it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 02

Пасля публікацыі ў "Звяздзе" звольненая з працы Соф'я ЖЫБУЛЕЎСКАЯ атрымала цікавую прапанову ачоліць "Кніжны салон"

24 лістапада мы напісалі пра легендарную дырэктарку "Акадэмкнігі" Соф'ю Жыбулеўскую. Яе ведаюць усе мінскія пісьменнікі і інтэлігенты — кожны, заходзячы ў кнігарню, абавязкова вітаў дырэктарку. Бо шыкоўны асартымент "Акадэмкнігі", у тым ліку агромністая падборка беларускіх кніг — яе асабістая заслуга. З Соф'яй Антонаўнай проста не працягнулі кантракт. З досыць цікавай фармулёўкай: працавалі вы добра, паказчыкі выдатныя, прэтэнзій няма — але кантракт не працягваем. Абгрунтавалі пенсійным узростам. Аднак, здалося нам, да чалавека, які стварыў такую кнігарню і зрабіў яе самай прэстыжнай у Мінску, можна было паставіцца і інакш. Пасля публікацыі ў "Звяздзе" лёс Соф'і Антонаўны змяніўся ў лепшы бок — яе зноўку запрасілі ўзначаліць кнігарню. Праўда, не "Акадэмкнігу", а адчыніць новую — "Кніжны салон" на Калініна, 5 у Мінску. Першым наведнікам, яшчэ да адкрыцця, стаў карэспандэнт "Звязды".

— Соф'я Антонаўна, як развіваліся падзеі пасля нашай публікацыі?

— У тую пару мне было нялёгка. Думала, лягчэй перажыву гэта. Але сумавала без кнігі, без пакупнікоў, без знаёмых і сяброў з сістэмы кніжнага гандлю. Вырашыла — буду займацца сабой, чытаць, хадзіць у басейн. Але неяк не знаходзіла сябе. Пасля крыху пачала звыкацца. Раптоўна мне патэлефанавала Ала Барысаўна Зміева, уладальніца прыватнай фірмы, і запрасіла на працу. Я была вельмі ўзрушаная, але спачатку адмовілася — баялася падвесці, не той узрост, каб пачынаць такую справу, адчыняць новую кнігарню... Яна тэлефанавала зноў. Я паабяцала падумаць — і з'ехала ў адпачынак на Нарач. Вярнулася — і ўсё адно адмаўлялася. Ала Барысаўна, як тонкі псіхолаг, сумна ўздыхнула: "А я ўжо сваім усім сказала..." Я не вытрымала — і пагадзілася. І не шкадую — Ала Барысаўна вельмі апантаны чалавек, яна мае свой асаблівы погляд на кнігарню — і грошы тут не галоўнае. Мы працуем з кнігай, нясём людзям асвету, падтрымліваем і стымулюем беларускія выдавецтвы.

— А што вас асабліва ўразіла і падкупіла? Вы ж спакушаны ў гэтай справе чалавек.

— Падыход, што кніга — гэта найперш не тавар, а вялікая каштоўнасць. Ведаеце, укладаць грошы ў адкрыццё кнігарні ў наш час — вялікая рызыка. І калі чалавек ведае, што хоча — гэта цудоўна.

— Чым будзеце вабіць пакупніка? У Мінску шмат кнігарняў!..

— Шляхетнасцю і незвычайнасцю. Нават у самой назве ідэі — "Кніжны салон". Хочам, каб кнігарня была асаблівая, вылучалася. Нават аздабленнем, абсталяваннем — усё вельмі сучаснае, такога няма больш ні ў адной мінскай кнігарні!.. Асартымент падбіраем такі, каб пакупнікі ішлі менавіта да нас! Калектыў з першага дня настройваем на самую ветлівую і прафесійную працу. Пакупнік прыйдзе да нас — і атрымае ўсе звесткі: ці кніга ёсць, ці кніга была, ці будзе. Можна будзе пасядзець, пагартаць кнігу, паразмаўляць пра кнігу — каб вызначыцца.

— Кнігарні ў Еўропе даўно перасталі быць проста месцам гандлю, а набылі больш шырокую культурніцкую ролю. Так і ў вас будзе?

— Мы плануем надаваць вельмі вялікую ўвагу беларускай кнізе. Уваходзіш у кнігарню — і адразу бачыш паліцы з нашымі кнігамі. Мы плануем ладзіць прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі — і не хаатычна, а па нейкай схеме — скажам, штотыдзень ці два разы на месяц. Каб людзі ведалі загадзя, якія прэзентацыі будуць у наступным месяцы, маглі планаваць і прыходзіць, купляць кнігі і адразу браць аўтографы ў аўтараў. Вось ужо і шыкоўны стол паставілі, і крэслы зручныя ёсць...

МАЙ НА ЎВАЗЕ

"Кніжны салон" адчыніць свае дзверы для наведнікаў 5 красавіка. Рэжым працы — ад 10 да 19 гадзін, у суботу да 18-і, нядзеля — выхадны. Адрас — Калініна, 5 (вышэй па вуліцы ад крамы "1000 дробязяў".

Тэгі: