it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 10

labadzenka-250n

Ад панядзелка, 13 студзеня, у Мінску пачынаюць працаваць бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова нанова”. Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак а 19.00 у Галерэі сучаснага мастацтва Ў (Незалежнасьці, 37а). На занятках — бясплатная кава і гарбата для студэнтаў!

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Курсы будзе праводзіць філолаг Алеся Літвіноўская, ну і я там буду на падпеўках. Алесю прадстаўляць доўга ня трэба. Прафесійны філолаг, выкладала ў лінгвістычным універсітэце, навучыла беларускай мове былога амбасадара Амэрыкі Джорджа Крола, а таксама легендарнага амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана. Навучыла так, што Эрыксан гаворыць па-беларуску лепей за большасьць беларусаў!

Чаму “Мова нанова”? Вось менавіта таму — што азначэньне “родная мова” дэвальвавалася, страціла сэнс. Што гэта за родная мова, калі людзі ня тое, што не гавораць на ёй — а папросту ня ведаюць? Памятаеце гэты зьдзеклівы выраз: “Беларусы настолькі шануюць і берагуць родную мову, што не гавораць на ёй”. Альбо іншы: “Беларуская мова настолькі цяжкая, што яе ня могуць вывучыць самі беларусы”. Бу-га-га, нічога не скажаш.

Дык вось, трэба кінуць хітрыкі і прызнацца: так, ня ведаем, ня можам вольна размаўляць. Нам трэба вывучыць мову нанова!

Але “вывучыць” — гэта ня значыцца сесьці за падручнікі і практыкаванні. Як ні круці, але “пасіўная” мова ў большасьці нашых людзей ёсць: калі чуюць, то ўсё (ці амаль усё) разумеюць.

Неяк так мы і разважалі, ствараючы курсы “Мова нанова”. І знайшлі аднадумцаў! Галерэя сучаснага мастацтва Ў (Незалежнасьці, 37а) бясплатна дала нам памяшканьне. А гэта крута — бо ўсяго 100 мэтраў ад метро “Плошча Перамогі”! Кампанія “Будзьма беларусамі” кожныя заняткі будзе ўзнагароджваць прызамі найлепшых слухачоў курсаў. Таксама будуць і падарункі ад тэлеканала “Белсат”, кнігарні “Логвінаў”.

Асобна варта сказаць пра бізнэсоўца Паўла Бераговіча, які ў мінулым годзе набыў у Ваўкавыскім раёне старадаўні маёнтак Падароск, каб ствараць там за свае сродкі… Музэй беларускай шляхты! Для поўнай карціны варта дадаць, што Павал зь Екацярынбургу (хоць ягоная бабуля адсюль). Вольна размаўляе па-беларуску, шмат вандруе па Беларусі, чытае шмат беларускіх кніг. Выступае як мецэнат. Падтрымаў і нашыя курсы: набыў апарат для кавы і гарбаты, забясьпечыў уласна каваю і гарбатаю, перадаў гукаўзмацняльную апаратуру, падтрымаў стварэньне сайта.

Увогуле — курсы сталіся дзякуючы падтрымцы добрых людзей. Дызайнэрка Настасься Арайс стварыла курсам лагатып. Шыкоўны! Глядзіш так — сонейка. Прыглядаешся — а гэта ж літары Ў! Праграміст Юрась Адамовіч цяпер якраз дапрацоўвае сайт курсаў.

Сайт — асобная гаворка. Фактычна гэта будуць бясплатныя дыстанцыйныя курсы беларускай мовы. Ужо цяпер там выкладзена багата заняткаў, кожны зь якіх утрымлівае тэматычныя слоўнікі, правілы, цікавосткі, мультымедыя. Сайт movananova.by пачне працу 13 студзеня а 19.00 — прэзентуем яго на першых занятках курсаў.

Што яшчэ будзе на першых занятках? Студэнты навучацца слушна віншаваць адно аднаго па-беларуску. Зь Верхнядзьвінску спэцыяльна прыедзе беларускамоўны пекар Кастусь Ларкоў (абяцаў з караваямі) і правядзе майстар-клас. Студэнты змогуць задаць пытаньні замежніку, які дасканала вывучаў беларускую мову. Падзяліцца між сабою цікавосткамі. Пачытаць “Нашу Ніву” за 1906 год. А напрыканцы паслухаць выступ гурта HandmadE.

На наступныя заняткі абяцаліся прыйсьці пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, філосаф Валянцін Акудовіч, паэт Генадзь Бураўкін, бард Віктар Шалкевіч…

Апроч гэтага, госьцьмі кожных заняткаў будуць і “звычайныя” людзі — праграмісты, лекары, прадпрымальнікі, інтэрнэтнікі, дызайнеры, музейнікі... Усіх іх будзе аб’ядноўваць адна рыса — яны размаўляюць па-беларуску.

Каго мы чакаем на курсах? Тых, хто зусім не гаворыць па-беларуску — але хоча паспрабаваць. Тых, хто гаворыць, але хоча палепшыць мову. Тых, хто гаворыць вольна — але хоча знайсьці новых сяброў.

Карацей, Вас, Алена зь Серабранкі. Вас, Мікалай з Лошыцы. Вас, Васіль з Кунцаўшчыны. Вас, Валянціна з Паўднёвага Захаду. Вас, Сьвятлана з Аўтазу. Вас, …

P.S. Запрашаю таксама ў нашую суполку на фэйсбуку і вконтакте.

Тэгі: