it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 25

"Звязда" разабралася, хто займаецца сёння ваенным пошукам у Беларусі і як ідуць справы ў гэтай галіне
надрукавана ў "Звяздзе" ад 25 сакавіка

Сяргей Бяспанскі -- вельмі захоплены пошукам чалавек

Загадчык філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея "Дом-музей І з'езда РСДРП" Сяргей Бяспанскі па сумяшчальніцтве — старшыня пошукавага клуба "Віккру-Мінск". На нядаўняй канферэнцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў спадар Сяргей рабіў надзвычай цікавы даклад: які пошук існуе сёння ў Беларусі. Каб пагаварыць пра гэта больш грунтоўна, мы сустрэліся ў ягоным кабінеце, на падстрэшшы Дома-музея І з'езда РСДРП. Як высветлілася, пошук — справа далёка неадназначная, не заўсёды законная, часам вельмі небяспечная. Да таго ж, цяпер, калі любы чалавек можа прыдбаць за 300 долараў металашукальнік — незаконны пошук наносіць сапраўдную шкоду дзяржаўным музеям...


"У бой ішло
1500 салдат, выходзіла 20"

— Спадар Сяргей, калі вы гаворыце пра пошук, што вы маеце на ўвазе? Давайце спачатку вызначымся: не хто шукае, а што шукаюць.

— У агульнай свядомасці пошук кранае часы Другой сусветнай вайны: "чырвоныя следапыты", піянеры, школьнікі, якія даследуюць лёс чырвонаармейцаў, што загінулі ў той вайне. Але калі чалавек заглыбляецца ў тэму, ён разумее, што пошук як сама зямля: першы пласт — апошняя вайна, далей — Грамадзянская, далей — Першая сусветная, Напалеонаўская, Шведскі патоп...

— Па сутнасці, як археалогія, толькі з вайсковым ухілам?

— Так. У Расіі нават тэрмін такі ўводзяць — "ваенная археалогія", нават часопіс выходзіць з такой назвай. У нас пакуль такога няма. Напэўна, гэта нейкая дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая ва ўмовах Беларусі мае права на жыццё. Бо ў нас такая складаная вайсковая гісторыя — з часоў норманаў-вікінгаў і да сучаснасці...

— Але, наколькі я разумею, збольшага гэта ахоплівае ХХ стагоддзе і дзве асноўныя вайны?

— Так, бо ад іх шмат што засталося ў зямлі. Да таго ж, усё ранейшае — гэта спецыфічна, гэта ўжо археалогія, калекцыйныя такія рэчы. А наш пошук — гэта мемарыяльная рэч, гэта высвятленне чалавечых лёсаў. Шукальнікі шукаюць лёсы асобы, чалавека. Не войскаў, не насельніцтва, а канкрэтна — Якімовіча, Тарасевіча, Стасевіча. Шукаюць яго лёс і шукаюць сваякоў, каб ім гэта распавесці. Гэта гуманітарная рэч, якая праз асобных людзей далучае нас да гісторыі сваёй краіны. Тое, што прапускаюць праз сэрца і праз думкі.

— Але, напэўна, асабістых рэчаў менш, чым проста стрэльбаў, патронаў, касак... Што можна аднесці да асабістых рэчаў, якія захоўвае зямля?

— Жэтон, узнагароды, нейкія асабістыя рэчы з надпісамі — партсігар, рэмень...

— Узнагароды ж большасцю сваёй былі нумараваныя — і можна высветліць уладальніка?

— Знайсці ўзнагароду — гэта вялікая ўдача, бо па нумары адразу можна даведацца імя байца. Высветліць імя байца — гэта вялікая рэдкасць! За 15 гадоў мы паднялі 150 парэшткаў байцоў, з іх вызначылі толькі 18 асобаў. Вось прапорцыя.

— Кожны дзясяты... Сапраўды, не густа...

— Тут дае знак досвед вайскоўцаў. Жаўнерам раздавалі "смяротныя медальёны". Але часцяком людзі былі непісьменныя — і шмат хто не запаўняў. Іншая дэталь: была такая пагудка, што калі запоўніш — дык цябе заб'юць. І хацелі такім чынам свой лёс падмануць.

— А чаму вайскоўцы мусілі самі запаўняць?

— Такі быў парадак. Раздаваў старшына ці сяржант там. І, па вялікім рахунку, мусіў пасля праверыць, ці ўсе запомнілі. Але з такімі прымхамі — дзе ж ты праверыш. Ды, пэўна, і не да гэтага часам было... Так і гінулі з незапоўненымі, так і ляжаць цяпер безыменныя...

— Гляджу карцінку ў вашым буклеце — і для мяне адкрыццё, што "смяротныя медальёны" былі папяровыя...

— Так, у ім было дзве паловы — адну пахавальная каманда мусіла здаць у штаб, другую пакінуць з парэшткамі. І гэтыя папяровыя жэтоны — цэлая бяда. Самі разумееце, што робіць з паперай час і зямля. Хоць іх пасля і замянілі чырвонаармейскай кніжкай, сэнс застаўся.

— А чаму папяровы — а не бляшаны, як у жаўнераў іншых краінаў? Эканомія?

— Напэўна, гэта сам падыход да чалавечых жыццяў і асобаў. Мільён туды, мільён сюды...

— Я ў адной савецкай ваеннай кнізе чытаў, што калі 60 % жаўнераў загінула — гэта лічыўся паспяховы бой...

— Я бачыў архіўныя матэрыялы, якія датычацца баявых дзеянняў ва Усходняй Беларусі 1943 года. Там увогуле ў бой ішло 1500 салдат, выходзіла 20... У гарачыя часы сярэднясуткавыя ахвяры Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі — 20 тысяч салдат...

"Чорныя капальнікі знайшлі ўнікальныя дакументы, пакорпаліся —
і выкінулі..."

— Калі мы акрэслілі, што ваш пошук — гэта ХХ стагоддзе, што ад якой вайны рэальна знайсці?

— Зямля захавала вельмі шмат!.. Звычайна, баявыя ахвяры, як яны загінулі — так яны і захаваліся да сёння. Зразумела, ад цела чалавека не застаецца практычна нічога. А рыштунак, зброя, медалі, грошы... Калі гэта быў збіты самалёт — і трапіў у наша тарфяное балота, дык ён практычна цалкам захаваўся. Апошні раз падымалі ІЛ-штурмавік, дык нават папяровыя грошы 1943 года знайшлі.

— Вы пералічылі рэчы, якія можна прадбачыць. А што з незвычайнага траплялася?

— Знайшлі аднойчы бутэльку, і нават з вадой — 1941 года! Яна была моцна закаркаваная, таму захавалася. Здалі ў мясцовы музей. А самая незвычайная знаходка была — гэта сейф 20-га механізаванага корпуса Чырвонай Арміі, які быў закапаны ў зямлю пад Чавусамі ў ліпені 1941 года. Корпус пачынаў ваенныя дзеянні пад Негарэлым, праходзіў праз Бярэзіну, Свіслач, Бабруйск і пад Магілёў, прымаў удзел у абароне Магілёва. Трапіў у акружэнне пад Чавусамі — і растварыўся... Яго яшчэ ў жніўні спісалі з рахунку Чырвонай Арміі — бо не вынеслі баявыя сцягі... І недзе ў 2004 годзе нам патэлефанавалі і сказалі, што знайшлі нейкую скрыню, а там нейкія паперкі. Мы хуценька за свае грошы ўзялі машыну — і паехалі глядзець. Сапраўды, чорнымі капальнікамі былі ўзнятыя скрыні, нам паказалі гэтае месца. І мы ашалелі, што гэта за паперкі — баявыя данясенні 20-га механізаванага корпуса, прадстаўленні байцоў да ўзнагародаў... А гэта ж 1941 год — і кожная ўзнагарода на крыві... Яны ж не проста адыходзілі, беглі з Мінска да Магілёва — яны змагаліся... Таксама там быў надзвычай каштоўны спіс стратаў — хто дзе загінуў. Найкаштоўнейшыя звесткі!.. Мы, што змаглі, расчыталі, надрукавалі гэты спіс, перадалі яго ва Упраўленне па ўшанаванні памяці Міністэрства абароны. І такіх знаходак я не ведаю больш на постсавецкай прасторы.

— Атрымліваецца, яны гэты сейф спецыяльна закапалі, каб захаваць?

— Так, бо апроч папераў там, выходзіць, былі і баявыя знамёны — засталася труха. Напэўна, зразумелі, што не выйдуць з акружэння — і каб ворагу не дасталося, вырашылі закапаць.

— Вы сказалі, што чорныя капальнікі знайшлі. А як удалося даведацца?

— Нам шапнулі. Ім нашто гэтыя паперы? Іх іншае цікавіць — што можна прадаць, а гэта асабліва не прадасі. Пакорпаліся — і выкінулі.

"Значная частка брацкіх магілаў — пустыя"

— Спадар Сяргей, многія чулі пра славу Шклоўскага пошукавага атрада — яны дастаюць з балотаў танкі, іншую тэхніку. Вы такім не займаецеся?

— Мы ж працуем пры Нацыянальным гістарычным музеі — у нас ёсць зацікаўленасць ва ўсім! Інфармацыя, якая даходзіць да нас ад тубыльцаў, — дзе танк ляжыць, дзе самалёт упаў... Аднак Шклоўскі атрад мае ліцэнзію на такія працы, як і "Памяць Афгана". Мы не маем, але звесткі такія збіраем. Паводле нашых звестак, на сёння яшчэ не выцягнута з балот на тэрыторыі Беларусі каля 70 адзінак бранятэхнікі.

— Як атрымалася, што і праз столькі гадоў пасля вайны ўдаецца зрабіць столькі знаходак? Няўжо за савецкім часам гэтым ніхто не займаўся?

— Пошук узнік стыхійна пасля распаду Савецкага Саюза. Дагэтуль зямля была пад "жорсткім партыйным наглядам". Але калі знік прэс афіцыйнай цэнзуры, пачаліся пытанні 1941 года, 1942 года... І ва ўсіх баявых раёнах Савецкага Саюза пачаўся такі аматарскі рух пошуку — гэта была грамадская ініцыятыва. І пайшло з зямлі тое, што неяк прыхоўвалася ў савецкія часы — колькасць ахвяраў. Мы ж былі выхаваныя, што "ніхто не забыты, нішто не забыта". Калі сталі даследаваць, выявілася, што толькі на тэрыторыі Беларусі пахавана каля 1,5 мільёна байцоў Чырвонай Арміі, з якіх толькі (!!!) 400 тысяч апазнаныя! І пачаліся ў 1990-я гады аматарскія клубы, якія і сталі займацца гэтай працай. Паралельна сталі займацца і чорныя капальнікі — бо зямля апынулася як бы нічыя... У тыя часы мы панеслі вялізныя страты, бо спрытнюгі выкарысталі момант — і шмат чаго знойдзенага пайшло міма дзяржаўных фондаў... Пасля ўжо было створана Упраўленне па ўшанаванні памяці пры Міністэрстве абароны, пасля быў створаны асобны 52-і пошукавы батальён — адзіны такі батальён на постсавецкай прасторы.

— З 1,5 мільёна — 400 тысяч... Няўжо паперы такога кшталту, як у знойдзеным сейфе, настолькі не захаваліся?

— Тое, што не было вынесена з баёў — загінула назаўжды. Ёсць і іншы момант — усе архівы ваенкаматаў мэтанакіравана былі знішчаны — выходзіць, каб схаваць праўдзівую колькасць ахвяраў. Не ўсе ведаюць, што значная частка брацкіх магілаў — пустыя. Неаднаразова ў нас бывала так, калі мы знаходзілі парэшткі байцоў — і яны лічыліся пахаванымі ў нейкай брацкай магіле зусім у іншым месцы. Мы тады гэтыя парэшткі хавалі менавіта там, дзе было напісана — каб хоць адпавядала...

— На жаль, у тэме пошуку мы часта чуем пра тэму "чорных капальнікаў". Гэта вялікая праблема?

— Гэта велізарная праблема!.. З'ява шкодная і маштабная — яны закранулі кожны раён Беларусі. Шкоду яны наносяць агромністую! Тое, чым яны займаюцца — гэта крадзеж у мёртвых. Што лічыцца непрымальным ва ўсіх культурах. Жывуць яны з таго, што калекцыянеры плацяць ім грошы за знаходкі. Капальнікаў цікавіць зброя, узнагароды, вайсковы рыштунак. У інтэрнэце ёсць агромністыя сайты, дзе яны выхваляюцца адно перад адным знаходкамі. Шкада, вельмі шкада, што нашы праваахоўныя органы надаюць гэтаму недастатковую ўвагу. Бо з сучаснымі тэхналогіямі вылічыць гэтых людзей — нескладана...


ЯКІ ІСНУЕ ПОШУК У БЕЛАРУСІ

Увесь пошук у Беларусі ўмоўна дзеліцца на 2 вялікія групы: дзяржаўны і грамадскі.

Дзяржаўны ажыццяўляецца на прафесійнай аснове — людзі працуюць за заробак.

1. 52-і пошукавы батальён. Спецыялізуецца менавіта на пошуку рэшткаў ахвяраў вайны.

2. КДБ. Рассакрэчваюцца матэрыялы пра ваеннапалонных — у супрацы з нямецкай грамадскай арганізацыяй "Саксонскі мемарыял" ужо апрацаваныя 20 000 спраў, вызначаныя 12 000 імёнаў — хто з ураджэнцаў Беларусі пахаваны ў Нямеччыне. Гэта надзвычай каштоўная інфармацыя для сваякоў — ведаць, дзе пахаваны твой бацька, дзед...

3. Музейны пошук. Ім займаюцца спецыфікаваныя музеі — Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны гістарычны музей, Музей гісторыі Брэсцкай крэпасці, абласныя краязнаўчыя музеі. Навукоўцы, кожны па сваёй тэме, вядуць пошукавую працу: навукова-даследчую, пра ўдзел у вайне сваіх землякоў, якія загінулі.

4. Архіўны пошук. Большасць матэрыялаў сканцэнтраваная ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны СССР у Падольску. Неверагодна, але супрацоўнікі архіва аблічбавалі і вывесілі на сайт 20 мільёнаў асабістых справаў! ПАЗНАЧЦЕ КАРЫСНЫ АДРАС: www.obd-memorіal.ru

Грамадскі пошук

1. Сямейны пошук. Страты Чырвонай Арміі — 14 мільёнаў салдат, з якіх 7 мільёнаў дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Зразумела, многія сем'і хочуць даведацца, дзе пахаваныя продкі — удзельнікі вайны.

2. Педагагічны пошук. Такім чынам школы і іншыя навучальныя ўстановы далучаюць вучняў да гісторыі, вучаць патрыятызму, гуманізму. З 1992 па 2007 год усе школьныя пошукавыя атрады былі аб'яднаныя ў рэспубліканскую асацыяцыю "Пошук", якая налічвала каля 2000 актыўных сяброў. Пасля яна знікла. Бо вайскоўцы катэгарычна супраць удзелу ў пошукавых мерапрыемствах дзяцей. Напэўна, яны маюць рацыю. Сяргей Бяспанскі расказвае, як сам некалі корпаўся са школьнікамі ў зямлі. Пакорпаліся — і пайшлі. А калі месца потым праверылі сапёры — там аказалася шэсць снарадаў... Больш спадар Сяргей такую адказнасць на сябе браць не хоча. Да таго ж, па спрадвечных народных традыцыях судакранацца са смерцю можа толькі той, хто ўжо нарадзіў дзіця...

3. Ліцэнзаваны пошук. Аматарскія групы атрымалі ліцэнзіі і законна праводзяць пошук. Гэта славуты Шклоўскі пошукавы атрад, які падымае з балот цяжкую тэхніку, атрад "Памяць Афгана", пошукавы атрад Музея авіяцыі.

4. Замежны пошук. На сталай аснове працуюць прадстаўнікі Народнага саюза Германіі, якія вышукваюць і ўпарадкоўваюць пахаванні вермахта — па іх звестках у нас пахаваны 200 тысяч нямецкіх салдат. Гэта кранае выключна звычайных вайскоўцаў. Карнікі і эсэсаўцы лічацца злачынцамі — іх магілы ўшаноўваць забаронена.

5. Аматарскі пошук. Вядзецца арганізацыямі, якім гэта цікава. Зазвычай гэта сталыя людзі, у многім — былыя вайскоўцы.

6. Калекцыйны пошук. Аматары гісторыі, якія для сваёй калекцыі шукаюць артэфакты ў зямлі. Дзейнічаюць незаконна.

7. Чорныя капальнікі. Марадзёры, якія рабуюць вайсковыя магілы. Дзейнічаюць незаконна. Калі вам стала вядома пра такія выпадкі — неадкладна паведамляйце ў міліцыю!

МАЙ НА ЎВАЗЕ

Хто можа корпацца ў зямлі?

Афіцыйна — толькі 52-і пошукавы батальён, а таксама некалькі іншых арганізацый, у якіх ёсць на тое ліцэнзія. Астатняе — парушэнне. Пошукавы клубы "Віккру-Мінск", напрыклад, праводзіць раскопкі толькі ў прысутнасці службоўцаў з 52-га пошукавага батальёна.

Іншая рэч, калі вы выбіралі бульбу — і знайшлі снарад, не бойцеся выклікаць сапёраў — гэта лічыцца выпадковымі знаходкамі. Калі знайшлі нешта іншае, каску ці якія гільзы, прапануйце у экспазіцыю бліжэйшаму краязнаўчаму музею. Калі скажуць, што такога дабра хапае — пакіньце сабе на памяць.

Фота з архіва
клуба "Віккру-Мінск".



Тэгі: