it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 02


Дзядзька Рыгор падпісаў у лякарні каля 400 кніг — і папрасіў перапынку. Па-першае, стаміўся (ён і так малайчынка – столькі кніг падпісаць!). Па-другое, пачалі сварыцца лекары: маўляў, мы яго тут лечым, а вы яму гэтыя кніжкі сотнямі носіце. Я і сам прапаноўваў Дзядзьку Рыгору расьцягнуць падпісваньне па часе, але ён адказаў: “Раз людзі замовілі, трэба ўсім кніжкі падпісаць, каб нікога не пакрыўдзіць”.
Такім чынам. Усе замовы, якія паступілі да раніцы 1 лістапада, выкананыя. Замовы, якія прыйшлі пазьней, дзядзька Рыгор выканае ўжо дома, калі выпішацца зь лякарні.
Да таго ж, дома Барадулін разьбярэ сваю шафу з кнігамі — і адбярэ тыя, якія можна пускаць на акцыю. Таму сачыце за блогам — чакайце новых кніжак.
І яшчэ. Дзядзька Рыгор перадаваў усім сардэчную падзяку за чульлівасьць і неабыякавасьць.
Я таксама дзякую ўсім, хто адгукнуўся.
Дзякую Мікалаю Тамашэвічу, які дапамагаў нумараваць кнігі, езьдзіў са мной у лякарню да Дзядзькі Рыгора, а затым мужна тры гадзіны мерз на плошчы.
Дзякую Сяргею Шапрану (укладальніку кнігі), які дапамагаў цягаць кнігі з машыны ў лякарню й абратна.
Дзякую Канстанціну, які дапамог на ўласным мікрааўтобусе прывезьці кнігі на плошчу й раздаваць людзям.
Бяз гэтых людзей у мяне нечога б не атрымалася.

Хачу выбачыцца перад людзьмі, з чыімі замовамі я наблытаў. З 400 падпісаных кніг дзьве ці тры штукі не знайшліся. Напэўна, пад шостую раніцу, калі я скончыў апрацоўваць лісты, галава троху дала збой 🙁 Але Рыгор Барадулін абавязкова падпіша Вам кнігі!

Прыкра, што адное вядомае грамадзкае аб’яднаньне, якое месьціцца ў раёне плошчы Перамогі, адмовілася даць памяшканьне на пару гадзін для раздачы кніжак.
Але гэтым нас ня спыніш. Ганьба прафэсыйным беларусам, слава беларусам сапраўдным!

Тэгі:


10 Responses to “Дзядзька Рыгор папрасіў перапынку”

  1. 1. Slaver Says:

    Дзякуй вялікі за арганізацыю гэтай акцыі! А тое, што некаторыя аб’яднаньні не дапамаглі — гэта няважна. Таму што ёсьць сапраўдныя шчырыя людзі, якім не абыякавы лёс Дзядзькі Рыгора!

  2. 2. ezzhik Says:

    Глеб, вялікі дзякуй за вашую працу!!!

  3. 3. nick_it Says:

    Далучаюся да ezzhik!

    Дзякуй вам асабiста ды усiм тым, хто дапамог акцыi ажыццявiцца.
    Выдатную, сапраудную Справу зрабiлi.

  4. 4. labadzenka Says:

    гэта проста сьціплае жаданьне адзьдзячыць за ўсё добрае, што зрабіў для мяне Дзядзька Рыгор за 9 год нашага знаёмства…

  5. 5. labadzenka Says:

    хаця знайшліся ўроды, якія сказалі, што я гэта ўсё задумаў, каб папіярыцца. во як, аказваецца!

  6. 6. labadzenka Says:

    а два чалавекі (з чатырохсот) увогуле сказалі, што я ўсе грошы сабе забяру.

  7. 7. labadzenka Says:

    карацей, багатая на таленты зямля беларуская!..

  8. 8. tamaszevicz Says:

    Да, блін, задралі яны!
    Хай тады ўвогуле кажуць, што мы скралі кнігі ў Дзядзькі Рыгора (які чамусьці заўжды мае подпісы на ўсе выпадкі жыцьця), а цяпер на траіх грошы раздзелім (хаця можна: вам з Насткай палову, бо вы адзінае цэлае, і мне палову) :)))

Leave a Reply