it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 29

Пасьля ўчорашняга вечара гэтае слова стала для мяне ругацельным. Але — ўсё па парадку.
Мы з маім спрадвечным сябрам Сашкам намыліліся ехаць у лазьню на ягоны хутар пад Ракавам. Гэта рэгулярная працэдура, якая прадугледжвае піва, чыпсікі й рыбку. А да гэтага мы неяк абмяркоўвалі, што, маўляў, на кальцавой адкрыўся новы прадуктовы гіпермаркет, які па-моднаму называецца “Дыскаўнтэр”. (клікнуць для павелічэньня)
Сашка са сваёй Юлечкай паехаў туды крыху раней, а я пад’ехаў хвілін праз 15. Каля касаў гляджу — ідзе насустрач Сашка і трымае ў руках бутэлечку мінералкі. Тут на маіх вачах да яго падлятае ахоўнік з навушнікам і кажа: “Мне сказалі вас затрымаць”. За ім падскоквае другі: “Вы выйшлі міма касы зь мінералкай. Крадзеж!” Я ведаю Сашку 16 гадоў — таму ўсьміхаюся й кажу: “Ну цябе ні на хвіліну нельга пакінуць — ужо мінералку стырыў!” Але ахоўнікі, адчуваючы сваю важнасьць (раскрылі крадзеж стагодзьдзя) да жартаў ня схільныя.
Сашка кажа: “А дзе вашыя доказы, што я ў вас яе стырыў? Я яе яшчэ зранку на Ждановічах купіў”.
Ахоўнік: А ў нас ёсьць відэа, дзе вы зь ёй выходзіце міма касы.
Сашка: А ў вас ёсьць відэа, што я яе бяру ў вас з паліцы?
На відэакамерах яўна вырашылі паэканоміць, проста сказаўшы ахоўнікам “фас!” Таму ахоўнікі пачынаюць казаць, што нельга ў гандлёвую залу заходзіць з таварам, які ў іх прадаецца. Намагаючыся схіліць іх на ўлагоджваньне сытуацыі, я дэманструю жуйку ў роце й пытаюся, ці мушу выплёўваць яе перад паходам у іхні дзіскаўнцер.
Ахоўнік на поўным сур’ёзе адказвае: “Тэарэтычна так”.
Пакуль мы размаўлялі, вакол нас сабралася пяць (!) ахоўнікаў і намесьнік дырэктара дзіскаўнцера. Галоўны ахоўнік кажа: “Выклікайце міліцыю, хай складаюць пратакол”.
Адчуваючы, што лазьня можа накрыцца медным тазам, я раю Сашку аплаціць мінералку ў касу, а паралельна патрабаваць Кнігу скаргаў — скардзіцца на беспадстаўны паклёп.
Высьветлілася, што мінералка каштуе 880 (!) рублёў. Не дарма трымаюць ахоўнікаў!
Пішучы скаргу, мы працягвалі праводзіць з ахоўнікамі і намесьнікам дырэктара палкі дыялёг. І пасьля маіх словаў, сярод іншага, што кліент заўжды мае рацыю, намесьнік дырэктара шчыра запытаўся ў мяне: “А гдзе ета напісана?!”
Вэлкам то дзіскаўнцер, таварышы!

Тэгі:


3 Responses to “дзіскаўнцер”

  1. 1. Slaver Says:

    О, гэта ж вядомае месца — скандал за скандалам.
    Раю пачытаць http://community.livejournal.com/potrebitel_by/168976.html — жаданьня больш туды езьдзіць дакладна ня будзе 🙂

  2. 2. labadzenka Says:

    можа, хлопцы піярацца так?..

  3. 3. Slaver Says:

    Занадта адмоўны водгук атрымліваецца.
    Калі б яны піярыліся, рабілі гэта інакш, па-разумнейшаму, мне падаецца.

Leave a Reply