it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 16

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 16 сакавіка

А станцыя метро нарэшце стане “Плошчай Незалежнасці”

Камісія па найменаванню і перайменаванню пры Мінгарвыканкаме даволі плённа працуе апошнія гады. Яшчэ раней мінчане займелі вуліцы Напалеона Орды, Яна Чачота, Ежы Гедройца, Уладзіслава Галубка, Усевалада Ігнатоўскага, Алеся Гаруна.

На апошнім паседжанні камісіі зацвержаныя некаторыя перайменаванні. Гэтак, вуліцы Рэвалюцыйная вяртаецца гістарычная назва Койданаўская, вуліцы Вызвалення – Уваскрасенская, Гандлёвая зноўку будзе Зыбіцкая. Камунальная ўзбярэжная зробіцца Траецкай узбярэжнай, вуліца Герцэна – Бернардынскай, Дзімітрава – Пятніцкай, Віцебская – Няміга-Ракаўскай.

Па каментар мы звярнуліся да сябра Камісіі, выкладчыка гісторыі БДЭУ Івана САЦУКЕВІЧА.

-- Хачу звярнуць увагу, што вуліцы яшчэ не перайменаваныя, -- адзначыў спадар Іван. – Гэта пакуль што – рашэнне Камісіі. Зараз мы гэта ўсё публікуем у сродках масавай інфармацыі, грамадзяне выказваюць свае думкі на гэты конт. Потым гэтыя меркаванні збіраюцца, і калі рэзка адмоўных меркаванняў няшмат – рашэнне Камісіі выносіцца на сесію Мінгарсавета. Як паказвае практыка, усе рашэнні Камісіі гарсавет звычайна зацвяржае, бо яны, што называецца, вымераныя ўсімі магчымамі лінейкамі, прагледжаныя, прадуманыя з усіх бакоў.

Камісія складаецца з чыноўнікаў Мінгарвыканкама – намеснік мэра горада па культуры і адукацыі, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама, галоўны мастак горада; з дэпутатаў, а таксама прадстаўнікоў грамадскасці – дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Ала Галубовіч, вядомы гісторык Уладзімір Дзянісаў, прафесар Адам Мальдзіс, некаторыя іншыя людзі.

Паводле словаў Івана Сацукевіча, пэўныя праблемы ўзнікаюць калі вуліца ў розныя часы мела розныя назвы.

-- Камісія выбірае самую першую вядомую гістарычную назву, -- кажа спадар Сацукевіч. – Калі ж няма магчымасці яе падабраць, стараемся выбіраць з пункту гледжання эстэтыкі гісторыі.

Канкрэтныя прыклады – з апошніх перайменаванняў – спадар Сацукевіч пракаментаваў асобна.

-- Вуліца Герцэна вуліца насіла назву і Бернардынская, і Малая Бернардынская, і Зазыбіцкая – у яе тры назвы. Але найбольш часта сустракалася менавіта Бернардынская…. Вуліца Дзімітрава ад XVI стагоддзя сапраўды называлася Вялікая Татарская. Але ж у нас ужо ёсць Татарская вуліца ў Мінску – на татарскіх могілках. Я думаю, няма ніякага сэнсу называць яе Вялікай Татарскай. Лепей ужо потым лабіяваць станцыю метро “Татарская слабада” – калі ў гэтым раёне будзе праходзіць трэцяя лінія метро…. Назва Няміга-Ракаўская сустракаецца ад канца XVIII стагоддзя, таксама яна называлася Нямігскі завулак. Але назва Няміга-Ракаўская добрая тым, што яна паказвае геаграфічную лакалізацыю – паміж вуліцай Ракаўскай і вуліцай Нямігай.

Іван Сацукевіч кажа, што вялікая праблема – вуліцы, названыя імёнамі савецкіх дзеячоў, многія з якіх увогуле не маюць дачынення да Беларусі.

-- Гэта сур’ёзныя праблема, -- адзначае спадар Іван, -- пра яе пастаянна кажуць і экскурсаводы, і журналісты, і гісторыкі – што сапраўды ёсць вуліцы, якія названыя ў гонар людзей, якія не маюць абсалютна ніякіх адносінаў ні да Мінска, ні да Беларусі. Калі той жа самы Ленін, Кіраў, Калінін хаця б бывалі ў Беларусі, то напрыклад які-небудзь Валадарскі, Свярдлоў ці Берсан з Мясніковым маюць да нас ускоснае, калі не адмоўнае, дачыненне. Гэта праблема, і мы будзем яе паступова вырашаць.

Разам з вуліцамі атрымалі назвы і некалькі сквераў. Самая экзатычная назва – сквер імя Амара Хаяма каля аўтавакзала “Усходні”.

-- За апошнія 70 год быў вельмі моцны перакос у руска-савецкі бок, -- кажа спадар Сацукевіч. -- Я лічу, што абсалютна неабгрунтаваны быў забыты той жа Амар Хаям – адзін з самых вядомых у свеце паэтаў! Няхай будуць і Хаям, і Шапэн, і Бетховен!..

Трэба адзначыць, што нягледзячы на высілкі камісіі, многія мінскія вуліцы працягваюць насіць назовы чужых нам людзей, а часам і сапраўдных ворагаў Беларусі. Напрыклад, Вільгельм Кнорын (вуліца яго імя знаходзіцца непадалёк ад гадзіннікавага заводу) ў 1918 годзе пісаў: "Мы лічым, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія вылучаюць іх на фоне астатніх рускіх, мусяць быць вынішчаны. Нашай задачай з’яўляецца не стварэнне новых нацыяў, а знішчэнне старых нацыяналістычных рагатак”.

Шмат, шмат яшчэ працы ў Камісіі па найменаванні і перайменаванні пры Мінгарвыканкаме!..

МЕРКАВАННЕ СКЕПТЫКА

“Перайменаванне ідзе хаатычна і безсістэмна”

Магістр мастацтвазнаўства, вялікі знаўца мінскай гісторыі Сяргей ХАРЭЎСКІ мае сваё бачанне справы:

-- Безумоўна, я вітаю памкненне чыноўнікаў вярнуць мінскім вуліцам гістарычныя назвы. Канешне, калі я чую назвы “Койданаўская” ці “Зыбіцкая” – цешуся!.. Аднак некаторыя перайменаванні часам выклікаюць у мяне пытанні. Скажам, цяперашняе перайменаванне вуліцы Дзімітрава ў Пятніцкую. Так, да XVI стагоддзя яна сапраўды была Пятніцкай. Але ад таго часу – і ажно да 1934 года! – яна насіла назоў Вялікая Татарская. Як і Пятніцкі канец называўся Татарскімі Агародамі. Бо там, атрымаўшы ў свій час дазвол ад князя, заўжды жылі татары. Захаваўся дакумент, дзе мулла Салейман просіць у князя дазвол перабудаваць спарахнелуя Пятніцкую царкву пад мячэць – і такі дазвол атрымлівае!.. З вуліцай Герцана, якую перайменавалі ў Бернардынскую, таксама, лічу, ёсць недакладнасць. Яна раней называлася Малабернардынская, затым – пасля паўстання 1863 года – Маламанастырская. А Старабернардынская ці проста Бернардынская называлася суседняя вуліца, цяперашняя Кірылы і Мяфодзія. З вуліцай Віцебскай увогуле незразумела – каму яна замінае? Гэтай назве больш за 100 гадоў!.. А назва Няміга-Ракаўская заблытае народ: ёсць Няміга, ёсць Ракаўская – дык вось вам яшчэ і Няміга-Ракаўская!.. Увогуле, хачу адзначыць, што вуліцы ў Мінску перайменоўваюцца бессістэмна і не заўжды адназначна. Хачу прывесці ў прыклад суседнюю Літву – там на пачатку 1990-х сабралася група гісторыкаў, і ўсім вуліцам адным махам вярнулі гістарычныя назвы. А затым надрукавалі адпаведныя буклеты і карты – каб людзям было лёгка прывыкнуць. Іншы станоўчы прыклад – нашае Маладэчна, дзе ў сярэдзіне 90-х адным росчыркам вярнуліся назвы Замкавая, Грамадоўская, Вялікі Гасцінец, Віленская…

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

* Што азначае назва вуліцы Амуратарскай у Мінску? Нішто іншае, як “дарогу да мячэці”!.. У канцы гэтай вуліцы сапраўды стаяла мячэць, а наўкол адпаведна жылі татары.

* Вуліцы Слясарная, Андрэеўская, Антонаўская ў раёне Плошчы Перамогі называюцца так яшчэ ад царскага часу. Гэтаксама як і вуліца Шпалерная, Дабрамысленскі, Паўночны завулкі.

* Калі спытаць у любога, як звалі таварыша Валадарскага, у гонар якога названая вуліца ў Мінску – адкажуць нямногія. Тым часам, “Валадарскі В.” – проста партыйная мянушка расійскага рэвалюцыянера Майсея Гальдштэйна, які, дарэчы, не меў ніякага дачынення да Беларусі.

* Юбілейная плошча – гэта далёка не савецкая назва, як даводзіцца часам чуць. Назву плошча атрымала яшчэ ў 1880-х гадах – у гонар юбілею Нікейскага царкоўнага сабору было дазволена паставіць тут капліцу і даць плошчы такі назоў.

* Самая старая назва мінскай вуліцы – Няміга. Неверагодна, але на ёй не засталося ніводнага будынка з таго часу, калі вуліца ўжо мела такі назоў…

ТЫМ ЧАСАМ

Разам з вуліцамі закранула камісія і пытанне з назвай станцыі метро – “Плошча Леніна” ці “Плошча Незалежнасці”? Перамог апошні варыянт. Гэтая справа цягнулася 20 гадоў: за савецкім часам станцыя (і плошча) насілі імя правадыра сусветнага пралетарыяту. Незалежнасць Беларусі прынесла адпаведную назву і плошчы. Станцыю метро па інэрцыі таксама сталі называць “Плошча Незалежнасці” – хаця на самой станцыі працягвала красавацца імя Леніна. Пару гадоў таму метрапалітэн раптам вырашыў “прыбраць недарэчнасць” – і ў цягніках зноў пачулася “наступная станцыя – Плошча Леніна”. Беларусы, якія ўжо прызвычаіліся да Незалежнасці, пачалі абурацца. І вось камісія нарэшце навяла парадак. Ці зменяць аздобу станцыі, пакуль няясна.

Тэгі: