it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 15

надрукавана ў "Звяздзе" ад 16 красавіка

Вежу Любчанскага замка, якая на пярэднім плане, уратавалі валанцёры

У Мінску, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, які ласкава даў памяшканне, адбыўся сумесны з газетай "Звязда" круглы стол па пытаннях валанцёрства ў Беларусі. А дакладней, працы валанцёраў на помніках архітэктуры. Пасяджэнне было прадстаўнічае. Удзельнічалі старшыня Беларускага фонду культуры і беларускага камітэту ІКАМОС (Міжнародная рада па помніках і мясцінах) Уладзімір ГІЛЕП, старшыня грамадскай камісіі па пытаннях аховы помнікаў пры Міністэрстве культуры Анатоль БУТЭВІЧ, загадчык сектара Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля ХВІР, старшыня Беларускага дабрачыннага таварыства аховы помнікаў Антон АСТАПОВІЧ, старшыня МГА "Гісторыка" Зміцер РАГАЧОЎ, прадстаўнік дабрачыннага фонду "Любчанскі замак" Святлана СКРАБЕЦ, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў (БАСА) Зміцер САВЕЛЬЕЎ, сябар беларускага камітэту ІКАМОС Цімафей АКУДОВІЧ.

Уладзімір ГІЛЕП:

Валанцёрства — праява высокага патрыятызму!

Пры канцы круглага стала мы папрасілі падвесці рысу шаноўнага Уладзіміра ГІЛЕПА.

— Спадар Уладзімір, чым была выклікана неабходнасць збіраць такі круглы стол?

— Мы, беларускі камітэт ІКАМОС, падключыліся толькі таму, што валанцёрскі рух ў Беларусі і ёсць, і яго няма. Ёсць — бо бачым па асобах: фонд "Любчанскі замак", МГА "Гісторыка", БАСА, іншыя... Але ініцыятыва не распаўсюджваецца, яна затарможаная. Таму мы вырашылі паразмаўляць, пакуль што вузкім колам зацікаўленых людзей, для таго, каб знайсці кірунак: а што рабіць далей, як зацікавіць іншыя грамадскія арганізацыі, як зацікавіць дзяржаву? Мы назіраем, што часта валанцёрскім рухам называюць іншыя накірункі — напрыклад, дапамогу хворым, пенсіянерам, ёсць экалагічны накірунак. Гэта таксама выдатна. Але валанцёрствам у ахове помнікаў ніхто масава не займаецца. І цяпер, калі дзяржава пачала надаваць вялікую ўвагу ахове і рэстаўрацыі помнікаў, валанцёрскі рух застаецца слабы... У той жа час мы маем прыклады замежжа — скажам, у Польшчы не проста існуе валанцёрскі рух, а ён пашыраны і разгалінаваны: ёсць валанцёры-археолагі, валанцёры-архітэктары, валанцёры-гісторыкі. І кожны займаецца сваёй справай. Мала таго, што яны робяць гэта добраахвотна, яны потым паступаюць у ВНУ на адпаведныя прафесіі, і потым робяцца дактарамі, кандыдытамі навук — растуць на гэтай глебе, займаюцца вельмі карыснай справай...

— Я так разумею, гэтыя роздумы і прывялі вас, зацікаўленых людзей, за круглы стол... Ці ёсць які вынік?

— Мы вырашылі звярнуцца да БРСМ як арганізацыі, якая аб'ядноўвае моладзь, з прапановаю сабрацца разам з зацікаўленымі арганізацыямі і асобамі, і выпрацаваць праграму дзеяння. Я б прапанаваў, каб гэта было ў знакавым месцы, якое патрабуе неадкладнай працы па захаванні — у Гальшанах. І каб там абавязкова прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, мясцовых уладаў — якія, дарэчы, добра разумеюць, што такое ахова помнікаў, зберажэнне гістарычнай спадчыны.

— Паводле закону праводзіць працы на помніку архітэктуры можна толькі з дазволу Міністэрства культуры. Ці не паўстае пытанне, што некваліфікаваныя людзі, валанцёры, могуць нейкім чынам нашкодзіць?

— У мяне асаблівай асцярогі няма. Вы ж бачыце — побач з намі сядзіць прадстаўнік Міністэрства культуры, якраз Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І тыя валанцёрскія арганізацыі, якія ўжо займаюцца помнікамі архітэктуры, робяць гэта абавязкова па ўзгадненні з прадстаўнікамі Упраўлення і мясцовымі ўладамі. Тым больш што валанцёрскі рух — гэта рух людзей не абавязкова з высокай кваліфікацыяй...

— ...але абавязкова — з высокімі грамадзянскімі памкненнямі!

— Менавіта! З высокім патрыятызмам!

— Ці маем прыклады, каб валанцёры рэальна дапамаглі захаванню помнікаў архітэктуры ў Беларусі?

— Самы бліскучы прыклад — фонд "Любчанскі замак". Валанцёрскі рух пакуль у зародкавым стане... Бо ён трымаецца на асобах — напрыклад, спадара Пячынскага, які з'яўляецца рухавіком "Любчанскага замка". І вакол яго збіраюцца тыя, хто хоча дапамагчы, нават прыязджаюць да яго, каб навучыцца так добра арганізоўваць і каардынаваць працу. Вельмі хочацца, каб і дзяржава прыклала свае намаганні.

— Ці выпадае нам тут спадзявацца на падтрымку міжнародных арганізацый, якія апякуюцца помнікамі гісторыі і культуры?

— Так! Я ведаю, што ёсць нават памкненні прапанаваць дапамогу. З велізарным задавальненнем, напрыклад, да нас прыедуць нашы суседзі з Польшчы — студэнты з археалагічных факультэтаў, архітэктурных факультэтаў. Мае асабістыя кантакты з імі дазваляюць гэта сцвярджаць.

— Паколькі ўсе помнікі архітэктуры належаць дзяржаве, то найважнейшым з'яўляецца яе меркаванне на гэты конт. Што прагучала на круглым стале з боку Міністэрства культуры?

— Міністэрства культуры падтрымлівае валанцёрскі рух, яны зацікаўленыя ў гэтым. Бо гэта — арганізаваны рух, куды прыходзяць апантаныя, неабыякавыя людзі. Вядома, Міністэрства будзе, і абавязана, патрабаваць, каб не парушаўся Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Каб працы праводзіліся па ўзгадненні з патрэбнымі інстанцыямі. І каб гэта найперш была праца без шкоды чалавеку, каб вытрымлівалася тэхніка бяспекі.

— Спадар Уладзімір, сучасная моладзь улетку звычайна думае, як бы адпачыць ці грошай падзарабіць. Што б вы сказалі, заклікаючы іх паехаць у валанцёрскі летнік?

— Я лічу, што іхні набытак будзе значны большы. І яго вымераць ніякімі грашыма проста немагчыма. Бо гэта — праца на будучыню. Для некаторых гэта можа стаць жыццём, вялікім захапленнем, тэмай дысертацыі... Параўнаць гэта з тымі капейкамі, якія ён заробіць у будатрадзе, немагчыма!..

Зміцер Савельеў, валанцёр
з 12-гадовым стажам
:

"Калі б не валанцёры, вежа Любчанскага замка ўжо б даўно абрынулася!"

Адзін з удзельнікаў круглага стала — Зміцер САВЕЛЬЕЎ, займаецца валанцёрствам ужо 12 (!) гадоў. Ён — яскравае пацверджанне слоў спадара Гілепа. Захапіўся тэмай гісторыка-культурнай спадчыны, скончыў архітэктурны факультэт БНТУ, магістратуру ЕГУ па аддзяленню "Ахова і інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны", цяпер навучаецца ў аспірантуры БНТУ на кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры. Зміцер — аўтар праекта кансервацыі Гальшанскага замка, адзін з аўтараў праектаў рэстаўрацыі шэрагу старых будынкаў у цэнтры Мінска. З'яўляецца супрацоўнікам Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый.

— Зміцер, распавядзіце, у якіх валанцёрскіх летніках вы ўдзельнічалі асабіста.

— Першы мой валанцёрскі летнік быў у Альбе пад Нясвіжам, у 1999 годзе. Пасля яго былі летнікі ў Любчы, Гальшанах, Мураванцы, Шчорсах, Крэве. Калі агулам узяць усе змены па два тыдні, набярэцца каля дваццаці. Гэта не ўлічваючы адна-двухдзённых выездаў на талаку.

— Што менавіта вы рабілі на пералічаных аб'ектах?

— У асноўным гэта непрафесійная дзейнасць — прыборка тэрыторыі. Нешта чысцілі, добраўпарадкавалі. У Альбе мы расчысцілі алеі старажытнага парку летняй рэзідэнцыі Радзівілаў. Турыстам і мясцовым жыхарам стала зручней блукаць па парку, аглядаць старажытныя каналы. У Шчорсах мы добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол былой аранжарэі — яе стала магчыма пабачыць з іншага боку сажалкі, карэнне дрэваў перастала псаваць падмуркі помніка. У Любчы ўвогуле — калі б не валанцёры, кутняя вежа ўжо б абрынулася! Выключна валанцёрскімі намаганнямі яна была адноўленая да першаснага выгляду: накрылі дах, расчысцілі падвалы, аднавілі прыбудову з лесвіцай. Цяпер там ужо можна рэстаўраваць унутраныя памяшканні, ствараць нейкую экспазіцыю. Адчуванне таго, што мы прыносім карысць гэтым помнікам архітэктуры — вось што там было галоўнае.

— Валанцёры — гэта, у асноўным, некваліфікаваныя людзі. Ці можаце пералічыць, якія працы можа выконваць валанцёр на помніках архітэктуры?

— Чаму некваліфікаваныя? Вось нам даводзілася траву касіць вакол помнікаў архітэктуры. І раптам высвятляецца, што ніхто з хлопцаў не ўмее! І што вы думаеце? Дзяўчаты касілі!.. Робім тое, што я ўжо казаў — прыбіраем тэрыторыю, вычышчаем самі помнікі ад смецця. Калі ёсць адпаведны дазвол, можна зрабіць элементарную кансервацыю помніка — пакрыць верхні край руінаў цэментам. Закалаціць вокны і дзверы, падлатаць дах. Калі на сцяне пачынае расці дрэва ці кустоўе — абавязкова трэба яго прыбраць, бо карані разбураць кладку!.. Аднак трэба заўжды кансультавацца з мясцовымі ўладамі і Міністэрствам культуры: што можна рабіць на помніку, а што нельга. Дазвол трэба на ўсё, што можа змяніць структуру помніка. А касіць траву наўкол можна і без дазволу. Дарэчы, адзін з відаў працы — праводзіць падрабязныя абмеры і замалёўкі помніка архітэктуры. Калі недагледжаны помнік абрынецца, гэта дапаможа ў будучыні яго аднавіць.

— Зміцер, распавядзіце, як выглядае валанцёрскі летнік. Па парадку.

— Калі нейкі чалавек выяўляе жаданне пабыць валанцёрам на помніку архітэктуры, з ім спачатку праводзіцца размова, каб упэўніцца, ці сапраўды ён добра ўяўляе, што гэта такое. Калі набіраецца група ахвотнікаў, адбываецца інструктаж: чым яны будуць займацца, што можна і што нельга рабіць, распавядаем пра сам помнік. Пасля ўсе прыязджаюць на месца летніка на вызначаны тэрмін — гэта можа быць і два дні, і тыдзень, і два тыдні. Пражываем па-рознаму — калі ў намётах, калі ў якой мясцовай школе ці прыстасаваным будынку. На месцы размяркоўваецца праца — кожны атрымлівае сваю дзялянку ў адпаведнасці з жаданнямі і магчымасцямі. Харчаванне таксама ў залежнасці ад акалічнасцяў — ці ў сталоўцы (калі ёсць), ці дзяжурныя штодня гатуюць на ўсіх. Паколькі ўсё добраахвотна, то і выдаткі на ежу кладуцца на саміх удзельнікаў. За два тыдні гэта можа скласці 100-150 тысяч. Гэта адпавядае студэнцкай стыпендыі, якая таксама праядаецца за той жа час. У любым разе, кошт нестабільны — па колькі дамаўляемся, па столькі і скідваемся.

— Як вы лічыце, якая павінна быць матывацыя ў сучаснай моладзі, каб паехаць у валанцёрскі летнік?

— Я лічу, што гэта адна з формаў адпачынку. І адна з формаў атрымання прыбытку, але не матэрыяльнага, а духоўнага. Чалавек, які едзе, атрымлівае веды, эмоцыі, новыя знаёмствы, досвед цікавай працы, рамантыку ўрэшце! Чалавек рэальна адчувае, што ягоная праца патрэбная гэтай краіне, гэтаму грамадству. Гэта цудоўны спосаб бавіць час!

— Часам даводзіцца чуць меркаванне, што нашыя людзі занадта практычныя і прагматычныя. Як лічыце, ці можа мець поспех ідэя такой праца — без грошай, за нейкія маральныя ідэалы?

— У беларусаў ёсць такая старажытная форма валанцёрскай дзейнасці як талака. Раней гэта выяўлялася ў кругавой дапамозе. Трэба адной сям'і выбіраць бульбу ці жаць жата — усе суседзі ідуць дапамагаць. Трэба суседу жаць — гэтая сям'я ідзе на дапамогу. Працуючы валанцёрамі на помніках архітэктуры, мы ідзем на дапамогу сваёй краіне, яе гісторыі, культуры, набыткам нашага народу.

Тэгі: