it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 21

Радзівілаўскія чытанні, якія прайшлі ў Жодзіне, былі прысвечаныя заснавальніку горада — Багуславу Радзівілу

Жодзіна яшчэ нядаўна лічылася адным з наймаладзейшых беларускіх гарадоў — у 1963 годзе гарадскі пасёлак атрымаў статус горада, ад гэтай даты доўгі час і вялі адлік. А што, да гэтага часу там людзі не жылі? Як высветлілася, жылі. А спрычыніліся да заснавання Жодзіна не абы-хто, а самі Радзівілы: яшчэ ў 1643 годзе воляю Багуслава Радзівіла тут было заснавана мястэчка Багуслаў Поле, якое пасля стала называцца Жодзін, а пазней — Жодзіна.

Цяпер гэтая дата — 1643 — ужо прынятая на афіцыйным узроўні, яе можна пабачыць на гарадскім сайце, на вокладках краязнаўчых выданняў. Згадзіцеся, адзначаць 367 гадоў роднага горада прыемней, чым 47-годдзе.

Адным з "рухавічкоў" вяртання гістарычнай праўды стаў пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў, які нарадзіўся ў Жодзіне. Значнай доляю ягонымі намаганнямі ў мінулы аўторак у Жодзіне прайшлі Радзівілаўскія чытанні. Прагучалі даклады запрошаных гасцей — з Акадэміі навук, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гістфака БДУ, Нясвіжскага музея-запаведніка, Акадэміі музыкі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Навучэнцы жодзінскіх школак і гімназіі прадставілі свае праекты — плошчы Багуслава Радзівіла і помніка яму, карчмы-музея "У Багуслава", мультымедыйны праект пра заснавальніка горада. Якраз да ўрачыстасці выйшла "Аўтабіяграфія" Багуслава Радзівіла (390-годдзе якога, дарэчы, адзначалася 3 мая). Пераклаў на беларускую мову "Аўтабіяграфію" пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Прадмову напісаў Генрык Літвін, цяпер ужо былы амбасадар Польшчы ў Беларусі.

Пра асобу Багуслава Радзівіла падчас Радзівілаўскіх чытанняў мы пагутарылі з галоўным папулярызатарам гэтай гістарычнай постаці пісьменнікам Уладзімірам Сіўчыкавым.

— Спадар Уладзімір, шырокаму колу людзей Багуслаў Радзівіл вядомы як здраднік. Давайце вызначым, у чым жа палягала гэтая здрада?

— За гэта трэба "сказаць дзякуй" нашаму земляку Генрыку Сянкевічу, які ў сваім рамане "Патоп" паказаў гэты вобраз як здрадніка. Аднак кожная нацыя мусіць глядзець са свае вышыні. Для нас, беларусаў, гэта ніякі не здраднік. Можа, для палякаў — так. Але калі ўважліва паглядзець дакументы, то атрымліваецца, што Ян ІІ Казімір, кароль Рэчы Паспалітай і Вялікі Князь Літоўскі элементарна кінуў сваю дзяржаву і ўцёк ад кіравання ёю, таму атрымалася вось тое няшчасце — магнаты, шляхта сталі шукаць, на каго абаперціся. Разглядалася ў тым ліку і Швецыя. Як Багуслаў Радзівіл у свой час глядзеў на Усход, але глядзеў як захопнік: у 1655 годзе ішоў на Маскву, і ягоныя тагачасныя хаўруснікі-шведы проста сказалі: не час яшчэ, трэба спыніцца. Свае землі — Падляшша, Наваградчыну, Берасцейшчыну — ён разглядаў як землі Вялікага Княства Літоўскага. Хацеў утварыць там самастойную дзяржаву, якая б абапіралася на кальвінізм і была б незалежная ад Рэчы Паспалітай і Масковіі...

— Спадар Уладзімір, вядома, што многія прадстаўнікі роду Радзівілаў мелі літаратурны талент. Аднак аўтабіяграфію пісаў не кожны магнат. Як вы лічыце, што падштурхнула Багуслава Радзівіла скласці сваю "Аўтабіяграфію"?

— Гэта чалавек надзвычай рознабаковы, я б яго назваў чалавекам рэнесансным, баракальным, чалавекам рэфармацыйным. Ён увасобіўся як мецэнат, як мастак, як вайсковы дзеяч, як грамадскі дзеяч. Разам з тым, яму, відаць, трэба было выказацца, увасобіць сябе як літаратара, бо калі пачытаць, скажам, ягоныя лісты ці лісты да яго, то гэта надзвычай цікавыя дакументы!..

— Давайце паспрабуем акрэсліць час, у якім жыў Багуслаў Радзівіл. З якімі славутымі дзеячамі ён меў асабістыя кантакты, можа, сваячыўся?

— Без перабольшваньня — праз роды Гагенцолернаў, Ягелонаў і Габсбургаў — Багуслаў сваячыўся з усімі наймацнейшымі родамі ў тагачаснай Еўропе. У пэўным сэнсе Багуслаў, ягоная эпоха — гэта, калі хочаце, сённяшні Еўразвяз, толькі тры стагоддзі таму! Пра Багуслава Радзівіла мы можам сёння размаўляць з палякамі, літоўцамі, украінцамі, расіянамі, шведамі — практычна з любым еўрапейцам. А калі мы гаворым пра мушкецёраў, Дзюма, то сённяшняму беларусу цяжка ўявіць, што Людовік ХІV, які казаў "Дзяржава — гэта я", быў кузэнам Багуслава Радзівіла!

— Якія цікавыя падзеі з асабістага жыцця апісвае ў "Аўтабіяграфіі" Багуслаў Радзівіл?

— Вельмі шмат цікавага! У свой час ён быў прадстаўлены ў васьмігадовым узросце каралю Жыгімонту ІІІ... Як ён вандраваў па Еўропе, вучыўся там, удзельнічаў у разнастайных двубоях, паспеў пасядзець у знакамітай Бастыліі некалькі дзён. Але, як кажа наш знакаміты пісьменнік Уладзімір Арлоў, у Бастыліі было зусім някепска сядзець, бо любому вязню давалі чырвонае віно, сыр, вяндліну...

— Мы ведаем, што Багуслаў Радзівіл пахаваны ў Калінінградзе, ягоная і жончына магіла знаходзяцца пад адным дахам з магілай славутага Імануіла Канта. Як так сталася?

— Апошнія гады жыцця Багуслаў Радзівіл працаваў галоўнакамандуючым прускага войска. Нярэдка папракаюць Багуслава службаю ў Фрыдрыха Вільгельма, курфюрста брандэнбургскага. Але гэта ягоны равеснік і — так бывае ў жыцці — стрыечны ўнук! Аднак тыя, хто папракае яго гэтай службай, забываюцца, што Прусія на той час была васалам Рэчы Паспалітай...

Тэгі: