it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 29

надрукавана ў "Звяздзе" ад 29 сакавіка

У Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах можна параўнаць Ваўскавыск 100 гадоў таму і цяпер

Выставу “Стары і новы Ваўкавыск” падрыхтаваў ураджэнец Ваўкавыска Віктар ВАЙТЧУК. Спадар Віктар – інжынер на чыгунцы, паралельна старшыня Ваўкавыскай гарадской арганізацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў. Ён шчыра любіць свой горад, цікавіцца яго гісторыяй, збірае ўсе магчымая звесткі пра Ваўкавыск. Ягоная выстава ўжо экспанавалася два з паловай месяцы ў Ваўкавыскім гарадскім ваенна-патрыятычным музеі, цяпер вось перабралася ў Раўбічы. А гэта ўзровень – бо раўбіцкі музей з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Выстава працягнецца да 30 мая – кожны паспее. А пакуль мы гутарым з Віктарам Францішкавічам Вайтчуком.

-- Спадар Віктар, вы – добры прыклад таго, як трэба любіць і ведаць свой горад!..
-- Я займаюся гісторыяй Ваўкавыска ўжо гадоў трыццаць. Яшчэ цётка мне апавядала, што ў нас ёсць прогожы Замкавы лес, у якім калісьці стаяў замак… Потым пачаў збіраць здымкі старога Ваўкавыску, стаў цікавіцца – а дзе цяпер гэтае месца, а што сталася з тым будынкам. Паступова ўдалося аднавіць даволі цэльную карціну, якім быў горад раней. А быў ён зусім іншы, чым цяпер… Так з’явілася ідэя такой серыі парных здымкаў: кожная вуліца раней і цяпер. Так з’явілася гэтая выстава.
-- Ці многа засталося ад старога горада?
-- Практычна нічога. Нават дайшло да таго, што рыхтуючыся да “Дажынак” перастараліся – і зруйнавалі старую прыбіральню, якая стаяла пры вакзале яшчэ ад царскага часу. І не толькі гэта. Я падлічыў, што Ваўкавыск агулам 8 разоў знішчаўся…
-- Давайце ўдакладнім.
-- Спачатку яцьвягі напалі, потым рэчка Нетупа разлілася надта моцна, манголы былі напалі, крыжакі, шведскі патоп, французы знішчылі, Першая сусветная, Другая сусветная…
-- Як вы збіралі гэтыя старыя здымкі?
-- Дзе людзі прынясуць ці дашлюць, дзе з інтэрнэта, большая частка засталася ад кнігі “Памяць” – там іншая накіраванасць, таму здымкі старога гораду патрапілі да мяне.
-- Ці шмат ваўкавыскіх вуліц вам ўдалося аднавіць дзякуючы старым фотаздымкам?
-- Практычна ўвесь цэнтр. Дадаць да гэтага старыя карты – і можна здзейсніць такое фотападарожжа па Ваўкавыску канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
-- Хто рабіў сто гадоў таму гэтыя здымкі?
-- У 1900 годзе ў Берліне выйшла калекцыя паштовак пра Ваўкавыску – яны скарыстаныя ў выставе. У 1915 годзе ў Познані таксама друкаваўся набор паштовак пра Ваўкавыск. У тыя часы ў нас, як у любым нармалёвым еўрапейскім горадзе, заўжды было 2-3 фатографы. Прозвішча аднаго, самага вядомага перад вайной было Мілер.
-- Аднак зразумела, што да фатографа прыходзілі фатаграфавацца людзі – ён на гэтым зарабляў. Які сэнс было фатографу здымаць вуліцы горада?
-- Напрыклад, Мілер працаваў у Дзянікіна (Антон Дзянікін – рускі ваеначальнік часоў Першай сусветнай, адзін з кіраўнікоў Белага руху ў часе Грамадзянскай вайны – Г.Л.) асабістым фатографам. Напэўна ж, меў магчымасць і вуліцы здымаць!.. Адзін са старых жыхароў Ваўкавыска пісаў ва ўспамінах, што Мілер перадаў яму ўсе свае негатывы. І ён, баючыся розных наступстваў, частку негатываў знішчыў, а частку недзе закапаў. Гэтая знаходка – яшчэ наперадзе.
-- Як вы бачыце: у што павінна выліцца вашая праца?
-- Трэба аднавіць сённяшняе знаходжанне ўсіх мясцінаў, адлюстраваных на старых фота. Вельмі хачу зрабіць выставу “Жыхары Ваўкавыска да вайны” – паказаць твары тагачасных людзей. Такога матэрыялу ўжо хапае. Знайшлі, напрыклад, фота вяселля графа Прушынскага, які меў маёнтак пад Ваўкавыскам. Разумею, што трэба паспець распытаць старых людзей – яны яшчэ памятаюць тое, што адлюстравана на гэтых фота…

Фота з архіва Віктара ВАЙТЧУКА.

МУЗЕЙ ПРАЦУЕ

Штодня – ад 10 да 17 гадзінаў (каса да 16.30).
Панядзелак, аўторак – выходныя.
Кошт квіткоў: дзеці, студэнты – 1500, дарослыя – 2500 рублёў.
Тэлефон музею (гарадскі) 5074469 (68).

ЯК ДАЕХАЦЬ

З Маскоўскага аўтавакзала (каля Нацыянальнай бібліятэкі):
Аўтобусы: штодзённыя 10.40, 13.20, 14.45, субота, нядзеля – таксама 9.20. Маршруткі (на Прылепы) – 9.00, 9.50, 11.00, 12.00, 12.30, 13.10, 14.00, 14.25, 15.30. Квіткі на аўтобус купляць у касе вакзала, на маршрутку – у кіроўцы. Час у дарозе 30-40 хвілін. Кошт квіткоў: маршрутка 3000, аўтобус 2200 рублёў. Паколькі магчымыя змены, удакладняйце акалічнасці перад паездкай па гарадскім тэлефоне 114.

Тэгі: