it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 02

Самы стары беларускі горад падае прыклад астатнім: вось як трэба шанаваць сваю гісторыю і сваіх герояў!

надрукавана ў "Звяздзе" ад 3 красавіка

У мінулым годзе ўлады Полацка перайменавалі галоўны праспект горада з Карламарла на праспект Францішка Скарыны!

Вуліца Войкава у цэнтры Полацка хутка можа стаць Грунвальдскай. З такой прапановай да мясцовага гарвыканкама звярнулася Полацкае зямляцтва – згуртаванне ўраджэнцаў Полацку, якія цяпер жывуць у розных краінах свету. Гарвыканкам прапанову падтрымаў.

Хто такі Войкаў? Рэвалюцыянер, які праславіўся найперш непасрэдным удзелам у расстрэле царскай сям’і. Менавіта ён падпісаў дакумент пра вылучэнне вялікай колькасці сернай кіслаты для поўнага знішчэння целаў. Яшчэ Войкаў праславіўся тым, што прадаў за мяжу яйкі Фабержэ, а звольнены з дзяржаўнай працы быў за ракраданне футра, якое дарыў сваім каханкам.

Што такое Грунвальдская бітва? Вялікая перамога войскаў ВКЛ над Тэўтонскім ордэнам, дзе значную ролю адыгралі беларускія харугвы. Полацкі полк праславіўся асабліва – бо быў добра ўзброены і падрыхтаваны. 15 ліпеня 2010 года мы адзначым 600-годдзе гэтай слаўнай перамогі.

Таму і прапанову пра наданне вуліцы назвы Грунвальдская гарвыканкам падтрымаў ахвотна. Цяпер прапанова вынесеная на абмеркаванне грамадскасці. Цяпер цягам месяца-двух будзе праводзіцца апытанне жыхароў, анкетаванне, прапанавана выказацца кожнаму жыхару горада. Калі жыхары падтрымаюць ідэю – вуліцы Грунвальдскай у Полацку быць!..

— Мы вельмі ўзважана падыходзім да пытанняў перайменавання, — кажа намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай ІЛЬЮШОНАК. – Вось так з пляча, не абмеркаваўшы, ніколі не прымаем рашэнняў. Перад любым унясеннем прапановы ў Гарадскі савет па перайменаванням праводзіцца вельмі вялікая праца. Найперш гэта – вывучэнне грамадскай думкі: што мяркуюць палачане, жахары канкрэтна гэтай вуліцы, супрацоўнікі ўстаоваў, якія там знаходзяцца…

Мікалай Ільюшонак пагаджаецца, што перайменаванне вуліцы – гэта пэўныя нязручнасці. Але заклікае глядзець у корань – што горад атрымае наўзамен

— Нязручнасці пры гэтым мінімальныя. Жыхарам трэба будзе з часам змяніць штамп пра рэгістрацыю ў пашпарце. Але гэта не гарыць – як кажуць, пры нагодзе. Працэдура бясплатная. Фірмам і ўстановам трэба будзе прывесці ў адпаведнасць юрыдычныя паперы. За гэта бярэцца мінімальная, сімвалічная плата. Як паказвае практыка, гараджане ставяцца да такіх дробных нязручнасцяў з разуменнем – бо наўзамен мы атрымліваем шыкоўныя назвы для вуліц нашага роднага горада!..

Мікалай Сяргеевіч прывёў прыклад – праспект, на якім стаіць гарвыканкам, насіў імя Карла Маркса – а год таму займеў імя вялікага палачаніна Францыска Скарыны.

— У нас было надрукавана шмат розных бланкаў, дзе значыўся адрас – праспект Марска. Вядома, мы іх не выкідалі – яшчэ некалькі месяцаў яны мелі месца. А як скончылася, надрукавалі новыя – ужо з адрасам “праспект Скарыны”.

Пытаюся ў Мікалая Ільюшонка: няўжо не знайшлося гарачых прыхільнікаў Маркса, якія выказаліся супраць перайменавання?

— Былі і такія: усе звароты грамадзянаў у мяне ахайна захоўваюцца ў адмысловай тэчцы. Былі супраць сябры камуністынчай партыі, некаторыя старыя людзі. Аднак, як паказала вывучэнне грамадскай думкі, 75% жыхароў горада падтрымала ідэю надання прспекту імя Скарыны. Гэта стала важнкай падставай для прыняцця рашэння!

Такім чынам, у самым старым беларускім горадзе, дзе кожны сантыметр зямлі дыхае гісторыяй – нашая слаўная гісторыя вяртаецца і ў назвы вуліц.

БЯРЫЦЕ ПРЫКЛАД!

* Каля дзесяці гадоў таму частка вуліцы Фрунзэ ў Полацку была перайменавана ў вуліцу Еўфрасінні Полацкай.

* Вуліцы Леніна вярнулі адзін з гістарычных назоваў – вуліца Ніжне-Пакроўская.

* Праспект Карла Маркса перайменавалі ў праспект Францыска Скарыны.

* Новы праспект горада атрымаў назву праспект дойліда Іаана – стваральніка Спаса-Еўфрасінеўскай царквы.

* Калі грамадскасць выкажацца “за” – у хуткім часе ў Полацку з’явіцца вуліца Грунвальдская.

Годны прыклад для іншых беларускі гарадоў!..

Тэгі: