it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 04

Знішчальнікам спадчыны – цвёрдае не!

| Нядзеля, 4 красавiка 2010 у 22:40

Зноўку вялікая патрэба вымушае ў чарговы раз пісаць пра праблему захавання помнікаў у нашай сталіцы – Мінску. На сайце Таварыства неаднаразова разглядалася пытанне пра жаданне гарадскіх уладаў і структур значна вышэйшых пазбавіць статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці будынак першай мінскай электрастанцы, знесці яго і пабудаваць на гэтым месцы высотны гатэль, інвестарам якога павінна выступіць група “Кемпінскі”. Вось пералік гэтых матэрыялаў:

http://pomniki.budzma.org/news/alyeksandr-lukashyenko-odobril-korryektirovku-hyenyeralnoho-plana-minska

Самыя сумныя прагнозы пачынаюць спраўджвацца. Ужо 7-га красавіка бягучага году Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь зноў будзе разглядаць пытанне пра далейшы лёс помніка прамысловай архітэктуры. Не магу дакладна сказаць, ці гэта будзе чарговая спроба пазбавіць помнік ахоўнага статуса, каб знішчыць, ці гэта будуць прапановы па так званаму “экспанаванню” фрагментаў былой электрастанцыі у комплексе новага высотнага гатэлю.

Ці адно, ці іншае – ад гэтага не лягчэй. Якая розніца паміж стацыянарнай газавай камерай ці аўтамабілем “Z” (душагубкай)? Аніякай. Так няма розніцы праз які шлях будзе знішчаны помнік. Проста зараз – чарговая спроба знішчэнне помніка загнаць у псеўдаправавыя рамкі праз рашэнне Навукова-метадычнай рады. А такіх прыкладаў колькі заўгодна. Гэта ўсе новабудоўлі ў Гістарычным цэнтры, гэта высотны дом на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Квартал, абмежаваны вуліцамі М.Багдановіча, Старажоўскай і Архітэктара Заборскага” (побач з Траецкім прадмесцем), будаўніцтва якога знішчыла ўсе кампаненты комплекснай каштоўнасці, ды і шмат чаго іншага.

Вось тут хочацца заклікаць і членаў Навукова-метадычнай рады, і краўніцтва Міністэрства культуры – праявіце прынцыповасць, перастанце быць інструментам для прыкрыцця парушэнняў заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, апраўдайце тыя спадзяванні, якія пасеяны новым міністрам культуры.

Шаноўны Павел Паўлавіч! Зрабіце ўсё магчымае да і немагчымае, каб Вашыя словы ў дачыненні да праблем аховы спадчыны не заставаліся толькі словамі, а каб яны матэрыялізаваліся. Урэшце рэшт Міністэрства культуры павінна дакладна выконваць літару і дух Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.

Ды і як падтрымка праекта, які знішчае помнік, будзе ўспрынята шырокай грамадскасцю, асабліва напапярэдадні Міжнароднага дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін. Такога Вам людзі не даруюць. Гэта агромістая адказнасць. І маральная, а неўзабаве і прававая.

Тут хочацца задацца пытаннем. А хто ж непасрэдна датычны да перспектыўнага знішчэння помніка акрамя міфічнага “Кемпінскі”, а калі быць больш дакладным, нейкай групы з Масквы. Вось тут і самае цікавае. Партнёрам с беларускага боку ў перспектыўным будаўніцтве выступае ТАА “Трайпл”, менавіта той “Трайпл”, які па праекце архітэктара Ладкіна і з дазволу, які падпісаны спадаром Грыдзюшкам, беспакарана сканчывае знішчаць квартал, які прымыкае да Траецкага прадмесця, пра які трошку раней гаварылася, а зараз замахваюцца на чарговы помнік. Мода сярод нашых быццам бы нацыянальных бізнэсоўцаў такая – помнікі знішчаць. І стаяць у гэтым шэрагу ТДА “Паркінг”, ТАА “ТаПаС”, усялякія там “Сулоны”, “Фарт і В”. Ну канешне без “Мінскай спадчыны” у гэтым шэрагу немагчыма. Праўда гэта ўсё дробязь. Бо на рынак знішчэння упэўнена выходзіць такі монстр, як “Трайпл”

Ня ведаю, ці ўдасца нам супрацьстаяць “Трайплу”, ці хопіць грамадзянскай мужнасці членам рады і супрацоўнікам Мінкульта, каб захаваць і электрастанцыю, ды і ўвогуле не дазволіць з’яўленню высотнай пачвары на праспекце, і тым самым уратаваць унікальны архітэктурны ансамбль 40-50-х гг. ХХ ст.

Таму заклікаю ўсіх, хто любіць Беларусь, хто шануе яе гісторыка-культурную спадчыну. У нас ёсць механізм уплыву. Непасрэдна на “Трайпл”. Гэтая кампанія прадстаўлена на ўнутранным рынку Беларусі і прадстаўлена вельмі істотна. Гэта і напоі, і будматэрыялы, і сетка кавярняў, і нерухомасць, нават горналыжны курорт “Лагойск” – маёмасць “Трайплу”. Няма ж для нас нічога лягчэйшага, чым адмовіцца ад набыцця тавараў і паслуг пад таварным знакам “Трайпл”.

Гэтыя тавары і паслугі ад прадпрыемства, якое дзеля сваіх звышпрыбыткаў руйнуе самае святое, што ў нас ёсць – нашыя культурныя здабыткі. І калі мы пакідаем “Трайплу” свае грошы, то мы самі ўдзельнічаем у знішчэнні нашай спадчыны. Давайце скажам “не” ўсім тым, хто дзеля ўласнага дабрабыту паступова забівае сваю культуру, свае карані, сваю Бацькаўшчыну.

Будзьма разам!!!

Тэгі: