it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 25

даслаў Аляксандр Брундукоў з каментаром: “Упершыню праваслаўнае богаслужэнне архіерэйскім чынам было цалкам здзейснена на беларускай мове”

перадрук адсюль

24 жніўня ў дамовай царкве ў гонар прападобнага Фёдара Астрожскага дома “Кінанія” брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў адбылася святочная беларускамоўная Літургія, якую ўзначаліў епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі, пры ўдзеле клірыкаў Свята-Петра-Паўлаўскага сабора пратаіерэя Віталія Харытановіча ды іерэя Юрыя Залоскі. Упершыню праваслаўнае богаслужэнне архіерэйскім чынам было цалкам здзейснена на беларускай мове.

 Паколькі прападобны Фёдар, князь Астрожскі, глыбока ўшаноўваецца ва Украіне, асабліва на Ровеншчыне, то ў дзень яго памяці немагчыма было не ўзнесці сугубага малення за мірнае вырашэнне варожага супрацьстаяння ва Украіне.

Асаблівую атмасферу лучнасці з братнім украінскім народам стварылі спевы вядомага фальклорнага ансамбля “Калыханка” (з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна), у выкананні якога прагучалі канты з рэпертуара браціі Пачаеўскага манастыра на ўкраінскай мове.

спевы вядомага фальклорнага ансамбля “Калыханка” (з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна)

Удзел у богаслужэнні прынялі прадстаўнікі Польскай Праваслаўнай Царквы з Беласточчыны. Дырэктар фонда “Усход”, сябра праўлення фундацыі імя князя Канстанціна Астрожскага Міраслаў Матрэнчык у сваім прывітальным слове засведчыў важнасць актыўнасці міран і братчыкаў у справе адстойвання гістарычных і духоўных каштоўнасцяў Праваслаўнай Царквы ў жыцці грамадства.

Старшыня Брацтва Мікалай Матрунчык адзначыў, што адной з прыярытэтных задач Брацтва ў бліжэйшай перспектыве будзе развіццё сувязяў з беларускай дыяспарай. Асабліва актуальным гэта стала пасля адкрыцця падвор’я Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Маскве пры храме св. вмц. Ірыны, дзе плануецца стварэнне нядзельнай школкі і беларускамоўных курсаў.

Пасля богаслужэння ў “Кінаніі” адбылася святочная братчына, на якой братчыкі і госці пазнаёміліся з мультымедыйнай прэзентацыяй, прысвечанай жыццю і творчасці вядомага беларускага паэта і празаіка Сяргея Новіка-Пяюна. Пясняр, апошнія дні жыцця якога апекавала Брацтва, нарадзіўся 14 (27) жніўня 1906 у вёсцы Лявонавічы, што на Случчыне, а адыйшоў з жыцця 20 гадоў таму, 26 жніўня 1994 года ў Мінску. Некаторыя з прысутных дзяліліся сваімі ўспамінамі пра гэтага чалавека, які, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні і складаны жыццёвы лёс, ніколі не губляў веры і надзеі на лепшае, ствараючы свае знакамітыя вершы, многія з якіх былі пакладзены на музыку. Трэба сказаць, што некаторыя песні на словы Сяргея Новіка-Пяюна лічацца народнымі, а найбольш вядомыя з іх «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») ды «Зорачкі». Дарэчы, песня “Зорачкі” таксама прагучала пад час прэзентацыі, прычым, падпявалі яе разам амаль усе прысутныя.

Напрыканцы святочнай праграмы братчыкі пазнаёмілі ўсіх прысутных з тым, як ідзе падрыхтоўка да ўзвядзення памятнага крыжа ў гонар Святых зямлі Беларускай, што мае быць усталяваны на ўездзе ў Калодзішчы.

У заключным слове ўладыка Веніямін акцэнтаваў увагу братчыкаў на неабходнасці духоўнага ўмацавання беларускага грамадства, што ў сваю чаргу будзе спрыяць устойліваму развіццю і нацыянальнай ідэнтычнасці насельніцтва Беларусі.

Кінанія 004

Кінанія 005

Кінанія 006

Тэгі:


Leave a Reply