it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 01

Як быў малы, дык бегаў з бабуліных Бабовішчаў у суседняе Замосьце ў касьцёл дапамагаць ксяндзу. Упрыгожвалі касьцёл, з прыдыханьнем аглядалі агромністую сьвятыню 1620-га году. Яе спрабавалі ўзарваць падонкі-камуністы, але магутныя сьцены вытрымалі. Тады зрабілі тут склад збожжа.

У 1865 годзе, пасьля паўстаньня Каліноўскага, расейскія акупанты зрабілі тут праваслаўную царкву. Пасьля вярнуўся касьцёл. У алтары, дарэчы, некалі, была карціна славутага Шымана Чаховіча "Укрыжаваньне". Самая старая жыхарка Замосьця згадвае, што калі ў 1930-м годзе касьцёл зачынялі, чэкісты прыйшлі арыштоўваць ксяндза проста пасярод імшы. Той сказаў: "Чакайце, я мушу скончыць імшу". Больш яго ня бачылі.

У пачатку 1990-х, калі імпэрыя зла рухнула, сюды прыехаў ксёндз Антон Кочка, аднавіў касьцёл -- прыбраў, адрамантаваў, накрыў дах.

Гады тры ці чатыры таму ксёндз Антон прыехаў у Менск і адправіў імшу ў Чырвоным касьцёле. Нейкая падла стуканула галоўнаму тады па рэлігіях Гуляку. 80-гадовага ксяндза, хворага на дыябет, судзілі -- а пасьля дэпартавалі ў Польшчу. Ня ўсе яшчэ камуністы падохлі: не паложана без дазволу адпраўляць ксяндзу імшу ў іншым касьцёле...

А тады, як я быў малы, то пытаўся ў ксяндза, што гэта за такое прыгожае крэсла стаіць зьлева ад алтара -- старадаўняе, аксамітнае. Ксёндз адказваў: "А як прыедзе Папа Рымскі, дзе я яго пасаджу?!"

Аднойчы напрасіліся залезьці на гарышча. Дах быў новы, нічога асаблівага там не было. Але на бэльках у хаатычным парадку былі расстаўленыя слоікі, бляшанкі, вёдры. На запытальныя позіркі ксёндз адказаў: "Дах накрывалі будаўнікі-п'янчугі. Зрабілі дрэнна -- цячэ. Дык я ў часе дажджу залез і пад кожны струменьчык ёмістасьць падставіў..."

Лазілі і ў крыпту. Тут у нішах некалі захоўваліся парэшткі фундатара касьцёла Андрэя Самуіла Вінкі-Ратамскага, іншых паважных людзей. Ксёндз у крыпце захоўваў збольшага бульбу, буракі, гуркі-памідоры. Халодна, добра ляжалі.

Была і свая легенда пра падземны ход. Ці то да Міра, ці то да Нясьвіжа. У 1980-х як капалі вадаправод у вёсцы, сапраўды праваліліся ў нейкі тунэльчык, пабачылі косткі-чарапы -- спужаліся і закапалі. Бачыў і я пачатак гэтага тунэльчыку ў касьцёльнай крыпце -- ідзе на якія два мэтры, а пасьля штучна засыпаны...

Цяпер у касьцёле новы ксёндз -- малады, энэргічны, раней служыў у Слоніме.

Будзе жыць мой касьцёл.

Гэтым разам ня ўдалося сфоткаць: над алтаром вельмі цікавы старадаўні ляпны ўзор

Іншая дата пабудовы -- 1620 год. Цікава, што на ранейшай шыльдзе было пазначана, што першапачаткова гэта быў касьцёл езуітаў, на гэтай чамусьці прыбралі.

Новыя дзьверы зробленыя добра: нават калі ксяндза няма, можна агледзець касьцёл праз краты.

У двары ксёндз адкапаў нейкі загадкавы камень. Ці то аснова нейкай калоны, ці капліцы-слупа, ці намагільля...

Пры пэўнай долі фантазыі можна пабачыць у пляме крыж ці абрысы твару

Плябанія. У гэтым доме вучылася мая бабуля, тады тут была школа

Тэгі: