it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 27

“Калі французы пабачылі мае габелены, яны не верылі – падыходзілі і мацалі!..”

Надрукавана ў "Звяздзе"

Ужо 15 гадоў Вольга Дзёмкіна жыве і працуе ў Сэнт-Эцьене. Двойчы яе прызнавалі “Мастаком года” Францыі. А Ліёнскія майстры папрасілі яе адрадзіць габелен, які некалі быў вынайдзены менавіта ў Францыі!

Яна жыве ў Францыі і размаўляе па-беларуску. Вокны майстэрні Вольгі Дзёмкінай у Сэнт-Эцьене выходзяць на Альпійскія горы.

Пятнаццаць гадоў таму спадарыня Вольга, прызнаная майстрыца габелену, адправілася ў Францыю з выставай. На радзіме габелена, дзе цяпер гэтае майстэрства ўжо практычна страчанае і занядбанае, габелены беларускі Дзёмкінай зрабілі фурор. За гэтай выставай была наступная, пасля… Пасля Вольга Дзёмкіна зразумела, што Францыя яе чакае, і вырашыла не прымушаць чакаць такую шляхетную пані. Ужо 16 гадоў спадарыня Вольга жыве там, захоўваючы беларускі пашпарт, беларускую душу, беларускую свядомасць. І хоць часам у яе замест “калі ласка” можа вырвацца “сіль ву пле”, творы яе застаюцца адназначна беларускімі.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 15

надрукавана ў "Звяздзе" ад 16 красавіка

Новы гмах вымагае ліквідацыі адзінай дзіцячай пляцоўкі і пагражае затуліць сонца для паловы дома. Больш за сотню жыхароў выйшлі на абарону дома і дамагліся ад кіраўніцтва раёна, каб будаўніцтва прыпынілі.

У суботу раніцай жыхары дома № 48 па вуліцы Прытыцкага прачнуліся, зірнулі ў акно і аслупянелі: пад вокнамі літаральна за ноч была разгорнутая будаўнічая пляцоўка! Адмысловыя агароджы затулілі ўвесь кавалачак зямлі ад праезнай часткі да дома. У сярэдзіне апынулася адзіная ў наваколлі дзіцячая пляцоўка. Тут жа стаялі вагончыкі будаўнікоў, тарахцеў бульдозер. Народны тэлетайп спрацаваў імгненна — неўзабаве жыхары, якія былі дома (больш за 100 чалавек) пайшлі ў атаку на будаўнікоў.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 15

надрукавана ў "Звяздзе" ад 16 красавіка

Вежу Любчанскага замка, якая на пярэднім плане, уратавалі валанцёры

У Мінску, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, які ласкава даў памяшканне, адбыўся сумесны з газетай "Звязда" круглы стол па пытаннях валанцёрства ў Беларусі. А дакладней, працы валанцёраў на помніках архітэктуры. Пасяджэнне было прадстаўнічае. Удзельнічалі старшыня Беларускага фонду культуры і беларускага камітэту ІКАМОС (Міжнародная рада па помніках і мясцінах) Уладзімір ГІЛЕП, старшыня грамадскай камісіі па пытаннях аховы помнікаў пры Міністэрстве культуры Анатоль БУТЭВІЧ, загадчык сектара Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля ХВІР, старшыня Беларускага дабрачыннага таварыства аховы помнікаў Антон АСТАПОВІЧ, старшыня МГА "Гісторыка" Зміцер РАГАЧОЎ, прадстаўнік дабрачыннага фонду "Любчанскі замак" Святлана СКРАБЕЦ, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў (БАСА) Зміцер САВЕЛЬЕЎ, сябар беларускага камітэту ІКАМОС Цімафей АКУДОВІЧ.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 09

Чарговае пасяджэнне Рады пры Міністэрстве культуры прайшло эмацыйна і напружана: "Мінская спадчына" прасіла дазволу зруйнаваць будынак 1817 года

надрукавана ў "Звяздзе" ад 10 красавіка

Так выглядаў дом у 2007 годзе

А так -- цяпер, калі за яго ўзялася "Мінская спадчына"

У папярэдніх артыкулах, прысвечаных праблемам мінскіх помнікаў архітэктуры, мы распавялі прыкры выпадак. Будынак 1817 года па вуліцы Кірылы і Мяфодзія ў Мінску апошнія некалькі гадоў стаяў занядбаны. Некалі гэта было пажарнае дэпо, пасля — дэпо першай мінскай конкі. Не так даўно тут месціліся археалагічныя майстэрні. Пару месяцаў таму будынак сабралася рэканстуяваць прадпрыемства "Мінская спадчына". І найперш, не маючы аніякіх дазволаў... зняло з будынка дах. Любы чалавек уявіць, што адбылося далей — двухсотгадовы помнік архітэктуры стала заліваць дажджом і талым снегам... А ў мінулую сераду галоўны інжынер "Мінскай спадчыны" Міхаіл Жых звярнуўся да сяброў Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры з просьбай... дазволіць "разабраць" будынак. Маўляў, аварыйны стан, захаваць немагчыма. Што гэта значыць, усім зразумела — папярэдні помнік архітэктуры на вуліцы Рэвалюцыйная, 24а "Мінская спадчына" разбірала экскаватарам.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 06

А разам з імі – некалькі шляхетных пані і адзін крылаты гусар

надрукавана ў "Звяздзе" ад 6 красавіка

Габелен "Уладальнікі замка"

Спяшайцеся – выстава “Мастакі – Мірскаму замку. Працяг традыцый” працягнецца толькі да 13 красавіка. Пасля гэтага ўсе прадстаўленыя творы мастацтва адбудуць у накірунку Мірскага замка – каб аздобіць залы адноўленега палаца Іллінічаў, Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх.

Уласна, для гэтай мэты на замову Нацыянальнага мастацкага музея артэфакты і былі вырабленыя (замак з’яўляецца філіялам музея).
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 03

Добра вядома, што міліцыя ў Беларусі -- асаблівая каста, якой дазволена ўсё, для якой няма законаў, а ёсьць толькі жывёльныя паняткі. Даішнікі разварочваюцца праз падвойную суцэльную і робяць "Жывы шчыт", супрацоўнікі "Аховы" рэгулярна гвалцяць дзяўчат, прапаршчыкі забіваюць людзей у выцьвярэзьніках. І асобных жывёлінаў, канешне, судзяць, але кіраўнікі застаюцца на сваіх месцах, а пачвары працягваюць тварыць што хочуць.

Гэтая гісторыя, дзякаваць Богу, ня мае чалавечых ахвяраў: наваградзкія мянты не скалечылі, не забілі хлопца. Яны проста ўратавалі яго ад фатальнай памылкі: стаць гэткай жа жывёлінай, як яны. Але гісторыя ўсё адно паказальная.

матэрыял Сямёна Печанка, газэта "Наша Ніва"

«Нам у міліцыі такія не патрэбныя, якія ідуць супраць сваіх»

Былы курсант Акадэміі МУС Дзяніс Бяляк з Навагрудка хацеў стаць міліцыянтам, пакуль сам не трапіў у міліцыю.

У «НН» напісаў былы курсант Акадэміі МУС Дзяніс Бяляк з Навагрудка. Гісторыя нібыта банальная — куфаль піва ў звальненні, сутычка з хуліганамі, пастарунак, суд, адлічэнне з вучобы. Дзяніс лічыць, што яго з сябрамі пакаралі незаконна і ў адстойванні сваіх правоў дайшоў да Вярхоўнага суда.

«Часта мы чуем з экрана тэлевізара прыгожыя словы пра дэмакратыю ў нашым грамадстве. Зараз я хачу расказаць аб тым, што адбываецца на самай справе ў нашай (дэмакратычнай) дзяржаве», — піша 19‑гадовы Дзяніс Бяляк.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 02

Самы стары беларускі горад падае прыклад астатнім: вось як трэба шанаваць сваю гісторыю і сваіх герояў!

надрукавана ў "Звяздзе" ад 3 красавіка

У мінулым годзе ўлады Полацка перайменавалі галоўны праспект горада з Карламарла на праспект Францішка Скарыны!

Вуліца Войкава у цэнтры Полацка хутка можа стаць Грунвальдскай. З такой прапановай да мясцовага гарвыканкама звярнулася Полацкае зямляцтва – згуртаванне ўраджэнцаў Полацку, якія цяпер жывуць у розных краінах свету. Гарвыканкам прапанову падтрымаў.

Хто такі Войкаў? Рэвалюцыянер, які праславіўся найперш непасрэдным удзелам у расстрэле царскай сям’і. Менавіта ён падпісаў дакумент пра вылучэнне вялікай колькасці сернай кіслаты для поўнага знішчэння целаў. Яшчэ Войкаў праславіўся тым, што прадаў за мяжу яйкі Фабержэ, а звольнены з дзяржаўнай працы быў за ракраданне футра, якое дарыў сваім каханкам.

Што такое Грунвальдская бітва? Вялікая перамога войскаў ВКЛ над Тэўтонскім ордэнам, дзе значную ролю адыгралі беларускія харугвы. Полацкі полк праславіўся асабліва – бо быў добра ўзброены і падрыхтаваны. 15 ліпеня 2010 года мы адзначым 600-годдзе гэтай слаўнай перамогі.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 02

Аказваецца, ня ўсе ацанілі спэктакль "Пане Каханку" так, як я . Пабачыў у "Народнай Волі" водкуг-сьліназротаадзахапленьняляціць -- вырашыў во падзяліцца.
Пад катам -- артыкул у чытэльным памеры.
Чытаць далей »

Тэгі:

Apr 02

Пасля публікацыі ў "Звяздзе" звольненая з працы Соф'я ЖЫБУЛЕЎСКАЯ атрымала цікавую прапанову ачоліць "Кніжны салон"

24 лістапада мы напісалі пра легендарную дырэктарку "Акадэмкнігі" Соф'ю Жыбулеўскую. Яе ведаюць усе мінскія пісьменнікі і інтэлігенты — кожны, заходзячы ў кнігарню, абавязкова вітаў дырэктарку. Бо шыкоўны асартымент "Акадэмкнігі", у тым ліку агромністая падборка беларускіх кніг — яе асабістая заслуга. З Соф'яй Антонаўнай проста не працягнулі кантракт. З досыць цікавай фармулёўкай: працавалі вы добра, паказчыкі выдатныя, прэтэнзій няма — але кантракт не працягваем. Абгрунтавалі пенсійным узростам. Аднак, здалося нам, да чалавека, які стварыў такую кнігарню і зрабіў яе самай прэстыжнай у Мінску, можна было паставіцца і інакш. Пасля публікацыі ў "Звяздзе" лёс Соф'і Антонаўны змяніўся ў лепшы бок — яе зноўку запрасілі ўзначаліць кнігарню. Праўда, не "Акадэмкнігу", а адчыніць новую — "Кніжны салон" на Калініна, 5 у Мінску. Першым наведнікам, яшчэ да адкрыцця, стаў карэспандэнт "Звязды".

Тэгі:

Mar 29

У тэатры імя Горкага тры дні давалі "шэдэўр" Андрэя Курэйчыка

надрукавана ў "Звяздзе" ад 29 сакавіка

Я вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў, што нашы служкі Мельпамены звярнуліся да тэмы роду Радзівілаў. Бясспрэчна, гэты найслаўнейшы беларускі род заслугоўвае і тэатральных пастановак, і літаратурных твораў, і кінафільмаў, і ўвогуле ўсебаковай увагі. Радзівілы — адзіны некаралеўскі род, які валодаў замкамі і палацамі ў дзевяці (!) еўрапейскіх краінах. У Радзівілаў пазычалі грошы Людовікі, а ў Нясвіжы за гасцей былі каралі і прынцы, курфюрсты і герцагі.

І вось, думаў сабе я, нарэшце гэты вакуум пачынае запаўняцца — ставіцца спектакль пра Пане Каханку! Драматург — Андрэй Курэйчык, рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кавальчык.

Я даведаўся шмат новага, калі прыйшоў у Рускі тэатр. Высветлілася, што Радзівілы былі нейкімі дэбіламі і шызафрэнікамі. Чытаць далей »

Тэгі: