it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 20

надрукавана ў "Звяздзе" ад 20 сакавіка

На Рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе чарговы раз разгледзелі пытанне нашумелага руйнавання помніка архітэктуры па вуліцы Рэвалюцыйнай 24а ў Мінску. “Звязда” неаднойчы пісала пра гэта і працягвае сачыць за развіццём падзеяў

Загад Міністэрства культуры пра поўную ручную разборку будынка "Мінская спадчына" зразумела вось так

У Міністэрстве культуры адбылося чарговае паседжанне Навукова-метадычнай рады па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Нам з вамі яно было цікавае найперш тым што там чарговы раз разглядалі справу руйнавання экскаватарам будынка ХІХ стагоддзя па вуліцы Рэвалюцыйная 24а ў Мінску. Пра гэта “Звязда” пісале неаднойчы – і менавіта пасля нашых артыкулаў Міністэрства накіравала заяву ў Генпракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням прадпрыемства “Мінская спадчына”. Коратка нагадаем сэнс справы: Міністэрства загадала “Мінскай спадчыне” разбіраць помнік архітэктуры ўручную (каб пасля выкарыстаць старую цэглу, а таксама да канца правесці даследванні і скарэктаваць праект рэстаўрацыі і аднаўлення), а тыя большую частку будынка грохнулі экскаватарам

“Брэсцкі гарвыканкам просіць Раду выключыць наступныя помнікі з Дзяржаўнага спісу каштоўнасцей…”

Рэспубліканская навукова-метадычная рада – гэта група прафесіяналаў у розных галінах, датычных аховы, захавання і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры і культуры. Рада выносіць на разгляд любыя пытанні, датычныя лёсу помнікаў – найперш вострыя і злабадзённыя – і шляхам абмеркавання выносіць рашэнне, якое абавязковае для выканання на ўсіх узроўнях.

Каб вы крыху адчулі атмасферу паседжання Рады, адзначу, што цягнулася яна больш за 5 гадзін – ад 10 раніцы і да пачатку чацвертай. За гэты час быў адзін невялікі перапынак, за які нават кавы не вып’еш, бо няма дзе паблізу. Разглядалі 9 пытанняў, кожнае з якіх – гэта даклады зацікаўленых бакоў, спрэчкі, абмеркаванні, рашэнні. І кожнае пытанне – важнае. Ныпрыклад, прыехалі чыноўнікі з Брэста і просяць: выключыце з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей шэсць (!) будынкаў. Для чаго? Іх версія – будынкі маюць дрэнны тэхнічны стан і не маюць архітэктурных асаблівасцяў – не вытрымлівае крытыкі. Бо ў Спісе ёсць нават руіны, рэшткі збудаванняў. На тое ён і Спіс, каб адказныя ворганы дбалі пра стан помнікаў. На справе выглядае, што квартал збіраюцца забудоўваць і помнікі архітэктуры, якія проста так не зруйнуеш, замінаюць. Але ўсё адно парадаксальна!.. Здавалася б, кожны горад мусіць ганарыцца сваімі помнікамі архітэктуры (ў якім бы стане яны не былі) – а тут чыноўнікі самі просяць выключыць… Дзякаваць Богу, рада, з падачы старшыні Грамадскай камісіі Анатоля Бутэвіча, прыняла мудрае рашэнне: выехаць на месца ў Брэст і разабрацца, што да чаго.

У такой палемічнай атмасферы і адбыўся разгляд справы руйнавання дома па вуліцай Рэвалюцыйнай, 24а. Даклад рабіў навуковы кіраўнік аб’екта спадар Аляксандр Кропатаў. На паседжанні прысутнічаў в.а. галоўнага інжынера “Мінскай спадчыны” Леанід Малашка. Не буду поўны змест дакладу спадара Кропатава. Скажу пра тое, што зачапіла. А менавіта – два запісы ў прадстаўленым на разгляд Рады дасье аб’екта.

Першы момант – фраза “задачы ручной разборкі будынка былі вычарпаны, пра што быў зроблены запіс у журнале аўтарскага нагляду…” Маецца на ўвазе запіс галоўнага архітэктара праекта спадара Босака, зроблены незадоўга да руйнавання будынка. Нагадаю: Рада пастанавіла чорным па белым – увесь будынак разбіраць уручную. І рашэнне рады не маюць права парушаць ці абмяркоўваць ні навуковы кіраўнік, ні галоўны архітэктар, ні “Мінская спадчына”. Закон быў парушаны – пра што Міністэрства і паінфармавала “Звязду” ў апошнім лісце.

Другая фраза --  “арнаментальны роспіс, …паводле рашэння навуковага кіраўніка магчыма дэмантаваць з мэтай выкарыстання матэрыялаў фіксацыі для распрацоўкі праектаў інтэр’ераў”. У рэдакцыі маюцца фотаздымкі, зробленыя за пару гадзінаў да руйнавання. Дык вось, ніхто нічога не дэмантаваў. Сфатаграфавалі і зруйнавалі.

-- Адным з рашэнняў мінулага паседжання рады было накіраваць ліст у Мінгарвыканкам аб прыцягненні вінаватых да адказнасці, -- пракаментаваў даклад начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ігар ЧАРНЯЎСКІ. – Такі ліст накіраваны, адказу пакуль, нажаль, няма. Таксама справа кантралюецца пракуратурай з рэгуларнасцю раз-два на тыдзень, учора прадстаўнік пракуратуры быў у нас, мы гэтую тэму абмяркоўвалі.

Пасля гэтага, звяртаючыся да прадстаўніка “Мінскай спадчыны” Леаніда Малашкі, намеснік міністра культуры Віктар Кураш падвёў рысу:

-- Леанід Леанідавіч, рэзананс ад вашай працы вельмі вялікі. Нажаль, адмоўны. Яшчэ раз паўтараю: у нас не так шмат помнікаў архітэктуры, каб вы сабе дазвалялі такім вось чынам іх разбураць. Вашая задача – дакладна выконваць рэкамендацыі Рады, якія выпрацоўваюцца, выконваць заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, і кожны крок вось па такіх аб’ектах узгадняць з намі, Міністэрствам культуры. Бо калі разглядаюцца пытанні аб тэмпах працы, трэба ўлічваць, наколькі гэтыя тэмпы адпавядаюць заканадаўству.

Леанід Малашка не знайшоўся, што адказаць на гэта. Ні слова, толькі галавой кіўнуў.

Пытанні наўздагон

Пасля паседжання Рады намеснік міністра культуры Віктар КУРАШ адказаў на пытанні “Звязды” адносна нашумелай справы.

-- Віктар Іосіфавіч, які прамежкавы вынік па справе руйнавання будынка па вуліцы Рэвалюцыйнай, 24а?

-- Мы адрэагавалі – напісалі ліст у Генпракуратуру і цяпер з супрацоўнікамі пракуратуры працуем над гэтым пытаннем. Накіравалі ліст таксама ў Мінгарвыканкам, каб з нашым удзелам разгледзелі пытанне працы “Мінскай спадчыны” па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей. Бо менавіта з гэтай мэтай прадпрыемства і было створана – захоўваць у першую чаргу. А калі яшчэ ёсць ворган – Навукова-метадычная рада – якая падказвае, як гэта рабіць, дык яны гэта ў першую чаргу павінны выконваць. Таму на папярэдняй Радзе мы адзначылі недастатковую працу навуковага кіраўніка Кропатава па гэтым аб’екце. Тады ён сказаў, што ўсе неабходныя дакументы – па замерах, па абследванюю – яны маюцца. Мы яго абавязалі на сённяшняй Радзе прадставіць гэтыя дакументы – сёння ён нам прадставіў, у тым ліку хімічныя даследванні наконт роспісаў на сценах. Рада пагадзілася з тым, што неабходныя працэдуры з боку навуковага кіраўніка былі праведзеныя. У той жа час выказаліся, што “Мінская спадчына” парушыла заканадаўства ў частцы ручной разборкі. Не мелі дазволу на механічную разборку экскаватарам гэтага будынка!

-- Аргументы навуковага кіраўніка, якія прагучалі на радзе прыкладна такія: мы ўсё, што хацелі, даследвалі, таму нічога страшнага, што яны будынак грохнулі экскаватарам. Але ці правільна я разумею, што паколькі Рада дала дазвол на поўную ручную разборку будынка, то толькі Рада магла адмяніць гэтае рашэнне ці перагледзець яго?

-- Канешне. Я думаю, мы будзем настойваць на тым, каб гэты будынак быў адноўлены ў тым выглядзе, у якім ён быў дагэтуль.

-- У дасье, якое сёння было прадстаўлена Радзе, было пазначана, што рашэнне навуковага кіраўніка мела на ўвазе ў тым ліку дэмантаж роспісаў. Гэта не было зроблена – будынак зруйнавалі разам з роспісамі. На гэтым будзе засяроджаная ўвага?

-- На абмеркаванні высветлілася, што гэтыя роспісы не ўяўляюць сабой нейкую гістарычную каштоўнасць, што гэта – звычайныя інтэр’еры, якія былі выкананыя шляхам нанясення трафарэту.

-- Віктар Іосіфавіч, да прызначэння намеснікам міністра вы працавалі начальнікам упраўлення культуры Мінгарвыканкама. І, напэўна, лепш за мяне ведаеце, што такіх роспісаў, якім было б 100 гадоў, у грамадзянскай архітэктуры Мінска больш няма – нават трафарэтных. І тут яны знішчаюцца са словамі: “Ай, ну гэта ж пачатак ХХ стагоддзя, гэта ж лухта!”

-- Гаворка ішла пра тое, што гэтыя роспісы выконвалі, па сутнасці, ролю шпалераў…

-- Аднак ніхто і не кажа, што яы высокамастацкія. Гаворка пра тое, што гэтым малюнкам было 100 гадоў – і іншых такіх у нас няма.

-- Давайце мы да гэтага пытання вернемся на Радзе. І можа, у нейкіх інтэр’ерах адноўленага будынка ўзновім гэтыя малюнкі. Зразумела, што можа, нейкія фрагменты трэба было захаваць…

-- Віктар Іосіфавіч, што дакладна міністэрства напісала ў звароце ў Генпаркуратуру?

-- Мы просім пракуратуру даць прававую ацэнку дзеянням “Мінскай спадчыны”.

-- У лісце міністэрства да нас у рэдакцыю ёсць фраза, што “Мінская спадчына” сістэматычна стварае пагрозу нашым помнікам архітэктуры. Чаму гэтая арганізацыя працягвае займацца гэтай справай? Чаму не выносіцца пытанне аб адхіленні іх ад гэтых прац?

-- Ведаеце, я памятаю, як гэтая арганізацыя пачынала сваю працу. І яна была створаная менавіта з мэтай захавання гістарычнай спадчыны. Канешне, сёння яны могуць дзесьці і ўлады абвінаваціць, што няма поўнага ўкладання грошай з боку дзяржавы. Яны сёння шукаюць інвестараў… Наогул, гэтая справа перспектыўная, але ж не ў кожнага інвестара сёння ёсць, скажам так, поўнае ўяўленне аб тым, што гэта – гісторыка-культурная спадчына. Нажаль яшчэ ў галовах многіх інвестараў пануюць думкі: падумаеш, разабраць гэта і збудаваць такі самы. Але ж гэта будзе ўжо іншы будынак… На словах і Шыкунец (генеральны дырэктар “Мінскай спадчыны” – Г.Л.), і той жа Жых (галоўны інжынер – Г.Л.) прапаведаюць поўную законапаслухмянасць. А калі даходзіць справа да канкрэтных будынкаў і працы на іх, то часта, мне падаецца, яны ідуць на паваду ў інвестара: зрабіць як мага хутчэй.

-- Віктар Іосіфавіч, апошні выпадак з “Мінскай спадчынай” – самавольнае зняцце даху з будынку XVIII стагоддзя па вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Помнік архітэктуры залівае вадой!..

-- Сапраўды з будынкам па Кірылы і Мяфодзія прыкры выпадак, там працуюць нашыя людзі з Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, ужо выдадзенае прадпісанне…

-- Іншы прыклад апошняга часу – самавольная разборка столяў у будынку XVIII стагоддзя на плошчы Свабоды, 15.

-- У гэтым выпадку яны спаслаліся на тое, што трэба было вынесці смецце з даху, а не праводзіць нейкія работы. Але гэта парушэнне закону, бо на любыя працы з помнікам архітэктуры трэба мець дазвол Міністэрства культуры.

-- А гэтыя факты пазначаныя ў лісце ў пракуратуру?

-- Не, гэта пакуль не чапалі, падавалі толькі па Рэвалюцыйнай, 24а. Але мы ні ў якім выпадку не будзем абыякавыя да тых антызаконных дзеянняў, якія мелі месца пры гэтых работах. На паседжанні Мінгарвыканкама мы плануем вельмі прынцыпова разгледзець гэтае пытанне.

ШТО ДАЛЕЙ?

Далей справай будзе займацца Генеральная пракуратура. Аднак дзіўна і прыкра, што “Мінская спадчына” працягвае наплявацельскі ставіцца да Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і да рэакцый Міністэрства культуры. Прыклады прыведзеныя ў гутарцы з намеснікам міністра.

Хочацца верыць, што справа будзе разглядацца не як руйнаванне асобнага бездапаможнага будынка ў старым горадзе, а, карыстаючыся лексікай міністэрства, як “сістэматычнае стварэнне пагрозы “Мінскай спадчынай” нашым помнікам архітэктуры.

А яшчэ на Радзе прагучала цікавая дэталь: ад “Мінскай спадчыны” будынак пяройдзе ў іншыя рукі. І цяпер на гэтым месцы плануецца збудаваць гатэль на 260 нумароў. Цікава, як яны змесцяцца ў невялікі трохпавярховы дом – калі яго сапраўды збіраюцца аднаўляць у сапраўднымі выглядзе…

Тэгі: