it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 08

Паэт лічыць, што сам даў наводку злачынцам, а міліцыя не можа знайсці сляды

23 сакавіка паэт Сяргей Панізьнік прыйшоў на сваю "Аўтастаянку гаражнага тыпу №49" (так афіцыйна называецца гаражны масіў) па вуліцы Гурскага, каб заплаціць за 4 месяцы наперад — перад адлётам да дачкі ў Канаду. Заплаціў, пракаціўся па навакольных вуліцах на сваім 25-гадовым "Мерседэсе", каб праверыць спраўнасць аўто, зняў клему з акумулятара — і са спакойнай душой адляцеў.

Цяпер у апусцелым гаражы паэт захоўвае старыя часопісы і газеты...

— Пазней ужо я скумекаў, што фактычна сам даў наводку — ускосна паказаў, што мяне не будзе некалькі месяцаў, да таго ж прадэманстраваў, што беленькі "Мерседэс" добра ездзіць... — сумуе спадар Сяргей. Чытаць далей »

Тэгі:

Oct 08

Спецыяльны карэспандэнт Глеб ЛАБАДЗЕНКА павячэраў у Берліне з апошнім міністрам замежных спраў ГДР і распытаў у мэра Ляйпцыга, чаму ў 1989 годзе салдаты і паліцыя не сталі спыняць дэманстрантаў

"Калі ў тваёй краіне наступае гістарычны момант — ты мусіш рызыкаваць"

У гэтыя дні Германія святкуе 20 гадоў аб'яднання ФРГ і ГДР. Па запрашэнні ўрада Германіі я правёў тыдзень у Берліне, Патсдаме і Ляйпцыгу, каб падрабязней даведацца пра падзеі 20-гадовай даўніны. Адна з сустрэч праходзіла за вячэраю. Госцем быў легендарны чалавек — Маркус Мекель, апошні міністр замежных спраў ГДР.

— Я не заўсёды быў палітыкам, — распавядае спадар Мекель. — Да 1989 года я служыў евангелісцкім пастарам, потым кіраваў экуменічным адукацыйным цэнтрам пад Магдэбургам. Але калі ў тваёй краіне наступае гістарычны момант — ты павінен слухаць сваё сэрца, сваю генетычную памяць. Неабходна рызыкаваць, бо ведаеш, што, калі ўдасца нешта змяніць, — гэта будзе гістарычны паварот. У руху апазіцыі я браў удзел яшчэ з 1970-х гадоў. Гэта не сакрэт, што ў камуністычнай ГДР храмы былі ці не адзіным месцам, дзе людзі маглі збірацца і абмяркоўваць сітуацыю, думаць пра будучыню і спадзявацца. Таму ў пэўны час я вырашыў ісці ў палітыку, быў адным з ініцыятараў стварэння сацыял-дэмакратычнай партыі ў ГДР, потым быў яе другім спікерам, намеснікам старшыні, старшынёй. Калі рухнуў берлінскі мур, у ГДР адбыліся першыя свабодныя выбары. Яны мелі, хутчэй, фармальны характар: ужо было вырашана, што Германія аб'яднаецца, стане адной дзяржавай. Аднак для гэтага трэба мець часовы легітымны ўрад — каб ураду ФРГ было з кім дамаўляцца і падпісваць дакументы. Таму ў красавіку 1990 года прайшлі выбары — і я стаў міністрам замежных спраў ГДР. На шчасце, апошнім міністрам. Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Oct 05

3 кастрычніка споўнілася 20 гадоў аб'яднання Германіі. З нагоды круглай даты ўрад Германіі запрасіў у прэс-тур журналістаў з 13 краін: Аргенціны, Грузіі, ЗША, Македоніі, Партугаліі, Італіі, Японіі, Пакістана, Гватэмалы, Казахстана, Сербіі і Паўднёвай Карэі. Ад Беларусі быў запрошаны карэспандэнт "Звязды".

Ведаеце, якая паралель не пакідала мяне гэты тыдзень? Заходняя і Усходняя Беларусь. Аднойчы мне давялося рабіць такі рэпартаж — наведаць дзве суседнія вёскі: Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна і Баравое Дзяржынскага. Да 17 верасня 1939 года першая знаходзілася ў Польшчы, другая — ў Савецкім саюзе. Сапраўдным адкрыццём для мяне стала, што тая мяжа застаецца ў свядомасці старэйшых людзей і цяпер. У размове яны называлі адно аднаго "палякі" і "савецкія", згадвалі мінулыя грахі, даводзілі сваю рацыю, пераконвалі, каму тады жылося лепш. Але з 1939 года мінула семдзесят гадоў, а Германія аб'ядналася толькі 20 гадоў таму. Таму турбота немцаў — што за гэты час розніцу так і не ўдалося пераадолець дарэшты — дарэмная. 20 гадоў — мізэрны прамежак для гісторыі.

У Германіі мы наведвалі розныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, размаўлялі з чыноўнікамі і актывістамі, сведкамі і ўдзельнікамі гістарычных падзей 1989—1990 гадоў. Арганізатары бліскуча склалі праграму, якая паказала ўсё з самых розных ракурсаў.

Для пачатку коратка нагадаю сутнасць справы. Пасля Другой сусветнай вайны Германія засталася падзеленай на дзве часткі: пракамуністычную ўсходнюю ГДР (якая кантралявалася Савецкім саюзам) і заходнюю ФРГ (якая кантралявалася Амерыкай, Францыяй і Вялікабрытаніяй). За гады існавання мяжы пры спробе ўцячы з Усходу на Захад памежнікі забілі, па афіцыйных звестках, 1068 чалавек, па неафіцыйных — як мінімум удвая болей. Камуністы давялі ГДР да ручкі: у 1989 годзе, калі рухнула Берлінская сцяна, прыбытак грамадзян ГДР складаў 30% ад прыбытку грамадзян ФРГ. Пасля аб'яднання быў падпісаны Пакт Салідарнасці, пасля яшчэ адзін — паводле якіх да 2019 года ФРГ датуе эканоміку былой ГДР, падымаючы яе да прыстойнага ўзроўню (за кошт кожнага грамадзяніна — "падатак салідарнасці" складае 5,5% ад падаходнага падатку). На цяперашні момант прыбытак былых "усходнікаў" павялічыўся да 75-80% ад прыбытку "заходнікаў". Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Sep 23

Яўген Валошын, "Звязда"

Мая пляменніца Сафія навучаецца ў другім класе добрай гімназіі. Як пачаўся навучальны год, прыйшоў да маленькай дзяўчынкі з інспекцыяй: як жыццё, што ў школе?

На сцяне ў дзіцячым пакоі вісіць расклад урокаў. Пільна праглядаю яго і бачу: урокаў рускай мовы за тыдзень — тры, беларускай — два. Пытаюся ў сястры, што гэта азначае? Адказвае, што нейкім чынам памянялі навучальную праграму, і беларускай мовы стала менш...

У 1993 годзе бацькі аддалі мяне ў беларускамоўны клас звычайнай сярэдняй школы. Усе ўрокі — у тым ліку і матэматыка, і выяўленчае мастацтва, і фізкультура — выкладаліся па-беларуску. Пры гэтым настаўніца, Людміла Міхайлаўна, была вельмі таленавітым і адказным чалавекам. Вучыла яна добра, а не як Бог на душу пакладзе. Закладзеныя ў дзіцячую псіхіку патрыятычныя асновы раскрыліся пазней, калі я навучаўся ўжо ў рускамоўных класах, але цвёрда ведаў — што важнае ў гэтым жыцці, а што другараднае. У выніку тыя чатыры пачатковыя класы ў самай звычайнай пачатковай школе зрабілі з мяне чалавека — я скончыў ліцэй Белдзяржуніверсітэта і потым аднайменны ўніверсітэт.

І вось я сёння спрыяю развіццю роднай мовы, сам ёй карыстаюся, пішу ў газету, а на гімназічным раскладзе маёй пляменніцы ў гэты ж час бачу тры ўрокі рускай мовы і два — беларускай. Чытаць далей »

Тэгі:

Sep 23


У славутай келлі Еўфрасінні Полацкай у Полацку, калі добра прыгледзецца, можна пабачыць на сценках сапраўднае графіці XVII стагоддзя – так у свой час пазабавіліся навучэнцы Полацкага езуіцкага калегіюма. Кшталту “Тут быў Вася” тысяча шэсцьсот нейкага там года. Калі я прыехаў у Барселону, мне страшна зачасалася надрапаць дзе-небудзь нешта падобнае – так доўга я марыў патрапіць сюды. Падумаўшы, я выбраў газетную старонку.

Дзве парады перад тым, як вы пойдзеце есці паэлью

Вы ведаеце, што такое паэлья? Калі не, то захочаце даведацца ў першы ж вечар у Барселоне. Будзьце асцярожныя па дзвюх прычынах. Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Sep 14

Некалі сучаснікі сказалі пра французскага паэта Стэфана Малармэ: "Перакладаць яго з французскай? Ды вы спачатку перакладзіце з ягонай мовы на французскую!" Пра тое, як перакласці мастацтва Сальвадора Далі на газетную мову, я думаю, гледзячы за акно электрычкі, якая імчыць мяне з хуткасцю 150 кіламетраў за гадзіну з Барселоны ў родны горад Далі — Фігерас.

"У шэсць гадоў я хацеў стаць кухаркай,
у сем — Напалеонам
"

Сальвадор Далі нарадзіўся ў Фігерасе ў 1904 годзе. З дзяцінства хлопчык адрозніваўся ад астатніх. Пазней мастак пачне свой літаратурны дзённік "Маё таемнае жыццё" згадкай: "У шэсць гадоў я хацеў стаць кухаркай, у сем — Напалеонам". Свае іншыя ўспаміны Далі назаве проста — "Дзённік генія". Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Sep 10


Паводле легенды, менавіта 7 чэрвеня 1926 года ў Барселоне быў пушчаны першы трамвай. Ярка-чырвоны вагон паехаў па рэйках на здзіву і забаву паспалітаму люду. У гэты ж дзень на скрыжаванні Гран Вія і Байлен пад трамвай патрапіў невядомы стары жабрак. Небараку завезлі ў новую лякарню Святога Крыжа, дзе ён і памёр неўзабаве, не прыходзячы ў прытомнасць. Старога ўжо збіраліся пахаваць у агульнай магіле, як раптам адная жанчына ўскрыкнула: “Госпадзі, дык гэта ж Антоніа Гаудзі!”

Сёння асоба архітэктара Антоніа Гаудзі і ягоныя творы прыцягваюць у Барселону каля 20 мільёнаў турыстаў штогод. Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Aug 30

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы ўнікальны па многіх прычынах. Гэта — першы на тэрыторыі Усходняй Еўропы храм у стылі барока (збудаваны на замову Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі італьянскім архітэктарам Джавані Марыя Бернардоні ў 1593 годзе). Тут — трэцяя па велічыні крыпта-пахавальня ў Еўропе. І пахавальня гэтая не абы-каго, а саміх князёў Радзівілаў на чале з вялікім Сіроткам, які і збудаваў касцёл разам з замкам. Паглядзець на гэтыя помнікі архітэктуры ў Нясвіж штогод прыязджае каля 100 тысяч турыстаў. І гэта — з улікам таго, што замак зараз рэстаўруецца, і можна пабачыць з сярэдзіны толькі невялікую ягоную частку. Распачалося ўжо і аднаўленне касцёла Божага Цела. Пра ўсё гэта мы гутарым з шаноўным ксяндзом-пробашчам Пятром ШАРКО.

"Я спадзяюся,
што пры аднаўленні касцёла будуць зважаць на якасць,
а не на тэрміны засваення сродкаў"

— У прэсе прайшла інфармацыя, што зараз пачынаецца аднаўленне касцёла. На якой стадыі гэтая праца знаходзіцца?

— Аднаўленне касцёла распачалося з самага пачатку года, з таго часу, калі былі выдаткаваныя сродкі з рэспубліканскага фонду, а менавіта з Міністэрства культуры — адзін мільярд беларускіх рублёў, і з абласнога бюджэту — таксама адзін мільярд беларускіх рублёў. Цяпер ідуць гістарычныя і інжынерныя даследаванні гэтага будынка, робіцца праектна-каштарысная дакументацыя: што менавіта патрабуе рэстаўрацыі, колькі гэта будзе каштаваць. Ад верасня плануецца распачаць капітальны рамонт даху. У 1944 годзе дах быў пашкоджаны пажарам ад бомбы і цалкам згарэў. І ў першапачатковы выгляд ён не вярнуўся, хоць ксёндз Каласоўскі, геніяльны чалавек, які вельмі шмат зрабіў для гэтага храма, вельмі ўдала тады затушыў пажар: не быў заліты будынак і фрэскі. У адрозненне ад нядаўняга пажару ў замку: там пры непрафесійным тушэнні шмат што пашкодзілі... Чытаць далей »

Тэгі:

Aug 30
Карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА спрабаваў заасфальтаваць дарогу 2000 дачнікам у Стаўбцоўскім раёне

У рэдакцыю прыйшоў ліст, перапоўнены болем. Пішуць дачнікі з садовых таварыстваў у Стаўбцоўскім раёне, непадалёк ад станцыі "Коласава". Праблема такая: маем лецішчы тут ужо больш за 20 гадоў, а ад трасы да садовых кааператываў вядзе такая раздзяўбаная гравейка, што машыну рамантуй хоць кожны тыдзень. Пад лістом — дзясяткі подпісаў. Каб спраўдзіць, ці не жарт гэта, мы патэлефанавалі аднаму з падпісантаў — дачніку з таварыства "Квант" Ігару КРЭБСУ.


— Так, гэты ліст — крык нашай душы! — пацвердзіў спадар Крэбс. — Няхай гэтыя дарожнікі, якія кажуць, што дарога ў добрым стане, аплоцяць мне рэгулярныя рамонты машыны — то стойкі стабілізатараў, то амартызатар — увогуле, уся падвеска за лета разбіваецца на гэтай дарозе. І ў мяне яшчэ машына не вельмі дарагая. О, як я спачуваю тым, хто мае машыны за 20-30 тысяч долараў!.. Колькі разоў мы звярталіся ў дарожнае ўпраўленне гэтае!.. Яны кажуць: мы раз на тыдзень грэйдарам раўняем. Няма гэтага! Калі раз на месяц — і тое добра!.. Астатні час ездзім, быццам нелюдзі! А тут, каля Коласава, між іншым, маюць лецішчы артысты, архітэктар, горадабудаўнікі, чыноўнікі, вядомыя лекары, матэматыкі, выкладчыкі — заслужаныя і паважаныя людзі!..

Расчулены гэтай размовай, я з рэдакцыі адразу накіраваўся ў Стоўбцы. Знарок — праз згаданую дарогу. Страх! Ехаў з хуткасцю 10 кіламетраў за гадзіну! ...У прыёмнай выканкама пытаюся: хто тут у вас адказны за гэты жах, які называецца дарогаю Коласава—Бярозаўка—Засулле? Накіроўваюць да намесніка старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Валерыя ФРАНЦКЕВІЧА. Чытаць далей »

Тэгі:

Aug 27

А некаторыя — пра сябе ці сваю родную мясціну

У нумары ад 17 ліпеня мы перадалі заклік міністра культуры Паўла Латушкі: шаноўныя
чытачы, падказвайце ідэі для дакументальных фільмаў! На што,
а на ідэі нашы людзі багатыя. Бяры — ды здымай толькі!..
Вера Віктараўна Крачко з пасёлка Магілеўцы Пружанскага раёна 52 гады адпрацавала ў школе. Піша, што добра было б зняць дакументальныя фільмы пра Вялікіх князёў Літоўскіх — а то імёны мы ведаем, а адрозніць аднаго ад другога можам не заўсёды... Таксама Вера Віктараўна просіць дакументалістаў разабрацца нарэшце ў асобе Мураўёва-вешальніка: ці быў ён напраўду такім вялікім злачынцам, ці нагаворваюць? Пералічвае Вера Віктараўна і нашых сучаснікаў, пра якіх было б цікава даведацца больш: Міхаіла Фінберга, Янку Сіпакова, Міхаіла Савіцкага... Агульная заўвага чытачкі — мала праграм на тэлебачанні скіравана на моладзь. І старэйшае пакаленне не можа даведацца, чым займаецца сённяшняя моладзь, якія мае захапленні і таленты... Замест гэтага, скардзіцца Вера Віктараўна, можна пабачыць "ток-шоу кшталту "Жыву з метрасэксуалам"... Чытаць далей »

Тэгі: