it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 20

Мне здаецца, што нягледзячы на неабвешчаную жалобу, мы павялі сябе даволі годна ў сытуацыі з польскай трагедыяй.

Самае галоўнае -- людзі. Людзям, якія спачуваюць, ня трэба чакаць адмашкі зьверху, каб прыйсьці паставіць сьвечку, ускласьці кветкі, выказаць словы падтрымкі. Польскія дыпляматы ў Беларусі  выказаліся: іх уразіла хваля спачуваньня і салідарнасьці ад простых беларусаў.

Па-другое, практычная дапамога: пасадкі самалётаў у Віцебску і хуткі транзыт за нашыя грошы да Смаленску, імгненнае ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму для тых, хто ляцеў з Польшчы да месца трагедыі, у наступныя дні -- магчымасьць бязьвізавага вяртаньня польскіх журналістаў празь Беларусь.

Па-трэцяе, "Катынь" па БТ. Нармалёвы час, якасны белмоўны пераклад. Ну і што, што спачатку зьнялі з паказу. Затое праз тыдзень паказалі ў дзённы час і па-беларуску.

Па-чацьвертае, прэзідэнт Лукашэнка прыйшоў ушанаваць памяць у касьцёл. Гэта выглядала дарэчна і па-чалавечы.

Канешне, за неабвешчаную жалобу, калі ўсе кругом абвесьцілі, няёмка, сорамна. Аргумэнты "а якім бокам нас гэта тычыцца?" тут яўна недарэчныя, зьвядзеньні гістарычных і асабістых рахункаў -- таксама...

Аднак практычная дапамога (з нашымі савецкімі бюракратамі на месцах) -- гэта істотна. Ніжэй -- цікавы артыкул на гэты конт.

Расейцы затрымлівалі транспарт зь Яраславам Качыньскім?

Такое пытаньне ставіць у сваёй сёньняшняй публікацыі інтэрнэт-партал Польскага радыё Polskieradio.pl.

Размова ідзе пра некаторыя акалічнасьці падарожжа Яраслава Качыньскага зь Віцебску да месца катастрофы 10 красавіка.

У сваім твітэры сябра Эўрапарлямэнту Адам Белян, адзін з тых, хто разам зь Яраславам Качыньскім ехаў 10 красавіка ў адным аўтобусе ад Віцебску да месца крушэньня прэзыдэнцкага самалёта, піша пра некаторыя акалічнасьці таго падарожжа.

Паводле Адама Беляна, у той час як шлях па Беларусі да расейскай мяжы быў хуткім, то ўжо ад мяжы па расейскай тэрыторыі ён атрымаўся надзвычай марудным. Агулам 100-кілямэтровая дарога ад Віцебску да Смаленску заняла 3 гадзіны.

Паводле эўрадэпутата, іх самалёт прызямліўся ў Віцебску каля 18-й гадзіны паводле польскага часу. Аўтобус, у якім ехалі Яраслаў Качыньскі, Адам Белян, а таксама польскія палітыкі Павал Коваль і Адам Ліпіньскі, суправаджалі мясцовыя міліцыянты.

"Мы вельмі хутка прыбылі на беларуска-расейскую мяжу ў суправаджэньні беларускага канвою”, — піша ў сваім блогу Адам Белян. — “Практычна на кожным скрыжаваньні стаяў беларускі міліцыянт і аддаваў нам пашану”.

Складанасьці пачаліся ўжо на беларуска-расейскай мяжы.

“Праверка нашых дакумэнтаў памежнікамі заняла 40 хвілінаў. Гэта нягледзячы на тое, што ўсе мы мелі дыпляматычныя пашпарты”, — паведаміў ананімна адзін з удзельнікаў польскай дэлегацыі. — “Да Смаленску ў суправаджэньні расейскіх міліцыянтаў мы рухаліся вельмі павольна з хуткасьцю каля 25—30 км у гадзіну”. Для ўдзельнікаў паездкі ўсё гэта было надзвычай непрыемна. На пытаньне да міліцыянтаў, чаму так адбываецца, яны пачулі адказ: такі загад.

Дзесьці за 20 км ад Смаленску аўтобус быў абагнаны эскортам, які суправаджаў польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска. Яго самалёт прыбыў у Віцебск амаль на гадзіну пазьней, чым самалёт зь Яраславам Качыньскім.

А 20:40 Белян пісаў: “Мы апынуліся ў Смаленску. Страшна баюся таго, што мы пабачым”. Пазней аўтобус каля паўгадзіны кружыў па горадзе, перш чым даехаў да месца катастрофы.

Тым часам Туск правёў перамовы з Пуціным, абодва ўсклалі кветкі на месцы трагедыі.

Словы Адама Білана парталу polskieradio.pl пацьвердзіў дэпутат сэйму Адам Ліпіньскі. Камэнтаваць іх ён, аднак, адмовіўся.