it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 02

Старшыня аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Барыса Кіта пісьменнік Васіль Якавенка звярнуўся да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі РБ з прапановай размясціць у эфіры тэлефільм “Зорнае прыцягненне” (да 100-годдзя з дня нараджэння Барыса Кіта).

Сп-р Якавенка атрымаў ад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ліст, у якім паведамляецца, што згаданы фільм плануецца да паказу на тэлеканале “ЛАД” 7 красавіка 2010 года.

Па словах аднаго з аўтараў сцэнарыя фільма Уладзіміра Мехава, “Зорнае прыцягненне” – гэта чатыры навэлы пра так званых “касмічных” людзей.

Першая частка знаёміць гледачоў з гісторыяй жыцця ўраджэнца Магілёва Ота Шміта, вядомага матэматыка, астранома, распрацоўшчыка касмаганічнай гіпотэзы аб стварэнні Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі калясонечнага газа-пылавога воблака.

Другая частка распавядае пра ўраджэнца Глыбокага Паўла Сухога, авіякансруктара, стваральніка самалётаў серыі СУ.

Трэцяя частка – пра ўраджэнца Слуцка Сямёна Козберга, канструктара авіяцыйных і ракетных рухавікоў.

І, нарэшце, чацвёртая навела – пра дзеяча беларускай эміграцыі, сусветна вядомага вучонага Барыса Кіта. Гісторыя пра Барыса Кіта здымалася ў Франкфурце. На той момант Барысу Уладзіміравічу было 97 год. “Непасрэдна здымкамі ў Франкфурце займаліся рэжысёр фільма Мікалай Князеў і аператар Вадзім Купрыянаў, – узгадвае Уладзімір Мехаў. – Я з Барысам Уладзіміравічам размаўляў толькі адзін раз па тэлефоне. Пасля таго, як праца над фільмам была скончана, мы даслалі яму дыск. Так што ён ведае пра гэты фільм. Пасля нават Барыс Уладзіміравіч даслаў дыск сваёй даверанай асобе ў Беларусі Лідзіі Савік, хаця яна, канешне, ужо атрымала дыск ад нас. Гэта быў вельмі прыемны жэст з яго боку”.

Нагадаем: 100-гадовы юбілей з дня нараджэння Барыса Кіта адзначаецца 6 красавіка.
У гэты дзень МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння славутага вучонага ладзіць святочную вечарыну, у час якой будзе дзейнічаць выстава кніг і дакументаў, прысвечаных юбіляру. На мерапрыемства будуць запрошаны прадстаўнікі айчыннай навукі і культуры, уладаў краіны, паслы шэрагу дыпмісій.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Тэгі: