it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 25


Сяргей КЛІМАЎ прызначаны дырэктарам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” тры месяцы таму. Мы адмыслова не звярталіся да яго па інтэрв’ю раней, любому кіраўніку патрэбна даць сімвалічныя “сто дзён”, каб ён разабраўся ў справах і быў гатовы адказваць на пытанні.

Папярэдняя праца Сяргей Клімава – два гады дырэктарства ў Музеі гісторыі Магілёва. Раней – універсітэты, камерцыйныя фірмы, іншыя музеі. Агулам – трынаццаць месцаў працы за трыццаць адзін год. Сяргею Клімаву 48 гадоў.

Новы дырэктар шчыра прызнаецца, што ён прыехаў у Нясвіж як менеджар, што ў яго няма мэты вывучыць генеалогію Радзівілаў і гісторыю Нясвіжскага замка. Прынамсі, пакуль ён гэта бок ведае слаба.

У ягонай характарыстыцы значыцца, што ён валодае польскай і нямецкай мовай. А ці валодае беларускай? На пытанні “Звязды”, зададзеныя па-беларуску, Сяргей Клімаў адказваў па-руску.

“Я знаёмы з Занусі, падоўгу жыў на ягонай віле”

-- Спадар Сяргей, вы хацелі працаваць на гэтай пасадзе ці вас сюды прызначылі?

-- Перадгісторыя такая, што яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў мне хацелася працаваць у музеі і хацелася з’ехаць з Магілёва. У мяне быў роздум: я ведаў, што ў Нясвіжы і Мсціславе няма музея. Я доўга вагаўся, але тады выбраў Мсціслаў… Цяпер, шчыра кажучы, была нечаканай інфармацыя, што тут змяняецца дырэктар. Я падаў дакументы. Скажу шчыра, гэта была рэкамендацыя Міністэрства культуры. Я ў Беларусі мала жыў апошні час, жыў у Польшчы, пісаў там дысертацыю. Потым з’ехаў у Санкт-Пецярбург, працаваў у бізнэсе. Моцна не цікавіўся гэтым. Для мяне нечакана, што такія маштабныя праекты сталі рэалізоўвацца ў Беларусі. Чытаць далей »

Тэгі: ,

Feb 19

У гэтым матэрыяле Gazety.pl мяне зацікавіла ня тэма. А тое, што гэта найпапулярнейшае ў Польшчы інтэрнэт-выданьне паставіла яго галоўнай навіной на сайце! І яшчэ -- чыста па-журналісцку -- наколькі прафэсыйна зробленая і пакручаная такая, здавася б, сцёбная тэма. Вучыцеся, ксенафонты суперфасфатавы!..

Трохі цішэй, дзетка. Альбо сэкс ў панэльным доме

Аляксандра Казлоўская, Gazeta.pl
2011/02/18

- Гэта другая такая ананімная цыдулка. Нехта кідае мне ў паштовую скрыню, - Том, прыгожы 30-гадовы мужчына, паказвае картку, на якой нехта напісаў: "Мы стаміліся ад вашых сэксуальных празмернасцяў. Нагадваем, што каменданцкая гадзіна ад 22 да 06".

Том жыве ў 8-павярховым блочным доме на гданьскім Узмор’і. З месяц мае новую дзяўчыну.
- Ну, на самой справе часта займаемся каханнем, - прызнаецца з усмешкай. - Але гэта не оргіі, нармальныя палавыя адносіны паміж двума палюбоўнікамі. Можа быць, атрымліваецца трохі гучна, але дзе - калі не ў сваёй уласнай хаце – людзі могуць мець крыху свабоды? Чытаць далей »

Тэгі:

Feb 18

Адная з вядучых акцёрак Купалаўскага тэатра за пару гадзін да нараджэння дзіцяці ўратавала дарослага сабаку з прытулка

"Аднойчы захацелася кавуна, але вырашыла не есці гэтую гадасць!"

— Ганна, вы моцна капрызілі падчас цяжарнасці?

— Ведаеце, абсаютна не. Адзін раз гэтай зімой мне захацелася кавуна. Я проста пабачыла па тэлевізары кавун і ўзвыла! Але я не настолькі ідыётка, каб есці гэтую гадасць, каб шкодзіць дзіцёнку. Я нават памятаю, што Сярожка (<І>муж Ганны акцёр Сяргей Рудэня. — Аўт.) прынёс мне трускалкі. Я спытала: "А навошта?.. Гэта ж дорага!" У мяне нейкія кліны былі з серыі "салодкая гарбата і бутэрброд з селядцом". Але так, каб я кудысьці ганяла мужа і крычала "вой, хачу, паміраю!" — такога не бывала. Была, праўда, такая асаблівасць: Чытаць далей »

Тэгі:

Feb 18

Работу класіка літоўскага мастацтва Адомаса Варнаса "Каранацыя Міндоўга" можна пабачыць да 17 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Дзень узнаўлення Літоўскай Дзяржавы амбасада Літвы ў Мінску адзначыла незвычайнай імпрэзай. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава аднае карціны "Каранацыя Міндаўга" Адомаса Варнаса, а таксама выступіў хор хлопчыкаў і юнакоў "Ажуолюкас". Амбасадар Літвы Эдмінас БАГДОНАС у інтэрв'ю "Звяздзе" сказаў, што гэта — напамін пра супольную гісторыю. Чытаць далей »
Тэгі:

Feb 08

наша завочная перапіска з супрацоўнікам Лідскага краязнаўчага музэю Валерыем Сьліўкіным перайшла на новы ўзровень -- Сьліўкін перайшоў на абразы. Выкладаю для азнаямленьня. Пачатак гісторыі ТУТ, ТУТ і ТУТ
Прашу заўважыць, я таварыша Сьліўкіна ні разу не абражаў. Хаця калі ён дазваляе сабе кпіць з шаноўнага прафесара Грыцкевіча -- можа, варта? Як сказаў сам спадар Грыцкевіч: "Ведаю я такога СЬліўкіна. Ён жа цэлы кандыдат геаграфічных навук. Куды ж мне, доктару гістарычных, да яго..."

UPD Яўген Валошын параіў мне пасьля гэтага называць пані Эльжбету Радзівіл Эльжбета Альбрэхтаўна і спасылацца на Сьліўкіна ))


Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 20

Васіль Сёмуха – адзін з самых выбітных беларускіх перакладчыкаў – адзначае 75-годдзе. Дакладней, не адзначае, бо не любіць ўласнага дня нараджэння, не ўважае яго за свята. Мы гутарылі з Васілём Сёмухам напярэдадні. Гэта не была гутарка да дня народзінаў, спадар Васіль проста адказваў на пытанні пра сваё жыццё. Першая частка – пра дзяцінства і асабістае – выйшла ўчора. Сёння друкуем заканчэнне гутаркі.


“Мой найлепшы пераклад – латышская паэтка Візма Бэлшавіца”

-- Шырокаму чытачу Васіль Сёмуха вядомы найперш як перакладчык Бібліі і “Фаўста”. Потым ужо ідуць Шылер, Гейнэ, Ман, Гофман, Грымельсгаўзэн, Нішцэ, Брэхт, Гесэ, Рыльке, Зюскінд, Міцкевіч, Славацкі, Тувім, Сыракомля, Райніс, Чакс… А што вы самі лічыце сваім галоўным перакладам?

-- Гэта невялічкі зборнічак паэзіі Візмы Бэлшавіцы, латышскай паэткі, мае сучасніцы. Практычна равесніцы – яна з 1931 года, я з 1936, розніца невялікая, гэта маё пакаленне. Я з вялікай любоўю яе перакладаў, і з ёю кансультаваўся. У мяне захоўваецца 73 лісты ад яе... Гэты пераклад беларусы не заўважылі. Беларусы – людзі іншай ментальнасці. А яна – латышская інтэлігентка. Латышы жылі ў савецкім саюзе ненавідзячы гэты саюз. І яна, яе паэзія мне паказвала, чаму і за што. Тое самае было і ў мяне, гэта самае адчуваў і я. У нас было поўнае ўзаемаразуменне. Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 18

Васілю Сёмуху споўнілася 75. Але ён ненавідзіць свой Дзень народзінаў, у гэты дзень не бярэ слухаўку, не адказвае на лісты, не прымае віншаванні. Каб не злаваць юбіляра, змяшчаем гутарку з творцам сёння (юбілей быў учора). Яна спецыяльна запісвалася загадзя, пад відам “проста гутаркі для газеты”. Калі б Сёмуха пачуў, што гэта гутарка да ягонага юбілею, мяркую, вы б не чыталі гэтых радкоў. Такі ягоны характар – чалавека, які пераклаў Біблію і “Фаўста”, які мае дзяржпрэмію Беларусі, высокія ўзнагароды Нямеччыны і Латвіі, найлепшыя сябры якога – Брыль, Караткевіч і Барадулін. Першая частка гутаркі – пра асабістае.

“У школе мяне звалі Васіль Ясэнскі”

-- Спадар Васіль, за што Ваш сябар, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін называе вас казлом?

-- Ну правільна называе! Паміж сябрамі не бывае брыдкіх слоў. Бывае ўсё вельмі справядліва!.. Для мяне гэта вельмі харошае слова, я яго заўсёды прымаў – ён і ў вочы называе мяне казлом. І мне прыемна гэта чуць ад Барадуліна, я не ведаю нават, чаму.

-- Як вы яго называеце?

-- Рыгор. Рыгорка. Часам Грыша, але вельмі рэдка. Чытаць далей »

Тэгі: ,

Jan 13

Павел Валынцэвіч аддаў служэнню царкве 63 гады, увесь гэты час паралельна фіксуючы навакольнае жыццё на камеру

Адзіны ў Беларусі святар-фатограф Павел Валынцэвіч

Сёння, 14 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі а 16-й гадзіне адкрыецца выстава "Павел Валынцэвіч. Фоталетапіс даўжынёй у паўстагоддзя". Незвычайнасць у двух момантах — гэтыя паўстагоддзя пачаліся здымкам царквы ў вёсцы Касута Вілейскага раёна ў 1900-м годзе. І другі: Павел Валынцэвіч — праваслаўны святар, які аддаў царкве 63 (!) гады. Ён — адзіны ў Беларусі святар-фатограф. На выставе паказаны 130 здымкаў, усяго выяўлена каля трохсот.

Знаходка, адкрыццё і атрыбуцыя гэтых здымкаў і негатываў — заслуга трох чалавек: калекцыянераў Змітра СЯРЭБРАНІКАВА ды Ігара СУРМАЧЭЎСКАГА, а таксама фатографа Уладзіміра СУЦЯГІНА. Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" пабачыў здымкі першым з журналістаў — як толькі іх прывезлі ў музей і пачалі развешваць. Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 11

адна з работ -- дамініканскі касьцёл, узарваны камуністамі ўжо пасьля вайны. сёньня роўна на гэтым месцы палац рэспублікі. такіх работ у Анатоля Наліваева -- 80

ня так даўно я пісаў пра кантара і мастака Анатоля Наліваева (Абрама Налівая). прачытаць артыкулы можна ТУТ і ТУТ.

апісваю праблему коратка. у 1945-46 годзе спадар Анатоль 14-гадовым хлапчуком хадзіў па руінах Менску і маляваў ацалелыя старыя будынкі. такіх работ усяго каля 80. зь іх прыкладна палову ён ужо аднавіў -- узяў у рамы, адрэстаўраваў, падправіў. яшчэ палова чакае свайго часу па адной простай прычыне -- мастак робіць гэта на сваю сьціплую пэнсыю...

гэтыя малюнкі -- унікальныя. нават не сваёй мастастацкай якасьцю, а хутчэй сваёй дакумэнтальнасьцю. бо паваенны Менск забаранялася здымаць і маляваць, каб схаваць, што далёка ня ўсё фашысты грохнулі.

многія будынкі, захаваныя на малюнках Анатоля Наліваева захаваліся толькі тут, прычым з фатаграфічнай дакладнасьцю.

каб скончыць працу, мастаку трэба каля 600 тысяч.

калі ўсё будзе апрацавана, я ўсё адфоткаю і падрабязна запішу ягоныя аповеды, што за будынак, што там было і г.д. гэта важна, бо Анатолю Наліваеву 79 гадоў.

калі ўсё будзе зроблена, абяцаю выставіць у інтэрнэт.

хто гатовы памагчы -- лістуйце labadzenka@gmail.com

памагчы можна ці празь мяне ці непасрэдна зьвязаўшыся са спадаром Анатолем

Тэгі: ,

Jan 10

надрукавана ў "Звяздзе" ад 11 студзеня

Год, як няма ксяндза Юзафа Булькі

Старыя бабулькі стараюцца захаваць "мосарскі цуд", нямала маладзейшых клянуць "зону цвярозасці" і ходзяць па выпіўку ў суседнія вёскі

Год таму, 9 студзеня 2010 года, не стала вядомага на ўсю краіну ксяндза — Юзафа Булькі з Мосара. За час ягонага служэння Мосар справядліва назвалі "беларускай Швейцарыяй". Касцёл святой Ганны 1792 года, калі Булька прыехаў туды служыць напрыканцы 1980-х, не быў надта адметным. Такіх — і яшчэ прыгажэйшых — касцёлаў у Беларусі шмат. Аднак шаноўны ксёндз за два дзесяцігоддзі стварыў пры касцёле цудоўны дэндрапарк, некалькі сажалак, пагорак з альтанкаю, Крыжовы шлях (з высачэзным крыжам на гары), страусіную ферму, спартыўную пляцоўку для дзетак ды шмат іншага. Аднак галоўнай справаю ксяндза было змаганне з п'янствам. Настолькі апантанае, што мясцовыя алкаголікі неўзабаве ўзненавідзелі святара — па чарговую пляшку "чарніла" ім даводзілася цягацца ў суседнія вёскі. Мосар хутка стаў славутай "зонай цвярозасці". Ксяндза баяліся і паважалі. Словам ён мог прысаромець так, што набытую выпіўку людзі неслі здаваць назад у краму (такія распіскі захоўваюцца ў створаным Булькам Музеі цвярозасці). Ксёндз хадзіў ад хаты да хаты і пераконваў людзей не піць алкаголь, не расплачвацца бутэлькаю з трактарыстам за пасяўную, не ператвараць святы ў папойкі. Я шмат разоў быў у Мосары, і аднойчы — на выходных. Так здзівіла, што ў нядзелю людзі масава ідуць на могілкі, прыбіраюць магілы, высаджваюць кветкі!.. Ведаеце, да сваіх дзядоў на мінскіх могілках я хаджу ў розныя дні, але толькі не на Дзяды. У сталіцы (ды і па ўсёй Беларусі) у гэты дзень многія напіваюцца і ляжаць на магілах, могуць і песню заспяваць. Брыдка глядзець, як нявечыцца памяць продкаў, якую ўласна і закліканы ўшанаваць гэты старадаўні паганскі звычай, які захаваўся і ў хрысціянскай Беларусі. Чытаць далей »

Тэгі: