it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 15

надрукавана ў "Звяздзе" ад 16 красавіка

Новы гмах вымагае ліквідацыі адзінай дзіцячай пляцоўкі і пагражае затуліць сонца для паловы дома. Больш за сотню жыхароў выйшлі на абарону дома і дамагліся ад кіраўніцтва раёна, каб будаўніцтва прыпынілі.

У суботу раніцай жыхары дома № 48 па вуліцы Прытыцкага прачнуліся, зірнулі ў акно і аслупянелі: пад вокнамі літаральна за ноч была разгорнутая будаўнічая пляцоўка! Адмысловыя агароджы затулілі ўвесь кавалачак зямлі ад праезнай часткі да дома. У сярэдзіне апынулася адзіная ў наваколлі дзіцячая пляцоўка. Тут жа стаялі вагончыкі будаўнікоў, тарахцеў бульдозер. Народны тэлетайп спрацаваў імгненна — неўзабаве жыхары, якія былі дома (больш за 100 чалавек) пайшлі ў атаку на будаўнікоў.

Праблема была знаёмая: у 2007 годзе на гэтым самым месцы ўжо хацелі пабудаваць медыцынскі цэнтр. Тады грамадзяне аператыўна сабралі подпісы, склалі ліст пратэсту — і ўдалося адстаяць права на сонца і дзіцячую пляцоўку.

— Цяпер яны паступілі вельмі хітра, — абураўся жыхар дома, які працуе рэпетытарам па матэматыцы, — разгарнулі будаўніцтва напярэдадні Радаўніцы, калі ў краіне 4 выхадныя дні і ўсе паехалі па вёсках! Думалі, не будзе каму пратэставаць!

Будаўнікі паказалі людзям паперы, дзе значылася, што тут мусіць з'явіцца пяціпавярховы медцэнтр. Людзі адразу скемілі, што ён затуліць святло для паловы дома!

— Наш дом і так стаіць на ўзвышшы, пад намі праходзіць лінія метро, — тлумачыла жанчына. — Вунь паглядзіце на каменную падпорку для пагорка: яна ўжо патрэскалася! Вы хочаце, каб наш дом склаўся, як картачны, калі вы пачнеце палі забіваць і катлаван капаць?!

Да раз'юшаных грамадзян прыехалі адразу два намеснікі старшыні адміністрацыі Фрунзенскага раёна, спынілі будаўніцтва да разбіральніцтва. Раніцай у сераду стыхійны мітынг паўтарыўся: людзі пагражалі, што калі будаўніцтва не будзе згорнутае дарэшты, яны будуць пісаць лісты на самы верх. Нехта на эмоцыях абяцаў перакрыць дарогу. У выніку дамовіліся на сустрэчу з кіраўніцтвам адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

— Вёў сход сам старшыня, — расказала "Звяздзе" жыхарка дома Ірына РАКЕЙ. — Нас, жыхароў, было больш за 50 чалавек. Мы вельмі абгрунтавана выклалі сваю пазіцыю. Сярод жыхароў ёсць спецыялісты ў гэтай справе, якія патлумачылі чыноўнікам, што ў гэтым месцы няпэўная глеба, якую размывае кожную вясну, нават зямля правальваецца. Да таго ж, мы патлумачылі, што новы будынак затуліць нам святло!.. Чыноўнікі прапаноўвалі выслухаць аргументы будаўнікоў, прымірыцца з будаўніцтвам. Мы казалі, што не настроеныя прымірацца, што ніводзін жыхар дома не пагодзіцца з гэтым! У выніку кіраўнік адміністрацыі прыпыніў будаўніцтва для разбіральніцтва ў справе. Мы паказалі яму рашэнне Камітэта архітэктуры, выдадзенае ў 2007 годзе: не будаваць на гэтым месцы, а падшукаць іншае. Старшыня сказаў, што не ведаў пра гэты дакумент, узяў у нас копію. На пасяджэнні прысутнічалі і прадстаўнікі будаўнічай фірмы. Калі іх начальнік пачуў нашыя пратэсты, ён кінуў паперы, ляснуў дзвярыма і пабег. Паралельна з пасяджэннем у Адміністрацыі раёна мы накіравалі дакументы ў Мінгарвыканкам, Адміністрацыю Прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю і пракуратуру.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Аляксандр ДАЎГАЛА тлумачыць, што калі жыхары дома працягнуць пратэставаць, будаўніцтва не будзе працягнутае.

— Мы ўчора сабраліся з жыхарамі дома. Вызначылі, што на працягу тыдня заказчык будаўніцтва павінен працаваць з людзьмі, спрабаваць пераканаць іх у бяспечнасці такога будаўніцтва, прад'явіць дакументы пра законнасць будаўніцтва. Накіравалі зварот у Мінгарвыканкам. Па выніках і будзе прынятае рашэнне. Цяпер будаўніцтва прыпыненае да зняцця сацыяльнай напружанасці па гэтым пытанні. Людзі пагражаюць, што калі будаўніцтва не спынім, яны не пойдуць галасаваць на выбары. Мы не можам гэтага дапусціць.

— Вы разглядаеце варыянт поўнага спынення будаўніцтва?

— Вядома. Калі ўзніклае сацыяльнае напружанне не будзе знятае, гэта магчыма.

P.S. Як бачым, калі столькі людзей адначасова выйшлі на вуліцу пратэставаць — значыцца, зачапіла. Прычым кожнага асабіста. Беларусы — мудрыя і разважлівыя людзі, з практычным падыходам да любой справы. Без вострай патрэбы, за эўфемерныя рэчы не пойдуць мітынгаваць. Выглядае, што справа сапраўды вельмі спрэчная. І калі столькі жыхароў дома (а магчыма, і ўсе) выступаюць так агрэсіўна супраць, раённая ўлада павінна ўлічваць іх меркаванне.

Тэгі: