it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 25

надрукавана ў "Звяздзе" ад 26 сакавіка
Матэрыялы судовай справы занялі 11 тамоў. Пацярпелымі праходзяць больш за 80 чалавек, сума завалоданых махляром грошай — блізу 400 мільёнаў рублёў. Такія вынікі дзейнасці 39-гадовага слуцака падвёў Суд Слуцкага раёна.

Учынкі спрытнюгі кваліфікавалі як "Махлярства ў асабліва буйным памеры" (ч 4 арт. 209 КК). Суд высветліў, што "асоба завалодала грашовымі сродкамі і маёмасцю грамадзянаў на агульную суму пад 400 мільёнаў рублёў. Тут і пазыкі, і махінацыі з продажам аўто, і — большую частку — "рамонт" мэблі. Схема была простая. Махінатар даваў у газеце ці раскідваў па паштовых скрынках абвестку пра рамонт старой мэблі, абрабленне яе новай тканінай. "Прадпрымальнік" сам выязджаў да кліента — з узорамі тканіны, усё як трэба. Пасля пераконваў гаспадароў даць поўную перадплату — "каб паскорыць справу" — і забіраў мэблю "на рамонт". Кошты рамонту ўражваюць — ад 400 тысяч да 5 мільёнаў! Даруйце, але за такія грошы можна набыць новую скураную канапу!..

Першую пару мэбля сапраўды рамантавалася — не маючы свайго сапраўднага цэху, махляр аддаваў яе ў іншыя фірмы, а розніцу ў грошах браў сабе. Відаць, і не прагарэў бы, каб не раскатаў губу болей. Аднак вялікі камбінатар асмялеў — і стаў класці грошы сабе ў кішэню, а мэблю дзяваць немаведама куды. Слуцакі пачалі звяртацца ў міліцыю. Махляра затрымалі яшчэ ў сакавіку мінулага года, увесь гэты час, пакуль ішло расследаванне справы, ён правёў пад вартай. Паарудваць чалавек паспеў з кастрычніка 2008 па люты 2009 года.

Каля 10 эпізодаў справы — нявернутыя пазыкі. Слуцкія бізнэсоўцы апраметна пазычалі "калегу" немалыя сумы: максімальныя лічбы, якія фігуруюць у справе — 30 мільёнаў, 50 мільёнаў. Нібыта "на развіццё бізнэсу". Тым, хто пазычаў махляру спачатку, нават пашанцавала — па першым часе ён, па прынцыпе піраміды, перапазычаў грошы і разлічваўся з мінулымі пазыкамі. Пасля перастаў. Куды махляр дзяваў грошы, следства так і не высветліла. Маёмасці ён асаблівай не нажыў, ашчаджэнні таксама не знойдзеныя. У Слуцку ідзе пагудка, што камбінатар... спускаў грошы ў казіно.

Пасля затрымання махляра міліцыянты сталі даваць абвесткі ў газетах, звяртацца да людзей — каб ашуканыя прыходзілі ў міліцыю. Толькі тады стаў зразумелы маштаб справы — калі людзі пачалі звяртацца дзясяткамі, а лік стратаў пайшоў на сотні мільёнаў.

Суд Слуцкага раёна даў вялікаму камбінатару 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ягоная маёмасць (небагатая, дарэчы) будзе прададзеная, а грошы прапарцыйна раздадзеныя пацярпелым.

Цягам 10 дзён асуджаны можа абскардзіць рашэнне суда. Мяркуючы па ягоным настроі, чалавек будзе так рабіць — бо да апошняга цвердзіў, што не збіраўся забіраць у людзей грошы, што планаваў усё вярнуць.

Між іншым, сам махляр — слуцак. Незразумела, на што ён спадзяваўся, творачы такое ў сваім горадзе, не самым вялікім — дзе ўсе адно аднаго ведаюць...

Тэгі: