it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 04

Аляксей САКАЛОЎ 19 верасня 1952 года запускаў у Мінску першую незвычайную “рагатую машыну”
надрукавана ў "Звяздзе"


Аляксея Сакалова пахавалі ўчора, памёр ён у ноч з 1 на 2 мая на 88-м годзе жыцця. Гэты чалавек — гарадская легенда нашай сталіцы. Тады, у 1952 годзе, менавіта ён даў старт тралейбуснаму руху ў Беларусі. Маршрут №1 ішоў ад вакзала да Круглай плошчы і складаў 6,4 кіламетра ў абодва бакі. Тры гады таму, калі адзначалася 55-годдзе тралейбуснага руху ў сталіцы, мне пашчасціла пабываць у гасцях у Аляксея Міхайлавіча, паразмаўляць з ім.

— У дзень пуску людзі збіраліся на праспекце яшчэ зранку, прывялі з сабой дзяцей, займалі чаргу, каб праехаць на дзіўнай рагатай машыне, — распавядаў тады Аляксей Сакалоў. — Мяне напярэдадні выклікалі ў камітэт партыі, сказалі: "Ты павядзеш першы мінскі тралейбус". Перад тым я з іншымі кіроўцамі прайшоў паўгадавыя курсы ў Ленінградзе. Дачакаліся, пакуль горад атрымае сем машын. У самы першы дзень праезд быў бясплатны, а ўжо назаўтра ў задніх дзвярах пасажыраў чакалі мілыя дзяўчаты-кандуктары.

Цікава, што тады ў нашай размове Аляксей Міхайлавіч вельмі негатыўна выказаўся пра той самы першы тралейбус "МТБ-82Д".

— Жахлівая была машына! — эмацыйна казаў спадар Аляксей. — Рулявая сістэма жудасная: калі людзей набівалася цэлы салон, дык на павароце даводзілася дзвюма рукамі паварочваць з усяе моцы!.. Задні мост зусім быў непрыдатны... А яшчэ пускавыя рэастаты ўсталяваныя проста пад кабінай, дык я нават узімку заўжды потам абліваўся! Я так радаваўся, калі выпусцілі новыя мадэлі!..

Пра той дзень, 19 верасня 1952 года, Аляксей Сакалоў расказаў гісторыю, якая павінна стаць гарадской легендай. Гэты факт доўга хаваўся, ён і цяпер малавядомы.

— У самы першы дзень на лінію павінна было выйсці сем машын, а выйшла толькі шэсць! — згадваў спадар Сакалоў. — Рэч у тым, што ад дэпо да праспекта лініі яшчэ не было, таму тралейбусы дацягвалі туды трафейныя "студэбекеры". І калі выцягвалі сёмы тралейбус, у машыны адмовілі тармазы, і тралейбус разбіўся ўшчэнт! Яго хуценька зацягнулі ў дэпо, аднавілі, і ўжо праз колькі дзён ён быў на лініі...

...Аляксей Сакалоў пражыў доўгае жыццё. Вокны ягонай кватэры выходзілі на мінскае тралейбуснае дэпо №1 (цяпер яно зачыненае, там будзе пабудаваны гандлёвы цэнтр). Проста з акна Аляксей Міхайлавіч мог бачыць той самы легендарны тралейбус — дагледжаны, адрамантаваны, ён займаў пачэснае месца на пастаменце. Сёння машына знаходзіцца ў дэпо №2.

— Я пачынаў працаваць разам з Аляксеем Сакаловым у сярэдзіне 1960-х гадоў, — згадвае Раман ДЖАГЕЦЯН, былы генеральны дырэктар "Мінскгарэлектратранса" — Быў тады электрыкам, а Аляксей Сакалоў — майстрам. Потым ён зрабіўся начальнікам аддзела тэхкантролю другога дэпо... Нават на пенсіі Аляксей Міхайлавіч часта заходзіў у дэпо, радаваўся новым тралейбусам... У 2002 і 2003 гадах, калі мы праводзілі парад тралейбусаў, легендарную першую машыну, якую ён пускаў у Мінску, цалкам адрамантавалі. Аляксей Міхайлавіч нават праехаў на ёй троху па дэпо, а па праспекце ехаў ужо як ганаровы пасажыр...

Запомніце гэтыя гісторыі і гэтага чалавека. Мінскі тралейбус — такі звыклы цяпер від транспарту для нас — пачынаўся з яго. Светлая памяць!

Тэгі: ,