it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 29

Глеб Лабадзенка для TUT.BY, фота з архіва Паўла Данейкі

Эканаміст Павел Данейка  дырэктар Бізнес-школы Інстытута Прыватызацыі і Менеджменту, дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC. 31 студзеня (пятніца) ён прачытае публічную лекцыю “Феномен беларускага прыватнага бізнесу” з цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”), які праводзяць Лятучы Універсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”. Пачатак 18.30, месца правядзення “Галерэя Ў” (Незалежнасці, 37а), уваход вольны!

Напярэдадні лекцыі мы сустрэліся са спадаром Паўлам, каб даведацца, ці варта спрэс ганіць дзяржаўную эканоміку, якія беларускія прадпрыемствы самыя паспяховыя, і ці апануе нас беспрацоўе ў выпадку прыватызацыі буйных заводаў.

Фота з архіва Паўла Данейкі

“У маёй базе каля 60 PhD – дактароў эканамічных навук – беларусаў, якія жывуць за мяжой”

Спадар Павел, вы атрымалі ў 1986 годзе прафесію “эканаміст”, але на гістфаку БДУ. Што за дзіва такое?

Павел Данейка: У той час яшчэ не было эканамічнага факультэта, таму аддзяленне палітэканоміі – на 25 чалавек – было на гістфаку. А таксама аддзяленне філасофіі і ўласна аддзяленне гісторыі.
І як вучылі эканамістаў на гістфаку?
Чытаць далей »
Тэгі:

Jan 10

labadzenka-250n

Ад панядзелка, 13 студзеня, у Мінску пачынаюць працаваць бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова нанова”. Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак а 19.00 у Галерэі сучаснага мастацтва Ў (Незалежнасьці, 37а). На занятках — бясплатная кава і гарбата для студэнтаў!

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Курсы будзе праводзіць філолаг Алеся Літвіноўская, ну і я там буду на падпеўках. Алесю прадстаўляць доўга ня трэба. Прафесійны філолаг, выкладала ў лінгвістычным універсітэце, навучыла беларускай мове былога амбасадара Амэрыкі Джорджа Крола, а таксама легендарнага амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана. Навучыла так, што Эрыксан гаворыць па-беларуску лепей за большасьць беларусаў!

Чаму “Мова нанова”? Вось менавіта таму — што азначэньне “родная мова” дэвальвавалася, страціла сэнс. Што гэта за родная мова, калі людзі ня тое, што не гавораць на ёй — а папросту ня ведаюць? Памятаеце гэты зьдзеклівы выраз: “Беларусы настолькі шануюць і берагуць родную мову, што не гавораць на ёй”. Альбо іншы: “Беларуская мова настолькі цяжкая, што яе ня могуць вывучыць самі беларусы”. Бу-га-га, нічога не скажаш.

Дык вось, трэба кінуць хітрыкі і прызнацца: так, ня ведаем, ня можам вольна размаўляць. Нам трэба вывучыць мову нанова!

Але “вывучыць” — гэта ня значыцца сесьці за падручнікі і практыкаванні. Як ні круці, але “пасіўная” мова ў большасьці нашых людзей ёсць: калі чуюць, то ўсё (ці амаль усё) разумеюць.

Неяк так мы і разважалі, ствараючы курсы “Мова нанова”. І знайшлі аднадумцаў! Галерэя сучаснага мастацтва Ў (Незалежнасьці, 37а) бясплатна дала нам памяшканьне. А гэта крута — бо ўсяго 100 мэтраў ад метро “Плошча Перамогі”! Кампанія “Будзьма беларусамі” кожныя заняткі будзе ўзнагароджваць прызамі найлепшых слухачоў курсаў. Таксама будуць і падарункі ад тэлеканала “Белсат”, кнігарні “Логвінаў”.

Асобна варта сказаць пра бізнэсоўца Паўла Бераговіча, які ў мінулым годзе набыў у Ваўкавыскім раёне старадаўні маёнтак Падароск, каб ствараць там за свае сродкі… Музэй беларускай шляхты! Для поўнай карціны варта дадаць, што Павал зь Екацярынбургу (хоць ягоная бабуля адсюль). Вольна размаўляе па-беларуску, шмат вандруе па Беларусі, чытае шмат беларускіх кніг. Выступае як мецэнат. Падтрымаў і нашыя курсы: набыў апарат для кавы і гарбаты, забясьпечыў уласна каваю і гарбатаю, перадаў гукаўзмацняльную апаратуру, падтрымаў стварэньне сайта.

Увогуле — курсы сталіся дзякуючы падтрымцы добрых людзей. Дызайнэрка Настасься Арайс стварыла курсам лагатып. Шыкоўны! Глядзіш так — сонейка. Прыглядаешся — а гэта ж літары Ў! Праграміст Юрась Адамовіч цяпер якраз дапрацоўвае сайт курсаў.

Сайт — асобная гаворка. Фактычна гэта будуць бясплатныя дыстанцыйныя курсы беларускай мовы. Ужо цяпер там выкладзена багата заняткаў, кожны зь якіх утрымлівае тэматычныя слоўнікі, правілы, цікавосткі, мультымедыя. Сайт movananova.by пачне працу 13 студзеня а 19.00 — прэзентуем яго на першых занятках курсаў.

Што яшчэ будзе на першых занятках? Студэнты навучацца слушна віншаваць адно аднаго па-беларуску. Зь Верхнядзьвінску спэцыяльна прыедзе беларускамоўны пекар Кастусь Ларкоў (абяцаў з караваямі) і правядзе майстар-клас. Студэнты змогуць задаць пытаньні замежніку, які дасканала вывучаў беларускую мову. Падзяліцца між сабою цікавосткамі. Пачытаць “Нашу Ніву” за 1906 год. А напрыканцы паслухаць выступ гурта HandmadE.

На наступныя заняткі абяцаліся прыйсьці пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, філосаф Валянцін Акудовіч, паэт Генадзь Бураўкін, бард Віктар Шалкевіч…

Апроч гэтага, госьцьмі кожных заняткаў будуць і “звычайныя” людзі — праграмісты, лекары, прадпрымальнікі, інтэрнэтнікі, дызайнеры, музейнікі... Усіх іх будзе аб’ядноўваць адна рыса — яны размаўляюць па-беларуску.

Каго мы чакаем на курсах? Тых, хто зусім не гаворыць па-беларуску — але хоча паспрабаваць. Тых, хто гаворыць, але хоча палепшыць мову. Тых, хто гаворыць вольна — але хоча знайсьці новых сяброў.

Карацей, Вас, Алена зь Серабранкі. Вас, Мікалай з Лошыцы. Вас, Васіль з Кунцаўшчыны. Вас, Валянціна з Паўднёвага Захаду. Вас, Сьвятлана з Аўтазу. Вас, …

P.S. Запрашаю таксама ў нашую суполку на фэйсбуку і вконтакте.

Тэгі:

Dec 27

labadzenka-250n

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Прызначэньне ў беларускую філію Русскай цэрквы такога папа — падарунак усім разумным людзям. Чым больш яны, русская цэркаў, сябе дыскрэдытуюць — тым хутчэй у людзей спадзе туман з вачэй. Гаворка, безумоўна, не ідзе пра канфесію праваслаўе, але пра беларускую філію русскай канторы з цэнтральным офісам у Маскве.

Выглядае, што нехта хоча ўвогуле разбурэць гэную іхную Русскую цэркаў. Усё пачалося з Брэгета са Складным Крыжыкам. Большай дыскрэдытацыі, чым такі начальнік, для канфесіі ўявіць цяжка! Хоць даводзілася сустракаць людзей, якія апраўдвалі гэтага алігарха ў расе — маўляў, не з гадзіннікам “Луч” жа яму хадзіць і не на “жыгулях” жа ездзіць.

Што зробіш, калі ў людзей такі стыль — каб усё блішчэла, як для тае сарокі. Я вось калі быў у Стамбуле, заўважыў, што і там такое ў модзе. У холе гатэлю вісела люстэрка — ну ў такой пышнай і бліскучай раме, як у адноўленым катэджы Радзівілаў у Нясьвіжы. А на вуліцы пабачыў дзядзьку, які за грошы чысьціў боты — дык усе ягоныя флакончыкі зьзялі на сонцы, як той Складны Крыжык.

Натуральна, для такога начальніка ў свой час стала выклікам абраньне новага Папы Францішка, які падкрэсьлена ходзіць у старых ботах і не абвешваецца золатам, як той азіяцкі султан. Завішчэлі: “Паказуха! Іграе на людзях!”. Што ж, зладзьце вы такую паказуху да пайграйце гэтак жа.

Але ж не. Нядаўна давялося быць у Слуцку. Мясцовыя кажуць: пойдзеш глядзець царкву — зайдзі з таго боку і паглядзі, якую бацюшка сабе машыну купіў! Я ўжо быў падрыхтаваўся пабачыць “Хамер” ці “Порш Каен”. Але ж на справе вельмі сьціпла — усяго толькі навюткі “Фальксваген Туарэг”. Ясная справа, на прасьцейшай божай калясьніцы раб божы не даедзе да паствы!

Але ўсё гэта — пустой зьвяганьне. Нашто лічыць чужыя грошы? Хочуць людзі спавядацца папу на “Туарэгу” — іх справа.

У прысыланьні рускага папа з Разані я бачу для ўсіх нас дзьве шкоды. Якія ёсць і цяпер, але могуць памножыцца. Першая — русіфікацыя праваслаўя, якую праводзіць гэтая маскоўская кантора, будуючы ўсё больш і больш офісаў. Ужо былі спробы прабіцца ў школы — з “Законом Божіім”. І яны, натуральна, не спыняцца. І дзяржава, перад якой цэркаў сьцелецца каберцам, будзе ў гэтым дапамагаць.

Другая — зьнішчэнне помнікаў архітэктуры. Гэта ўжо ня гулькі, хто ў які бок жагнаецца, а натуральнае злачынства супраць Беларусі. Дзясяткі выпадкаў! Калі на барочныя храмы, забраныя яшчэ царскімі бандытамі, лепяцца ісьцінарускія блісьцяшчыя цыбуліны. Калі драўляныя храмы XVII стагоддзя абшываюцца сайдынгам ці перабудоўваюцца да непазнавальнасці… Але што казаць, калі галоўны іхны храм — менскі Сьвята-Духаў сабор — гэта забраны касьцёл. Як гэта яшчэ туды цыбулінаў залатых не начапілі?..

Адхапалі вы нашыя касьцёлы — што зробіш, так склалася гістарычна. “Аддавайце” ня кажам. Але якое вы маеце права нявечыць нашыя помнікі архітэктуры, якія належаць усім беларусам?

Што да гэтага прысланага папа. Па-першае, сам факт, што ўсю так званую “Беларускую праваслаўную царкву” ўзначаліць разанскі поп — ужо плявок у нашую незалежнасьць. Калі б Касьцёл узначаліў які-небудзь Яцэк з Пшэмысля — гэта быў бы такі самы плявок. Але ж і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, і біскупы — беларусы. Якія гавораць па-беларуску і адпраўляюць Сьвятую Імшу на нашай мове. Хоць на месцах, асабліва на Гарадзеншчыне, ёсьць перагібы, калі бабулькі чытаюць з паперак польскія малітвы, напісаныя беларускімі літарамі.

Але, дапусьцім. Згодныя людзі маліцца рускаму папу з Разані — справа вашай культуры, сьвядомасці і інтэлекта. Але ж вы, пэўна, чулі, як гэты поп на відэа заявіў, што ў выпадку пагрозы беспарадкаў, справакаваных Захадам, Расея “адкрые чарнобыльскі кранік”?

Гэта сьвятар? Гэта духоўны чалавек?

Кацярына ІІ некалі вынайшла рэцэпт задушэньня тут усякага нацыяналізму: рускі чыноўнік — руская школа — рускі поп. Дзейнічае жалезна і па сёньня. Але ці ж магла ўявіць царыца, што рускі поп пачне размахваць тут чарнобыльскім кранікам?

Тэгі:

Dec 19

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

labadzenka-250nТры гады таму амаль ніхто з маіх знаёмых не віншаваў адзін аднаго з Калядамі і Новым годам. Каляды і Новы год ніхто тады не адмяняў, проста віншаваць і зычыць нешта пасьля 19 сьнежня 2010 году было вусьцішна і недарэчна. Праз тры гады сьвяты, пэўна, вернуцца ў нашыя хаты. Але дзень 19 сьнежня застанецца ў гісторыі нароўні з датаю спаленьня Хатыні. Маштабы розныя, але сэнс адзіны: антыгуманны, нелагічны, дзікунскі ўчынак людзей са зброяй у руках і галовах.

Аднойчы, калі ўсё скончыцца, у гэты дзень школьнікаў старэйшых класаў будуць вадзіць на экскурсіі ў Музэй таталітарызму і аўтарытарызму на вуліцы Камсамольскай. Паказваць круглы будынак у двары, які пад тынкоўкаю хавае кроў Курапатаў, а нары якога памятаюць многіх сённяшніх фрэндаў з фэйсбуку.

Гэта — заўтра. А сёньня 19 сьнежня 2013 году. І ў дзікуноў, гэтым разам з “міністэрства культуры”, новая Плошча. Гэтым разам пад вытаптваньне патрапіў Максім Багдановіч. Музэй у Менску “разжалаваны” ў філію Літаратурнага музэю. Музей у Гародні — у філію краязнаўчага музэю.

Здаецца, дай волю камбайнёрам з мінкульта, яны зьмясьцілі б усю беларускую культуру ў адзін будынак. Дзе — сьветлай літасьцю — было б шмат філіяў: пакой № 1 — Купала, пакой № 2 — Колас, пакой № 3 — Багдановіч, пакой № 4 — усе астатнія. Гэты будынак (як і цяперашні Багдановіча) натуральна, быў бы помнікам архітэктуры. Згодна з аграрэнесанснымі звычаямі быў бы подленька, ціхенька выведзены са Сьпісу помнікаў — і грохнуты пад будаўніцтва казіно. І не было б праблемаў.

Няма ніякага “міністэрства культуры”. Ня верце вачам сваім. Тое, чым займаецца так званы “мінкульт”, выклікае гэткую ж усьмешку, як фэстываль “за здаровы лад жыцьця”, арганізаваны фастфуд-рэстарацыяй. Структура з гэткаю назваю ўводзіць неабазнаных грамадзянаў у зман: раз ёсьць цэлае міністэрства, значыць недзе ёсьць і цэлая культура, якой яно займаецца. Тое самае — раз ёсьць “упраўленьне аховы помнікаў” — значыцца, помнікі ў надзейных рукох.

І першае, і другое — мана. Малому дзіцю ясна, што “мінкульт” ніякага дачыненьня да беларускай культуры — спрадвечнай і сучаснай — ня мае. Задача мінкульта — рабіць з культуры батлейку. Як гэта пасьпяхова зрабілі ў экспазыцыі двух нашых галоўных замкаў. Задача мінкульта — пільнаваць, каб на зачышчаную тэрыторыю з харошкавымі дэкарацыямі, крый Божа, не патрапіла праўдзівая беларуская культура.

Вы, пэўна, чулі, што да 80-годзьдзя Саюза беларускіх пісьменьнікаў у Нацыянальным гістарычным музэі адкрылася фотавыстава й выстава пісьменьніцкіх артэфактаў. Во недаглядзелі! Во нехта па шапцы атрымаў! Але шызафрэнія традыцыйна перамагла: асадку Барадуліна і нататнікі Гілевіча сьпешна выкінулі на двор. Ня месца такому ў нацыянальным, дзяржаўным музэі! Дык ці нацыянальны музэй, які датэрмінова выкідае з выставы рэчы двух народных паэтаў?..

Я не сачу за рухамі “мінкульта”. За іхнымі мерапрыемствамі, дажынкамі-пружынкамі, славянскімі базарамі... Не чытаю дзяржаўных літаратурных газэт і часопісаў. Не пайду на вечарыну іх супрацоўнікаў. Не набуду іхных кніг.

Бо ўсё гэта — падман, бачнасьць рабленьня справы. Усё адно, што па восені прымацаваць лісточкі стэплерам да галінак, каб глядзець на дрэвы — і цешыцца, што восень так доўга цягнецца.

Спачатку яны цягалі помнік Багдановічу, як сабакі цягаюць скрадзеную са стала куру. Потым яны харкнулі ў нас іржаваю будкаю, назваўшы гэта “домам Багдановіча”. Цяпер зьнішчаюць музэі нацыянальнага генія, выцярушваючы іх пад лаву, апускаючы да філіяў і неабавязковых дадаткаў.

Раней, каб адэкватна ўспрымаць назву міністэрства культуры ды падобных фіктыўных кантор, дастаткова было ўзяць іх у двукосьсе. Напішаш сабе міністэрства “культуры” — і ўсё на сваіх месцах. Скажаш “упраўленьне па “ахове” помнікаў” — і ніякай хлусьні няма. Але час бяжыць наперад, і цяпер такіх паўмераў мала. Цяпер, каб слушна ацэньваць ролю гэтых утварэньняў, варта агучваць іх назвы іначай — дадаючы слова “зьнішчэньне”. “Міністэрства зьнішчэньня культуры”. “Упраўленьне па зьнішчэньню помнікаў”. Цікава гучыць? Праўдзіва?..

Што будзе заўтра ў гэтым дамочку ў Траецкім? Музэй генія Чаргінца? Ці музэй міністра Сьвятлова? Ці проста казіно?

Ліквідацыяй музэя Багдановіча экс-рэктар кулька зрабіўся баронам Мюнхгаўзэнам. Толькі той выцягваў сябе за валасы з багны, а гэты апусціў сам сябе за ногі ў вялікае гістарычнае дзярмо.

Тэгі:

Dec 12

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

да 17 сьнежня ўключна можна падпісацца на кнігу і атрымаць яе са зьніжкай 40%! падрабязнасьці ТУТ
labadzenka-250n
У Менску выйшла ўнікальная кніга Рыгора Барадуліна “Лепей”, да якой меў шчасьце крыху спрычыніцца.

Гэта зборнік рукапісаў паэта, складзены зь яго нататнікаў. У кнізе няма ніводнай друкаванай літары, усё напісана класікам ад рукі. Нават нумары старонак, зьмест і выходныя дадзеныя. Кніга ідзе не самотна, а цэлым падарункавым камплектам у ладным чахле. Да яе прыкладаецца набор прыватных здымкаў паэта ў канверце, кожнае фота падпісанае ім на адвароце. Некалькі здымкаў мамы паэта ніколі раней не друкаваліся — яны падпісаныя самой Кулінай Андрэеўнай. Скажам, здымак, дзе мама стаіць зь сяброўкай у вушацкім фотаатэлье ды аўтограф: “дарагому сынку ат дьвюх падружак толкі падружка трошку мордачку скрывіла”. Альбо самы ўнікальны здымак набора — бацька паэта Іван Рыгоравіч. Ён загінуў на вайне, і дасюль было вядомае ці не адно-адзінае ягонае фота. А тут — такая знаходка!

Натуральна, што прачытаць цэлую кнігу рукапісаў ня кожнаму будзе адразу лёгка, таму да кнігі ідзе падарункам аўдыёдыск, дзе ўсе 103 вершы бліскуча чытае народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Што да вершаў, то самы раньні датаваны 1952-м годам і падпісаны псэўданімам “Алесь Чабор”. Завяршае кнігу верш, напісаны ў верасьні 2013 году. Дзе яшчэ такое пабачыш — рукапісныя вершы за 61 год (!).

Форму кнігі падказаў сам почырк Барадуліна, які даўно стаў графічным брэндам. Гэта як беларускія руны. Нават той, хто не да донца даўмеецца сэнс, адчуе, што тут ёсьць нешта важнае і галоўнае.

Тое, што Барадулін не баіцца апынуцца голым перад чытачом, стала ясна пасля выхаду кнігі “Паслаў бы табе душу” — перапіскі паэта з мамай. Там чытач дазнаўся, што малады, акрылены паэт не заўсёды пачэсна абыходзіўся з мамай, якой прысьвяціў потым палову сваёй творчасьці… Далёка не заўсёды ўпапад адказваў на маміны лісты ды прыходзіў на вакзал атрымліваць кранальныя перадачы з дому. Прызнацца ва ўсім гэтым — вялікая мужнасьць Барадуліна.

У гэтай кнізе паэт аголены ад першай да апошняй старонкі. Ці ня сьмелы крок — паказаць чытачу ня выпеставаныя чыставыя вершы, а накіды, крэсьленьні, перапісваньні, пошукі?.. Добра відаць, як аўтар шукае патрэбнае слова ці вобраз, ажно пакуль яго самога не задаволіць вынік.

Што было найвялікшым адкрыцьцём падчас працы з нататнікамі Барадуліна? Раптоўнае разуменьне, наколькі дзядзька Рыгор розны — і шчыры ў гэтай рознасьці — на суседніх старонках. Вось вам вершаванае перастварэньне малітвы “Ойча наш…”, а вось — цераз пару старонак — зацемка пра пеўня, які “хоць худы, ды ёбкі” (аўтар сам не ставіць тут шматкроп’я). Вось верш “Пусьці ў душу Хрыста…”, а сьледам — “Паганскія багі”…

Гэтую рознасьць Барадуліна можна назваць коратка: ад “Здубавецьця” (кнігі моцных народных прыбабунек) да “Кстоў” (кніга духоўных вершаў). Цяжка прыгадаць іншага аўтара, чые далягляды творчасьці былі б настолькі шырокія!

Дык вось, сябры, увесь апісаны вышэй цуд ужо зьявіўся ў кнігарнях — і кожны з вас можа стаць ягоным шчасьлівым уладальнікам!

Нашто вам кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна? Не, ня толькі як зборнік вершаў або цікавы сувенір. У наш час усё, ажно да паэзіі, чытаецца па дыяганалі. Тут такі нумар ня пройдзе! Хоць почырк дзядзькі Рыгора і ня самы “лекарскі”, аднак з наскоку ня ўсё прачытаеш. Чытаць Барадуліна нясьпешна, асэнсоўваючы — вось да чаго штурхае гэты зборнік.

Што такое “Лепей”? Гэтак назваў свой самы сьвежы нататнік сам Рыгор Барадулін. Там думкі паэта селяцца і цяпер, калі вы чытаеце гэты допіс. Назва для такой кнігі — лепей няма. Пачынаеш чытаць — а з кожнай старонкай усё лепей, лепей і лепей…

P.S. Знайсьці кнігу можна ў кнігарнях “Кніжны салон” (Калініна, 5) “Акадэмкніга” (Незалежнасьці, 72), “Логвінаў” (Незалежнасьці, 37а). А калі з дастаўкай, то на сайтах prastora.by ды imbryk.by.

Апроч таго, запрашаю ўсіх на новаствораны афіцыйны сайт Рыгора Барадуліна — baradulin.by!

Тэгі: ,

Dec 10

― Захапленне цмокамі ў мяне здаўна, ― кажа спадарыня Ірына. ― Магчыма, часткова праз тое, што я - Цмок паводле гараскопу. Калекцыя пачала збірацца натуральным чынам, а яе “ветэран” з’явіўся ў мяне яшчэ ў падлеткавым узросце.

― Гэта цмок-бірулька для ключоў. Цяпер, праўда, на службе яго змяніў больш маладзейшы калега.

далей чытайце ТУТ

Тэгі: ,

Dec 06
  • Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, для TUT.BY

Татьяна Щитцова. Фото: Глеб Лободенко для TUT.BY

Кім становяцца выпускнікі філасофскага факультэта? Філосафамі? Адзін з сотні! Як непрыгожыя будынкі ў Мінску звязаныя з заняпадам гуманітарных навук? Чаму філосаф Кіркегор можа далучыць Беларусь да агульнаеўрапейскага філасофскага кантэксту?

12 снежня (чацвер) а 18.30 прафесар філасофіі Таццяна Шчытцова прачытае публічную лекцыю “Экзістэнцыя ў сістэме каардынат мадэрну: да 200-годдзя ад нараджэння Сёрэна Кіркегора”. Лекцыя адбудзецца ў межах цыклу “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) Лятучага Універсітэта. Напярэдадні лекцыі – гутарка з Таццянай Шчытцовай.

Открыть/cкачать видео (10.84 МБ)

“Настаўніцай Сакрата была жанчына-філосаф”

- Спадарыня Таццяна, даводзілася чуць ад беларускіх філосафаў шавіністычную тэзу, што жанчына-філосаф – дзіва дзіўнае. Маўляў, назавіце хаця б дзясятак! Вы – прафесарка філасофіі. Як лічыце, гендар мае тут значэнне?

 

Таццяна Шчытцова: Вядома, мае! Меркаванне, якое вам даводзілася чуць – даволі прадказальнае. Але жалезны аргумент, які тут нібыта ёсць, напраўду – калос на гліняных нагах. Яго лёгка раструшчыць, разабраўшы сацыяльныя ўмовы, у якіх фармавалася і развівалася філасофія цягам доўгіх стагоддзяў. А ўмовы былі такія, што мажлівасці да ўдзелу жанчын у працэсе фармавання філасофскага этасу раўняліся практычну нулю. Хоць былі і выключэнні. Скажам, Дыяціма, якая вучыла Сакрата(усміхаецца)…
Чытаць далей »
Тэгі:

Nov 28

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Апошнімі днямі закранулі дзве рэчы.

labadzenka-250nПершая — дом Багдановіча. Вы, пэўна, бачылі фотаздымкі гэтай красаты. Кароткая перадгісторыя такая. Максім Багдановіч нарадзіўся ў Менску. Той дом стаяў у двары сёньняшняга гастранома “Траецкі” на рагу вуліц Старажоўская і Багдановіча. Дом, як пішуць у такіх выпадках савецкія дасьледчыкі, “быў страчаны”. Ад яго захаваліся падмуркі. Якія былі знішчаныя ў часе будаўніцтва пляўка ў душу менчукоў — “Дома Чыжа” над Траецкім прадмесьцем. Грамадзкасьць стала шумець.

На гэта кампанія “Трайпл” адрэагавала узорна-дыпляматычна: прызнала памылку і паабяцала аднавіць дом Багдановіча. Што было нават зацьверджана дакумэнтальна так званым Міністэрствам культуры. І вось цяпер усе ўбачылі “адноўлены дом Багдановіча” — як трапна напісаў Міхась Скобла, “будку Багдановіча”. Выйшла крэатыўна — у самым горшым сэнсе гэтага слова.

Пытаньне тут у іншым. На этапе “грамадзкай бучы” некаторыя людзі паверылі кампаніі “Трайпл” і нават зрабіліся іхнымі хаўрусьнікамі і абаронцамі. Давалі інтэрвію прэсе: так, падмуркі грохнулі, але нічога страшнага, затое — ого-го! — дом адновяць! Я дапускаю, што тыя людзі паверылі ў намеры “Трайпла” абсалютна шчыра. А зь іх, фактычна, насьмяяліся. Выставілі іх каласальнымі дурнямі.

Другі выпадак, які закрануў — Курапаты. На паседжаньні навукова-метадычнай здрады, даруйце, рады Міністэрства культуры рукамі яшчэ ўчора прыстойных людзей быў узаконены “Бульбаш-хол”. Бо ахоўная зона Курапатаў з боку бульбаш-хола была зьменшаная ўдвая: з 100 мэтраў да 50. 50 — гэта роўненька да плоту бульбаш-хола.

І вось ува ўласьнікаў бульбаш-хола зьяўляюцца абаронцы з шэрагаў грамадзкасьці. Якія з фэнаменальным імпэтам даводзяць, што “нічога страшнага”. Афіцыйную вэрсыю прыдумалі праўдападобную — зьменшылі, бо там ідзе водавод, які сілкуе частку Менску пітной вадой.

Верагодна, што гэта сапраўды так. Пытанне стаяла ў іншым: хоць бы сімвалічна падпаліць хвост бульбаш-холу. Каб паказаць, што ня ўсё можна тварыць нават у сітуацыі неправавой дзяржавы. Бо паводле існай ахоўнай зоны, 4 невялікія пабудовы падлягалі зносу, бо былі ўзьведзеныя незаконна ў гэтай самай ахоўнай зоне.

Чальцы навукова-метадычнай здрады ці самі дурачкі, ці нас трымаюць за дурачкоў. Вадаводы, пітная вада… Хлопцы, ды каню панятна, чаму менавіта цяпер і менавіта з таго боку была зьменшаная гэтая ахоўная зона.

Вядома, біць самога сябе па пысе — няўдзячная справа. Спачатку вы дазваляеце будаваць частку бульбаш-хола ў ахоўнай зоне. Не выключаю, што нехта з вас нават пагрэўся на гэтым дазволе. А цяпер вы самі прымусіце іх зруйнаваць тыя некалькі дамочкаў?.. Ну гэта ж будзе неяк “не па-паняціях”!

Будучыя наведнікі бульбаш-хола — да іх таксама ёсьць пытаньні. Ня менш, чым да тых, хто яго будуе. Калі для вас будуюць дыскатэку каля самых страшных беларускіх могілак — а вы ідзяце туды танчыць і блядаваць, то вы маральныя вырадкі. “Мы ня зналі” ўжо ня скажаш — занадта шырока разьнеслася гэтая інфармацыя па інтэрнэце.

Я зь дзівам пазіраю і на прэкрасный катэджный пасёлак Солнечный каля самых Курапатаў. Якія сны будуць сьніцца ягоным жыхарам?.. У якой аўры будуць гуляць у пясочніцах іхныя дзеткі?..

Хоць не выключаю і іншага варыянта развіцьця падзеяў. Аднойчы чуў у тралейбусе размову двох цётачак. Адной зь іх, відавочна, “далі кварціру” насупраць Кальварыйскіх могілак. І яна ўсяляк нахвальвала каляжанцы тую кварціру, а ў канцы зазначыла: “Толькі із акна кладзьбішча відна, нада яго куда-нябудзь перанясьці”. Можа, у некага ўжо пасяляюцца думкі “перанясьці” Курапаты?..

Гэтыя прыклады сьведчаць, што не бывае так — і вашым, і нашым. Вы паверылі, што вам адбудуюць дом Багдановіча — а аб вас выцерлі ногі, зрабілі вас ідыётамі. Вы бароніце ўласьнікаў бульбаш-хола — а яны задаволена пасьміхаюцца, што “пранясло”. Што ўсё пучком, можна галівудзіць паводле плану.

Я гутарыў зь некаторымі сябрамі рады, чыноўнікамі Міністэрства культуры. Ведаеце, як яны апраўдваюцца? Сыдзем мы — прыдуць яшчэ горшыя. Мы робім усё, што можам. Але інвестары, высокія чыны ціснуць… Мы робім хоць нешта, бо гэта лепей, чым не рабіць нічога. Хлопцы, калі пры вашым удзеле і за вашымі подпісамі зьдзяйсьняецца злачынства, у тым ліку і маральнае злачынства, вашыя душэўныя пакуты і сьветлыя памкненьні ў разьлік прымацца ня будуць.

Зачараваньне тым, што “власьцьімушчые” вядуць з табою перамовы, ціснуць табе руку, ляпаюць цябе па плячы — прыцягвае некаторых людзей, як магніцік да лядоўні. Але некаторыя магніцікі з часам перастаюць падабацца і ідуць у сьметніцу.

Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/opinion/2013/11/28/ic_articles_410_183791/

Тэгі:

Nov 21

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

labadzenka-250nЗноўку натрапіў у інтэрнэце на абмеркаваньне “брэнду Менска”. Думаю, як і вам, гэта ўжо набіла добрую аскоміну. Думаю, як і вам, сінія мазаічныя лініі і “сынк мінск” выклікае нэрвовую ўсьмешку.

Аднак, назіраючы нястомныя пошукі Мінсельсавета ўвасобіць мой родны горад у брэндзе, не магу заставацца ў баку. Маю дзьве прапановы.

Першая. Прапаную брэндам Менска зрабіць аўтазак. Гэта будзе справядліва. Аўтазак у нас і на мітынгах, і на сьвятах, і нават на масавых коўзаньнях на каньках. Яго добра ведаюць жыхары і госьці сталіцы. Яго можна штодня з нагоды і без нагоды пабачыць на менскіх вуліцах.

Выгодаў – не зьлічыць! Ня трэба будзе раскашэльвацца на бігборды – ён сам памерам з бігборд, яшчэ і перасоўны. Ня трэба рэклямаваць – аўтазаку рэкляма без патрэбы! Ня трэба плаціць дызайнэрам, яшчэ і з самога Ландыну!

Аўтазак можна намаляваць на паштоўцы – і напісаць побач, як у нас любяць, у старынным сьцілі: “ПріветЪ ізЪ Мінска!”. Можна вырабіць як магніцік на лядоўню (кажуць, ужо нехта нават вырабіў). Можна зрабіць яго пазлам для турыстаў: зьбяры пазл – і пераначуй задарма на Акрэсьціна.

Можна нават здаць на мэталалом той трыццацігадовы чырвоны даблдэкер, які практычна пусты намотвае кругі па горадзе-героі. І вазіць рэдкіх дарагіх турыстаў у аўтазаку. Разам з ідэяй перарабіць Валадарку на гатэль – шык!
Думаю, будучыя хакейныя фанаты, якія панаедуць на Чэмпіянат-2014, ад такіх экскурсіяў у перапынках між матчамі будуць сікацца кіпнем!

Калі вы скажаце, што аўтазак – гэта жэстачайшэ, тады я маю другую прапанову.

Прапаную брэндам Менска зрабіць гасьцініцу “Кемпінскі”, што дабудоўваецца каля цырка.

Гэта – чуда, а не зданіе. У дзярэўні, гдзе вырасьлі нашыя чыноўнікі, такіх відавочна не было. Таму адмовіцца ад падобнай ідэі, верагодна, не было і думак. Пляваць, што для гэтага давялося ўшчэнт спаскудзіць праспект, панараму, дзіцячы парк і цэнтр горада ў цэлым.

Чуда яшчэ і таму, што яно ў праекце мела 4 паверхі, а на справе атрымалася 9. Во тэхналогіі пайшлі!

“Кемпінскі” – сімвал перамогі сьветлай будучыні над гнілым мінулым. Дзеля яго будовы зьнішчылі першую і адзіную захаваную ў Менску электрастанцыю – помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Хачу пайменна нагадаць 4 чалавек, якія паставілі свае подпісы ў дакуменце пра яезьнішчэньне (маю копію): “мэр” Менска Мікалай Ладуцька (працуе), тагачасны галоўны архітэктар Віктар Нікіцін (звольнены), начальнік упраўленьня па “ахове” спадчыны Мінкульта Ігар Чарняўскі (працуе), тагачасны намесьнік міністра культуры Віктар Кураш (звольнены). Інвестары прымусілі, на вас націснулі? Герастратамі перад нашчадкамі застанецеся вы, хлопцы, а не інвестары.

…Гэтым летам я ўпершыню пабыў у Стамбуле. Уразіла адна дэталь. Непадалёк ад цэнтра горада цяпер ідзе маштабны разбор будынкаў уздоўж вуліцы. Гід патлумачыў: у 1980-х гадах было бязладдзе, чыноўнікі за хабар дазвалялі будаваць абы-што і абы-дзе. Цяпер усе тыя рашэньні адным махам прызнаныя незаконнымі, будынкі разьбіраюцца, гаспадароў высяляюць у стамбульскія шабаны. Гэта так, прывет з будучыні гаспадарам “Кемпінскага”.

Што да брэнду Менска, сябры, які варыянт падтрымліваеце?.. Аўтазак ці “Кемпінскі”? Нам трэба сьпяшацца, бо Чэмпіянат хутка, і бяз брэнду ніяк – што людзі падумаюць?!

Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/opinion/2013/11/21/ic_articles_410_183717/

Тэгі:

Nov 10

перадрук з cmok.budzma.org

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота, відэа Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

 

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

cmok-pomnik (59)

Адкрыццё першага і пакуль адзінага ў Беларусі помніка Цмоку было прызначана на суботу, 9 лістапада.

cmok-pomnik (6)
Чытаць далей »

Тэгі: ,