it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 06

А разам з імі – некалькі шляхетных пані і адзін крылаты гусар

надрукавана ў "Звяздзе" ад 6 красавіка

Габелен "Уладальнікі замка"

Спяшайцеся – выстава “Мастакі – Мірскаму замку. Працяг традыцый” працягнецца толькі да 13 красавіка. Пасля гэтага ўсе прадстаўленыя творы мастацтва адбудуць у накірунку Мірскага замка – каб аздобіць залы адноўленега палаца Іллінічаў, Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх.

Уласна, для гэтай мэты на замову Нацыянальнага мастацкага музея артэфакты і былі вырабленыя (замак з’яўляецца філіялам музея).

Выстава шматсэнсоўная. З аднаго боку, выраб копіяў (рэплік) старадаўніх рэчаў – крок вымушаны, бо ніводнага інтэр’еру замка не захавалася. Калі пачыналася аднаўленне, у замку не было нават перакрыццяў. Канешне, археалагічныя доследы далі шмат каштоўнага. Гэтага, магчыма, дастаткова для замкавага музею – і яўна недастаткова для напаўнення замка. Іншы аспект выставы – паказаць, што сённяшнія беларускія майстры здольныя ствараць рэчы не горшыя, чым майстры Радзівілаўскіх мануфактураў. Рэчы, вартыя замкаў і палацаў!

Зразумела, ёсць і іншы шлях напоўніць замак старадаўнасцю – набыць адпаведныя рэчы на еўрапейскіх аўкцыёнах. Але, як адзначыў на адкрыцці выставы пісьменнік Анатоль Бутэвіч, “аўтэнтыкі столькі не знойдзем, а калі і знойдзем, то не хопіць грошай купіць”. Спадар Бутэвіч нагадаў цікавую дэталь, якую апавяла ў часе мінулагодняга прыезду 92-гадовая пані Эльжбета Радзівіл. Яе бацька, уладальнік Нясвіжскага замка князь Альбрэхт Радзівіл, дужа любіў гданьскую мэблю. Аднак Радзівілы грошы лічыць умелі!.. Князь Альбрэхт купляў у Гданьску адно шыкоўнае крэсла, прывозіў сваім майстрам у Нясвіж – і яны выраблялі яму патрэбную колькасць!.. Вось яна, Радзівілаўская мудрасць! Анатоль Іванавіч выказаў меркаванне, што пакінуць замак (і Мірскі, і Нясвіжскі) зусім без аўтэнтыкі нельга, але паралельны выраб такіх вось высокаякасных копіяў – адзін з магчымых варыянтаў.

Сярод экспанатаў выставы – графіка Яўгена Куліка, кераміка (біклага, гаршчок, рынка работы Сяргея Моўчана), рэплікі свержаньскага фаянсу – талеркі работы Алеся Косткі. Вёска Новы Свержань і сёння славіцца сваімі храмамі – касцёлам 1588 года (фундаваў Радзівіл Сіротка) і царквою 1590 года. У 1742 годзе Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька заклаў тут фаянсавую мануфактуру, вырабы якой сталі ў адзін шэраг з лепшымі еўрапейскімі аналагамі. На вялікі жаль, сёння ў Беларусі засталіся толькі адзінкавыя творы – склееныя з кавалкаў, яны захоўваюцца ў Музеі археалогіі Акадэміі навук. Цэлыя ўзоры захаваліся толькі ў Польшчы. Аднак майстар Костка аднавіў фаянс проста бліскуча!..

-- Тут прадстаўленая толькі малая частка будучых экспанатаў для Мірскага замка, -- кажа дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Уладзімір ПРАКАПЦОЎ. – Паказаныя выдатныя працы нашых мастакоў – каб кожны мог ацаніць іх высокі прафесійны ўзровень, адчуць – што сапраўды працяг традыцыяў ёсць, не перавяліся на Беларусі добрыя майстры!.. Зразумела, рэчы выстаўленыя не ў замкавай архітэктурнай сітуацыі, але калі пад канец года яны будуць размешчаныя ў самім Мірскім замку – той архітэктуры і інтэр’ерах – канешне, яны будуць глядзецца зусім па-іншаму!..

Арыгінал сьвержаньскага фаянсу 1740-х гг -- захоўваецца ў Музэі археалогіі Акадэміі навук

Рэпліка, выкананая Алесем Косткам у 2009 годзе

Спадар Пракапцоў выказаў меркаванне, што артэфакты, паказаныя на выставе – як прыклад на будучыню, для аднаўлення іншых замкаў і палацаў. Прыклад, што беларускія мастакі і сёння здольныя вырабіць рэчы, якія годна аздобяць інтэр’еры мінулых стагоддзяў.

Самыя вялікія паводле памеру экспанаты выставы – габелены. Аўтары – Уладзімір Тоўсцік, Валеры Даўгала, Генадзь Жарын. Вытканыя габелены на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі. Самы вялікі, 3 на 4,1 метра, паказвае нам уладальнікаў замка -- Юрыя Іллініча, Катажыну Радзівіл, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку, Міхала Святаполк-Мірскага. Іншыя два – “Зборы на паляванне” і “Паляванне”

Адкрыццё выставы было, як і многія іншыя імпрэзы мастацкага музея, абстаўлена тэатралізавана. Старадаўнія касцюмы, якія аднавіў для замка Юры Піскун, суседнічалі са старадаўнімі строямі салістаў “Харошкаў” і чароўнай музыкай з “Полацкага сшытку”.

-- Гэта свята! – радаваўся дырэктар Уладзімір Пракапцоў. – Свята для аўтараў, музейных супрацоўнікаў, наведнікаў… Такія падзеі павінны адбывацца на адпаведным узроўні – і ў той жа час нефармальна і ад душы!..

Што тут казаць – спяшайцеся на свята! Уявіце, наколькі цікава вам будзе пасля пабачыць гэтыя ж экспанаты ў пяцісотгадовых сценах Мірскага замка!

Тэгі: