it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 11

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 12 сакавіка

Пасля артыкула ў "Звяздзе" пра знiшчэнне будынка ХІХ стагоддзя ў Мiнску Мiнiстэрства накiравала зварот у Генпракуратуру

Будынак XVIII стагоддзя па вуліцы Кірылы і Мятода, 8 -- без усялякага дазволу "Менская спадчына"зьняла зь яго дах, пасьля чаго помнік архітэктуры стала заліваць вадой.

9 лютага 2010 года мы надрукавалi артыкул "Дом ХIХ стагоддзя на Рэвалюцыйнай знеслi экскаватарам". Там iшла гаворка пра адзiн з мiнскiх помнiкаў архiтэктуры — дом па вулiцы Рэвалюцыйная, 24а. Яго прызналi аварыйным, i Мiнiстэрства культуры выпiсала дазвол прадпрыемству "Мiнская спадчына" на поўную ручную разборку будынка (лiтаральна так было прапiсана ў афiцыйным дакуменце). Мэта — захаваць старую цэглу i выкарыстаць яе пры аднаўленнi помнiка. У парушэнне гэтага распараджэння Мiнкульту "Мiнская спадчына" большую частку будынка зруйнавала экскаватарам, пераўтварыўшы помнiк архiтэктуры ў кучу будаўнiчага смецця. "Звязда", абапiраючыся на афiцыйныя дакументы Мiнiстэрства, адлюстравала гэта ў сваiм артыкуле.

Пасля гэтага з боку "Мiнскай спадчыны", а дакладней, яе галоўнага iнжынера Мiхаiла Жыха пачалiся незразумелыя дзеяннi. Таварыш Жых у iнтэрв'ю журналiстам заявiў наступнае: "У пракуратуру падалi матэрыялы (маецца на ўвазе, што падала "Мiнская спадчына" Г.Л.), бо нядобрасумленныя пiсакi напiсалi, не ведаючы ходу справы. Каштоўнасць для iх уяўляюць нейкiя гнiлыя драўляныя канструкцыi, якiя пагражаюць абрушэннем".

Згадзiцеся, цiкавыя словы з боку чалавека, якi заклiканы апекавацца i захоўваць старадаўнiя будынкi — разам з усiмi iх "гнiлымi канструкцыямi".

Далей — болей. "Мiнская спадчына" даслала ў рэдакцыю гнеўны дакумент за подпiсам самога Жыха. Не будзем казаць пра колькасць арфаграфiчных памылак у паперы, перадамо сутнасць: Жых патрабаваў ад нашай газеты выбачыцца i надрукаваць абвяржэнне, пакаяцца, што "дадзеная iнфармацыя не адпавядае рэчаiснасцi".

Аднак за што выбачацца? "Звязда" — сур'ёзная дзяржаўная газета, якая друкуе правераныя факты. Так сталася i ў гэтым выпадку — за кожным нашым словам стаяў канкрэтны дакумент.

Дзiўна, але ў сваiм лiсце таварыш Жых апеляваў да састарэлай пастановы Рады (красавiк 2009) аб тым, што ўручную трэба разабраць толькi частку будынка. У жнiўнi 2009 года Рада пры Мiнiстэрстве прыняла i зацвердзiла новае, канчатковае рашэнне — разбiраць увесь (!!) будынак уручную.

Артыкулам у "Звяздзе" зацiкавiлася Генпракуратура — бо iшла гаворка пра магчымае сур'ёзнае парушэнне закона. Пракуратура даслала зварот у Мiнiстэрства культуры з просьбай даць прафесiйную ацэнку дзеянняў "Мiнскай спадчыны" на згаданым помнiку архiтэктуры. 17 лютага пытанне разгледзела рэспублiканская навукова-метадычная Рада пры Мiнкульце. Копiя рашэння была выслана ў "Звязду".

Міхаіл Жых

Дык вось, цытуем для Мiхаiла Жыха i шаноўных чытачоў напiсанае чорным па белым: "Работы на названым будынку выкананы не ў адпаведнасцi з дазволам Мiнiстэрства культуры ад 20.11.2009 № 11-01-07/355, выдадзеным на падставе рашэння Рады ад 26.08.2009 № 157, якiм прадугледжаны дэмантаж канструкцый усяго будынка ручным спосабам з наступным яго аднаўленнем".

Далей iдзе пералiк наступных дзеянняў — даручэнне Упраўленню па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны правесцi аналiз дакументацыi па комплексных навуковых даследваннях на аб'екце.

Наступная фраза: "Мiнiстэрству культуры прапанавана Радай накiраваць лiст ў Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт аб прыцягненнi да адказнасцi галоўнага iнжынера КУП "Мiнская спадчына" Жыха М.I. за парушэнне вызначанай ва ўстаноўленым парадку паслядоўнасцi правядзення работ на помнiку архiтэктуры".

А далей — самае важнае, на наш погляд: сведчанне таго, што прыклад з будынкам па Рэвалюцыйнай, 24а — не выпадковасць, а паслядоўныя дзеяннi "Мiнскай спадчыны", якiя наносяць шкоду нашай спадчыне — мiж iншым, дзяржаўнай маёмасцi, здабытку ўсяго беларускага народа. Цытуем: "Улiчваючы сiстэматычнасць дзеянняў, якiя ствараюць пагрозу захаванню нерухомых гiсторыка-культурных каштоўнасцяў, матэрыялы па парушэннях накiраваныя ў Генеральную пракуратуру Рэспублiкi Беларусь, а таксама ў Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт з прапановай прыняць неабходныя меры адмiнiстратыўнага ўдзеяння на КУП "Мiнская спадчына", з мэтай прадухiлення далейшага парушэння заканадаўства ў галiне аховы спадчыны". Дакумент падпiсаны намеснiкам Мiнiстра культуры Тадэвушам Стружэцкiм.

Варта дадаць, што за нанясенне шкоды помнiкам архiтэктуры законам прадугледжваецца не толькi адмiнiстратыўная, але i крымiнальная адказнасць (у залежнасцi ад памеру шкоды). Выраз "сiстэматычнасць дзеянняў" сведчыць, як мiнiмум, што шкода наносiлася не адзiн раз.

Дзякуючы артыкулам у "Звяздзе" справа выйшла на высокi ўзровень. Ахоўваць гiсторыка-культурную спадчыну — абавязак кожнага з нас. Калi за два кварталы ад Мiнiстэрства культуры знiшчаюцца помнiкi архiтэктуры, задача журналiстаў — звярнуць увагу чыноўнiкаў на гэта. А канчатковую ацэнку дзеянням таварыша Жыха дасць Генеральная пракуратура. Мы будзем сачыць за сiтуацыяй.

КАМЕНТАР ЭКСПЕРТА

"Нарэшце Мiнiстэрства культуры адэкватна адрэагавала на хулiганскiя дзеяннi "Мiнскай спадчыны"

Пракаментаваць сiтуацыю мы папрасiлi Антона АСТАПОВIЧА, старшыню Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнiкаў, сябра Грамадскай назiральнай камiсii па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры.

— "Мiнская спадчына" — прадпрыемства, якое стваралася, каб выконваць функцыi замоўцы правядзення работ на гiстарычным цэнтры Мiнска, а таксама тэхнiчна абслугоўваць аб'екты гiстарычнага цэнтра горада. Як гэта нi парадаксальна гучыць, нягледзячы на тое, што па сваiх службовых абавязках гэтае прадпрыемства павiнна апекавацца помнiкамi i дасканала выконваць заканадаўства аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны, у iхняй працы — адныя парушэннi! Парушаецца закон аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны, парушаюцца пастановы Савета мiнiстраў, Мiнiстэрства культуры... Парушаецца "Дэтальны план рэканструкцыi, рэстаўрацыi, аднаўлення i добраўпарадкавання гiстарычнага цэнтра Мiнска", узгоднены з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь i зацверджаны рашэннем Мiнгарвыканкама. Можна сказаць, што нарэшце Мiнiстэрства культуры адэкватна адрэагавала на ўсе дзеяннi "Мiнскай спадчыны".

Неверагодна, але i зараз "Мiнская спадчына" працягвае парушаць закон — колькi дзён таму з будынка па Кiрылы i Мяфодзiя, 8 без анiякiх дазволаў была дэмантаваная страха, цяпер помнiк залiвае вадой i снегам... У будынку па Плошчы Свабоды, 15, пра якi пiсала "Звязда", "Мiнская спадчына" зноў жа без дазволаў разабрала столi ў пакоях, дзе захавалiся ўнiкальныя роспiсы. Зараз таксама ўздымаецца пытанне пра будынак па Кiрылы i Мяфодзiя, 6 (былы кляштар бернардзiнцаў), дзе iдзе дэмантаж перагародак. Учора, калi я быў ва Упраўленнi па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны, начальнiк Iгар Чарняўскi агучыў намер, што ён будзе хадайнiчаць аб спыненнi прац па стварэннi ў будынку пяцiзоркавага гатэлю — бо адкрытыя там барочныя роспiсы ў такiм выпадку будуць знiшчаныя. Я перакананы, што рэагаванне Мiнiстэрства культуры адбылося дзякуючы сумленным i праўдзiвым матэрыялам у "Звяздзе", якiя з'яўлялiся там цягам апошнiх месяцаў.

ТЫМ ЧАСАМ

"Мiнская спадчына" працягвае

парушаць закон?

Як гэта нi парадаксальна, але за час разгляду справы "Мiнская спадчына" паспела яшчэ два разы "засвяцiцца". Першы раз — з помнiкам архiтэктуры па Плошчы Свабоды, 15. "Звязда" змяшчала артыкул пра гэтую гарадскую сядзiбу 18 лютага 2010 года: мастак-рэстаўратар Уладзiмiр Ракiцкi знайшоў там унiкальныя роспiсы сярэдзiны XVIII стагоддзя. Дык вось, не маючы анiякiх дазволаў на работы на гэтым аб'екце, "Мiнская спадчына" разабрала ў памяшканнi з роспiсамi столь — туды пайшоў холад i вiльгаць, роспiсы апынулiся пад пагрозай знiшчэння. Нагадаем — на любыя работы з помнiкамi архiтэктуры патрэбны дазвол Мiнiстэрства культуры.

Другi прыклад яшчэ больш дзёрзкi. У будынку па вулiцы Кiрылы i Мяфодзiя, 8 (помнiк архiтэктуры XVIII стагоддзя) "Мiнская спадчына"... зняла дах (!!!), зноўку ж — не маючы нiякiх дазволаў. Апошнi тыдзень, у час адлiгi, будынак лiтаральна залiвала вадой. А пасля яго прызнаюць "дужа аварыйным"?..

Узнiкае пытанне: адкуль такое адчуванне ўседазволенасцi i беспакаранасцi? I да якой пары нашай спадчынай будуць займацца людзi, якiя абыходзяцца з ёй такiм чынам?

Плошча Свабоды, 15: у гарадзкім асабняку XVIII стагодзьдзя "Менская спадчына" без дазволу Міністэрства культуры разабрала столь над унікальнымі роспісамі сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. (На здымку роспісы прыкрытыя фанернымі шчытамі).

Тэгі: