it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 21

Глеб Лабадзенка, для www.budzma.org

Скажам шчыра, стваральнік унікальнага сайта “Глобус Беларусі” Андрэй Дыбоўскі ўспрыняў прапанову кампаніі “Будзьма”скласці маршрут беларускіх цмокаў скептычна. Спадар Андрэй — праграміст з адукацыі, таму да “ўсякіх цмокаў” ставіцца з усмешкай. Аднак Дыбоўскі — занадта каштоўны эксперт, каб здавацца так проста! Бадай, гэта адзіны чалавек у Беларусі, які аб’ехаў 99% нашых помнікаў архітэктуры — і стварыў найпаўнейшую інтэрнэт-энцыклапедыю, куды трапілі 10 тысяч аб’ектаў на 50 тысячах фатаграфіяў. Таму замест “мясцінаў, дзе жыве цмок” мы пайшлі на саступку, запісаўшы ад спадара Андрэя “мясціны, дзе мог бы жыць беларускі цмок, калі б ён існаваў”.
Чытаць далей »

Тэгі:

Nov 14

Глеб Лабадзенка, для budzma.org

Чарговы эксперт праекта “Будзьмы” “Маршрут беларускіх цмокаў” – кіраўнік турыстычнага партала Holiday.by Андрэй Барашка. Партал працуе вось ужо 11 гадоў, сам спадар Андрэй – знаны эксперт у галіне турызму, выкладае адпаведныя дысцыпліны ў мінскіх ВНУ, лаўрэат Пічэтаўскай прэміі БДУ. Да нашай ідэі ён паставіўся вельмі рацыянальна – як маркетолаг ад турызму. І разважаў збольшага не пра цмачыныя легенды, а пра тое, як зрабіць цмока турыстычным брэндам і героем сувеніраў…

“…Каб турыст прыехаў туды, і павёз з сабою цмока ў выглядзе сувеніра…”

– Ведаеце, сёння ўва ўсіх ёсць захапленне іміджападобнымі малюнкамі, – кажа Андрэй Барашка. – Праводзяцца канферэнцыі, семінары – прыватныя, дзяржаўныя… Выканкамы ў рэгіёнах атрымалі распараджэнне выпрацаваць імідж сваіх мясцінаў… І гэта зрабілася нейкай такой гульнёй – гульнёй у малюнкі. Аднак за гэтым малюнкам (няважна, ці гэта цмок, ці які іншы персанаж) трэба бачыць эканоміку. Гэтае “нешта” павінна рабіць “нешта”! І трэба разабрацца, што і што робіць. Вось мы кажам пра цмокаў. Першае “нешта” ў нас ёсць – гэта цмок. Дык давайце ж глядзець у другую частку: што ён можа зрабіць з эканамічнага пункту гледжання?
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Nov 09

Гэты барысаўскі штангіст паставіў два сусветныя рэкорды ў цяжкай вазе. Сёння канкурэнты і блізка не могуць падысці да гэтых вынікаў.

― Нарадзіўся я ў Беларусі, у звычайнай працоўнай сям’і, эмігранцкай, ― Андрэй расказвае пра сваю “народную” біяграфію. – Спачатку сюды з Расіі прыехаў дзядуля. Відаць, ведаў, што трэба ў Беларусь выпраўляцца. Затым сюды перабраліся бацька і маці. Я з’явіўся на свет у 1988-ым годзе.  

Сям’і лёгка не жылося. Бацька працаваў электрыкам на чыгунцы. Маці – на мясакамбінаце, а сёння яна робіць на заводзе медыцынскіх прэпаратаў.

Навучаўся я ў простых барысаўскіх школах. Затым скончыў у Бабруйску вучылішча алімпійскага рэзерва…

Здавалася б, звычайны лёс звычайнага беларускага спартсмена.

У зале штангі барысаўскай дзіцяча-юнацкай школы, дзе і сёння займаецца Арамнаў, пра яго кажуць: “Такіх штангістаў нараджаецца адзін у 100 гадоў”. І падкрэсліваюць, што ад самага пачатку Андрэй быў чалавекам, які вылучаўся.
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Nov 08

Глеб Лабадзенка, для budzma.org. Фота, відэа Ларысы Шчыраковай

Калі кампанія “Будзьма беларусамі!” пачынала шукаць айчынных цмокаў, знаўцы падказвалі, што галоўны эксперт па іх жыве ў Гомелі. Сапраўды, калі гутарыш з Андрэем Скіданам, няма сумневу, што з цмокамі ён у някепскіх стасунках. У будзённым жыцці спадар Андрэй — навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярава. А ў вольны час…

“Мы знайшлі на могілках у адной вёсцы руднічны молат, перабіты цмокам…”

Пачынаючы з 1992 года ў Гомелі пры чынным удзеле Андрэя Скідана выходзіла самвыдатаўская газета “Аксамітны жах”, вакол якой сфармавалася Беліцкае кола даследчыкаў цмокаў. У кожным нумары газеты абавязкова было некалькі матэрыялаў пра цмокаў. Аднадумцы меркавалі, што цмок мусіць стаць брэндам Гомельшчыны — і актыўна развівалі гэтую ідэю.

— Нашае захапленне цмокамі прыйшло з літаратуры, фальклору, з мастацкай культуры, — кажа Андрэй Скідан. — Сёння мы нават не сумняемся, што Гомельшчына (і ўвогуле Беларусь) — край цмокаў! Пачыналі мы з таго, што проста даследавалі культуру Пасожжа. Але калі пачалі трапляцца выявы і згадкі пра цмокаў, вырашылі вылучыць гэтую галіну асобна…

Спадар Андрэй прыводзіць шматлікія прыклады з вуснай народнай творчасці — балады пра Юр’я і Ягор’я, якія даводзілася запісваць ад старых людзей. Матэрыяльныя сведчанні — гэта драўляная архітэктурная разьба. На вялікі жаль, усё гэта нішчыцца са страшэннай хуткасцю…

— Яшчэ нядаўна я бачыў у Гомелі цмачыную “карону” над акном хаты, — сумна апавядае спадар Скідан. — Днямі праходжу міма: хату абнаўлялі, рамантавалі — здзерлі, выкінулі… Ліштвы на вокнах з выявамі цмока… Усё гэта знікае — і застаецца толькі на нашых архіўных фота…
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 31

Глеб Лабадзенка, для budzma.org

Сяргей Плыткевіч – знаны беларускі фатограф, даследчык, дырэктар выдавецтва “Рыф-тур”, якое “зубы з’ела” на ўнутраным турызме і краязнаўчай тэматыцы. Як любы прафесіянал — чалавек сур’ёзны. Таму і да ідэі скласці маршрут беларускіх цмокаў паставіўся напачатку скептычна. Але ў часе гутаркі, як кажуць, уцягнуўся!..

— Да любой ідэі, якая прапагандуе падарожжы па Беларусі, я стаўлюся пазітыўна! – кажа спадар Плыткевіч. – І хоць да цмокаў я стаўлюся крыху скептычна… Але калі чалавек паедзе па Беларусі “ў пошуках цмока”, то ключавое тут для мяне – “паедзе па Беларусі”…
Чытаць далей »

Тэгі:

Oct 29

Глеб Лабадзенка, для TUT.BY

Лекцыя Валянціна Акудовіча з цыклу Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”) называецца “Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?”. Яна адбудзецца 2 лістапада (пятніца), а 18.30 у Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а), уваход вольны.

На лекцыі будзе прэзентаваная і новая кніга Акудовіча, якая называецца “Кніга пра Нішто”. Пытацца, пра што будзе сама лекцыя сэнсу не было – яна таксама будзе пра Нішто. Там жа вы даведаецеся, што вас – няма, а ўсё наўкол – Адсутнасць.

Напярэдадні лекцыі адзін з найбуйнейшых беларускіх філосафаў адказаў на нашыя пытанні.

Открыть/cкачать видео (24.73 МБ)

“Мая задача была гранічна нахабная: знайсці ў чалавеку чалавека”

Спадар Валянцін, чаму ўсіх хвалюе нешта, а Вас - Нішто?

 

Валянцін Акудовіч: У кожнага, відаць, свой кон. Пэўна маім наканаваннем было стацца палоннікам менавіта гэтай праблемы. Бо нейкіх аб’ектыўных падставаў – пайсці не тым шляхам, якім пераважна ідуць схільныя да роздуму людзі – у мяне не было. Ды і маё жыццё збольшага апынулася ўнармаваным. Праўда, цягам чвэрці стагоддзя я не стамляўся бадзяцца па гарах (Валянцін Акудовіч – майстар спорта СССР па турызму – Г.Л.), але горы ў тую эпоху вабілі шмат каго. І калі што мяне адрознівала ад многіх, дык гэта хіба маё здумленне. З маладых гадоў мяне надакучліва вярэдзіла думка, што, па сутнасаці, чалавек не ведае, для чаго ён чалавек? А значыць не ведае і хто ён такі, чалавек? Значна пазней я нарэшце наважыўся сесці за пісьмовы стол, каб хаця б для сябе развязаць гэтую праблему. Задача была гранічна нахабная: знайсці ў чалавеку чалавека. Але яшчэ не завершыўшы сваю працу, я напэўна зразумеў, што ніякага чалавека ў чалавеку няма. (З гэтага і назва эсэ, а затым і першай кнігі “Мяне няма”). Натуральна, тут меўся на ўвазе не сацыяльна-культурны канструкт з мяшэчкам сперматазоідаў ці яйцаклетак ў чэраве, а Чалавек, як самазавершанае “Я”, з унікальным пасланнем Urbi et Orbi. Калі кашчунна спрасціць праблему, дык сітуацыя, паводле маіх роздумаў, выглядала наступным чынам. Фабрыка прыроды няспынна і незлічона прадукуе біялагічныя матрыцы, на якія пакрысе накладаюцца самыя розныя праявы свету. Тут найперш згадаем мову, культуру, рэлігію, нацыянальныя рарытэты, разнастайны комплекс сацыяльных праяваў, палітычныя актуальнасці і г.д. і да т.п. Усе гэтыя знадворкавыя аб’ектнасці, згуртаваныя разам на прасторы аднаго чалавека, у кожным асобным выпадку разумеюцца намі як персанальнае “Я”. Але насамрэч ніякага “Я” няма, “я” – гэта толькі граматычная катэгорыя, перадусім патрэбная мове… Дарэчы, пра апошняе. Мы закінутыя ў мову з самага немаўляцтва і таму можам размаўляць адно так, як яна нас навучыла і як дазволіла нам размаўляць. Таму, па-сутнасці, Глеб, гэта не мы з вамі цяпер размаўляем, а мова размаўляе намі (ці праз нас?). З іншага боку, паколькі ніякага “Я” няма, дык у кожным чалавеку не адзін чалавек туліцца, а цэлы натоўп. Найперш гэта сексуальны чалавек, потым сацыяльны, расавы, этна-культурны, рэлігійны, этычны, нацыянальны… І ў кожнага з іх ёсць свае задачы ды прыярытэты. Сексуальны чалавек зразумела чаго хоча, а рэлігійны абураецца: як так можна, заўтра ж Вялікдзень! Нацыянальнаму чалавеку карціць натаўчы ў каршэнь хоць якому маскалю, а этычны яго дакарае: ці ж так яно будзе па людску?! Бадай, не варта далей апісваць бясконцую свару гэтага натоўпу, з якой і паходзяць усе нашыя неўрозы. Лепей давайце ўявім, што застанецца ад нас, калі мы выдалім з сябе ўсе тыя знадворкавыя аб’ектнасці свету (сацыяльныя, культурныя, нацыянальныя…), якіх ў нас панапхана да каптура? Слушна: біялагічная матрыца і колькі там спадчынных генаў. І дзе вы там бачыце “Я”?

А калі мы дараскладаемся да Нішто, у людзей не ўзнікне пытанне: а навошта тады нешта ўвогуле рабіць у жыцці?

 

Валянцін Акудовіч: Не хвалюйцеся, Глеб, за чалавека. Ужо чаго толькі розныя мудрагелі не нагаварылі пра яго. Похапкам згадаем хаця б Зігмунда Фрэйда, які заўважыў у чалавеку “дзіцячую сексуальнасць”, абавязковую пажаду кожнага сына да роднай маці (“комплекс Эдыпа”), “комплекс кастрата”, сексуальную біпалярнасць усялякай асобіны і розныя іншыя страхоцці... Даведаўшыся пра такія жудасці, кожны адказны за Чалавека чалавек, павінен быў павесіцца на першым суку, бо такая пачвара не мусіла лашчыцца жыццём пад ясным сонейкам. Але нешта ніхто з гэтай праўды пра сябе не засіліўся. І, бадай, найперш таму, што чалавек не сам сабе належыць, а магутнай стыхіі жывога жыцця. З гэтага воля да жыцця ў яго невымерна мацнейшая нават за ўсведамленне неўніковасці ўласнай смерці і, адпаведна, марнасці ўсіх вымогаў у змаганні за персанальнае жыццё. Але навошта тады ён сам сабе патрэбны? З гэтага запытання пакрысе і вызналася вусцішнае “мяне няма”. Тады я і ўсвядоміў, што каб зразумець, як такое можа быць, трэба перанесці ўвагу на вялікае, анталагічнае Няма, якім шчыльна атуленае ўсё тое, што хоць недзе ёсць у Сусвеце. Так перада мной і паўстала праблема Нішто.
Валентин Акудович Фото: Глеб Лободенко, TUT.BY

“Прастора Нішто” – значна шырэйшая за патэнцыял слова Нішто”

Праблемай Нішто Вы заняліся настолькі грунтоўна, што атрымалася вось такая таўшчэзная “Кніга пра Нішто”!

 

Валянцін Акудовіч: Дарэчы, пачынаецца яна з таго ж эсэ “Мяне няма”. А цэнтральная і самая грунтоўная частка кнігі мае назву “Праклён Парменіда”. Адзін з найвялікіх філосафаў антычнасці сфармуляваў геніальную ў сваёй прастаце і лагічнай яснасці падставовую формулу існавання Свету. Для публічнай прэзентацыі, мы яе прасветлім наступным чынам:”Ёсць адно тое, што ёсць, а ніякага няма – няма”. Мяне гэтае здумленне Парменіда зачаравала, але маё “мяне няма” рашуча запратэставала чарам. Тады і паўстала галоўная інтэлектуальная задача майго жыцця – перасягнуць “праклён Парменіда” з яго “ёсць толькі тое, што ёсць”, каб давесці наяўнасць Няма. На пачатак я вырашыў правесці агледзіны ўсяго дыскурса еўрапейскай філасофіі ў праекцыі на праблему Нішто. Натуральна, перадусім трэба было паразумецца з “старымі грэкамі”, у філасофіі якіх і сфармуляваўся канцэпт “Нішто” (між іншым, далёка не адразу). Таму сярод маіх герояў, акрамя Парменіда, вы сустрэнеце Геракліта, Платона, Арыстоцеля, Плоціна… Вельмі важным быў для мяне метафізічны досціп Готфрыда Лейбніца. А бліжэй да сучаснасці ў загалоўных героях апынуліся Марцін Гайдэгер і Жан-Поль Сартр. Першы ў лекцыі “Чым ёсць метафізіка?” рэвалюцыйна пераінтэрпрэтаваў праблему “Нішто” на новы лад, а другі ў кнізе “Быццё і Нішто” лакалізаваў Нішто свядомасцю чалавека.

Напраўду нічога новага пад сонцам няма – ведаем мы з Бібліі. Ды Вы і самі пералічылі: Парменід, Гайдэгер, Сартр… Вы думаеце тое, што ўжо думалі да Вас ці раскрываеце тут нешта новае?

 

Валянцін Акудовіч: Наколькі я ведаю, ніхто не займаўся даследваннем феномена Нішто ў праекцыі ўсёй гісторыі еўрапейскай філасофіі, ніхто не задзіночваў усе працы падобнага кшталту ў адну праблему. Між іншым, іх зусім няшмат як на два з паловай тысячагоддзі філасафавання. Можа таму, што да яе вельмі складана падступіцца. Бо сама праблема мусіла цікавіць ужо хаця б таму, што, як мы ведаем з юда-хрысціянскай міфалогіі, Бог стварыў свет “ex nihil” -- “з нічога”. Значыцца, да стварэння свету спрэс панавала Нішто… Дарэчы, у кнізе ёсць вясёлае метафізічнае фэнтэзі, дзе я даводжу, што гэты свет Бог не ствараў -- гэты свет стварыўся сам з последаў Вялікага выбуху. А Бог вымудрыў адно патойбочны свет. Бо толькі Бог, які, як вядома, усё можа, мог стварыць свет насуперак усім нам вядомым законам гэтага свету… А калі казаць пра тое, ці ёсць у мяне нешта арыгінальнае стасоўна гэтай праблемы, акрамя таго, што я правёў шырокае даследванне феномена Нішто… Я сціпла мяркую, што нешта ўсё такі ёсць. Проста мне няёмка пра гэта казаць.

Выбачайце, што я правакую!..

 

Валянцін Акудовіч: Прынамсі і як мінімум я крытычна адрэфлексаваў канцэпцыі Гайдэгера, і Сартра, і прапанаваў выдаліць на перыферыю канцэпт Нішто, паколькі ён з сваёй адмаўленчай сутвы самаанігілюе праблему ад самага яе пачатку (як толькі мы прамаўляем слова “нішто”, дык яно адразу фіксуецца як “нешта”). Але не гэта галоўнае. “Прастора Нішто” – значна шырэйшая за патэнцыял слова Нішто. Таму з пэўнага моманту я пачаў працаваць з універсалам “Адсутнае”, куды “Нішто” ўваходзіць толькі лакальным фрагментам. Бо Нішто – гэта тое, што было і зніштожылася ці проста не існуе. А вось Адсутнае – гэта і тое, што яшчэ ніколі не было, і тое, што яшчэ пакуль толькі не з’явілася, і тое, што з’явілася ды знікла, і тое, што адно некалі з’явіцца, але, бадай, базавая складовая Адсутнага – гэта тое, што ніколі ўвогуле не з’явіцца…

“Я належу да таго пакалення, калі думаць, чым ёсць Свет і чалавек у гэтым Свеце было натуральнай патрэбай”

Вы самі заўважылі, што “Нішто”, “Няма”, “Адсутнае” – маюць адмоўнае значэнне. Нейкае разбуральнае, нестваральнае значэнне. Людзі не пачнуць моцна нудзіцца, начытаўшыся пра Вашае Нішто?

 

Валянцін Акудовіч: Ведаеце, і Гайдэгера ўпікалі, што ён са сваім Нішто “настрой псуе”! І так, маўляў, хапае!.. Гайдэгер нават спрабаваў публічна апраўдвацца – замест таго, каб паслаць усіх падалей. Я вас таксама не буду пасылаць!.. (смяецца) Рэч у тым, што мысленне – гэта найперш інтэлектуальная мужнасць, бо тое, што табе памысліцца, часам бывае вельмі страшным. І адно той, хто не саступае гэтаму страху – мысліць. У нашым свеце зло нельга выкараніць ні са света, ні з чалавека. Між іншым, як і дабро. І калі тваё мысленне прыходзіць да не самых аптымістычных высноваў, дык твая адказнасць як мысляра палягае на тым, каб не хавацца ад гэтага. Інакш, прабачце, на якую халеру тады філасофія? Дзеля тупога аптымізму даволі дэкларацый палітыкаў ды ідэолагаў.

Усё гэта, пра што Вы будзеце казаць на лекцыі – чым яно павінна палегчыць далейшае існаванне слухача?

 

Валянцін Акудовіч: Нічым, канешне! Смешна! Гэта ж не інструкцыя па карыстанню прасам! Філасофія не робіць Свет лепшым (што праўда, і горшым не робіць), яна ўсяго толькі спрабуе яго зразумець адэкватна самому Свету. Да таго ж метафізіка адсутнасці, як і ўвогуле метафізіка, ніколі і не была завязаная на непасрэднае жыццё. Зрэшты, мая лекцыя па азначэнню для тых, у каго ёсць патрэба памысліць Свет як цэлае ці параўнаць сваё бачаннне быцця з маім і крытычна яго адрэфлексаваць. І гэта зусім не пустая справа. Калі мы не хочам зноў вярнуцца на дрэвы і кідацца там какосамі – мы павінны нястомна думаць не толькі як паесці і адпачыць, а думаць пра вялікую тайніцу быцця і ўсё, што з ёй знітавана…
Сучасны чалавек баналізуецца са страшэннай сілаю. І гэтаму банальнаму чалавеку, канешне, непатрэбныя ні праблемы Быцця, ні праблемы Адсутнага. Мы жывем ужо нават не ў эпоху спажывання тавараў, а ў эпоху спажывання жыцця! А я ж яшчэ належу да таго пакалення, калі думаць, чым ёсць Свет і дзеля чаго ты ёсць у гэтым Свеце, было натуральнай патрэбай. Таму, калі ў вас з’явіцца жаданне хаця б проста паслухаць чалавека, у якога, як на сёння, ёсць вось такая дзіўная патрэба, дык – калі ласка…
Такім чынам
Лекцыя Валянціна Акудовіча з цыклу “Urbi et Orbi”
“Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?”
адбудзецца 2 лістапада (пятніца) а 18.30
Уваход вольны!
у “Галерэі Ў” – Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а
“Кнігу пра Нішто” Валянціна Акудовіча можна будзе набыць перад лекцыяй у кнігарні “ЛогвінаЎ” (побач з Галерэяй Ў)
Тэгі:

Oct 26

пасьля публікацыі labadzenka.by пра цудоўны касьцёл у Беніцы і апаганеныя сатаністам парэшткі пахаваньняў тэму ўзьняла маладэчанская "Рэгіянальная газэта". вельмі спадзяюся, што гэта дасьць вынікі!..

Пракурор: “Заяву пра апаганьванне Беніцкага касцёла перагледзяць”

НАСТАССЯ РОЎДА АЛЯКСАНДРА ПАРАХНЯ, Рэгіянальная газэта

МАЛАДЫ ЧАЛАВЕК ВЫКЛАЎ СВАЁ ФОТА З КАСЦЁЛА Ў БЕНІЦЫ Ў САЦЫЯЛЬНАЙ СЕТЦЫ.

Яшчэ 7 студзеня ў Маладзечанскім РАУСе з’явілася заява сябра таварыства аховы помнікаў Андрэя Радкова. У ёй паведамлялася пра маладога чалавека, які зладзіў фотасесію з чарапамі паноў Коцелаў у касцёле Святой Тройцы і Святога Міхала, а потым забраў іх з сабой дадому.

Адказ Андрэю Радкову прыйшоў праз тры тыдні. У ім гаварылася, што дома ў 22-гадовага хлопца чарапы не знайшлі.

З-за таго, што касцёл не знаходзіцца пад аховай і туды можа трапіць фактычна хто заўгодна, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы спадару Андрэю  было адмоўлена.

Больш чым праз паўгода справа зноў пачала набіраць абароты. І можа быць, што хлопец яшчэ панясе пакаранне.

Пракурор Маладзечанскага раёна Роберт ЗУБАІРАЎ:

– Рашэнне няправільнае. Яго трэба адмяняць.
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 24

Глеб ЛАБАДЗЕНКА для budzma.org

Антон Астаповіч – старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Таму як цмок – жывы помнік і нашай гісторыі, і нашай культуры, спадар Астаповіч можа лічыцца аўтарытэтным цмоказнаўцам. Ідэю кампаніі “Будзьма беларусамі!” скласці маршрут беларускіх цмокаў Астаповіч успрыняў з вялікім энтузіязмам і без доўгіх прадмоваў адразу скочыў “з месца ў кар’ер”.

 – Калі гаварыць пра цмокаў, пра паданні пра цмокаў на Беларусі, то, мабыць, самае знакавае месца, якое мусіць быць уключанае ў турыстычныя маршруты – гэта эквівалентнае па значнасці Лох-Нэсу Лепельскае возера, – кажа Астаповіч. – Таму што даўняе паданне, а таксама цэлы шэраг гістарычных дакументаў сведчаць, што ў Лепельскім возеры ў Сярэднявеччы жыў цмок. І вельмі часта на гэтым возеры знікалі рыбакі – а потым на бераг возера цмокі выкідалі іх быццам напалову перакушаныя чаўны. Ад саміх рыбакоў не заставалася нічога. Таму з’явілася паданне, што іх паядае цмок. Дык калі цмок жыў там у XVI–XVII стагоддзі… думаю, цмокі проста так не паміраюць! Цмок жыве там і да гэтага часу. І калі ўважліва паглядзець, то можна яго нават пабачыць…
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 17

Глеб Лабадзенка, для budzma.org

Дзе жыве беларускі цмок? Ён адзін ці іх шмат? Ці рэальна гэта — скласці “цмокавы маршрут”? Што будзе, калі нанесці на мапу ўсе 26 беларускіх Чорных азёраў, а потым злучыць іх адной лініяй? Гэта добра ведае наш суразмоўца, знаны мастацтвазнаўца і цмоказнаўца Сяргей Харэўскі.

 

Спадар Сяргей адразу папярэдзіў: беларускія цмокі — неабавязкова злыя.

 

http://budzma.org/wp-content/gallery/zmokhareuski/hareuski1.jpg

— Цмокі, насуперак распаўсюджаным стэрэатыпам, менавіта ў беларускай міфалогіі былі цалкам пазітыўнымі персанажамі, ці, дакладней, амбівалентнымі, — кажа спадар Харэўскі. — Звяртаю вашую ўвагу, што ў народных уяўленнях цмокі былі вельмі фанабэрыстыя, і з імі не надта вадзіліся іншыя нячысцікі. Цікавая акалічнасць: цмокі найчасцей не чапалі людзей небагатых, якія жылі з плёну працы сваёй, і самае цікавае — не чапалі людзей жанатых! Таму ў беларускай міфалогіі стаўленне да цмока хутчэй паблажлівае. Ёсць выпадкі ў паданнях і казках, калі людзі нават просяць дапамогі гэтых цмокаў. Цмок уяўляўся вельмі мажным, але вельмі чысценькім — кажуць, што раз на год ён нават ходзіць у лазню!
Чытаць далей »

Тэгі:

Oct 11

 


Ірына Дубянецкая. Адзіная ў Беларусі жанчына — доктар тэалогіі, а таксама доктар філасофіі. Цмокі — яе вялікае захапленне. Пра беларускіх цмокаў спадарыня Ірына расказвае так, нібыта з адным піла зранку каву, а другі араў ёй агарод на лецішчы. На прапанову кампаніі “Будзьма!” скласці маршрут беларускіх цмокаў спадарыня Ірына пагадзілася адразу. А калі прыйшла на інтэрв’ю, то мімаходзь заўважыла: “Я тут перад выхадам з дому прыгадвала і налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў…”

Ідэя кампаніі “Будзьма!” зрабіць цмока новым турыстычным сімвалам Беларусі, папрасіўшы бусла на пенсію, Ірыне Дубянецкай вельмі падабаецца. Аднак пані Ірына смяецца і кажа, што гэтым мы… вынаходзім ровар!

— Мы фактычна не заўважылі слана ў заапарку! — смяецца Ірына Дубянецкая. — Бо думаем, што вось так узялі і прыдумалі сімвалам цмока. Аднак цмок здаўна быў такім нутраным сімвалам Беларусі — нашмат даўней, чым мы можам сабе ўявіць. Даўней, чым бусел — дык дакладна!
Чытаць далей »

Тэгі: