it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 27

“Калі французы пабачылі мае габелены, яны не верылі – падыходзілі і мацалі!..”

Надрукавана ў "Звяздзе"

Ужо 15 гадоў Вольга Дзёмкіна жыве і працуе ў Сэнт-Эцьене. Двойчы яе прызнавалі “Мастаком года” Францыі. А Ліёнскія майстры папрасілі яе адрадзіць габелен, які некалі быў вынайдзены менавіта ў Францыі!

Яна жыве ў Францыі і размаўляе па-беларуску. Вокны майстэрні Вольгі Дзёмкінай у Сэнт-Эцьене выходзяць на Альпійскія горы.

Пятнаццаць гадоў таму спадарыня Вольга, прызнаная майстрыца габелену, адправілася ў Францыю з выставай. На радзіме габелена, дзе цяпер гэтае майстэрства ўжо практычна страчанае і занядбанае, габелены беларускі Дзёмкінай зрабілі фурор. За гэтай выставай была наступная, пасля… Пасля Вольга Дзёмкіна зразумела, што Францыя яе чакае, і вырашыла не прымушаць чакаць такую шляхетную пані. Ужо 16 гадоў спадарыня Вольга жыве там, захоўваючы беларускі пашпарт, беларускую душу, беларускую свядомасць. І хоць часам у яе замест “калі ласка” можа вырвацца “сіль ву пле”, творы яе застаюцца адназначна беларускімі.

“Самае страшнае для габелена – святло Месяца!..”

У Беларусі Вольга Дзёмкіна працавала як габеленшчыца і як мастак, мела персанальную выставу ў Нацыянальным гістарычным музеі. Яна стварала першыя касцюмы легендарным “Песнярам” – замест недарэчных сармацкіх касцюмаў Дзёмкіна апранула Мулявіна ў беларускі шляхетны строй. Адзін з яе апошніх габеленаў – “Сіротка” – можа пабачыць кожны ў Нясвіжскім замку. Занавес сцэны ў Нясвіжскім палацы культуры (72 квадратныя метры!) – яе праца. Габелен плошчаю 175 квадратных метраў і 75 квадратных метраў у саўгасе-мільярдэры “Белавежскі” пад Камянцом – яе. Габелен “Рагнеда” ў Заслаўскім краязнаўчым музеі – яе. Габелены ў Нацыянальным гістарычным музеі – яе. Вольга Дзёмкіна некалі адраджала кафедру “Габелен і мадэляванне” ў Акадэміі мастацтва, была яе загадчыцай. Спадарыня Вольга падкрэслівае, што ткаць габелены, мысліць габеленамі яе навучылі менавіта ў нашай Акадэміі мастацтваў.

І гэта дапамагло стварыць у Францыі фурор: за кароткі час больш за 15 персанальных выставаў!.. Два залатыя медалі “Найлепшы мастак года” ў Францыі, агульная колькасць розных медалёў – 11! Самы дарагі, кажа Вольга Дзёмкіна, нават не залаты медаль Нацыянальнай Асамблеі Францыі, – а залаты медаль “Прызнанне публікі”. Бо публіка галасавала выключна за творы мастацтваў, якія былі пранумараваныя, без імёнаў аўтараў. Вось так беларуская душа скарыла французаў…

-- Спадарыня Вольга, расшыфруйце, у чым палягае роля габеленшчыцы. Мастак малюе, ткачыха тчэ, а дзе між гэтым габеленшчыца?..

-- Майстар габелену павінен ведаць структуру ткацтва, бо мы дакранаемся да нітак, якія кладуцца ў твор. Бо нельга аўтаматычна перакласці кардон (на прафесійнай мове так называецца эскіз габелена ў натуральную велічыню – аўт.) на габелен – аўтар мусіць падбіраць гаму, сядаць і падаваць патрэбныя ніткі. Асабіста мяне заўжды прыцягваў класічны габелен, гладкі – на ім можна перадаць усё, ажно да паветра! Мастак, які не вывучаў ткацтва, не здолее перакласці твор на мову гэтай мяккасці, велюрнасці, на мову гэтай “мяккай фрэскі”.

-- Наколькі габелены даўгавечныя? Ніткі блякнуць з часам?

-- Блякнуць, змяняюць колер. Прычым не столькі ад часу і ад сонца, а самае страшнае – ад святла Месяца. Столькі французскіх замкаў сапсавалі свае габелены ад таго, што ў тыя стагоддзі гэта было невядома! Гэта раскрылася толькі ў пачатку ХХ стагоддзя. Я была больш чым у 200 замках Францыі – і вывучала гэта. Некаторыя з габеленаў з зялёных змянілі свой колер на блакітны… На некаторых габеленах быў проста круглы адбітак ад поўні, якая стагоддзямі свяціла на гэтае месца праз вакно. Калі гэта зразумелі, то вокны насупраць габеленаў сталі шчыльна завешваць на ноч. Гэтай бяды не пазбеглі нават габелены ў Версалі.

Габелен "Рагнеда" ў Заслаўі. Фрагмэнт

-- Калі габелен патрапіў з Францыі ў Беларусь і якім шляхам?

-- Калі разглядаць гісторыю, мануфактуры Радівілаў, то гаворка ідзе пра XVII стагоддзе. Карэліцкія шпалеры ткаліся ў такі спосаб, Слуцкія паясы – у нейкім сэнсе таксама.

“Шэсць квадратных метраў габелена ў Беларусі каштуе як у Францыі 60 квадратных сантыметраў”

-- Колькі колераў вы выкарысталі для габелена Сіроткі ў Нясвіжскім замку?

-- Больш за 400, калі ўлічваць меланж – гэта калі бярэцца дзве ніткі і змешваецца. А чыстых – ля 200. Іншы раз проста не хапала кавалачку, нейкага тонкага пераходу – і я шукала, фарбавала, падбірала, каб не страціць эфект. Я стаяла ззаду за пяццю ткачыхамі і падавала ім патрэбныя ніткі. У адзін момант мне нагадала гэта як іграюць на аргане. Бо ткачыхі – яны вельмі харошыя майстрыцы, але без мастацкай адукацыі. І толькі супраца ткачых і мастака забяспечыць дасканалы габелен. Адная з задачаў мастака пры гэтым – зрабіць так, каб не адчувалася, што тут было пяць рук, што гэта ткалі пяць чалавек.

Габелен "Сіротка" ў Нясьвіскім замку

-- Вы задаволены нясвіжскім габеленам Сіроткі, як ён выглядае сёння?

-- Як творам я ім задаволена. Але былі праблемы з яго размяшчэннем. Ён і сёння вісіць там невыгодна – яму там цеснавата ў адносінах інтэр’ера. Злева кафлевая печ, справа – дзверы. Павесілі яго ад самай падлогі, бо зверху – камеры відэаназірання. А перад габеленам паставілі іншы экспанат – выкшталцоны глобус. Габелен апынуўся заціснуты!.. У самым пачатку ўвогуле быў нонсэнс – зламалі раму і падвярнулі габелен сантыметраў на 10 – бо павесіць цалкам заміналі камеры. У выніку, надпісы па-лацінску проста закруцілі, іх не стала відаць… Габелен каштуе вельмі дорага, каб з ім так абыходзіцца!

--  Раз вы ўжо сказалі “дорага”, то раскажыце, колькі гэта каштавала Нясвіжскаму замку – і колькі б гэта каштавала замку ў ваколіцах Ліёна?

-- Я не буду называць кошт. Хачу сказаць, што нясвіжскі габелен больш за 6 квадратных метраў. Зразумела, што я стварала яго, бо гэта – для Беларусі. Але можна параўнаць, што тут 6 квадратных метраў каштуе столькі, колькі ў Францыі – 60 квадратных сантыметраў.

“Проста пераехаць за мяжу – невялікае дасягненне. Важна не згубіцца..”

-- У 1996 годзе вы паехалі ў Францыю з выставай. Гэта была выстава габеленаў?

-- Так, гэта была выстава габеленаў і скульптуры. Мы аб’ехалі разам з выставай некалькі гарадоў, мае творы ўвайшлі ў каталог, прыцягнулі ўвагу – і мой лёс склаўся так, што я ў выніку засталася ў Францыі.

-- У нас у вёсцы пра такія выпадкі кажуць “прабілася”. Вольга Дзёмкіна “прабілася” – з Менску перабралася ў Францыю. Як?

-- Я не лічу, што пераехаць жыць за мяжу – гэта вялікае дасягненне. Некаторыя з’язджаюць – і губляюцца, раствараюцца. Я застаюся грамадзянкай Беларусі. Еўропа праз мяне ўспрымае нашу зямлю… Тады, 15 гадоў таму мяне запрасіў Паўднёвы рэгіён Францыі на доўгатэрміновую выставу. Мой асабісты лёс вырашыўся так – спачатку я засталася творча, пасля сустрэла свой лёс, свайго мужа, ён музыка.

-- А пасля, наколькі я ведаю, беларуску Вольгу Дзёмкіну запрасілі на радзіму габелена адраджаць габелен…

-- Гэта цікавая гісторыя!.. Мяне тады вельмі ўразіла, што Францыя, якая нарадзіла габелен – цяпер абсалютна забылася на яго! Чаму? Я спрабавала даведацца. Ды таму што гэта каштуе вельмі дорага! Францыя ўжо – капіталістычная краіна, мастакі там павінны прадаваць свае творы. А проста для душы, як у нас, там ніхто не робіць. Таму габелен застаўся ў іх толькі ў выглядзе рэстаўрацыі старадаўніх габеленаў у замках. У акадэміях Францыі не існуе адукацыі габеленаў. Калі я выставіла сваю калекцыю, больш за 12 габеленаў, французы былі ўражаны. Яны не верылі: падыходзілі і мацалі – думалі, што гэта намалявана на тканіне!..  Паставіліся спачатку вельмі раўніва!.. Казалі: “Вы не маеце права браць назву “габелен”. Габелены толькі мы ствараем. А гэта – ткацтва!” Але час праходзіў… І цяпер я ўваходжу ў асацыяцыю “Прыгожыя рукі”. Мяне ўгаворваюць стаць прэзідэнтам гэтай асацыяцыі і адрадзіць сучасны габелен. Я пакуль не згаджаюся, бо тады не застанецца часу на ўласную творчасць. Але хачу “хціва” скарыстацца такім становішчам – і запрасіць туды нашых мастакоў, паказаць нашае мастацтва, наше ткацтва!

“Французы зайздросцяць нашаму крэатыву!”

-- А памятаеце гісторыю, калі ў Ліёне пачалі ствараць падробкі Слуцкіх паясоў? Зараз, здаецца, пачынаецца працяг традыцыі. Тады ў Ліёне вырабляліся Слуцкія паясы, цяпер будуць – беларускія габелены!..

-- Канешне, гэта будуць беларускія габелены, бо я ж беларуска! І раблю так, як мне падказвае сэрца, генетычная памяць.

-- А французам трэба беларускія габелены?

-- На іх жа не напісана, што яны беларускія! Гэта наша душа, наша эмацыйнасць, чуллівасць. Французы зайздросцяць нашаму крэатыву, нашаму творчаму ўспрыняццю рэчаіснасці. У іх прынята працаваць у адным стылі, адной манеры – а нашыя мастакі здольныя эксперыментаваць!.. У нас вельмі добрая школа і высокая адукацыя, якая дае нам магчымасць адчуваць на страшным еўрапейскім рынку мастацтва на высокім узроўні. Бо калі ідзе конкурс – і француз не можа намаляваць руку альбо зрабіць партрэт… Яны здзіўляюцца, калі прыходзяць у майстэрню – і бачаць, што за некалькі хвілін можна рабіць твар!.. А я ў школе Ахрэмчыка праходзіла скульптуру, вучылася ўсяму гэтаму, пасля ў Акадэміі… Усё гэта спатрэбілася – у Францыі я ні ў чым ні разу не адчула сябе горшай за іхных мастакоў.

-- А чаму тады мы зараз не грымім у Еўропе?

-- Бо гучна грукочуць толькі пустыя колы! Мы вельмі сціплыя! Трэба з большай годнасцю да сябе ставіцца! Не зачыняцца ў сваіх майтэрнях, а ісці на кантакт з Еўропай. На вялікі жаль, сёння перад беларускім мастаком стаіць пытанне: выжыць. Таму ён ліхаманкава шукае замовы, магчымасць зарабіць… Канешне, мастак жыве з гэтага, але пра душу забывацца нельга.

-- Хочаце сказаць, французскія мастакі не хаўтураць, малюючы партрэты багаценькіх людзей?

-- Я заўжды адмаўляюся ад такіх прапановаў, бо трэба падтрымліваць марку, імя. Людзі набываюць мае творы – гэта значыцца, што ім да спадобы мой стыль. Я ніколі не рабіла копій, паўтораў. Ёсць калекцыянеры, якія трымаюць па 10-12 маіх твораў… У мяне быў адзін прыемны выпадак. Адной дзяўчынцы павінна было споўніцца 18 год – ёй мусілі былі дарыць першы пярсцёнак з дыяментам… Раптам мне патэлефанавала яе маці і кажа: “Дачка сказала, што хоча на 18-годдзе твор Вольгі Дзёмкінай”. Я падумала, што гэта можа быць. І зрабіла тое, што адчувала, уяўляла. І калі яна пабачыла – гэта адразу паклалася ёй на душу.

“Я іх прывучыла, што мы не “Руссі Блан”, а “Беларусь”

-- З чаго складаецца вашае творчае жыццё цяпер?

-- Я працую ў жывапісы, скульптуры, з рознымі іншымі матэрыяламі. Афармляю кнігі – калі я атрымала высокую мастацкую ўзнагароду, пісьменнікі сталі самі звяртацца да мяне. Шмат падарожнічаю, знаходжу новыя вобразы. У часе такіх падарожжаў у мяне нарадзілася ідэя… Зрэшты, гэта пакуль сакрэт!..

-- Калі я зайшоў на выставу сучаснага мастацтва ў Цэнтры Пампіду ў Парыжы, у мяне з’явілася адчуванне, што я нечага “не даганяю”. Большасць з экспанатаў мне здалася вычурнымі, пошлымі, неграманічнымі… Вашыя габелены не выглядаюць архаічнымі на тле ўсяго гэтага сучаснага бясчынства?

-- У сённяшнім мастацтве сапраўды ёсць і пошласьць, і вульгарнасць… Хочацца ж быць папулярным! Мае творы сапраўды з першага майго года ў Францыі выпадалі з агульнай карціны. Але не ў дрэнным сэнсе: людзі пісалі водгукі, што яны ўражаны, што гэта здзіўляе, што гэта ні да чаго не падобна! Мне запомніўся выпадак, як на маю выставу прыйшла адная багатая знаная кабета. Яна прайшла да паловы выставы, павярнуляся – і пакрочыла да выхаду. Я здзівілася і запытала яе: чаму? Яна адказала: “Проста я не ўзяла з сабой лекі…” Я здзівілася яшчэ больш. А яна працягвала: “ У вас такое эмацыйнае мастацтва, што я сёння не гатовая!.. Я мушу выпіць свае супакойваючыя лекі, і ўжо тады прыйсці на вашую выставу. Бо гэта неймаверна ўзрушае, я даўно такога не бачыла! Я пражыла свой век, і цяпер у мастацтве – збольшага ўсё спакойна і зразумела. А вашае мастацтва трэба адчуваць!..”

-- Чаму вы дагэтуль захоўваеце беларускае грамадзянства?

-- Таму што я беларуска! Змяняць грамадзянства, дзякуй Богу, рэзкіх прычынаў не было. Хаця французы ўвесь час угаворваюць мяне гэта зрабіць…

-- Хочуць вас з легіянерак уключыць у нацыянальную зборную…

-- Выглядае, што так. Але кожны раз, калі я падымаюся там на подыюм, я падымаюся як мастак Беларусі. І мне прыемна, што кожны раз, калі пра мяне пішуць, абавязкова пазначаюць у квадраціку: Беларусь, колькі насельніцтва, дзе знаходзіцца. Я падкрэсліваю заўжды, што мы не “Руссі Блан”, а “Беларусь”.

ДАВЕДКА “ЗВЯЗДЫ”

Габелен з’явіўся ў Францыі ў XVІІ стагоддзі, ягоная перадгісторыя сягае ў ручное ткацтва Егіпта. У Францыі былі створаныя станкі для стварэння габеленаў. З таго часу сэнс не вельмі змяніўся: ніводная машына не можа стварыць тое, што можа зрабіць мастак. Сэнс габелена – насценны дыван, дзе ўручную выткана сюжэтная кампазіцыя шляхам перапляцення каляровых нітак.

Тэгі: