it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 09

перадрук з cmok.budzma.org

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку, пад Полацкам знайшлі Стоўнхендж і 57 зуброў у Белавежскай пушчы. У пошуках шляхетнага Цмока мы спусціліся на мінус другі палац старадаўняга замка. Наступны маршрут ляжаў на поўдзень краіны...

 

Ленін: “Ён сабе псеўданім узяў ад нашай вёскі!..”

Ленін не такі ўжо і далёкі некаторым беларусам, як нам таго хочацца. Калі выехаць з Менска, прамінуць паварот на Узду, Слуцк і Салігорск…

Зрэшты, не будзем прамінаць так хутка. Як вядома, Цмок любіць салодкае. А што можа быць саладзейшае за цукровы завод?
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Nov 07

labadzenka-250nЗаслужанная артыстка Беларусі, 28-гадовая магілёўка Алена Міхайлаўна Ляпохіна (псеўданім Алена Ланская), зьняла кліп у спальні Радзівілаў у Нясьвіскім замку. Кажуць, нібыта былі нават аткравенныя сцэны.

Тае бяды — скажаце вы. Не зважай сабе ды ідзі міма! Ня нравіцца — не сматры! Што ты зьвягаеш, як стары пень?

Ня ведаю, як вас, а мяне заўжды бянтэжыць эклектыка. Гіпсавая ляпніна на столі ў гарадзкіх кватэрах. Мармуровы ціпа антычны порцік на шкляным будынку ФМА БДУ насупраць вакзала. Чалавек у трэніках з лампасамі ў тэатры.

Калі б кліп у Нясьвіскім замку зьняў мой любімы беларускі артыст Аляксандар Саладуха — тут бы не было пытанняў. Паглядзелі б трэшнячок — і супакоіліся. Але ж Алена Міхайлаўна хіба на поўным сур’ёзе прымерыла на сябе княскія інтэр’еры.

lanskaja1 -- fota kp.by

 фота: kp.by

Я разумею, што дзяржаўным музэям трэба зарабляць грошы любымі спосабамі. Ці малпаў турыстам паказваць, ці клоўнаў наймаць, ці з Валачковай княгіню ляпіць… Грошы ня маюць межаў прыстойнасьці і густу.

Тым больш, на маю суб’ектыўную думку, Алена Міхайлаўна Ляпохіна цудоўна адпавядае ў цэлым узроўню аднаўлення і арганізацыі музейнай экспазіцыі ў замку. У нас у вёсцы пра такое кажуць: нарадна. Напрыклад: “Купіла спарціўны касьцюм. Такі нарадны!”.

Так, музэі павінны зарабляць грошы. Але Нясьвіскі замак — сімвал. Сімвал таго, што Беларусь — гэта ня толькі мужык з каўтуном у валасах на ганку гнілой хаты. А сімвал таго, што 100 гадоў таму па гэтай зямлі ездзілі “мэрсэдэсы”, у Нясьвіжы зьбіраўся ўвесь цьвет Эўропы. І гэта — таксама гісторыя нашай Беларусі.

Але вядома, як у нас прынята ставіцца да нацыянальных сімвалаў. Вядома зь іншага сімвала — зубра. Заплаціў сабе тры (ці дзесяць, ці колькі там?) тысяч эўра — і мачы сабе на здароўе гэты сімвал, яшчэ і рогі са шкурай забірай за даплату.

Днямі знаёмы эколаг тлумачыў мне пазыцыю іншага боку. Што ёсьць хворыя і “некандэнцыйныя” зубры, якіх і так давялося б страляць, дык чаму ж не зарабіць на гэтым? Аднак, зазначыў ён, у Расеі і Польшчы зуброў страляць катэгарычна забаронена — і яны проста фігеюць з нашага “бізнэсу”. Нечаканай была і іншая думка прыяцеля: зуброў у нас разьвялося столькі, што проста ня ведаюць, што зь імі рабіць. У Польшчы, прывозіў ён прыклад, праводзяць генетычныя досьледы, вывучаюць заканамернасьці. А ў нас во што — прадаюць заможным паляўнічым.

Як і ў выпадку зь Нясьвіжам, што тут запярэчыш — грошы ж трэба зарабляць!

Але сімвал, сімвал!..

Прыгадваецца гісторыя, як колькі год таму Мадонна хацела здымаць кліп у Празе, для чаго арандавала на тры дні Карлаў мост — каб цалкам перакрыць яго і паглыбіцца ў здымкі. Усё ўжо было дамоўлена, немалыя грошы пералічаныя, як тут пражане ўзняліся. Як так?! Нейкая Мадонна за грошы арандуе наш сімвал, наш нацыянальны гонар — дзеля здымак нейкага там кліпа?! І ўлады далі задні ход, скасавалі дамову са сьпявачкай. Таму што сімвал — і тут не папрэш.

Што да кліпаў у замку, дужа падобны выпадак адбыўся некалькі год таму ў Польшчы. У Небарове — дарэчы, паводле цікавага супадзеньня, гэта таксама палац Радзівілаў. Там мусілі здымаць нейкі кліп ці ролік, усё было дамоўлена і аплочана, прыехала здымачная група з Францыі. Здымалі сабе — і музейшчыкі іх асабліва не пільнавалі. Празь нейкі час у Міністэрства нехта ананімна прыслаў касету з фільмам — парнаграфія з удзелам геяў! У інтэр’ерах было вельмі лёгка пазнаць… палац у Небарове! Дырэктар музэя быў звольнены.

Кліп Алены Міхайлаўны пакуль яшчэ ня зроблены і ня выкладзены ў інтэрнэт. Але паралелі прымушаюць чакаць яго і гадаць, ці ў спальні Радзівілаў бяз геяў не абыйшлося таксама?

Тэгі:

Oct 25

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку, пад Полацкам знайшлі Стоўнхендж і 57 зуброў у Белавежскай пушчы. Наперадзе нас чакалі замкі і палацы!

Высокае:  таямнічая брама 1678 года

Гэтую частку маршрута “У пошуках Цмока!” мы правялі ў пошуках Цмока шляхетнага – па замках ды палацах. Анягож раней у Беларусі было каля 12% шляхты – кожны восьмы! Маем смелае перакананне, што ў гэтыя “кожны восьмы” наш Цмок трапіў абавязкова.

…У Высокім ад колішняга замка Сапегаў захавалася толькі брама ды парэшткі земляных умацаванняў.

Брама закладзеная ў 1678 годзе – а ў цяперашні стан руінаў яе прывяла Паўночная вайна. Што казаць – ладна будавалі, калі тыя руіны стаяць сабе ўжо 300 гадоў!..
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 24

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Наймацнейшае ўражаньне прамінулага тыдня — выхад на волю Паўла Севярынца.

labadzenkaКанешне, гэта неверагодна — прайсьці праз зьдзекі, прыніжэньні ды вычужнасьць — і застацца такім сьветлым ды шчырым. Зусім неашчэрыўшымся, незацкаваным, незаторганым.

Павал правёў тры гады на “хіміі” нізашто. За тое, што ўзначальваў штаб аднаго з кандыдатаў на прэзідэнта з сумнеўнай рэпутацыяй. Які, аднак, апынуўся на волі менш чым праз два тыдні. А Павал Севярынец адматаў свае тры гады ад званка да званка.

І выйшаў ня тое, што не зламаны — выйшаў акрылены, натхнёны, у цудоўнай форме і ў добрым гуморы.

…Прыгадваю, як 8 гадоў таму давялося рабіць інтэрвію са славутым прафесарам Юрыем Бандажэўскім, які адбыў амаль 8 год у зьняволенні нібыта за хабар — а насамрэч за тое, што ўголас казаў пра нязьніклыя шкодныя наступствы Чарнобылю.

Апошнія гады зьняволеньня Бандажэўскі правёў на “хіміі”, дзе працаваў пастухом. У ягоныя абавязкі ўваходзіла таксама механічнае даеньне кароў. Нетактоўны малады журналіст спытаўся ў прафесара з сусьветным іменем, ці ўдалося яму падняць надоі ў калгасе? На што Бандажэўскі рэзка адказаў: “Яшчэ адно такое пытаньне, мы скончым, і я запару вам інтэрвію. Вядома, прафесар на ферме — гэта зьдзек, плявок мне ў душу. Нават калі мяне прымушалі прылюдна месьці двор, я мёў яго. Але гонар у мяне застаўся”.

Вось менавіта так — гонар застаўся і ў Паўла Севярынца. Зь яго таксама зьдзекваліся хоць бы ў побытавай драбязе. Скажам, у будынку, дзе жылі “хімікі”, не было гарачай вады. Калі Павал апынуўся там — паплечнікі набылі і прывезьлі бойлер. Не персанальна Севярынцу — усім. Калі ласка, мыйцеся! Бойлер адмовіліся прыняць — “не паложана”.

Працяглы час у будынку ня дзейнічала кухня. І асуджаныя вымушаныя былі гатаваць сабе ежу, карыстаючыся ракавінамі ў сарціры.

І гэта — на “хіміі”. Якая, як ні круці, лепей за турму і калонію. А што ж тады робіцца ў турмах і калоніях? Празь якія зьдзекі і катаваньні праходзяць Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Яўген Васьковіч ды іншыя зьняволеныя? Ня толькі палітычныя, а ўвогуле ўсе.

Празь якія — вядома. Напрыклад, ад Зьмітра Дашкевіча. Які таксама выйшаў нязломленым, яшчэ больш мужным. Выйшаў героем — на злосьць гоблінам. Зміцер ня кінуўся распавядаць, як яму было там цяжка. І толькі па ўскосных сьведчаньнях мы даведаліся, як у адной калоніі супрацоўнікі зьбівалі яго нагамі на падлозе, а ў другой для гэтай мэты ў камэру заходзілі некалькі зэкаў — і зноў жа пачыналі зьбіваць яго. І так — таксама тры гады.

seviarynec

Калі яшчэ Павал Севярынец быў у Купліне, давялося наведаць яго. Начуты пра тыя жахлівыя ўмовы, чакаў пабачыць незадаволенага чалавека, які будзе скардзіцца на ўвесь гэты зьвярынец. Дзе ж там! Павал пачаў завіхацца, скіпяціў імбрык, вынес у альтанку патэльню з дранікамі (прывёз нехта з папярэдніх пераведнікаў). І калі распавядаў пра куплінскую ссылку — то выключна з іроніяй, па-філасофску.

Павал назваў гэтыя тры гады духоўным падарожжам. Колькі ён напісаў за гэты час! Будучая кніга “Беларуская глыбіня” — энцыклапедыя Пружанскага краю, прызнаньне ў каханьні той зямлі. Уявіце толькі: пасьля працоўнага дня (Павал рабіў на складзе аўтазапчастак), памыўшыся ледзяною вадою, пад’еўшы згатаванае ў сарцірнай ракавіне ежы — чалавек сядаў і выдаваў эсэ, якія кожнаму сьвятару бяры ды чытай у якасьці казані. Узвышаныя, інтэлектуальныя, пранікнёныя, духоўныя, сьветлыя.

Я ня ведаю іншых такіх людзей, як Павал Севярынец. Яшчэ да ягонай адсідкі, памятаю, некаторыя кпілі зь ягонага гадзіньніка “Электроніка” і адной-адзінай кашулі, у якой ён фігураваў на ўсіх урачыстасьцях і трапляў на ўсе здымкі. Вось дзе чалавек без аніякага шкурнага інтарэсу — дык гэта Севярынец!

…Вобраз ідэальнага беларуса добра вывеў у сваёй навэле “Ладдзя Роспачы” наш нацыянальны геній Уладзімiр Караткевіч: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на “спрадвечны” закон”.

Такі і быў Гервасій Выліваха, герой Караткевіча — разумны і рашучы. Такі, напэўна, быў і сам Караткевіч. Такі ёсьць Севярынец.

Павал робіць нечакана, як на сёньняшнюю большасьць: на зло адказвае ўсьмешкай, даруе нягоднікам, не вядзецца на матэрыяльныя спакусы, жыве з Богам у душы і ў справах.

Працуе ў поўную сілу — гэтак, як трэба навучыцца цяпер кожнаму з нас, хто зьбіраецца дажыць да сьветлага заўтра. Севярынец і севярынцы ў шырокім сэнсе — не супрацьвага сёньняшнім палітычным недарэкам. Павел — зьмест, які прыйдзе замест.

Я рады за Паўла, што ён на волі. Рады, што ён такі ў Беларусі ёсць.

І калі Павал надумае зьдзейсьніць яшчэ якое духоўнае падарожжа — то хай адпраўляецца экспанатам у Палату мераў і вагаў пад Парыжам, дзе захоўваюцца розныя эталоны. Будзе сядзець там ад 9.00 да 17.00 за шклом з цыдулкай “Ідэальны беларус. Ужыць, калі ўсё стане на свае месцы”.

Тэгі: ,

Oct 23

Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, для TUT.BY

Ірына Сухій – былая старшыня рады грамадскага аб’яднання “Экадом”, адзін з ініцыятараў стварэння таварыства “Зялёная сетка”, якое аб’ядноўвае зарэгістраваныя экалагічныя арганізацыі, а таксама экспертаў і актывістаў экалагічнага руху. 25 кастрычніка спадарыня Ірына Прачытае публічную лекцыю “Райманд Курцвайль супраць Дэніса Медаўза альбо Бессмяротнасць ужо ў 2045 годзе ці крысіс цывілізацыі – новае сярэднявечча”. Пачатак 18.30, месца правядзення “Галерэя Ў” (Незалежнасці, 37а). Уваход вольны!

Фото: Глеб Лободенко, TUT.BY

 

За гэтай мудрагелістай назвай лекцыі хаваецца цікавы лектар з цікавымі думкамі. Ці не разбурыць залішні прагрэс нашую цывілізацыю? Навошта Беларусі атамная станцыя? Хто зацікаўлены ў знішчэнні беларускіх балот? Ад чаго ўпадуць кошты на кватэры ў цэнтры Мінска? Як звычайнаму мінчаніну зрабіць сваё жыццё больш экалагічным? Пра гэта гутарым са спадарыняй Ірынай напярэдадні лекцыі.

 

“Ён сабе прывык чысціць зубы, калі вада цячэ – і што ты яму зробіш…”

 

Навуковец Курцвайль, як вядома, прыхільнік стварэння штучнага інтэлекта – у перспектыве гэта біяробаты. Навковец Медаўз, наадварот, мяркуе, што прагрэс трэба абмяжоўваць – іначай мы загубім самі сябе. Спадарыня Ірына, на якой пазіцыі Вы і ці настолькі актуальныя гэтыя пытанні цяпер для Беларусі?

 

Ірына Сухій: Цалкам верагодна, што яшчэ на нашай памяці чалавеку будуць усю інфармацыю запісваць у галаву на флэшку… Відавочна, што навука ідзе ў гэтым кірунку. Але пытанне: ці трэба нам гэта? Ці зможам мы кантраляваць тое, што будзе адбывацца?.. Ці разумеем мы вынікі, да якіх можа прывесці выкарыстанне такіх рэчаў? Я мяркую, што чалавецтву трэба больш узважана ставіцца да развіцця тэхналогій – і намагацца пралічваць рызыку, да чаго гэта можа прывесці. У мяне няма нарыхтаваных адказаў – і я хачу “падвесіць” гэтыя пытанні на лекцыі, каб разам пашукаць адказы на іх. Я не ведаю, добра гэта ці дрэнна. Добра ці дрэнна – аўтамабіль? Я карыстаюся аўтамабілем. Жахліва! Гэта ж выкіды СО2! Але хадзіць увесь час пехам?.. Пэўна, па горадзе можна. Але як трапіць на вялікія адлегласці?.. Тое самае самалёты – наносяць жахлівую шкоду навакольнаму асяроддзю! Не лётаць?.. Павінен быць збалансаваны падыход, здаровы сэнс. Для мяне была нечаканасцю такая думка. Ты сабе жывеш у Беларусі, незадаволены дыктатарскім рэжымам, спрабуеш развіваць грамадзянскую супольнасць… І раптам разумееш, што ўсё тое, што нас цяпер хвалюе – яшчэ пры нашым жыцці страціць сваё значэнне на тле іншых праблемаў! А ў нас і блізка няма разумення гэтага. Прычым – праз адукацыю – няма і ў моладзі. Я скончыла школу 30 гадоў таму – але з таго часу ў праграме мала што змянілася!

Чытаць далей »

Тэгі:

Oct 17

Глеб Лабадзенка, для naviny.by
labadzenkaУ мяне захоўваецца партызанскае пасьведчаньне майго прадзеда Захара. Яно вядзе адлік ад ліпеня 1943 году — роўна за год да вызваленьня Беларусі. Паводле сьведчаньняў бабулі, да гэтага часу прадзед, які быў краўцом, мірна сядзеў сабе ў хаце і абшываў усе навакольныя вёскі. З чаго хоць неяк карміў сям’ю з пяцьцю дзецьмі. На фронт яго не забралі паводле стану здароўя.

Што здарылася ў ліпені 1943-га? Прыйшлі партызаны і сказалі: ці ідзеш з намі ў лес, ці мы цябе зараз грохнем у садзе пад яблыняй. Пайшоў у лес. Бо варыянт зь яблыняй меў прыклады з жыцьця.

Ягоны родны брат Васіль быў на фронце ўсю вайну, двойчы паранены, зь медалямі “За ўзяцьце Бэрліна” ды “За перамогу над Японіяй”. Да скону хадзіў з двума кіёчкамі, бо ногі ад тае вайны былі колам.

Трэці родны брат Хведзька быў пісарам у камэндатуры ў немцаў. Як і чаму яго не рэпрэсавалі пасьля вайны — ня ведаю.

Свайго прадзеда я не прысьпеў — ён памёр яшчэ да майго зьяўленьня на сьвет. А Васіля і Хведзьку запомніў добра. Аднак ніколі ня бачыў іх разам. Жывучы ў розных канцах аднае вёскі, яны ня бачыліся і не размаўлялі адзін з адным. Адзін прыходзіў да аўталаўкі, браў хлеб, сыходзіў — тады падыходзіў другі.

Зь дзяцінства мне ўрэзалася ў памяць дзівосная сцэна. У суседнюю вёску прывезьлі танную кілбасу — для ветэранаў. Хведзька таксама ўзяў кіёчак і пашкандыбаў у краму. І тут здарылася неверагоднае. Бабкі ў краме загаласілі: “Ах ты сука, ах ты паліцай паганы, ану пайшоў нах.. адсюль!..”. Праз паўстагоддзя пасьля сканчэньня вайны!

Гісторыя трох родных братоў, гісторыя мае сям’і — сьведчаньне, што грамадзянская вайна не перапынялася ў Беларусі практычна ніколі. Тое самае было і за “першымі немцамі”, і “за палякамі”, і ў часе паўстаньня Каліноўскага, і ў вайне Напалеона, і яшчэ раней.

Такое ёсьць і цяпер. Пазбаўленьне ліцэнзіі выдавецтва “Логвінаў” — гэта партызаны і паліцаі ўзору 2013 году. Выданьне кніжак накладам 300-500-1000 асобнікаў у 9,5-мільённай краіне — гэта ж не рэйкавая вайна. Так, дробныя дыверсіі.

Людзі, чыімі рукамі забіралася гэтая ліцэнзія, — ня “немцы”. Гэта тыя, хто за два гады да пенсіі ўсяляк хоча выслужыцца перад цяперашнімі “немцамі”.

Ці будзе ім калі што за гэта? Верагодна, не. Бо пакуль імавернасьць люстрацыі ў Беларусі мізэрная. Ціха дажывуць сваё ганебнае жыцьцё на лецішчах у ваколіцах горада-героя.

І вельмі зьдзівяцца, пачуўшы аднойчы за сьпінаю ў краме: “Ах ты сука, ану пайшла нах.. адсюль!..”

Тэгі:

Oct 11

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку, пад Полацкам знайшлі Стоўнхендж. Але хто б мог падумаць, што нас чакае ў Белавежскай пушчы...

Сядзіба Залессе: рай для аматараў птушак!

…А пятай раніцы мы прачнуліся ў экасядзібе Залессе, якая месціцца на ўскрайку Белавежскай пушчы.

Гаспадар сядзібы Сяргей Сідарук ужо запарваў каву.

-- Як спалася? – спагадліва пацікавіўся Сяргей.
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 10

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

labadzenka— Чуў? Пугачова радзіла! — захоплена паведаміла мне бабуля.

Я зразумеў, што страшэнна адстаю ад часу і трэндаў. Не гляджу тэлевізар ужо гадоў 10 (у мяне яго проста няма), не чытаю прэсы, дзе пугачовы ражаюць, абыходжу ўвагаю такія банэры ў нэце...

Я адказаў бабулі, да якога месца мне Пугачова, яна махнула рукой і ўзялася тэлефанаваць сяброўцы.

— Васілеўна, вы ў курсе? Пугачова радзіла! Да, праўда! Чэснае слова! Да, я і сама не паверыла! Ну, старая, але ж Галкін той малады!..

Наступныя паўгадзіны бабуля ляжала і думала, як такое можа быць. Варыянты скончыліся, і яна патэлефанавала маёй маме.

— Чула, што Пугачова радзіла? Скажы, як такое можа быць, яна ж старая?! Другая баба вынасіла? Дык што, Галкін ня можа? Можа?.. Пугачова ня можа?.. Дык а яна тады прычым да гэтых дзяцей?

Тут я ня вытрымаў і спытаўся:

— Дык а ты прычым?

— Дык інцярэсна! — шчыра сказала бабуля.

Жыць чужым жыцьцём для нашых людзей ня проста цікава. Гэта безвыходнасьць. Калі сваё жыцьцё такое, што жыць ім проста немагчыма, пачынаеш шукаць танныя замяняльнікі. На дапамогу прыходзяць сіліконавыя тэлеканалы, гатовыя да бясконцасьці карміць людзей пугачовымі-галкінымі-кіркоравымі-валачковымі-задорнавымі-лявонцевымі-баскавымі-малінінымі-газманавымі…

Рызыкуючы зноўку здабыць славу русафоба, заўважу: увесь гэты бруд, памыі для свядомасьці ідуць у Беларусь з Расеі. Беларусь мае 5 краін-суседак, а цераз іх мяжуе з усёй Эўропаю, дзе гэтых пугачовых-баскавых — гаць гаці! Рэдкі выпадак, калі гэты расейскі спам быў разбаўлены іншым — калі ражала “дочка сьцюардэсы”, якая “ахмурыла прынца Уільяма”.

Згодны з вамі, так — ня толькі ў нас. Высокая культура жыве на ўзроўні “кватэрнікаў” — выставы, імпрэзы, падзеі для адносна невялікай колькасьці людзей. Нізкая культура як атрутны газ — паўзе да нас праз усе дзюры-шчылінкі. І ёй будуць карміць да таго часу, пакуль людзі будуць гэта спажываць. Але гэта — як таннае чарніла, якое бярэ чалавека ў палон, разбурае ягоны розум, робіць ягоную сьвядомасьць, а сьледам і рэчаіснасьць прымітыўнай. Людзі п’юць чарніла, каб забыцца. І для гэтага ж яны сочаць за тым, што “пугачова радзіла”.

Я праўда не разумею, што творыцца ў галаве ў аматараў Бабкінай і Кадышавай.

Калі еду ў маршрутцы, то кожны раз пакутую ад пытаньня: дзе яны бяруць гэтую музыку? І ці дастатковы інтэлектуальны ўзровень спажыўца такой музыкі, каб кіраваць аўтамабілем?

Калі ўсё гэтае сьмецьце едзе да нас, яно зьбірае “Менск-Арэну”, Палац Рэспублікі ці Палац спорту. Хто ўсе гэтыя людзі, якія аддаюць немалыя грошы і ідуць слухаць такое? Чаму фальклёр ад бабкіных-кадышавых — гэта інцярэсна, а фальклёр найвышэйшай пробы ад Кірчука і Хаменкі — не?

Таму што ў людзей няма ўцямнага разуменьня, што такое — наша. Таму што бабкіны-кадышавы-пугачовы — для іх гэта “наша”. Таму што спажываць гэта прасьцей, бо — ня трэба думаць. Таму што Іван Кірчук не ражае дзяцей з прабіркі, а Зьміцер Вайцюшкевіч любіць дзяўчат, а не хлопцаў.

Але ж ня ўсім класіку слухаць ды па музэях хадзіць, праўда што! Калі ўсё стане на свае месцы, то зьявяцца свае, беларускамоўныя баскавы-галкіны, якія задаволяць патрэбы спажыўцоў навінаў “пугачова радзіла”. Менавіта таму я зь вялікай ахвотай адгукаўся некалькі разоў на прапановы перакласьці на беларускую мову песьні для папулярных выканаўцаў папсы. Цяпер, пачуўшы гэтыя песьні па радыё, я нясьмела радуюся, што для каторага спажыўца папсы зьявілася месца ў жыцьці і беларускаму слову.

…Спускаюся да пад’езду, а на лавачцы дыялог.

— Я таксама гавару, чэраз сем лет этат рыбёнак пайдзёт у школу, а ёй ужо тады будзе 71!.. — даказвае кабета спадару. — С ума баба выжыла, на старасці гадоў дзяцей ёй давай!

Тэгі:

Oct 04

перадрук з Cmok.budzma.org

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

 

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку. Наперадзе быў Полацк...
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 03

Глеб Лабадзенка, для naviny.by
labadzenkaЦнатлівая стабільнасць саюзнава гасударства зноўку апынулася пад пагрозаю. Пакуль народзец бяжыць у абменьнік, дырэктар менскага аўтобуснага парка № 2 Ігар Журок зьдзейсніў акт нацыяналістычнай расправы над кіроўцам Васілём В.

Васіль В. вывесіў у кабіне свайго аўтобуса № 50 два сьцяжкі — чырвона-зялёны і расейскі. Неабыякавы грамадзянін Алесь Мазанік накатаў цялегу ў аўтобусны парк — кіроўцу прымусілі зьняць абодва сьцяжкі ды пазбавілі 15% прэміі. Уяўляю будучыя загалоўкі на расейскіх сайтах (а можа, яны ўжо і ёсць — трэба зірнуць): “В Минске водителя автобуса лишили премии за российский флаг”.

Думаю, з-за плота так яно і будзе выглядаць. Разгул нацыяналізму ў братняй Белоруссіі, мягкая беларусізацыя і культывацыя русафобства!

На справе ўсё празаічней. На лабавым шкле транспартнага сродка забаронена зьмяшчаць староньнія прадметы, якія могуць перашкодзіць агляду, і стварыць аварыйную сітуацыю, паўплываць на бясьпеку. Таму кіроўцу абавязалі сьцяжкі зняць — а за “парушэньне правілаў экіпіроўкі аўтобусаў” пазбавілі 15% прэміі.

Але, пагадзіцеся, фармулёўка “нахілілі за маскальскі сьцяг” — большы бальзам на душу нацыяналіста і чырванейшая ануча для мясцовых русафілаў і ўласна ўсходніх суседзяў.

Навіна пра такую жэстачайшую расправу шырока разьляцелася па інтэрнэце. Як раптам у камэнтах узьнік нечаканы ракурс. Маўляў, сорам, таварыш Мазанік! Няшчаснага кіроўцу пазбавілі прэміі — а ён радуецца! І парады: пішы сьледам хадайніцтва, каб не пазбаўлялі!

Людзі! На вайне як на вайне! Трэба быць гатовым, што гэта звычайная практыка злодзеяў — прыкрывацца “дзецьмі” і “жанчынамі”. То бок, ты страляеш па расейскім сьцягу ў кабіне дзяржаўнага беларускага аўтобуса — а ўлада выстаўляе пад твае кулі звычайнага мужыка Васіля В. І ты апынаешся паскудам, празь якога пазбавілі прэміі звычайнага дзядзьку!

Гэтак сама пісалі і мне, калі выйграў справу супраць дырэктара ЖЭСа — і таму ўляпілі 500 тысяч штрафа за адмову адказаць на зварот па-беларуску.

На вайне як на вайне! А калі ўлада дае штраф 5 мільёнаў хлапцам і дзяўчатам (ці 5 сутак арышту), якія выходзяць на плошчу зь бел-чырвона-белым сьцягам — ці гэта не такая самая сітуацыя? Калі Сяргея Каваленку кідаюць за бел-чырвона-белы сьцяг у вязьніцу і даводзяць да паўсьмерці — ці гэта ня тая самая сітуацыя? Кіроўцу падабаецца расейскі сьцяг, ім — бел-чырвона-белы. Дык адным 5 мільёнаў, а другому — мінус 15% ад прэміі. А колькі гэта? 50 тысяч? 100? 200?

І кіроўца, і дырэктар ЖЭСа — звычайны электарат, у якога ў галаве поўная каша. Як вы думаеце, за каго галасаваў той кіроўца на выбарах? Думаю, расейскі сьцяжок на шкле ёсьць адказам на гэтае пытаньне. Яўна не за Някляева ці Статкевіча.

А можа, гэтая затрэшчына прымусіць кіроўцу ўпершыню ў жыцьці задумацца, што расейскі сьцяг у ягонай кабіне — нонсэнс? (Зразумела, найбольш верагодны іншы варыянт: калі ён прыйдзе дадому і скажа жонцы, што “бэнээфаўцы гэтыя вапшчэ фашысты”).

Але якая была мэта: спадабацца кіроўцу, настаўляючы яго доўгімі лекцыямі па гісторыі на шлях ісьцінны? Альбо прыбраць расейскі сьцяг з кабіны менскага гарадскога аўтобуса? Якая розьніца, што скажа кіроўца і што ён будзе думаць пра “бэнээфаўцаў” — калі сьцяг у выніку прыбралі, а гісторыя атрымала такі розгалас, што ягоныя калегі таксама не рызыкнуць чапляць расейскія сьцягі на лабавое шкло?

І тут на сцэну выходзяць іншыя камэнтатары. “А вот калі б ён Зімбабвэ павесіў — ці пачаў бы скуголіць пан Мазанік?” Гэта дурное параўнаньне, бо Зімбабвэ не вяла з намі самую крывавую вайну за ўсю гісторыю Беларусі, не ўзрывала Сафійскі сабор у Полацку і ня вешала Кастуся Каліноўскага.

Хоць у мяне ёсьць яшчэ адна версія, чаму той кіроўца-небарака прычапіў на лабавое шкло расейскі сьцяг. Уявіце. Прыехаў у Менск які Пуцін. Ад аўтобуснага парка нумар два прыгналі па разнарадцы пяць адзінак электарату — і раздалі ім тыя сьцяжкі махаць перад царом. (Прынамсі мне ня верыцца, што той кіроўца адмыслова хадзіў па Менску і шукаў, дзе прыдбаць трыкалор). І вось вярнуўся кіроўца дахаты, круціць у руках трафей з таржаства — а жонка яму кажа: выкінь у сметніцу гэтае рызьзё. А яму шкада, ён жа беларус, як гэта — красату цьвятную ды ў сьметніцу выкінуць?!

Для яго той цьвятны сьцяжок — як для вяскоўца лебедзь з пакрышкі ці пальма з пластыкавых бутэлек: красіва і нарадна.

І тады кіроўца нясе тую красату нарадную на працу і чапляе на шкло. Каб красіва было. А тут, на бяду, у аўтобус заходзіць беларускі нацыяналіст…

…А ў сухой рэшце што? Расейскі сьцяг прыбралі, прычым разам з чырвона-зялёным? Хлопцы, пішыце яшчэ!

Тэгі: