it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 03

HATA

Хата ў Рагачове, дзе падоўгу жыў у дзядзькі Ўладзімер Караткевіч, дзе напісаў "Ладзьдзю Роспачы", "Сівую легенду", "Віно дажджоў"  і  часткова "Каласы пад сярпом сваім"

Як паведамілі рагачоўскія сябры, мая публікацыя ў "Звяздзе" выклікала небывалы рэзананс сярод мясцовай вэртыкалі.

Старшыня райвыканкаму сабраў экстранную нараду, на якой чытаў артыкул уголас, ляпаў кулаком па стале і патрабаваў ад падначаленых "неадкладна ўстраніць усе апісаныя тут факты" і "пракраціць пазорыць яго на ўсю краіну"!.. Высьветлілася, што пра сувязь Караткевіча з Рагачовам мясцовая ўлада даведалася менавіта з майго артыкула. У выніку галава раёна даў даручэнні прывесці ў парадак вуліцу і дом, дзе падоўгу жыў Караткевіч, павесіць на доме адпаведную мэмарыяльную дошку. Таксама запатрабаваў прывесці ў парадак капліцы на могілках, дзе зараз -- грамадзкая прыбіральня.

Тым часам, сябры, нашая з вамі справа -- паставіць помнік на магіле бабулі Уладзіміра Караткевіча. Літаральна днямі я дакладна буду ведаць, колькі трэба грошай -- тады можаце пачынаць здаваць.

На ўладу спадзявайся, а сам рабі!..

Тэгі: ,

Oct 30

У Воршы — музей, вулiца i помнiк, у Рагачове — занядбаная магiла бабулi i недасяжны пакой пiсьменнiка

IMG_3067

Валодзю Караткевічу 1 гадочак, Ворша, 1931 год

Пазаўчора быў у вандроўцы па мясцiнах Уладзiмiра Караткевiча, якую зладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Ідэю вандроўкi прапанаваў пiсьменнiк-гiсторык, якога часта называюць паслядоўнiкам Караткевiча, — Уладзiмiр Арлоў. Ён i выступiў гiдам. Маршрут вандроўкi — Орша (тут Караткевiч нарадзiўся) i Рагачоў, дзе ў дзядзькавай хаце пiсьменнiк стварыў свае выбiтныя творы. I гэтыя два пункты ўразiлi мяне сваiм кантрастам.

Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 24

140 гадоў таму нарадзілася Марыя Мякота (Багдановіч)

bagd

Марыя Багдановіч з сынам Максімам. Першае фота паэта

Ці былі вы на магіле мамы Максіма Багдановіча? Я колькі дзён таму пабываў. Едучы ў Гродна, даведаўся, дзе яна дакладна – і адшукаў. Шануючы Максіма, мы павінны памятаць пра людзей, без якіх яго не было б. Ідучы праз могілкі, я згадваў па памяці радкі Анатоля Сыса:
Ну і няхай музам колкая пожня,
Горкія вусны мае, дык няхай.
Мама, такога народзіць не кожная.
Мама, не перажывай!..

І няхай Марыя памерла, калі сыну Максіму было ўсяго 5 гадоў. Там, на нябёсах, у яе няма падставаў перажываць. Яна ўнікальны чалавек – яна нарадзіла Максіма Багдановіча.
Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Oct 24

Пенсіянер Уладзімір ГЛАЗ адважна змагаецца за аднаўленне палаца князя Францішка Ксаверыя Друцка-Любецкага, ініцыятара будовы Аўгустоўскага канала

glaz2

Такіх, як Уладзімір Іванавіч Глаз зазвычай не любяць мясцовыя чыноўнікі. Праблемаў ад яго шмат. Піша лісты ў аблвыканкам, ездзіць у Адміністрацыю прэзідэнта, раздае школкам і садкам саджанцы грэцкіх арэхаў, патрабуе спыніць разбурэнне старадаўняга палаца… Карацей, не дае чыноўнікам спакойна працаваць: наклікае праверкі, прыцягвае ўвагу грамадскасці. Але калі спытаць у каго ў Шчучыне дарогу да яго дома, то пакажа кожны. І дадасць: “Маладзец наш Іванавіч, дае ім прыкурыць!..”
Чытаць далей »

Тэгі: , , ,

Oct 21

elzbieta
Калі бачыш пані Эльжбету Радзівіл – здаецца, ажывае ўся 600-гадовая гісторыя гэтага магутнага роду. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, Барбара Радзівіл, Рыбанька, Францішка Ўршуля, Пане Каханку –для нас гэта гістарычныя персанажы. Такія далёкія і магутныя, што падаюцца нават міфам. Для пані Эльжбеты гэта – сваякі, прабабкі і прадзеды.
Гэтым летам князёўна Эльжбета Радзівіл упершыню за апошнія 16 гадоў прыехала ў Нясвіж. Мінулы візіт адбыўся ў 1993 годзе намаганнямі прафесара Адама Мальдзіса. Сёлетні прыезд Радзівілаў стаў знакавым -- упершыню пасля 1939 года на нашай зямлі знаходзіліся адначасова 10 прадстаўнікоў Сям’і.
Хоць галавой Сям’і заўжды выбіраецца мужчына, сёння менавіта гэтая 92-гадовая князёўна яднае Радзівілаў усяго свету, з’яўляецца сімвалам. Іншыя Радзівілы выраслі ўжо ў гарадскіх кватэрах, а пані Эльжбета жыла ў Нясвіжскім замку. Бэтка памятае прыёмы, на якіх бывалі прэзідэнты, князі, нават прынц Манака…
Днямі пані Эльжбета тэлефанавала мне – і я вырашыў удакладніць дату яе народзінаў, бо ў розных крыніцах сустракаюцца розныя звесткі.
-- Я нарадзілася 21 кастрычніка 1917 года ў Лондане, -- распавяла князёўна. – Аднак бацька, калі запісваў мяне, памыліўся – і замест Х месяца напісаў ХІ. Так я ўсё жыцці і маю афіцыйны дзень народзінаў 21 лістапада!..
У свае 92 гады пані Эльжбета захоўвае надзвычайную актыўнасць і аптымізм. У часе летняга візіту ўсе перажывалі, як яна вытрымае такую насычаную праграму – паездкі, наведванне музеяў, сустрэчы. Аднак ледзьве вытрымалі ўсе астатнія, маладзейшыя, а князёўна толькі падбадзёрвала іншых.
Калі я гляджу ў яе вочы, на яе постаць – я адчуваю неверагоднае шчасце ад таго, што наша краіна мае Радзівілаў. Што для Радзівілаў Нясвіж – родны дом.
З Днём Народзінаў, пані Эльжбета!.. Я памятаю Вашае абяцанне – адзначыць стогадовы юбілей у Замку!

Тэгі: , ,

Oct 21

101
Сёння Кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 95-годдзе

Кардынал Казімір Свёнтэк для мяне ёсць сімвалам: як высокадухоўны, рэлігійны чалавек аддана служыць Госпаду і свайму народу. У цяжкія часы, калі рэлігія была не ў пашане, Кардынал захаваў веру ў Бога і ў людзей.
Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Oct 16

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 17 кастрычніка

У Нясвіжскім замку скляпенні вырабілі з гіпсакартону, а старую ляпніну замянілі на новую. Разбірацца на месцы выехаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка

00010002

Вы бывалі ў тэатры? Бачылі, як ствараюцца дэкарацыі? Глядзіце на сцэну – і там сапраўдны домік, адкуль выходзяць людзі, а на вокнах стаяць кветкі. Падыходзіце бліжэй – і домік апынаецца кардонкай альбо фанеркай.

Мне чамусці падалося, што менавіта ў такі спосаб цяпер аднаўляецца Нясвіжскі замак. Праблемы гэтага аднаўлення было вырашана разгледзець на выяздным паседжанні Рэспубліканскай навукова-метадыянай рады з удзелам міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі. Тым больш, што такія паседжанні не праводзіліся ўжо два гады – як і ў Мірскім замку, дзе Павел Латушка пабываў у ліпені, зрабіўшы шэраг крытычных заўвагаў. Рада сабралася ў Нясвіжы, каб прааналізаваць правільнасць хады рэстаўрацыі. Спачатку сябры Рады прайшліся па замку, агледзелі выкананую працу. Іскры ляцелі ва ўсе бакі.

Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Oct 13

Кароткія роздумы да перапісу-2009

Сёння ў нашай краіне пачынаецца перапіс насельніцтва. Гэта надзвычай адказная справа, якая вымагае праявы грамадзянскай адказнасці. Хаця б таму, што на гэта пускаецца шмат дзяржаўных, а значыцца – нашых з вамі грошай. Перапісчыкі ўжо пачалі сваю працу колькі дзён таму: хадзілі па хатах і пазначалі, калі хто будзе дома. Я нават перанёс на дзень камандзіроўку, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак – і распавесці Міністэрству статыстыкі, ці ёсць у мяне дома кампутар.
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 10

Першае вялiкае iнтэрв'ю на пасадзе мiнiстра Павел Латушка даў "Звяздзе"

partret_blog Павел Латушка быў прызначаны мiнiстрам культуры чатыры месяцы таму. Журналiсты ўжо паспелi назваць яго "першым беларускамоўным мiнiстрам" i "самым маладым мiнiстрам". На спадара Паўла сапраўды ўскладзена шмат спадзяванняў — што пры iм беларуская мова i культура зойме больш годнае месца ў жыццi грамадства, чым цяпер. Што iншыя чыноўнiкi мiнiстэрства возьмуць прыклад са спадара мiнiстра — i загавораць па-беларуску...

Што-нiшто з гэтага з Паўлам ЛАТУШКАМ абмеркаваў спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА напярэдаднi Дня работнiкаў культуры, якi адзначаецца ў другую нядзелю кастрычнiка.
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Oct 08

надрукавана ў "Звяздзе" за 8 кастрычніка

001

Бенедыкт Тышкевіч. Аўтапартрэт, горац-паляўнічы, Вялава, 1893


Ягоныя фотаздымкi, зробленыя ў канцы ХІХ стагоддзя, учора ўпершыню былi паказаныя ў Нацыянальным гiстарычным музеi

У 1993 годзе супрацоўнікi Музея Нiсэфора Ньепса з французскага горада Шалон-на-Соне шпацыравалi па Блышыным рынку Парыжа. Адзiн з антыквараў паклiкаў iх:

— Месье! Мадам! Паглядзiце, што ў мяне для вас ёсць!..

Чытаць далей »

Тэгі: , ,