it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 03

Знішчаюць першую мінскую электрастанцыю

| Чацвер, 3 сакавiка 2011 у 16:14

На выходных, як заўсёды за мінімальнай колькасцю сведак, пачаўся працэс разбурэння помніка архітэктуры кан. 19 ст. – будынка першай мінскай цеплаэлектрастанцыі. знішчэнне адбываецца з санкцыі Мінгарвыканкама і адпаведна дазволу Міністэрства культуры. У сувязі з чарговымі  падзеямі,  якія адлюстроўваюць прававое бязмежжа ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да міністра культуры з адкрытым лістом і заклікае сродкі масавай інфармацыі абнародваць яго, бо праблема сапраўды важная і не церпіць пераносу на будучыню.

Міністру культуры
Рэспублікі Беларусь
Латушка П.П.
(Адкрыты ліст)

Шаноўны Павел Паўлавіч!

Некалькі дзён таму ў г. Мінску па праспекце Незалежнасці 32-б распачаўся знос карпусоў нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці  “Комплекс будынкаў былой электрастанцыі”, якая ўнесена ў склад  Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам  713Г000183. Знішчэнне канструкцый гісторыка-культурнай каштоўнасці праводзіцца СТАА “Эліт-Эстэйт”.

Не буду ўзгадваць, што дадзенае руйнаванне атрымала ўсе ўзгадненні ад узначальваемага Вамі прадпрыемства, і, пры спробе прыцягнення СТАА “Эліт-Эстэйт” да адказнасці, кіраўніцтва дадзенага прадпрыемства, якое свой вытворчы шлях на Беларусі пачало са знішчэння нашай спадчыны, аргументавана будзе даказваць сваю невінаватасць, апелюючы да станоўчага рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, да дазволу Міністэрства культуры, падпісанага Вашым намеснікам В.І.Курашам.

Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. І прадпрыемства-знішчальнік нашай спадчыны павінна быць пакарана па ўсёй строгасці закона. Але дзе прычына злачынства? Хто яго справакаваў? І тут можна з усёй адказнасцю сказаць – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, за працу якога Вы, як міністр, нясеце персанальную адказнасць.

Яшчэ ў мінулым, 2010 г. паўстала пытанне аб будаўніцтве шматфункцыйнага комплексу з гасцініцай “Кемпінскі” на зямельным участку, які абмежаваны пр-там Незалежнасці, р. Свіслач, вул. Янкі Купалы. Менавіта там і стяць карпусы першай мінскай электрастанцыі, помніка прамысловай архітэктуры кан. 19 ст.  Пабудова шматфункцыйнага комплексу з гатэлем “Кемпінскі” была вызначана Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2010 г. № 243 “Аб умовах будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу ў г. Мінску”.

Праектныя прапановы ўзвядзення шматфункцыйнага комплексу неаднаразова абмяркоўваліся на пасяджэннях Навукова-метадычнай рады і не ўзгадняліся пад ціскам грамадскасці, бо прадугледжвалі поўнае ці частковае знішчэнне архітэктурнага помніка. Пазней, абмеркаванне пытанняў, звязаных з дадзеным аб’ектам пачало праходзіць за закрытымі дзвярмі, удзел прадстаўнікоў грамадскасці, нават надзеленых правам дарадчага голасу,  ў пасяджэннях не дапускаўся. Вынікам стала спачатку пазбаўленне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці будынка па пр-це Незалежнасці 32-а і пазнейшае яго руйнаванне, а зараз –  пачатак руйнавання карпусоў электрастанцыі, якія маюць статус помніка.

Удумацца толькі. Міністэрства культуры дае дазвол на знішчэнне помніка.  Гэта практычна тое ж, каб пракуратура давала дазвол на забойства чалавека. Не хачу зараз закранаць маральныя аспекты дзеянняў узначальваемага Вамі органа дзяржаўнага кіравання. Хачу закрануць юрыдычныя. Вельмі часта Вы выступаеце з цудоўнымі словамі аб ахове нашай шматвекавой спадчыны, і адначасова, адразу ў Вашым міністэрстве пры прыняцці рашэнняў парушаецца цэлы шэраг артыкулаў Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.

Так што ў нас парушана? Возмем для прыклада п. 3 арт. 28 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” Цытую яго:

“Стварэнне пагрозы знiшчэння нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi (яе навакольнага асяроддзя i зон аховы) i прычынення ёй шкоды, пагаршэнне тэхнiчнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне i пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi (яе навакольнага асяроддзя i зон аховы) дапускаюцца толькi па рашэнню Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, калi iх неабходнасць выклiкана правядзеннем мерапрыемстваў па лiквiдацыi вынiкаў стыхiйных бедстваў, катастроф, ваенных дзеянняў”.

Адразу Вам пытанне? Простае,  працэдурнае. Ці ёсць адпаведнае рашэнне Савета Міністраў? А можа па меркаванню Вашых падначаленых ды, крый Божа, і па Вашаму ўласнаму меркаванню у нас ужо ў Беларусі вайна ці стыхійнае бедства якое? А такіх жа артыкулаў Закона, якія спрэс парушаны і фірмай-руйнавальнікам і Вашым міністэрствам я магу цытаваць вельмі доўга. І калі Вы дасцё мне хаця б адно  сапраўднае, а не дэмагагічнае абгрунтаванне парушэнняў нормаў права, то я шчыра скажу, што Вы юрыст не толькі па дыплому, але і ад Пана Бога. А акрамя вышэйназванага парушана вельмі шмат. Толькі не буду абцяжарваць Вас пералікам. Я яго ўжо прадставіў у Генеральную пракуратуру.

Хацелася б узняць і такое пытанне. Вельмі часта пры размовах з нашымі беларускімі чыноўнікамі наконт лёсу аднаго ці іншага помніка яны ўздымаюць указльны палец угору, закатваюць вочы і гавораць: “Дык Сам жа пытанне кантралюе, нічога зрабіць не можам”. І атрымліваецца, што мэсыдж па руйнававнню помнікаў ідзе з самага верху. Усё гэта выглядае смешна, як няўклюдная спроба схавацца ў кусты і перакласці адказнасць на нейкі міфічны ціск зверху.

Каб падцвердзіць, што ціск міфічны, працытую п. 6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2010 г. № 243 “Аб умовах будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу ў г. Мінску”. Прцытую ў мове арыгінала: “Министерству культуры, Минскому горисполкому, заказчику принять согласованное решение, обеспечивающее реализацию инвестиционного проекта по строительству комплекса, по объектам, расположенным на земельном участке и включенным в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь.” І задам пытанне, дзе ўказанне аб знішчэнні помнікаў? Дзе ціск зверху?

А калі і ёсць там нейкі ціск, ці то “зверху”, ці то з боку інвестара, то калі няма ні сілы, ні волі, каб яму супрацьстаяць, трэба сыходзіць у адстаўку. Бо нічога больш важнага няма, як незаплямленае сумленне. Я асабіста старэйшы за Вас і я не святы, а звычайны грэшны чалавек, і ёсць пэўныя ўчынкі ў маім жыцці за якія сорамна. І з кожным пражытым днём сорам становіцца ўсё вастрэйшым.  І па-чалавечы не хачу пакут сумлення ні для каго, тым больш для Вас.

Ніякім чынам нельга апраўдаць свае дзеянні на пасадзе наступным пастулатам: “Пайду я – прыйдзе горшы” (цытата з блога Глеба Лабадзенкі). Якая розніца пад чыім кіраўніцтвам руйнуецца спадчына – добрага ці горшага чыноўніка?

Шаноўны Павел Паўлавіч!

Яшчэ раз паўтараю пра Вашыя рэгулярныя словы аб помніках гісторыі і культуры, аб лёсе беларускай спадчыны, аб неабходнасці зберажэння і прымнажэння нацыянальнага культурнага багацця беларускага народа. Вы ўзначальваеце Рэспубліканскі грамадскі савет па пытаннях культуры і мастацтва, пры патрэбе прымаецце ўдзел у працы Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, ініцыюеце супрацоўніцтва са шматлікімі грамадскімі аб’яднаннямі ў справе аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Дык будзце ж цвёрдым і паслядоўным! Трымайце і выконвайце дадзеныя публічна словы і абяцанні. Таму ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаюся да Вас з просбай.

Анулюйце сваёй уладай дазвол на знос карпусоў электрастанцыі, спыніце чарговы гвалт над нашай гісторыка-культурнай спадчынай! Прыцягніце да службовай адказнасці, да самай жорсткай, Вашых падначаленых, аформіўшых дазваляльную дакументацыю ў абыход заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Мы верым, што багатая спадчына нашага народа – падмурак яго існавання, падмурак нашай дзяржавы. Так давайце сумеснымі намаганнямі захоўваць і ўмацоўваць гэты падмурак, а не расхістваць яго.

Старшыня РС ГА БДТАПГК                                   А.Астаповіч

Член Рэспубліканскага грамадскага

савета па справах культуры і мастацтва

пры Савеце Міністраў Рэспублікі

Беларусь

Тэгі:


3 Responses to “Адкрыты ліст Астаповіча да Латушкі, пад якім я падпісваюся”

  1. 1. Кірыла Says:

    Мая павага пану Астаповічу!
    Беларусь дайшла да поўнага маральнага разлажэньня й карумпаванасьці, калі асобныя прадстаўнікі грамадзкасьці павінны змагаць супраць дзяржавы (!), якая мэтанакіравана руйнуе помнікі архітэктуры…

  2. 2. Andrei Says:

    цiкава, а чаму мiнiстэрства энергетыкi маучыць? зразумела, зараз будынак iм не належыць, але ж…

  3. 3. chill Says:

    я б таксама свой подпіс паставіў… ведаць бы, дзе

Leave a Reply