошнія некалькі гадоў храм заўважна адбудавалі – чым літаральна ўратавалі ад поўнага знішчэння.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У даволі добрым стане захавалася частка абарончага мура з баявымі вежамі. Цяпер яна дабудоўваецца да першапачатковага выгляду.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8236

-- А для чаго вы будзеце пісаць артыкул? – сустракае нас на падворку манашка. – Для сайта? Гэта нешта з кампутарам звязанае?.. Так-так, бацюшка нам распавядаў.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8169

Пакуль манашка ідзе пытацца дабраславення ў святара, Таранціна дакарае мяне:

-- Вось бачыш! А ты без фэйсбука жыць не можаш!.. Бяры прыклад!

Пакуль манашкі няма, нас пільнуе шыкоўны кляштарны кот. Неверагодна, але 5 гадоў таму, калі я быў тут мінулы раз, я спаткаў гэтага ж ката роўна на гэтым жа месцы!..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8233

Манашка вяртаецца з дабраславеннем – і мы ідзем у падвал кляштара.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8246

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8258

-- Кажуць, падземныя хады ішлі тут далёка ва ўсе бакі. Але за савецкім часам тут быў дзіцячы дом – таму іх засыпалі, каб дзеці ў бяду не ўлезлі.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8251

Але і без хадоў тут ёсць, на што зірнуць. У левым пакоі неверагодна ўражваюць агромныя каміны – у такі можна даслоўна ўвайсці даросламу чалавеку.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8242

-- Яны выкарыстоўваліся для абагрэву значнай часткі будынка – цяпло ішло па дымаходах у сцяне, некалькі такіх камінаў абагравалі ўвесь кляштар -- тлумачыць манашка.

У суседнім пакоі – труны.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8252

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8253

-- За савецкім часам парэшткі шляхецкіх пахаванняў разрабавалі, косткі валяліся проста паўсюль… -- кажа нашая правадніца. – Іх сабралі і акуратна склалі ў труны.

Падымаемся ў кляштарны двор.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8175

На парозе храма манашка кажа.

-- Там пад агароджаю пахаваны першы праваслаўны настаяцель храма айцец Аляксандр Біруковіч. Захаваўся дакумент, дзе ён піша цару, што вылучаных 10 тысяч рублёў не хапіла, каб замазаць усе езуіцкія фрэскі.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8199

-- А ў яго і думкі не ўзнікла, што ўжо на той час яны былі 150-гадовым помнікам мастацтва?!.. – наіўны выгукаю я.

-- Але ж яны езуіцкія!.. – салідарызуецца з Біруковічам нашая правадніца.

Даведваемся, што гісторыя ўзнікнення храма звязаная з абразом Божай Маці. Абраз прывёз сюды ў 1673 годзе Марцін Тураўскі, які быў місіянерам ордэна езуітаў на Палессі 12 год, пасля чаго пасяліўся ў Юравічах. Спачатку для абраза збудавалі драўляную капліцу, пазней – гэты цудоўны храм. Пасля закрыцця храма царом у 1832 годзе, паводле легенды, абраз уратавала з касцёла трохгадовая дзяўчынка, дачка памешчыцы Марыі Сушынскай. Маўляў, толькі чыстаму душою дзіцёнку цудадзейны абраз даўся ў рукі. У 1855 годзе шляхцянка Габрыела Гарват вывезла абраз ў Кракаў, дзе ён цяпер і знаходзіцца – у касцёле святой Барбары непадалёк галоўнай плошчы. У Юравічах ёсць толькі копія.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-8206

-- Мы спадзяемся, што арыгінал пасля завяршэння аднаўлення храма вернецца сюды, -- кажа манашка.

Мы ж з’яжджаем з Юравічаў з цвёрдым пераканеннем, што вернемся сюды напэўна – як толькі засумуем па каленнай чашачцы маманта! Альбо як толькі побач з мамантавымі парэшткамі знойдуць яшчэ адзін здаровы чэрап вельмі незвычайнай формы…

 

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Асабіста дзякуем кіраўніку аддзела маркетынгу Сяргею Скляраву.
ford
Атлант-М Баравая
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінскі раён, в. Баравая, 2
(каля гіпермаркета Bigzz).
Тэл.:  +375 (17) 266-44-44
МТС: +375  (29) 766-44-44
Velcom:  +375 (44) 766-44-44
Факс: +375 (17) 266-40-33
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”
                                   

 

Тэгі: ,