it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 18

аўтар інтэрвію Сяргей Шапран,

пераклад на расейскую мову надрукаваны ў "Камсамолцы" за 17 сакавіка

Рыгор Барадулін ідзе на папраўку. «Адчуваю сябе лепш, чым было, але горш, чым хацелася б», — афарыстычна адказвае народны паэт на пытанне пра здароўе. Ён ужо ходзіць, адказвае на тэлефонныя званкі і патроху прымае сяброў. Але самае галоўнае — знаходзіцца ў добрым настроі і думае пра тое, што калі выйдзе з бальніцы, зноў возьмецца за пяро, паколькі новыя паэтычныя радкі ўжо круцяцца ў галаве. «Калі троху лепш сябе адчуваю, дык тады ў мяне пачынае нешта пісацца, а калі не магу пісаць, дык раблюся хворы, — гаворыць Барадулін і абяцае: — Вершы, яны будуць, будуць».

Пра тое, што дзядзька Рыгор (як ён сам просіць называць сябе тых, хто маладзей за яго) папраўляецца, сведчыць вось гэтае інтэрв’ю, якое ён даў пасля свайго 75-га дня нараджэння для «Комсомольской правды».

— Паведамленне пра Вашую недарэчную хваробу сапраўды ўсхвалявала шмат каго, тым больш што якраз падчас знаходжання ў рэанімацыі Вы адзначылі сваё 75-годдзе…

— Я страшэнна ўдзячны ўсім, хто хваляваўся за мяне. Мне было вельмі няёмка ад такой павышанай увагі, бо я не прывык да гэтага. Але якраз гэтыя спачуванні, пытанні пра здароўе аказаліся самымі лепшымі лекамі — лепш, чымсьці таблеткі, уколы і кропельніцы.

— Значыць, Вы не чакалі такой увагі да сваёй асобы?

— Вы разумееце, калі ў ранейшыя часы і была нейкая ўвага да паэзіі і да паэтаў, дык цяпер уся ўвага скіравана на поп-зорак. Але ж я не адношуся да поп-зорак, таму і не чакаў такога спачування, таксама, дарэчы, як не чакаў, што захварэю… Вось калі папраўлюся, дык пастараюся апраўдаць нечым напісаным спачуванні тых, хто перажываў за мяне.

Лісты Вам у бальніцу пісалі Вашыя сябры Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў. Віншавалі з днём нараджэння калегі-пісьменнікі: Васіль Зуёнак, Уладзімір Арлоў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Леанід Дранько-Майсюк, а таксама сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і Сяргей Навумчык з Прагі, Зянон Пазьняк — з Варшавы, з Лондана — прафесар славістыкі Арнольд Макмілін, з Амерыкі — Вашыя даўнія сябры-літаратары Ванкарэм Нікіфаровіч і Радзіслаў Лапушын. Усіх не пералічыць — Вашая жонка Валянціна Міхайлаўна гаварыла, што цэлыя стосы паштовак і тэлеграм прыйшлі ў той дзень…

— Віншаванні даслалі нават нашыя міністр культуры і міністр замежных спраў. Я страшэнна ўдзячны ім і здзіўлены такой увагай, бо прывык, што ўлада ставіцца да мяне так, быццам бы мяне няма. Таму і ўдзячны — за тое, што ўспомнілі, што я ўсё-такі ёсць. Тым больш, што цяпер новы час, новыя людзі ва ўладзе… Самае цікавае, што калі яшчэ быў здаровы, дык збіраўся перадаць нашаму новаму міністру культуры сваю кніжку, бо ён мне вельмі падабаецца. І вось цяпер ён даслаў віншаванне… Цёпла павіншавала і кіраўніцтва лечкамісіі, і землякі не забыліся пра мяне — вялікую тэлеграму даслалі з Вушацкага райвыканкама. Ведаю таксама, што якраз у мой дзень нараджэння была імша ў Чырвоным касцёле…

Паўтаруся, што я ўдзячны ўсім-усім, у тым ліку і газетам, якія далі слова пра мяне. Не магу сказаць, што так ужо непакоюся, каб усе гаварылі пра мяне, але неяк хочацца, каб усё-такі не забываліся.

— Між іншым, у дзень Вашага дня нараджэння зайшоў у адну крамку, дзе прадаюцца газеты, і пачаў праглядаць свежую прэсу, дык прадаўшчыца запыталася, што шукаю. А калі даведалася, выказала спачуванне і прасіла перадаць, што простыя людзі помняць Вас і любяць.

— Ой, дзякуй! Гэта, па-мойму, самыя лепшыя лекі — увага. Калі людзі цябе помняць, значыцца ты жывеш, значыцца, патрэбны. Дык я пастараюся яшчэ быць патрэбным людзям… Але, скажу вам, гэта, канешне, цікава — адзначаць свае 75 гадоў у бальніцы. Усё-такі не кожны ўмудрыцца дажыць да такога ўзросту і сустрэць юбілей у рэанімацыі.

— Але пэўна ж, дзядзька Рыгор, многае давялося перадумаць за гэты час?

— Як заўсёды, думалася пра тое, як я жыў і для чаго жыў. І прыйшоў да такой высновы, што, з аднаго боку, можа, рабіў і нешта не тое, а, з другога боку, рабіў усё, што мог. Канешне, як на цяперашні розум, дык многа пустога рабіў, але тады, у той час, здавалася, што гэта вельмі важна… Дый і многа было лішніх знаёмцаў у мяне. Аднак прайсці жыццё і не запыліцца немагчыма, так што… Часам ужо адчуваецца подых смерці ў патыліцу, а часам яшчэ з’яўляецца некая радасць, і тады разумееш, што жыць — усё-такі лепш.

— Як цяпер, напэўна?

— Так-так. Жыць лепей, чымсьці паміраць.

— Наколькі ведаю, урачы рабілі не толькі ўсё магчымае, але імкнуліся зрабіць і немагчымае. І, напэўна, не абышлося тут без падтрымкі Усявышняга…

— Безумоўна, дзякуй Усявышняму за тое, што Ён даў мне магчымасць выйсці з гэтага стану. І, канешне, я заўсёды буду ўдзячны ўрачам, якія выцягнулі мяне з абдымкаў дзяўчыны з касой, бо калі яна каго ўжо абхопіць, дык рэдка хто зможа вырвацца. Але, паўтаруся, дзякуючы нашым урачам я ўсё-такі выкараскаўся і вось бачу вас, бачу сваю любімую жонку, успамінаю любімую унучку Дамінічку, свайго ката Рысіка… Карацей кажучы, жыву зноў.

— І калі Вам зноў дараваная магчымасць жыцця, дык, мабыць, таму, што Вы не паспелі зрабіць нешта важнае?

— Сапраўды, калі Усявышні дась мне магчымасць пажыць, дык я хачу яшчэ тое-сёе напісаць, але першая мая задача — закончыць «Слоўнік Вушаччыны».

— А вушацкія словы да Вас па-ранейшаму прыходзяць?

— Так, па-ранейшаму — калі прачынаюся, ці калі кладуся спаць. Вось, дапусцім, «хорша» — гэта значыць «пачакай, не спяшайся». Вушацкія словы — яны рэдкія і дужа глыбінныя…

— Дарэчы, і выдаўцы ж павіншавалі Вас з юбілеем — толькі ў апошні час выйшла ажно чатыры Вашых кнігі!

— Так-так, я таксама страшэнна ім удзячны. Удзячны Згуртаванню беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Ірэне Калядзе-Смірновай з Амерыкі за выданне кнігі «вершасказаў» «Навошта», якую склаў мой даўні сябра Алесь Камоцкі. Гэта кніга мілая мне тым, што тут я паспрабаваў новы для сябе жанр — жанр аднаго радка. У выніку атрымалася цікавае спалучэнне «вершасказаў» з фотаздымкамі амерыканца Джона Кунстадтэра, які аб’ехаў усю Беларусь і зрабіў паўтары тысячы здымкаў. Гэта сапраўды цікавая рэч — погляд амерыканца, асабліва яго фота старых людзей і дзіцячых твараў, бо яны самыя выразныя.

Я страшэнна ўдзячны і Барысу Пастэрнаку за маю дзвюхмоўную кніжку «Перакуленае / Опрокинутое», якую лічу адной з лепшых сваіх кніг. Дзякуючы клопату Барыса Натанавіча, ягонай ласкай я атрымаў больш шырокі выхад, так бы мовіць, на міжнародную чытацкую аўдыторыю. Хоць з боку выдаўца рабіць такую кніжку было справай даволі рызыкоўнай, бо я ж, што называецца, не касавы паэт. І тым больш прыемна, што ў той жа паэтычнай серыі раней выходзілі Андрэй Вазнясенскі, Навум Каржавін, Юры Левітанскі, Давід Самойлаў, Барыс Слуцкі, Ілья Эрэнбург. Быць поплеч з такімі паэтамі вялікі гонар для мяне. Але адначасова, лічу, гэта і прадстаўленне Беларусі.

— Яшчэ адна кніга, ведаю, выйшла якраз тады, калі Вы патрапілі ў рэанімацыю…

— Так, але я ўжо бачыў экземпляр. Называецца яна «Халодная памяць вады» і выдадзена дзякуючы намаганням Чырвонага касцёла, айца Уладзіслава Завальнюка і Алы Сакалоўскай. А кнігу аформіў, як заўсёды, непераўзыдзена Генадзь Мацур. Калі выйду на волю, дык, відаць, будзе яе прэзентацыя ў касцёле.

І асабліва я ўдзячны свайму маладому сябру і рупліўцу Глебу Лабадзенку, які даўно мне дапамагае і вось цяпер зрабіў факсімільнае перавыданне майго першага зборніка «Маладзік над стэпам».

— Кнігі 1959 года?

— Так, мой першы «блін». Ён, канешне, камаваты, але такі, які ёсць. Я доўга вагаўся — ці трэба яго перавыдаваць? Але ж я не магу адмаўляцца ад таго, што некалі напісаў. Я тады пісаў, як мог. І цяпер быў бы толькі рады, калі б гэтыя кнігі дайшлі да свайго чытача, бо адна справа выдаць, але ці будуць тую кнігу чытаць, ці будзе яна мець попыт? Спадзяюся, што для некага гэта будзе цікава — мабыць, у асноўным сярэдняму ці майму пакаленню, якое яшчэ чытала паэзію. А маладым — ужо проста для экзотыкі.

— Думаеце, маладым Вы не патрэбны?

— Справа ў тым, што калі мы, маё пакаленне, былі маладыя, дык таксама чыталі больш саміх сябе. Сённяшнія ж маладыя, відаць, яшчэ больш за нас чытаюць саміх сябе. Гэта звычайная хвароба ўсіх маладых. Ім здаецца, што гэта яны першымі знайшлі рыфму кшталту: «сонца — без конца». Маладыя заўсёды на сябе коўдру цягнуць… Памятаю, як мы, яшчэ студэнты, сустракаліся з Якубам Коласам. Ён быў не зусім здаровы, баяўся скразнякоў, а я думаў: навошта так пра яго клапоцяцца?! Навошта каля яго, старога, так круцяцца?! — гэта ж мы прыйшлі на сустрэчу!.. Цяпер я, канешне, разумею нахабства сваёй думкі.

— Тым не менш будзем спадзявацца, што маладым Вы ўсё-такі будзеце патрэбны, калі не цяпер, дык калі падрастуць. Будуць патрэбныя і Вашыя раннія вершы, і тыя, якія толькі-толькі нараджаюцца. Дарэчы, прыгадваецца, што адзін з папярэдніх дзён народзінаў Вы таксама сустрэлі ў рэанімацыі, і тады да Вас прыйшоў літаральна ў падсвядомасці верш, які Вы баяліся забыць…

— Не, у гэты раз вершы не прыходзілі — толькі асобныя радкі. Вось як ачуняю-ачухаюся, дык падганю іх, а пакуль толькі накіды… Справа ў тым, што калі троху лепш сябе адчуваю, дык тады ў мяне пачынае нешта пісацца, а калі не магу пісаць, дык раблюся хворы. Але цяпер ужо нешта ў галаве круціцца… Вершы, яны будуць, будуць.

— На развітанне дазвольце пажадаць Вам, дарагі дзядзька Рыгор, ад сябе асабіста і ад чытачоў «Камсамолкі», каб Вы хутчэй папраўляліся і каб яшчэ доўга-доўга заставаліся з намі.

— Дзякуй. Я заўсёды ўдзячны «Камсамолцы», бо яна з даўніх часоў аддае мне шмат увагі. І ў сваю чаргу зычу, каб рос яе тыраж, і каб «Камсамолка» жыла чытачамі, а чытачы жылі ёю.

Сяргей ШАПРАН

P. S. Калі праз дзень прынёс Барадуліну на вычытку гэтае інтэрв’ю, дзядзька Рыгор, нічога не паправіўшы ў тэксце, толькі дадаў:
«У бальніцы прыходзяць радкі:
І страх не адкажа,
Чым пахне сьмерць».

Шчыра кажучы, быў сумніў, ці варта гэта друкаваць, бо трагічна без меры. Але Барадулін па прычыне свайго паэтычнага генія заўсёды ведаў пра жыццё нешта такое, да чаго ніяк не маглі даўмецца мы. А цяпер, калі быў адной нагой там, — тым больш.

Тэгі: