it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Лют 01

Дакладаю, што даслаць свае адказы на конкурс наважыліся 5 чалавек. Пры падвядзеньні вынікаў часткова правільныя адказы залічваліся як 0,5 бала. Максымальная колькасьць балаў -- адпаведна колькасьці пытаньняў -- 12.

Канчатковыя вынікі выглядаюць так:

Vol[h]a -- 10/12 балаў
Slaver -- 8,5/12 балаў
Кастрамінава Воля -- 8,5/12
Pavel Sverdlov -- 8,5/12
Mikalai Tamaszevicz -- 7/12

Найбольшую праблему выклікаў пералік усіх краін, дзе мелі палацы князі Радзівілы -- ўдзельнікі конкурсу недаацэньваюць наш слаўны шляхецкі род! Таксама складанасьці ўзьніклі з колерам Белай вежы, 100% жыдоўскім мястэчкам і першай каляровай згадкай сьцяга.

Такім чынам:

1 месца -- Vol[h]a, яна атрымлівае супэрпрыз.

2 месца --   Slaver, Кастрамінава Воля, Pavel Sverdlov

3 месца -- Mikalai Tamaszevicz

Віншую пераможцаў!

Прашу ўсіх удзельнікаў паведаміць мне на e-mail свае паштовыя адрасы для атрыманьня каштоўных прызоў.

Тэгі:

Лют 01

конкурс скончаны. вось правільныя адказы. калі варыянтаў некалькі, залічваўся любы зь іх (апроч пытаньня №11)

пытаньні можна пабачыць ТУТ

1. Тут ёсьць два меркаваньні. Самы распаўсюджаны адказ – Троіцкі касьцёл у Ішкалдзі Баранавіцкага раёна Берасьцейскай вобласьці.


Збудаваны да 1472 года. Яго прынята лічыць самым старым зь неперабудаваных. Ён захаваўся ў першапачатковым выглядзе.

Другі варыянт – касьцёл сьвятога Казіміра ў вёсцы Уселюб Наваградзкага раёна Гарадзенскай вобласьці.

Ён збудаваны да 1433 года. Але вежа-званіца, якая кардынальна зьмяніла выгляд касьцёла, прыбудаваная толькі ў другой палове ХІХ ст.

2. Упершыню каляровая выява бел-чырвона-белага сьцяга зьявілася на карціне невядомага мастака XVI ст.

На ёй выяўлена Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 года.

3. Беларуская народная Рэспубліка была абвешчаная на трэцім паверсе дома па вуліцы Серпухаўская, 9 – сёньня гэта Валадарскага,9. Цяпер у гэтым будынку…

4. Валадарскага, 5. Цяпер гэта – Рускі тэатр імя Горкага.

Зайдзіце збоку – і вы пабачыце аўтэнтычны дэкор сінагогі ХІХ ст.!..

Як сінагога выкарыстоўвалася да 1923 года. Пазьней тут быў рабочы клюб, кінатэатр, жыдоўскі тэатр, і нарэшце – тое, што цяпер.

5. У колькасьці паверхаў. На момант разбурэньня ў часе вайны гатэль "Эўропа" меў 6 паверхаў,

а адбудаваны зараз – 7. Я ўжо не кажу пра недакладнае месца разьмяшчэньня і ўшчэнт скажоныя прапорцыі.


6.
Петрапаўлаўская (Кацярынінская) царква на Нямізе – 1611-13 гады пабудовы.

Па іншай вэрсыі – будынак манастыру базылян (Энгельса,1), дзе зараз месьціцца музычная школа.

7. Была. За савецкім часам яе да прыезду нейкага начальства за адную ноч пафарбавалі ў белы колер. Чаму? Бо называецца “Белая вежа”, а начальства прыедзе – і пабачыць чырвоную. Прывялі, што называецца, у адпаведнасьць.

Дзякаваць Богу, праз пэўны час вежу адмылі, і цяпер яна выглядае гэтак жа, як і ў 1276 годзе.

8. Чатыры: беларуская, расейская, польская, ідыш. На ўсіх гэтых мовах на гербе БССР ад 1926 па 1937 год было напісана (на стужачках): “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”


9. Зараз -- у вёсцы Воўчын Камянецкага раёна Берасьцейскай вобласьці. Памёр Станістаў Аўгуст Панятоўскі 12 лютага 1798 года ў Пецярбургу. Пахаваны быў спачатку там жа зь вялікай пашанай. Але 14 ліпеня 1938 года цела апошняга караля пад вялікай таямніцай было перавезенае ў вёску Воўчын, у Троіцкі касьцёл.

Гэта быў асабісты загад Сталіна – перадаць парэшткі польскаму боку. Але палякі на той час ставіліся да Панятоўскага як да здрадніка, які завёў шашні з Кацярынай ІІ. Таму у кракаўскі Вавель дарогі яму не было. У якасьці кампрамісу абралі беларускую вёску Воўчын, дзе Панятоўскі нарадзіўся. Туды і перавезьлі цела. Да вясны 1949 года цела знаходзілася ў касьцёле – апошнія гады труна была разрабаваная, косткі валяліся на падлозе. У 1949 годзе Антон Сьцяпанавіч, вартаўнік мясцовай гміны, сабраў косткі і пахаваў непадалёк. Калі ж палякам дазволілі правесьці ў воўчынскім касьцёле дасьледваньні, яны знайшлі там толькі фрагмэнты трунаў і вопраткі караля. Што і перавезьлі ў Варшаву. Таму ў “афіцыйным” месцы пахаваньня – касьцёле сьвятога Яна ў Варшаве -- ўласна парэшткаў няма, гэта прызнаюць і самі польскія дасьледчыкі.
10.    Калінкавічы.

11. Беларусь, Україна, Польшча, Літва, Латвія, Расея, Нямеччына, Францыя, Італія.

12. Вікенці Канстанцін Сямёнаў сын Каліноўскі. Прычым падпісваўся наш герой выключна як "Вікенці Каліноўскі".

Імя Кастусь – прыдумка ўжо савецкага часу. Упершыню Каліноўскага так назваў Усевалад Ігнатоўскі, першы старшыня ІнБелКульту (Акадэміі Навук) ў 1920-х гадах. Лёгіка была такая: Вікенці – занадта па-польску, Канстанцін – занадта па-праваслаўнаму. І назваў яго Кастусём. У 1960-х гадах маскоўскі гісторык Анатоль Сьмірноў працягнуў містыфікацыю: на дыплёме Каліноўскага ў ягоным асабістым подпісы “В.Каліноўскі” зацёр літару “В” і пераправіў наверх “К”. Так Каліноўскі назаўжды стаў Кастусём.

ps вынікі конкурсу будуць падведзеныя цягам сутак

Тэгі:

Сту 31

ты яшчэ можаш пасьпець!
умовы ТУТ

Тэгі:

Сту 30

У вас яшчэ ёсьць шанец сарваць банк!.

Таму, хто адкажа правільна на ўсе пытаньні, -- суперпрыз!

Умовы конкурса гл. за 23 студзеня

Тэгі:

Сту 23

Шаноўныя наведнікі Блогу!

Запрашаю Вас паўдзельнічаць у конкурсе па гісторыі і архітэктуры Беларусі. Для гэтага -- адкажыце на прыведзеныя ніжэй пытаньні ды вышліце адказы на мой электронны адрас labadzenka(на)gmail.com. Тром пераможцам - прызы (дыскі і кнігі)! Адказы прымаюцца па 31 студзеня ўключна. Пакідаць адказы ў камэнтарах забараняецца.

1.       Назавіце самы стары касьцёл у Беларусі.

2.       Дзе і ў якім годзе ўпершыню прыводзіцца каляровая выява бел-чырвона-белага сьцяга?

3.       У якім будынку была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка? Што там знаходзіцца зараз?

4.       Дзе ў Менску месьціцца Галоўная (харальная) сінагога? Што ў гэтым будынку зараз?

5.       У чым галоўнае вонкавае адрозьненьне адбудаванага гатэлю "Эўропа" ад сапраўднага?

6.       Які самы стары будынак у Менску?

7.       Ці была некалі Белая вежа белай?

8.       Якая максымальная колькасьць дзяржаўных моваў была ў Беларусі?

9.       Дзе пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі?

10.   У якім беларускім мястэчку, паводле перапісу 1898 года, жыло 100% габрэяў?

11.   У якіх краінах (паводле сёньняшняга падзелу) мелі свае палацы князі Радзівілы?

12.   Як па пашпарце звалі Кастуся Каліноўскага?

Посьпехаў!

Тэгі:

Сту 21

12 правільных адказаў пакуль ня даў ніхто. ёсьць пытаньні, на якія ня змог адказаць ніводзін удзельнік. відаць, і ў нэце ня ўсё ёсьць :)

сьпяшайцеся -- конкурс працягнецца да 31 студзеня!

умовы -- ў запісы за 18 студзеня.

Тэгі: