it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 04

Даслана ў рубрыку “Навіны Блогу” (гл. калонку зьлева)

Плошча 2010 уласнымі вачамі

Лепшы карэспандэнт – гэта ўласныя вушы і вочы, а лепшы рэпартаж – думкі, развагі і асэнсаванні, якія ўзнікаюць падчас ці ў выніках асабістага ўдзелу ў нейкай падзеі. Чалавек, гледзячы відэа- ці фотарэпартаж, слухаючы радыё ці чытаючы навіны, робіць высновы на глебе таго матэрыяла, які ён мае, на глебе кропкі гледжання аўтара гэтага матэрыяла. Вядома, што свядомы чалавек імкнецца азнаёміцца з усімі трактаваннямі той ці іншай падзеі і абраць нешта сярэдняе паміж “левымі” і “правымі”. І часцей за ўсё з-за атрымліваецца блытаніна і непраўдападобнасць, бо гэтая “сярэдзіна” не бліжэй да ісціны, чым супрацьлеглыя трактаванні. Але ж хопіць філасофіі, яна робіцца брыдкай пасля нядаўніх падзей крывавай нядзелі 19 снежня і раніцы 20, што нагадваюць жудасны 1937 год. Гэты артыкул я напішу сваімі пачуцця і думкамі, якія узніклі падчас Плошчы і пасля яе. Я напішу тое, што бачыў і чуў, што даведаўся пасля ад сваіх сяброў; спрабуючы такім чынам, канчаткова ўсё асэнсаваць і дапамагчы асэнсаваць астатнім: хто быў там ці сачыў праз незалежны СМІ, або даведаўся з дзяржаўных тэлерэпартажаў. Я напішу сваю праўду, праўду простага ўдзельніка Плошчы, як гаворыцца не пана і шляхцюка, а звычайнага селяніна.
Напэўна, першае пытанне, якое бы Вы мне задалі – “Навошта Вы туды пайшлі?!” Адказ мой будзе наступным. Барацьба чалавецтва супраць дыктатуры і дэспату вядзецца з даўніх часоў. Кожны чалавек прагне свабоды, бо толькі той мае гонар звацца чалавекам, хто здабыў сапраўдную свабоду сам і дапамагае яе здабыць астатнім. Я выйшаў за Свабоду. Я не хачу, каб мае сябры, знаёмыя і зусім чужыя людзі баяліся за сваю будучыню з-за палітых поглядаў, вальнадумства. Я выйшаў, бо не мог зрабіць па-іншаму – тады былі б здаліся пустымі ахвяры людзей, якія аддалі жыццё за свабоду беларускага народу. Я выйшаў, каб выказаць пратэст фальсіфікацыі выбараў. Я выйшаў за свабодныя выбары без Лукашэнкі. Спадзяюся, вы атрымалі абгрунтаваны адказ.
З-за адсутнасці сецівы і тэлефоннай сувязі (гэта самае першае, што паказвае на не дэмакратычныя выбары), мне не прыйшлося доўга думаць, як патрапіць да людзей, якія выйшлі, каб сказаць – “Хопіць хлусні і крывавай дыктатуры”, бо адразу на выхадзе з чыгуначнага вакзала натыкнуўся на людзей з групы Някляева, яны шукалі аптэку. Тады я яшчэ не ведаў пра збіццё паэта і кандыдата ў прэзідэнты Някляева, таму не надаў гэтаму ніякага значэння.
Адразу хачу сказаць, што бусік, які суправаджаў Някняеў са сваёй групай быў пустым (гэта паведаміла дзяўчына, якая там была, па тэлефоннай размове раніцай 20-га, трэба адзначыць, што яна на той момант знаходзілася ў ваенным шпіталі). Справа ў тым, што ў машыне павінна была быць гукаузмацняльная тэхніка, але яе везла іншая машына, яна ж і давезла яе да пл.Незалежнасці. Напэўна з гэтай нагоды і быў зроблены хлуслівы паказ па тэлебачанню, нібыта там былі нейкія жудасныя смяротныя рэчы, вось толькі ў паказе гэтым чамусьці няма выбухаў і стрэлаў пры збіцці Някляева (напэўна, цэнзура не прапусціла). Наконт тоны выбухоўкі, дык тут наогул нейкае глупства – як яе можна правесці праз нашу мяжу, гэта ж ганьба Дзяржаўнай бяспецы. З крышанамі і арматурамі тое ж самае – чаму праваахоўныя органы, ведаючы пра “тэракты”, якія рыхтавалі, не затрымлівалі людзей са зброяй, яны ж напэўна везлі яе на грамадскім транспарце. У гэткім выпадку ужо і я ў нічагуткі не магу зразумець.
Хлопец у адзенні Дзеда Мароза і дзяўчына, падказалі мне, як патрапіць на пл. Незалежнасці. Першае, што я пачуў, калі з’явіўся там – гэта заклік: “Ня біць міліцыянтаў”. Так, я прыйшоў літаральна тады, калі правакатары білі шкло і спрабавалі выламаць дзверы Дома Ураду. З гэтай нагоды таксама выкажу сваё меркаванне. Адкажыце на простае пытанне – людзі, якія выйшлі на Плошчу, добра ведаючы, што пры першай жа магчымасці з кустоў выскачаць каты са шчытамі і пачнуць бязлітасны біць, будуць правакаваць іх на гэта? Але зноў жа, як гэта будзе выглядаць па тэлебачанні, калі міліцыянты будуць без якой-небудзь нагоды біць людзей? Трэба правакацыя. Калі тыя, хто мітынгуе, не правакуюць, а трэба іх як мага хутчэй разагнаць, патрэбна самім жа падстроіць правакацыю. На маю думку гэта і было зроблена.
Людзі стаялі свабоднымі шэрагамі, таму Санікаў з Рэмашэўскім пачалі заклікаць, каб моцныя хлопцы падыходзілі да трыбун і запісваліся ў ахоўныя атрады, каб стрымліваць магчымыя напады міліцынтаў, каб усе астатнія станавіліся шчыльнымі шэрагамі. Прагучала песня “Муры” ў выконванні Хадановіча. З кожнай хвілінай усё мацней білася сэрца – узмацнялася вера, якая праз дзве гадзіны абавязкова перамагла бы страх, шчыты і дубінкі. Але гэтых двух гадзін у нас, на жаль, не было. Пасля таго, як каты рассеклі натоўп і ўзялі ў кола “штаб” Плошчы, пачалося невядома што. Мужныя стрымлівалі катаў з дубінкамі, крычалі, каб усе вярнуліся. Вельмі ўразіў крык хлопца: “Людзі, куды вы!?”. Але ўжо было не магчыма трымаць ментоў – іх стрымліваеш спераду, а яны ўжо душаць з боку. Як хутка згасла гэтая Надзея, калі ўсе літаральна пабеглі. Было яшчэ малое супраціўленне, і я застаўся, бо не мог бегчы разам з усімі. Трэба было трываць і мы трывалі. Трывалі да тых часоў, пакуль па галовах не пачалі быць дубінкамі. Не, было балюча не за сябе, а за Беларусь і беларускі народ. Наша краіна так доўга трывае, а мы ўсё так ціха гаворым.. Напэўна, тады ўсе ўжо забылі чаму прыйшлі сюды. Тыя хто падаў, былі бязлітасна збіты. Гэта я бачыў на свае ўласныя вочы. Білі, бо чалавек не мог нічога зрабіць, не мог даць адпор, білі, каб распавесці потым сваім сябрам, былі і па загаду, і па ўласнаму жаданню.
Я апынуўся ў тым натоўпе, які прыціснулі да касцёла. Пачалі біць у званы. Далей былі хуткія пераходы вуліц, вяртанне назад і спроба прарваць ланцуг КДБ, каб патрапіць да сваіх, але яна здалася марнай. Мы заспяваліся песню “Магутны Божа”. Нас зноў пачалі ціснуць. І ціснулі прыкладна метраў 200-300. Чуліся выкрыкі незалежных назіральнікаў накшталт: “There is no freedom in Belarus. For freedom!”.
Як хутка ўсё скончылася…
Наша перамога хаваецца не ў лічбах, а гуртуецца ў сэрцах. Мы перамаглі, бо выйшлі. Мы перамаглі, бо стаялі. Мы перамаглі, бо мы не баімся, а наадварот наганяем страх. Мы перамаглі, бо верым і спадзяемся. Мы перамаглі, бо Жыве Беларусь!

Тэгі:


One Response to “Андрусь Сувалаў. Плошча 2010 уласнымі вачамі”

  1. 1. Katya Says:

    Вельмі добра напісана..Малайчынка, Андрусь! Так трымаць.

Leave a Reply