it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 03

Добра вядома, што міліцыя ў Беларусі -- асаблівая каста, якой дазволена ўсё, для якой няма законаў, а ёсьць толькі жывёльныя паняткі. Даішнікі разварочваюцца праз падвойную суцэльную і робяць "Жывы шчыт", супрацоўнікі "Аховы" рэгулярна гвалцяць дзяўчат, прапаршчыкі забіваюць людзей у выцьвярэзьніках. І асобных жывёлінаў, канешне, судзяць, але кіраўнікі застаюцца на сваіх месцах, а пачвары працягваюць тварыць што хочуць.

Гэтая гісторыя, дзякаваць Богу, ня мае чалавечых ахвяраў: наваградзкія мянты не скалечылі, не забілі хлопца. Яны проста ўратавалі яго ад фатальнай памылкі: стаць гэткай жа жывёлінай, як яны. Але гісторыя ўсё адно паказальная.

матэрыял Сямёна Печанка, газэта "Наша Ніва"

«Нам у міліцыі такія не патрэбныя, якія ідуць супраць сваіх»

Былы курсант Акадэміі МУС Дзяніс Бяляк з Навагрудка хацеў стаць міліцыянтам, пакуль сам не трапіў у міліцыю.

У «НН» напісаў былы курсант Акадэміі МУС Дзяніс Бяляк з Навагрудка. Гісторыя нібыта банальная — куфаль піва ў звальненні, сутычка з хуліганамі, пастарунак, суд, адлічэнне з вучобы. Дзяніс лічыць, што яго з сябрамі пакаралі незаконна і ў адстойванні сваіх правоў дайшоў да Вярхоўнага суда.

«Часта мы чуем з экрана тэлевізара прыгожыя словы пра дэмакратыю ў нашым грамадстве. Зараз я хачу расказаць аб тым, што адбываецца на самай справе ў нашай (дэмакратычнай) дзяржаве», — піша 19‑гадовы Дзяніс Бяляк.

Што ж прымусіла маладога чалавека, які з дзяцінства марыў стаць міліцыянтам і ўжо зрабіў першыя крокі насустрач задуманаму, прыйсці да нечаканай высновы, што «ў нашай дзяржаве зручней зрабіць чалавека вінаватым і не даць яму магчымасці апраўдацца»? Вось што пра гэта кажа сам Дзяніс.

У сутачнае звальненне 12 верасня 2009 г. ён, другакурснік Акадэміі МУС, прыехаў у Навагрудак. Выпіў з сябрамі куфаль піва. На вуліцы да іх прычапілася пара нецвярозых маладзёнаў. Канфлікт скончыўся бойкай і пастарункам. І хоць зачыншчыкамі былі нецвярозыя маладыя людзі, дарэчы, раней судзімыя, у райаддзеле ўсё пайшло не так. Калі Бяляк паспрабаваў нешта патлумачыць у РАУСе, то афіцэр міліцыі сказаў яму літаральна наступнае: «Змоўч, смаркач, шмат ты ведаеш, навучылі законам цябе ў акадэміі, зараз мы табе пакажам закон». Пры гэтым з нецвярозай парачкай міліцыянты размаўлялі як са знаёмымі. Дзяніса з сябрамі праверылі на алкаголь і пакінулі начаваць у ізалятары часовага ўтрымання. А іхніх крыўдзіцеляў… адпусцілі.

«Павярхоўная, як і суд»

Раніцай Дзяніса выклікалі да ўчастковага Валянціна Рагулі і паставілі ўмову: пакуль не падпішаш пратакол, з ізалятара не адпусцім. Дзянісу ж трэ было вяртацца ў акадэмію. Пратакол ён падпісаў і прыклаў да яго тлумачальную з падрабязным апісаннем здарэння. Перад ад’ездам у Мінск яго адвялі да намесніка начальніка РАУС Генрыха Бараноўскага. Той пры Дзянісавых бацьках нібыта заявіў, што «нам у міліцыі такія не патрэбныя, якія ідуць супраць сваіх і вучаць сваіх сяброў не падпісваць пратаколы». Курсант з’ехаў, а яго сябры засталіся ў ізалятары яшчэ на суткі. Аднаго з іх, Дзяніса Жарнака, з абвастрэннем гастрыту шпіталізавалі. Дзякуючы гэтаму, ён не падпісаў пратакол.

На суд Беляка не адпусцілі. Справу яго разгледзелі надзвычай хутка. Тлумачальнай Дзяніса суд не ўзяў пад увагу, блытаніну ў паказаннях міліцыянтаў таксама. Увогуле, цягам судовай эпапеі супрацоўнікі ППС не адзін раз будуць змяняць свае паказанні, кажа былы курсант. Тое самае было і з ягонымі сябрамі. Хлопцаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі штрафам у 70 тысяч рублёў. 7 кастрычніка Беляка адлічылі з акадэміі.

«Службовая праверка была такая самая павярхоўная, як і суд», — гаворыць Дзяніс. Сябры звярнуліся ў пракуратуру Навагрудскага раёна, згадаўшы ў скарзе пра Жарнака, які быў з імі 12 верасня, але ў суд не трапіў. Жарнак пратакол не падпісаў, але яго ўсё адно засудзілі. Малады чалавек падаў скаргу ў Гродзенскі абласны суд і быў апраўданы.

У судзе высветліліся характэрныя падрабязнасці. Так, на пытанне суддзі, чаму Кейнін і Хвінько (маладзёны, што напалі на Беляка з сябрамі) былі адпушчаныя дамоў пасля інцыдэнту, супрацоўнік Навагрудскага РАУС патлумачыў,

што яны былі… непрытомныя. Самі ж маладыя людзі заявілі суду, што памятаюць толькі, як пілі ў бары гарэлку і па дарозе дамоў трапілі ў міліцыю.

Раённая пракуратура адмовіла Дзянісу і яго сябрам, тое ж зрабіла і абласная, хоць на той момант акурат апраўдалі Жарнака. Пра гэта сябры напісалі ў Генпракуратуру, але там, як і ў абласной і раённай пракуратуры, ім адказалі, што іх віна пацвярджаецца адміністрацыйнымі пратаколамі, падпісанымі імі ж. І паўсюль праігнаравалі іх тлумачэнне, што пратаколы былі падпісаныя ў выніку ціску. Не далі плёну звароты ў Гродзенскі абласны суд, у Адміністрацыю Лукашэнкі.

«Я з маленства марыў стаць міліцыянтам. Мае стрыечныя браты служаць у войску і міліцыі. Гэта ў нас сямейнае», — кажа Дзяніс. У акадэміі ён вывучаў права. Цяпер ён рыхтуецца паступіць на юрыдычны факультэт аднаго з мінскіх універсітэтаў.

Хлопец мяркуе, што навагрудскія міліцыянты папомсціліся яму за тое, што ён паспрабаваў абараніць сябе і сваіх сяброў, адгаворваючы іх падпісваць пратаколы.

«У нас такіх спраў шмат»

У РАУС Навагрудка пра гісторыю з Беляком ужо забыліся. Прынамсі, участковы Валянцін Рагуля паведаміў толькі, што ў мясцовых міліцыянтаў, у прыватнасці ў камандзіра ППС Вячаслава Касцюка, і раней былі праблемы з Беляком. Але падрабязнасцяў участковы не прыгадаў. Вячаслаў Касцюк не змог успомніць падрабязнасці восеньскага інцыдэнту. Не прыгадаў ён і ранейшых канфліктаў з Беляком. «У нас такіх спраў шмат, усё ў галаве не ўтрымаеш», — сказаў камандзір ППС.

У гісторыі Беляка цяжка разабрацца да канца. Верыцца ў тое, што камандзір ППС можа не памятаць дробнага хуліганства паўгадавой даўнасці — на жаль, такіх справаў і сапраўды шмат.

У гісторыі выклікае неўразуменнне, чаму віну за бойку панёс толькі адзін бок, тым больш што другі таксама быў нецвярозы.

Можна дапусціць, што, трапіўшы ў непрыемную сітуацыю, хлопец выкарыстаў атрыманыя ў Акадэміі юрыдычныя веды, чым дапёк супрацоўнікаў РАУС. Ах ты так, то зарабі. Яшчэ горш, калі Кейнін і Хвінько былі знаёмымі кагосьці з міліцыянтаў, што дзяжурылі ў той дзень (гэта вынікае са словаў Беляка). Дзяніс і яго бацькі ўказваюць на шматлікія парушэнні, дапушчаныя пры складанні пратаколаў, на разыходжанні ў паказаннях супрацоўнікаў ППС, на тое, што затрыманых запалохвалі.

Зрэшты, пра такія гісторыі можна пачуць ці не ў кожным раёне. Тое і страшна.

Тэгі: