Праз 75 гадоў у Дагестане знайшоўся стрыечны ўнук гэтага каларытнага сябра Альбрэхта Радзівіла
У цэнтры — князь Альбрэхт Радзівіл, крайні зьлева — Хусэйн Данагуй. Фота зробленае ў двары Нясьвіжскага замку, пачатак 1930-х гадоў
Яшчэ адсканаваўшы гэтае групавое фота ў альбоме шаноўнай князёўны Эльжбеты Радзівіл (у цэнтры – князь Альбрэхт, яе бацька), я зацікавіўся: з кім жа толькі не сябравалі Радзівілы!.. І прынц Манака, і італійская каралева, і – вось – сапраўдны горац. Аднак ні імя, ні звестак пра гэтага чалавека нідзе знайсці не ўдалося.
І вось да майго старэйшага калегі Уладзіміра Багданава звярнуўся з Дагестану спадар Хаджы Мурад, які папрасіў дапамогі. Хаджы пісаў: Чытаць далей »
Паэту Міколу Аўрамчыку 14 студзеня споўнілася 90 гадоў. Сёньня ён — старэйшына нашай літаратуры. Упершыню мы рабілі інтэрвію зь Міколам Якаўлевічам 7 гадоў таму. Вось і ўчора я напрасіўся на гарбату — каб пагутарыць пра ягоныя дзевяноста.
Аўрамчык распавёў, як Колас дабраславіў яго і ўвёў у літартуру. У 1939 годзе ён, Аўрамчык, вучыўся на першым курсе педінстытута, і да студэнтаў прыйшлі на вечарыну літаратары — Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля ды іншыя… А Мікола Якаўлевіч ужо ў той час надрукаваў колькі сваіх вершаў у інстытуцкім самвыдаце і нават у “Полымі”. І вось Коласу і Купалу падаюць той самвыдатаўскі зборнічак, паэты праглядаюць, і Колас кажа: “А дзе той Аўрамчык? Такі ў яго тут верш добры — хай бы выйшаў і прачытаў!..” Мікола Якаўлевіч выйшаў — і прачытаў. Назаўтра пра гэта напісалі ў газэце — што сам Колас адзначыў яго, Аўрамчыка, і нават параўнаў ягоны верш “Адлёт жураўлёў” па сьвежасьці і чысьціні зь лермантаўскім “Ветразем”.
Сёньня, праз 71 год Мікола Аўрамчык чытае тут той самы верш “Адлёт жураўлёў”.
Мікола Аўрамчык. Адлёт жураўлёў
[audio:http://labadzenka.by/wp-content/uploads/2010/01/auramchyk.mp3] СПАМПАВАЦЬ
адзіная ў Беларусі брама-канюшня захавалася ў Вялікай Ліпе, што пад Нясьвіжам. належала брама да сядзібы Абуховічаў (канец ХІХ ст.), ад якой ацалеў таксама адзін флігель і гаспадарчыя пабудовы.
такое спалучэньне брамы — менавіта з канюшняй — напраўду ўнікальнае. звычайна брама магла быць спалучаная з дамочкам вартаўніка, гадзіньнікавай вежай, жылымі памяшканьнямі, у храмах — са званіцаю.
але самае цікавая дэталя хаваецца ў сярэдзіне брамы… Чытаць далей »
Амерыканскі фатограф і былы дыпламат Джон Кунстадтэр прэзентуе сёння ў Мінску сваю выставу, а таксама кнігу Рыгора Барадуліна “Навошта”, якую аздобілі здымкі спадара Джона
Сёння, 15 студзеня, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску а 18-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, а таксама прэзентацыя новай кнігі Рыгора Барадуліна “Навошта”, якую склаў музыка Алесь Камоцкі. Лучыць амерыканскага фатографа і беларускага паэта тое, што вершасказы Барадуліна ў кнізе аздобленыя здымкамі Кунстадтэра. А здымкі гэтыя Кунстадтэр зрабіў у часе шматлікіх вандровак па Беларусі.
Міла чуць, як бабулі ў палескіх вёсках называюць амерыканца Джона Кунстадтэра “нашым хватографам”. З кожнай са сваіх мадэляў спадар Джон падоўгу гутарыць. Гутарыць па-беларуску, практычна без памылак, з прыемным амерыканскім акцэнтам.
Кунстадтэр – былы дыпламат, у 2000-2001 гадах працаваў намеснікам амбасадара ЗША ў Мінску. У 2005 выйшаў у адстаўку, але з тае пары праводзіць ў Беларусі па два-тры месяцы штогод. Ездзіць па нашых вёсках і мястэчках, фатаграфуе, фатаграфуе. Што бачыць гэты добразычлівы амерыканец у дзесятках твараў нашых старых, у нашых храмах, у нашых дубах і буслянках? Што здымае сваім дзіўным фотаапаратам, які выраблены недзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя? Фальклор і аўтэнтыку? І я так думаў. Чытаць далей »
Усе творы Ўладзімера Караткевіча, як і іншых пісьменьнікаў, што працавалі за савецкім часам, кранула рука цэнзара. І часам кранула істотна. Рана ці позна гэтыя творы, асабліва знакавыя і важныя, трэба будзе перадрукоўваць нанова — без гэтых правак, месцамі абсалютна ідыёцкіх і недарэчных, парою проста “ідэалягічна вывераных” у духу часу.
Працую зараз з рукапісам “Ладзьдзі Роспачы”, рыхтуючы яго для ўнікальнага выданьня (прачытаць пра яго і ахвяраваць можна ТУТ). Правак ха-апае!
нядаўна мне давялося быць у гасьцях у Ігара Лучанка. хто б там што ні казаў, Лучанок — геніяльны кампазытар. сярод астатняга, ён паказаў мне варыянты Гімна Беларусі (ён быў у камісіі па вызначэньні гімна. забудзем на хвіліну пра тое, што яны выбралі). тэкст напісаў Леанід Дранько-Майсюк, музыку ён, Лучанок. скажу шчыра, калі Лучанок зайграў гімн, я інстынктыўна падняўся… чорт, ну мог жа ў нас быць нармалёвы гімн!..
Цэлую сэрыю ўнікальных здымкаў сасканаваў учора ў пані Эльжбеты Радзівіл. Яшчэ ў 1927 годзе бацька падараваў Бэтцы на дзесяцігодзьдзе фотаапарат. З таго часу пані Эльжбета ўсё жыцьцё фатаграфуе. На вялікі жаль, яе перадваенныя здымкі Нясьвіжа загінулі ў часе шматлікіх пераездаў, вайны ды іншых жыцьцёвых абставінаў. А гэтыя захаваліся сапраўдным цудам, як маленькія слайды.
Пані Эльжбета прыязджала ў Мірскі замак некалькі разоў — разам з бакькам гасьцявала ў князя Міхала Сьвятаполк-Мірскага. І запомніла, як князь казаў ёй: “Бэтка, твае вочы нагадваюць мне фіялкі!..”
Я сядзеў дзьве гадзіны ў фільгармоніі — і шалеў. Назіраў за ягонымі рукамі — і шчыра не разумеў, як ён пасьпявае так хутка лётаць па-над клявішамі — і пры гэтым дакранацца да іх, дастаючы з шыкоўнага раялю ня меньш шыкоўныя гукі.
Ведаеце, колькі гадоў Адаму Маковічу. 69!
Я глядзеў на яго, слухаў, фоткаў, запісваў…
Ён граў без партытуры, без шпаргалак і падказак. Граў абсалютна разьняволена. Здавалася, што зараз ён пачне паралельна піць каву ці чытаць кніжку — і адвернецца ад раялю, працягваючы граць.
Я ня ведаў раней, што адзін чалавек з адным інструмэнтам можа трымаць у такой напрузе цэлую фільгармонію дзьве гадзіны.
Калі Адам Маковіч скончыў граць, мне хацелася бегчы на сцэну і цалаваць ягоныя рукі.
Прыходзіць мужык на кірмаш, а там дзед продае семачкі ад яблык. Мужык кажа:
- Дзед, а што зь іх толку?
- Ну як жа. Хто іх будзе есьці -- зробіцца разумнейшым!
- Праўда?!
Мужык купляе шклянку і тут жа зьядае. Дажоўваючы, кажа:
- Слухай, дзед, я з за гэтыя 10 тысяч мог бы купіць два кілаграмы яблык і зьесьці разам з семкамі!..
Дзед усьміхаецца:
- Вось бачыш, пачынае дзейнічаць -- ты ўжо раземнееш...
- І праўда!.. Дай яшчэ шклянку!..
Апошнія каментары