it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 21

вярнуўся з паездкі ў Мёры-Верхнядзьвінск-Полацак. за адзін дзень адматалі 670 км, правялі чатыры прэзэнтацыі "Галасоў". падрабязная справаздача крыху пазьней. а зараз хачу зьвярнуць вашую ўвагу на адзін камэнтар, пасьля якога я зразумеў, што сёньняшні дзень пражыты не дарма

Darina Sinitsa

Добры дзень, Глеб!!! Выбачайце, не ведаю Вашага імя па бацьку.
Я толькі прыйшла са школы і адразу вырашыла Вам напісаць :))) Мне вельмі спадабалася сустрэча з ўсімі вамі!!! І вельмі рада, што хоць наша першая школа не пазначана ў Вашым спісе, вы ўсё ж такі да нас завіталі!!! Дзякуй вялікі за сустрэчу!!! Вы ўсе - проста СУПЕР!!!! Таццяна Беланогая вельмі добра спявае *я зараз слухаю яе дыск - мне падабаецца*!!!
Пасля вашага наведвання я чамусьці пачала размаўляць на беларускай мове, і нават у магазіне пачала размаўляць па-беларуску!!! ))) Я раней не ведала, што размаўляць на роднай мове так прыемна!!! ;)))
Яшчэ раз дзякуй вам усім!!!!!

Тэгі: ,

Mar 29

Купляў учора ў "Кароне" кілбасу. Гляджу -- за некалькі мэтраў стаіць Аляксандар Казулін з сям'ёй. Я зь людзьмі ўвогуле гаварыць люблю, таму шапчу прадавачцы:
-- Глядзіце, вунь Казулін стаіць.
Яна (таксама шэпча) мне:
-- А хто гэта такі?
Да шэпту падключаецца другая прадавачка:
-- Гэта той, што хацеў прэзідэнтам быць, а Лукашэнка яго ў турму пасадзіў.
Першая прадавачка:
-- Дык ён выйшаў ужо?
Я (шэптам):
-- Так. І адразу -- да вас у "Карону"!..

Тэгі:

Mar 29

сябры, у сувязі з шалёным попытам на кнігу Сяргея Шапрана пра Васіля Быкава, я знайшоў магчымасьць замовіць на Блог яшчэ колькі асобнікаў у выдавецтве.
кошт -- па-ранейшаму 35 тысяч
аўтограф аўтара Сяргея Шапрана -- у падарунак
замаўляць на labadzenka@gmail.com
падрабязнасьці ТУТ

Тэгі:

Mar 29

Пасьля ўчорашняга вечара гэтае слова стала для мяне ругацельным. Але -- ўсё па парадку.
Мы з маім спрадвечным сябрам Сашкам намыліліся ехаць у лазьню на ягоны хутар пад Ракавам. Гэта рэгулярная працэдура, якая прадугледжвае піва, чыпсікі й рыбку. А да гэтага мы неяк абмяркоўвалі, што, маўляў, на кальцавой адкрыўся новы прадуктовы гіпермаркет, які па-моднаму называецца "Дыскаўнтэр". (клікнуць для павелічэньня)
Сашка са сваёй Юлечкай паехаў туды крыху раней, а я пад'ехаў хвілін праз 15. Каля касаў гляджу -- ідзе насустрач Сашка і трымае ў руках бутэлечку мінералкі. Тут на маіх вачах да яго падлятае ахоўнік з навушнікам і кажа: "Мне сказалі вас затрымаць". За ім падскоквае другі: "Вы выйшлі міма касы зь мінералкай. Крадзеж!" Я ведаю Сашку 16 гадоў -- таму ўсьміхаюся й кажу: "Ну цябе ні на хвіліну нельга пакінуць -- ужо мінералку стырыў!" Але ахоўнікі, адчуваючы сваю важнасьць (раскрылі крадзеж стагодзьдзя) да жартаў ня схільныя.
Сашка кажа: "А дзе вашыя доказы, што я ў вас яе стырыў? Я яе яшчэ зранку на Ждановічах купіў".
Ахоўнік: А ў нас ёсьць відэа, дзе вы зь ёй выходзіце міма касы.
Сашка: А ў вас ёсьць відэа, што я яе бяру ў вас з паліцы?
На відэакамерах яўна вырашылі паэканоміць, проста сказаўшы ахоўнікам "фас!" Таму ахоўнікі пачынаюць казаць, што нельга ў гандлёвую залу заходзіць з таварам, які ў іх прадаецца. Намагаючыся схіліць іх на ўлагоджваньне сытуацыі, я дэманструю жуйку ў роце й пытаюся, ці мушу выплёўваць яе перад паходам у іхні дзіскаўнцер.
Ахоўнік на поўным сур'ёзе адказвае: "Тэарэтычна так".
Пакуль мы размаўлялі, вакол нас сабралася пяць (!) ахоўнікаў і намесьнік дырэктара дзіскаўнцера. Галоўны ахоўнік кажа: "Выклікайце міліцыю, хай складаюць пратакол".
Адчуваючы, што лазьня можа накрыцца медным тазам, я раю Сашку аплаціць мінералку ў касу, а паралельна патрабаваць Кнігу скаргаў -- скардзіцца на беспадстаўны паклёп.
Высьветлілася, што мінералка каштуе 880 (!) рублёў. Не дарма трымаюць ахоўнікаў!
Пішучы скаргу, мы працягвалі праводзіць з ахоўнікамі і намесьнікам дырэктара палкі дыялёг. І пасьля маіх словаў, сярод іншага, што кліент заўжды мае рацыю, намесьнік дырэктара шчыра запытаўся ў мяне: "А гдзе ета напісана?!"
Вэлкам то дзіскаўнцер, таварышы!

Тэгі:

Mar 27

Салідарнасць! Дасылайце мэйлы на solminsk@nsys.by, sol@sol.org.uk

Сутнасьць справы тут:

Настаўніцу звольнілі з працы за тое, што яна распавяла дзецям пра Дзень Волі

Кіраўніцтва адукацыйнага цэнтру «SOL Minsk» палічыла, што гэта «агітацыя за апазіцыю».

Марыяна Груздзіловіч, жонка журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча, працавала ў камерцыйным адукацыйным цэнтры «SOL Minsk» са жніўня 1998 года. Як распавяла Хартыі’97 звольненая выкладчыца, 24 сакавіка падчас апошняй лекцыі навучэнцы загаварылі пра Дзень Волі.

«Адна дзяўчынка, гадоў трынаццаці, якая ўваходзіць у піянерскую арганізацыю, сказала: «А я ведаю, што такое Дзень Волі. Гэта калі адмарозкі збіраюцца і пачынаюць гарлапаніць», -- узгадвае Марыяна Груздзіловіч. -- Я не змагла змаўчаць, і патлумачыла дзецям, што ўгодкі ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі адзначаюць нармальныя інтэлігентныя людзі, якія праводзяць мірныя акцыі».

Па словах Марыяны Груздзіловіч, дзеці выслухалі яе расповяд з цікавасцю.

На наступны дзень, 25 сакавіка, з выкладчыцай сустрэлася кіраўніцтва цэнтра. Загадчыца навучальнай часткай цэнтра паінфармавала Марыяну, што яна звольненая, паколькі «парушыла ўнутраны статут арганізацыі». Кіраўніцтва заявіла, што вучаніца, якая спрачалася з Груздзіловіч, паскардзілася бацькам, а яе бацька служыць палкоўнікам МУС.

Муж Марыяны, Алег Груздзіловіч, лічыць, што яго жонку звольнілі па палітычных матывах.

«Выходзіць, што нашыя палкоўнікі міліцыі камандуюць не толькі міліцыянтамі, але і выкладчыкамі, прадпрымальнікамі, цэлымі фірмамі», - зрабіў выснову журналіст.

charter97.org

Тэгі:

Mar 26

падрабязнасьці ТУТ

Тэгі:

Mar 26

Фішка гэтага Дня Волі -- вогнішча з партрэтаў усенародна абранага. Яшчэ большая фішка -- ВІнцук Вячорка, які агалцела гэтае вогнішча тушыць. Матывацыя вельмі дзіўная -- мы, маўляў, такіх вогнішчаў не плянавалі.

Скажу так: асабіста я ня стаў бы спальваць партрэты прэзідэнта, гэтак сама, як ня стаў бы спальваць, скажам, чырвона-зялёны сьцяг. Зьдзівіла мяне іншае. Атрымліваецца, некаторыя людзі лічаць сябе манапалістамі на Дзень Волі? І калі мне захочацца прасьпяваць "Пагоню", а у іх пляны гэта ня будзе ўваходзіць, мне заткнуць рот? Якога ражна ты лезеш тушыць тое, што запалілі іншыя? Ці гэта -- дэмакратыя? Хочуць -- хай паляць, ім за гэта адказваць. Я не прыхільнік і не праціўнік спальваньня партрэтаў Лукашэнкі. Я прыхільнік свабоды выбару і свабоды самавыяўленьня. І калі нехта захоча наступны раз спаліць партрэт В.Вячоркі ці Г.Лабадзенкі -- на здароўе!. Хаця ў мае пляны гэта таксама ня будзе ўваходзіць 🙂

ps я, дарэчы, прапаноўваў лепш затушыць па-піянерску, але разьюшаная апазіцыя мяне не падтрымала 🙂

сьцягі на суседнім дзевяціпавярховіку пратрывалі хвілін 25

Тэгі:

Mar 25

734 старонкі, цьвёрдая вокладка, 20 глянцавых лістоў з рэдкімі фотаздымкамі

кошт 35 тысяч рублёў, дастаўка па Беларусі
аўтограф аўтара Сяргея Шапрана -- ў падарунак
замаўляйце на labadzenka@gmail.com

падрабязьней пра кнігу ТУТ, ТУТ і ТУТ

Тэгі:

Mar 23

літаральна 20 хвілін таму я пачуў дзікі крык за вакном. гляджу -- у суседнім доме на маіх вачах дзяўчына вылазіць за парэнчы балкона і, стоячы над зямлёю, пачынае дзіка вапіць некаму ў кватэры: "я прыгну! я прыгну! я прыгну!"

я, натуральна, схапіўся за тэлефон. апэратар міліцыі прыняла мой выклік, я паведаміў нумар дома, паверх, куды выходзіць балкон. чакаю.

дзяўчына, пакрычаўшы, залезла ў кватэру.

праз 18 хвілін (!!!) прыехала машына ДАІ, бартавы нумар 742.

даішнік адчыніў дзьверку ля пад'езда (нават не выходзячы з машыны!!!) і запытаўся ў нейкага бамжа нешта кшталту: у вас тут нехта з вакна скача?

бомж яму, напэўна, адказаў, што не.

даішнік зачыніў дзьверку -- і міліцэйская машына зьехала.

заслона.

Тэгі:

Mar 15

Выйшаў першы том унікальнай кнігі Сяргея Шапрана "Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах".

734 старонкі, цьвёрдая вокладка, 20 глянцавых аркушаў ілюстрацыяў, многія зь якіх друкуюцца ўпершыню.

Сяргей Шапран -- геніяльны чалавек і журналіст, па сумяшчальніцтву вось ужо 8 гадоў мой добры сябар. Ягоная кніга -- тытанічная праца, вартая цэлага літінстытута, якую за 5 год выканаў адзін чалавек. Сяргею ўдалося сабраць найдрабнейшыя дэталі з жыцьця і творчасьці Васіля Быкава, ажно да невядомых франтавых малюнкаў і крытычных артыкулаў з газет, у якіх бравыя ветэраны травілі Быкава. Пасьля працы Сяргея ўжо ніхто і ніколі не назаве сваю кнігу "Невядомы Быкаў". Бо кожны з нас будзе мець контраргумент.

(клікайце для павелічэньня)

Замовіць кнугі з персанальным аўтографам аўтара Сяргея Шапрана можна па электроннай пошце labadzenka@gmail.com

Кошт 35 тысяч.

Дастаўка па Беларусі -- бясплатная.

Тэгі: