it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 21

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!» – працытуе вам любы беларус словы Францішка Багушэвіча з прадмовы да “Дудкі беларускай”. Адчуваеце? Менавіта “беларускай”. Ня польскай, не расейскай, не яшчэ якой.

Багушэвіч – першы літаратар новай, беларускай Беларусі. У 1891 годзе ў памянёнай прадмове нашую краіну ён так і называе – “Беларусь”. І выступае прарокам, бо законна яна стала называцца Беларусьсю (а не “Белоруссией” ці БССР) толькі (!!!) роўна праз 100 гадоў!

Пасьля паўстаньня Каліноўскага неймаверна абураны масавым гвалтоўным пераводам каталікоў у праваслаўе Багушэвіч (між іншым, актыўны ўдзельнік гэтага паўстаньня) разам з бацькам за адну ноч збудаваў у сваіх Кушлянах капліцу. Падпраўленая, стаіць яна й сёньня.

Хаваючыся ва Ўкраіне ад перасьледу за ўдзел у паўстаньні, скончыў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Працаваў адвакатам – абаронцам правоў сялянаў. Выдатны вобраз для народнага паэта!..

Багушэвіча прынята лічыць ідэолягам нацыянальнага руху, пачынальнікам новай беларускай літаратуры – памёр ён акурат у 1900 годзе, так што рэальная мяжа ХІХ і ХХ стагодзьдзяў супала зь мяжой сымбалічнай, што бывае нячаста.

Гэта Багушэвіч сказаў, што “Беларусь - там, дзе наша мова жывець”. А згаданую прадмову да “Дудкі беларускай” прынята лічыць першым беларускім эсэем. Такі вось мясцовы Мантэнь.

Багушэвіч сыстэматызаваў беларускую душу й псыхалёгію. Ён ведаў яе, адчуваў і прымаў. Разумеючы, што ня вечна так быць павінна.

Наш брат як увойдзе, — сам сябе баіцца:
Ці йсьці бяз шапкі, ці гдзе пакланіцца?
Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца:
Пакланіцца немцу ці якому жыду!
Няхай яго сточа — набярэсься стыду;
Няхай лепей з дому я той дзень ня выйду.
А пазнаць жа трудна як жыда, як немца,
Як пана якога ці там чужаземца.