it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 14

Мая навука

kupala

Мне мудрасьці кніжнай ня даў Бог пазнаці,
Мой бацька ня мог даць раскошаў такіх –
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
I дум беларускіх бяз школы і кніг.

Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.

Душу акрылялі прыгожасьці сьвету,
Па гонях пад небам лунала яна,
Купалася ў сонцы вясёлкай расьпетай,
Сама, як вясёлка, як казка-вясна.

І п'яная чарамі, п'яная песьняй,
Як сон заварожаны райскіх мясьцін,
Шаптала мне дзівы цьвітучых прадвесьняў
І песьняй лілася з паходам часін.

Бурлівая рэчка і млын гутарлівы
Адмерным, раскоцістым плюскатам вод
Складалі мне рытму мастацкія зьвівы,
Парадквалі складаў раскоцісты ход.

Цяністыя бітага шляху прысады
I ў вырай лятучыя гусяў шнуры
Гармонію ўводзілі ў песельным складу,
Сачылі нязгоднай зваротак ігры.

Зялёнае поле рунеючым збожжам,
Цьвітучая ў сонечны цьвет сенажаць
Мне песьню квяцілі узорам прыгожым,
Вучылі, як словы ў вянок завіваць.

Ад шопату сьпелых пшанічных калосьсяў,
Ад шэлесту лісьцяў узьмежных ігруш
Музычнае водгульле ў песьню лілося,
Зьлівалася з жальбамі скрыўджаных душ.

Шум бору адвечнага казкавым сказам
Нашэптываў смутную повесьць жыцьця
I песьню ў шум-гоман захопліваў разам,
Заснуўшыя думы будзіў зь небыцьця.

А сонца, скрозь сеючы іскры па сьвеце,
Мне песьню іскрыла нябесным сьвятлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крыльле лунаці арлом.

Каса, і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі;
Марозы і сьпекі далі гарт нязбытны –
Мне песьню, як звон, як пярун, адлілі.

Так іншай ня знаўшы навукі і школы,
Ў пацёмках шукаў і знайшоў Божы дар;
Цяпер маймі скарбамі – думы-саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

1919

Тэгі:

Nov 02

talin4
фота з фэйсбуку Паўла Бераговіча. на фота -- ён сам у часе працы.
вось гэта справа -- узяў чалавек ды падмаляваў літаркі сам, не наракаючы, што ўласьць ці абмасада ня робіць. мы -- самі сабе ўласьці і амбасада!

 

PS як паведаміў сп. Павал, шыльда ў 2008 зьявілася дзякуючы Ігару Шыбеку, Паўлу Марозаву і Юрыю Юркевічу. адрас будынка: Талін, Стары горад, вуліца Вене, 19
Чытаць далей »

Тэгі:

Oct 24

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Наймацнейшае ўражаньне прамінулага тыдня — выхад на волю Паўла Севярынца.

labadzenkaКанешне, гэта неверагодна — прайсьці праз зьдзекі, прыніжэньні ды вычужнасьць — і застацца такім сьветлым ды шчырым. Зусім неашчэрыўшымся, незацкаваным, незаторганым.

Павал правёў тры гады на “хіміі” нізашто. За тое, што ўзначальваў штаб аднаго з кандыдатаў на прэзідэнта з сумнеўнай рэпутацыяй. Які, аднак, апынуўся на волі менш чым праз два тыдні. А Павал Севярынец адматаў свае тры гады ад званка да званка.

І выйшаў ня тое, што не зламаны — выйшаў акрылены, натхнёны, у цудоўнай форме і ў добрым гуморы.

…Прыгадваю, як 8 гадоў таму давялося рабіць інтэрвію са славутым прафесарам Юрыем Бандажэўскім, які адбыў амаль 8 год у зьняволенні нібыта за хабар — а насамрэч за тое, што ўголас казаў пра нязьніклыя шкодныя наступствы Чарнобылю.

Апошнія гады зьняволеньня Бандажэўскі правёў на “хіміі”, дзе працаваў пастухом. У ягоныя абавязкі ўваходзіла таксама механічнае даеньне кароў. Нетактоўны малады журналіст спытаўся ў прафесара з сусьветным іменем, ці ўдалося яму падняць надоі ў калгасе? На што Бандажэўскі рэзка адказаў: “Яшчэ адно такое пытаньне, мы скончым, і я запару вам інтэрвію. Вядома, прафесар на ферме — гэта зьдзек, плявок мне ў душу. Нават калі мяне прымушалі прылюдна месьці двор, я мёў яго. Але гонар у мяне застаўся”.

Вось менавіта так — гонар застаўся і ў Паўла Севярынца. Зь яго таксама зьдзекваліся хоць бы ў побытавай драбязе. Скажам, у будынку, дзе жылі “хімікі”, не было гарачай вады. Калі Павал апынуўся там — паплечнікі набылі і прывезьлі бойлер. Не персанальна Севярынцу — усім. Калі ласка, мыйцеся! Бойлер адмовіліся прыняць — “не паложана”.

Працяглы час у будынку ня дзейнічала кухня. І асуджаныя вымушаныя былі гатаваць сабе ежу, карыстаючыся ракавінамі ў сарціры.

І гэта — на “хіміі”. Якая, як ні круці, лепей за турму і калонію. А што ж тады робіцца ў турмах і калоніях? Празь якія зьдзекі і катаваньні праходзяць Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Яўген Васьковіч ды іншыя зьняволеныя? Ня толькі палітычныя, а ўвогуле ўсе.

Празь якія — вядома. Напрыклад, ад Зьмітра Дашкевіча. Які таксама выйшаў нязломленым, яшчэ больш мужным. Выйшаў героем — на злосьць гоблінам. Зміцер ня кінуўся распавядаць, як яму было там цяжка. І толькі па ўскосных сьведчаньнях мы даведаліся, як у адной калоніі супрацоўнікі зьбівалі яго нагамі на падлозе, а ў другой для гэтай мэты ў камэру заходзілі некалькі зэкаў — і зноў жа пачыналі зьбіваць яго. І так — таксама тры гады.

seviarynec

Калі яшчэ Павал Севярынец быў у Купліне, давялося наведаць яго. Начуты пра тыя жахлівыя ўмовы, чакаў пабачыць незадаволенага чалавека, які будзе скардзіцца на ўвесь гэты зьвярынец. Дзе ж там! Павал пачаў завіхацца, скіпяціў імбрык, вынес у альтанку патэльню з дранікамі (прывёз нехта з папярэдніх пераведнікаў). І калі распавядаў пра куплінскую ссылку — то выключна з іроніяй, па-філасофску.

Павал назваў гэтыя тры гады духоўным падарожжам. Колькі ён напісаў за гэты час! Будучая кніга “Беларуская глыбіня” — энцыклапедыя Пружанскага краю, прызнаньне ў каханьні той зямлі. Уявіце толькі: пасьля працоўнага дня (Павал рабіў на складзе аўтазапчастак), памыўшыся ледзяною вадою, пад’еўшы згатаванае ў сарцірнай ракавіне ежы — чалавек сядаў і выдаваў эсэ, якія кожнаму сьвятару бяры ды чытай у якасьці казані. Узвышаныя, інтэлектуальныя, пранікнёныя, духоўныя, сьветлыя.

Я ня ведаю іншых такіх людзей, як Павал Севярынец. Яшчэ да ягонай адсідкі, памятаю, некаторыя кпілі зь ягонага гадзіньніка “Электроніка” і адной-адзінай кашулі, у якой ён фігураваў на ўсіх урачыстасьцях і трапляў на ўсе здымкі. Вось дзе чалавек без аніякага шкурнага інтарэсу — дык гэта Севярынец!

…Вобраз ідэальнага беларуса добра вывеў у сваёй навэле “Ладдзя Роспачы” наш нацыянальны геній Уладзімiр Караткевіч: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на “спрадвечны” закон”.

Такі і быў Гервасій Выліваха, герой Караткевіча — разумны і рашучы. Такі, напэўна, быў і сам Караткевіч. Такі ёсьць Севярынец.

Павал робіць нечакана, як на сёньняшнюю большасьць: на зло адказвае ўсьмешкай, даруе нягоднікам, не вядзецца на матэрыяльныя спакусы, жыве з Богам у душы і ў справах.

Працуе ў поўную сілу — гэтак, як трэба навучыцца цяпер кожнаму з нас, хто зьбіраецца дажыць да сьветлага заўтра. Севярынец і севярынцы ў шырокім сэнсе — не супрацьвага сёньняшнім палітычным недарэкам. Павел — зьмест, які прыйдзе замест.

Я рады за Паўла, што ён на волі. Рады, што ён такі ў Беларусі ёсць.

І калі Павал надумае зьдзейсьніць яшчэ якое духоўнае падарожжа — то хай адпраўляецца экспанатам у Палату мераў і вагаў пад Парыжам, дзе захоўваюцца розныя эталоны. Будзе сядзець там ад 9.00 да 17.00 за шклом з цыдулкай “Ідэальны беларус. Ужыць, калі ўсё стане на свае месцы”.

Тэгі: ,

Oct 21

аўтар -- найлепшы беларускі пекар зь Верхнядзьвінску Кастусь Ларкоў

Тэгі: , ,

Oct 12

litvinkovich_mal

асабліва зьвярніце ўвагу, як Яўген зьмяніў тэкст песьні "Слова" ў параўнаньні з тым варыянтам, ад якога ўсе прыйшлі ў захапленьне
і на песьню "Холодно" на ўкраінскай мове, словы і музыку да якой напісаў Сьвятаслаў Вакарчук
кліп на песьню "К тебе" можна пабачыць ТУТ

Евгений Литвинкович. Знаки Зодиака

Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Oct 02

А сам сцяг прымусілі прыбраць. Культурніцкі актывіст Алесь Мазанік дабіўся такога рашэння ад дырэктара аўтобуснага парка №2 Ігара Журка.

перадрук з Еўрарадыё

Сцяг суседняй краіны кінуўся ў вочы Алесю Мазаніку ў аўтобусе сталічнага маршрута №50, калі ён сеў у яго 4 верасня на прыпынку “Станцыя метро “Спартыўная”.

Алесь Мазанік. Фота: svaboda.org

Алесь Мазанік: “Мне трэба было праехаць усяго адзін прыпынак, таму я стаяў ля дзвярэй і глядзеў наперад, праз кабіну кіроўцы. Спачатку я не зразумеў, што не так, а пасля заўважыў, што непасрэдна перад кіроўцам знаходзіцца, акрамя дзяржаўнага сцяга Беларусі, расійскі трыкалор з гербам!”
Чытаць далей »

Тэгі:

Sep 13

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Юрася няма ўжо тры месяцы, а ягоны голас і цяпер гучыць для мяне штодня -- у простым і пераносным сэнсе.

у пераносным -- бо часта думаю пра сябра, якога так не стае цяпер.

у простым -- дзякуючы сайту "Радыё Свабода".

паслухайце, калі ласка, гэтыя моўныя зацемкі -- і натхніцеся беларускаю моваю.

аўдыё пазычана на сайце Радыё Свабода

Жывая мова. Вымаўленьне. Латыскі

Жывая мова. Старшыня, старшыняваць

Жывая мова. Два і дзьве

Жывая мова. Сабраўся быў, сабралася была

Жывая мова. Вымаўленьне. Агонь

Жывая мова. Націск. Украінскі

Жывая мова. Адрас

Жывая мова. Звыш году, звыш меры

Тэгі: , ,

Aug 19

Глеб Лабадзенка, для baj.by, фота аўтара і з архіва, відэа аўтара

Так напісаў Юрась у сваёй апошняй смс-цы за месяц да смерці. І хоць тады ягоны поціск быў ужо не такі моцны, як раней, – гэта была праўда. Кожны, хто быў знаёмы з Бушляковым, ведалі, што гэты чалавек заўсёды моцна цісне руку – у простым і пераносным сэнсе.

Гэтая БАЖная персона – першая, дзе героя ўжо няма з намі. Па інтэрв’ю да Юрася я звяртаўся яшчэ зімой, у ягоны перадперадапошні прыезд у Мінск. Хто ведае Бушлякова, той ніколі не паверыць фразе “Юрась адмовіўся”. Юрась адказаў: “Вой, Глебе, ну якая ўжо з мяне персона, побач з тымі аксакаламі, што бывалі ў рубрыцы раней!..” Пасля невялікіх угавораў дадаў: “Ну калі ты настойваеш, то, можа, усё ж пазней?..”

Пасля таго Юрась прыязджаў у Мінск толькі двойчы – 7 сакавіка і 18 траўня. “Пазней” ужо не здарылася, бо 4 чэрвеня Юрася Бушлякова не стала. Падступная хвароба, з якой Юрась вёў бой 4 гады, зрабіла сваю чорную справу.

Шчыра прызнаюся: ані тады, ані цяпер я не магу быць аб’ектыўным, бо Юрась – мой настаўнік і мой блізкі сябра, вельмі дарагі і любімы чалавек.

Серыя “БАЖных персон” будзе няпоўная без Юрася Бушлякова. Таму сёння пра розныя перыяды жыцця Юрася распавядаюць ягоныя сябры. І, вядома, ягоная мама – Элеанора Яўсееўна Бушлякова.

АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖ

Юрась Бушлякоў нарадзіўся 29 траўня 1973 года ў Менску. Скончыў школу з залатым медалём, філфак БДУ з чырвоным дыпломам. Кандыдат філалагічных навук (2003). Працаваў на “Радыё 101,2”, “Радыё Рацыя”, “Беларускай службе Польскага радыё”. Выкладаў на філфаку БДУ, у Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, Карлавым універсітэце (Прага). Ад 2004 года правацаў на “Радыё Свабода”, жыў у Празе. Сябра БАЖ з 1997 года.Памёр 4 чэрвеня 2013 года пасля працяглай анкалагічнай хваробы.
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Aug 19

Тэгі: , ,

Aug 09

kuh-zag
Уздзенскі раён Менскай вобласьці.
збор стаіць геаграфічна ў вёсцы Першамайск (буээээ!..)
сядзіба Кухцічы належала Завішам.
адсюль паходзіць Магдалена Завіша, больш вядомая нам як Магдалена Радзівіл, якую ў пачатку ХХ стагоддзя празвалі "Беларусіха".
у сваіх маёнтках яна вывешвала абвесткі, каб людзі размаўлялі па-беларуску.
фундавала першы зборнік Багдановіча і Буйло, заснавала стыпендыю для студэнтаў-беларусаў.
Чытаць далей »

Тэгі: ,