it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 11

Выгляд касьцёлу ў 1970-я гады, перад ягонай рэстаўрацыяй і прыстасаваньнем пад музэй

Спрэчка за касцёл у Раўбiчах — за дзесяць метраў ад славутых трамплiнаў — iдзе ўжо амаль 20 гадоў. Касцёл збудаваны ў 1858 годзе, пасля паўстання Калiноўскага забраны пад праваслаўную царкву, за савецкiм часам занядбаны i закiнуты. У 1976 годзе, калi касцёл ужо збiралiся ўзрываць, мастацкi музей адстаяў яго — адрэстаўравалi, адкрылi тут свой фiлiял, Музей беларускага народнага мастацтва. Прыйшла незалежнасць — i вернiкi сказалi: аддавайце назад. Музей заўпарцiўся. На такiх пазiцыях усё i застаецца апошнiя два дзесяцiгоддзi. Карэспандэнт "Звязды" сустрэўся ў раўбiцкiм касцёле (музеi) з дырэктаркай Валянцiнай ПІСАРЭНКАЙ i ксяндзом Iгарам ЛАШУКОМ, каб даць абодвум бакам выказацца.


Дырэктар музея Валянцiна ПIСАРЭНКА:  "А культура — гэта не храм?.."

Валянцiна Рыгораўна згадвае, як у 1970-х гадах супрацоўнiкi Мастацкага музея фактычна ўратавалi гэты помнiк — калi яго ўжо збiралiся ўзрываць... I сёння, кажа дырэктарка, у iх ёсць свае сталыя наведнiкi — 9-10 тысяч чалавек за год. Гэта людзi, якiя мэтанакiравана едуць з Мiнска практычна на кожную выставу. Праўда, трапляюцца i iншыя персанажы. Адзiн чалавек нядаўна паглядзеў экспазiцыю i сказаў: "Што вы тут паказваеце, вы б золата-крышталь паказалi! А аб такiя матчыныя посцiлкi дома ногi выцiраю!.." А бываюць i такiя, хто едзе паглядзець на раўбiцкi музей ажно з Бельгii ды Францыi!.. Цiкава, што фонды музея папаўняюцца i цяпер, хоць адмысловага бюджэту на гэта няма. Людзi дораць керамiку, прадметы побыту. У мiнулым годзе светлай памяцi ксёндз Ёзас Булька падараваў iвянецкi стары збан i сказаў: "Ваш музей павiнен быць". Я хацеў распытаць Валянцiну Рыгораўну ў храналагiчным парадку, але ў дырэктаркi эмоцыi пераважылi. I гэта можна зразумець.

— Ёсць ахоўная зона, якую прынялi, — усхвалявана кажа Валянцiна ПIСАРЭНКА, — але там, ужо ў ахоўнай зоне, ксёндз Лашук узяў i заклаў падмурак. Я калi прагледзела паперы, у мяне валасы дыбарам усталi. 7 кастрычнiка была Рада. Мы доўга бiлiся за прыняцце гэтай ахоўнай зоны — i нарэшце дамаглiся.

I як толькi мы пачалi ахоўную зону рабiць, ксёндз тут жа заклаў падмурак плябанii, напiсаў паперу, каб прыватызаваць могiлкi. I вось 7 кастрычнiка 2009 года прымае Рада ахоўную зону. 17 кастрычнiка мы з дырэктарам ляцiм на мiжнародную музейную канферэнцыю. Па iнтэрнэце мне дачка пiша: мама, пакуль ты там, ксёндз кладзе падмурак у катлаване!.. I толькi 19 кастрычнiка мiнiстр культуры падпiсвае гэтую ахоўную зону...

— А што за падмурак ксёндз клаў?

— Плябанii. А што такое плябань? Гэта дом ксяндза пры касцёле. А пры якiм касцёле? Касцёла няма, ёсць будынак касцёла, якi з'яўляецца дзяржаўнай установай — музеем народнага мастацтва, уласнасцю Нацыянальнага мастацкага музея. Музей стаiць на ўласнай зямлi (зямля выкупленая музеем, 25 сотак).

— А ксёндз будуе на вашай зямлi?

— Ксёндз будуе на зямлi, якую яму незаконна выдаў мiнскi райвыканкам! У Мiнiстэрстве культуры ён не атрымаў дазволу на будоўлю, дык узяў дазвол у Мiнiстэрстве спорту i турызму!.. На будоўлю ў нашай ахоўнай зоне!..

— Валянцiна Рыгораўна, давайце заглянем у пачатак: як ствараўся гэты музей?

— Ад прыходу савецкай улады i да 1976 года гэта была, прабачце, грамадская прыбiральня. У свой час у сцены гэтага касцёла ўжо былi закладзеныя запалы, каб падрываць — не хапiла чатырох гадзiн. У апошнi момант дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Алена Васiльеўна Аладава i супрацоўнiкi Iрына Мiкалаеўна Паньшына i Таццяна Iванаўна Сцёпiна дамаглiся таго, каб зрабiць тут фiлiял. Таццяна Сцёпiна пасля 25 гадоў была яго дырэктарам. У той час былi выдаткаваныя грошы на капiтальны рамонт музея, а яны iх пусцiлi сюды — i адрэстаўравалi гэты будынак. Адрэстаўравалi прафесiйна — аднавiлi ўсё як было. I цяпер само музейнае абсталяванне з'яўляецца музейнымi экспанатамi!

— Валянцiна Рыгораўна, аргумент супрацьлеглага боку даволi лагiчны: раз гэта быў храм, то храм тут i павiнен быць...

— А ён што, храмам не застаецца на сённяшнi дзень, скажыце мне?.. А культура — гэта не храм?..

— Але гэта ўжо — жангляванне паняццямi...

— Якое тут жангляванне?! Тады аддайце Свята-Духаў сабор (сёння гэта галоўны праваслаўны храм Г.Л.) — ён таксама каталiцкi быў ад пачатку! Аддайце кальвiнскi збор у Смаргонi! У нас ёсць закон пра рэстытуцыю цi няма? Няма. Ну дык якая можа быць гаворка пра вяртанне?.. Ёсць пастанова Савета мiнiстраў пра наш музей, якую нiхто не адмяняў. Але мы згодныя аддаць храм вернiкам! Аднак аддаць не так, каб нас як кацяня за шкiрку выкiнулi. Знайдзiце нам будынак, да якога можна прыстасаваць гэтае абсталяванне, каб яно не згубiла свайго хараства, перавязiце нам гэта "пад ключ" — i калi ласка!

— Валянцiна Рыгораўна, наколькi ваш музей унiкальны?

— Як для мяне — дык ён самы ўнiкальны! А ўвогуле — у нас ёсць рэчы, якiх няма больш нiдзе ў свеце. Скажам, саламяныя царскiя вароты канца XVIII стагоддзя з цэркваў вёсак Лемяшэвiчы Пiнскага раёна i Вавулiчы Драгiчынскага раёна... У нас ёсць сапраўдны вiцебскi касцюм — нават у вiцебскiх музеях паказваюцца рэканструкцыi, а мы знайшлi ў экспедыцыi!..

Унікальныя саламяныя царскія вароты канца XVIII ст. зь вёскі Вавулічы

— Цiкава, чаму царскiя вароты тут зрабiлi менавiта з саломы?

— Ад беднасцi! Яны ж павiнны быць пазалачоныя, а тут знайшлi выйсце — зрабiлi з саломы. Так дыхтоўна, што здалёк яны выглядаюць як з чыстага золата!

— А ў вас усё сапраўднае — i строi, i рушнiкi, i посуд?

— Вядома! Музей бы сябе не паважаў, каб тут былi муляжы. Я сябе адношу яшчэ да старой школы музейшчыкаў — нас усё вучылi рабiць па-сапраўднаму... Вось гэтыя рушнiкi i строi... Памятаю, як нам бабулька ў вёсцы тлумачыла падчас нашай экспедыцыi: "Белы колер, дачушка, гэта колер майго сумлення, а чырвоны колер — гэта колер жыцця..." Сумленнае жыццё — вось сiмвал беларусаў!.. Так што ў нас кожны экспанат — асэнсаваны. Памятаю, як была выстава дымкаўскай цацкi — дык майстар-клас праводзiлi перш-наперш для супрацоўнiкаў. Перад тым, як мне расказваць, я павiнна была сама ўсё даведацца i зразумець, як гэта зроблена. Калi гэта была салома, то я сама сядзела i вучылася рабiць. Вывеску, якая ўпрыгожвае ўваход у музей, зрабiла разам з Верай Гаўрылюк. Калi ў нас кашы стаяць — то я сама вучылася ўсё гэта плесцi. I так, як гэтыя царскiя вароты зробленыя — я генетычнай памяццю адчуваю, што i мяне так плесцi ў дзяцiнстве вучылi. Памятаю, як толькi з'явiлiся шарыкавыя ручкi — ручка каштавала рубель восемдзясят. У мамы не было грошай, каб даць мне на ручку. А стрыжань каштаваў 18 капеек. Вось мацi мне давала 20 капеек на абед, а я купляла стрыжань i сама сплятала для яго "ручку" з каляровага тэлефоннага дроту. Так, як плялi нашыя продкi...

— Валянцiна Рыгораўна, хоць у вас i свецкi музей, але значная частка экспанатаў тут — рэлiгiйныя: з цэркваў, касцёлаў. Як удалося зрабiць гэта ў час савецкага "ваяўнiчага атэiзму"?..

— Тады сапраўды нельга было такую рэлiгiйную культуру паказваць — даказвалi, што гэта мастацкi твор. Вось у нас Iсус Хрыстос — паглядзiце, якi ён беларускi! Вёска Шарашова — там татары жылi. I Хрыстос, калi прыгледзецца, мае... татарскiя рысы: яўна з нейкага мясцовага мужыка рабiў майстар! Народнае мастацтва: што бачу, тое i раблю. Дарэчы, на гэтую залу з культавай народнай скульптурай даў дазвол Пётр Мiронавiч Машэраў. Прыязджаў, калi мы толькi экспазiцыю рабiлi, i пахвалiў, што правiльна робiм. Казаў: "Малайцы, што дабiлiся, што ўсё мне патлумачылi..." Я яго ў 1979 годзе асабiста тут вадзiла...

Сучасны выгляд храма

Ксёндз Iгар ЛАШУК:  "Чаму музей павiнен быць у касцёле?"

Ксёндз Iгар Лашук — пробашч касцёла ў мiнскай Серабранцы. Менавiта ён дамагаецца, каб раўбiцкi касцёл вярнулi вернiкам.

— Нам вядомая думка панi дырэктаркi музея — што тут павiнен быць музей. У вас, як у святара, я хачу спытацца — чаму тут павiнен быць храм?

— Я не супраць музея, музей павiнен быць у ваколiцах, музей павiнен быць на гэтых землях. Гэта — цэнтр культурны. Але — Богу — Богава, Цэзару — Цэзарава. Чаму музей павiнен быць у касцёле? Ёсць будынкi, якiя можна прыстасаваць. Вунь у Раўбiчах школа стаiць пустая — чаму няможна там музей зрабiць?

— Калi пачалася спрэчка за гэты храм?

— У 1991 годзе, калi прыйшла свабода сюды, вернiкi арганiзавалi парафiю Святога Мацвея, i мы прапанавалi, каб вярнулi касцёл. Але i дагэтуль парафiя свайго храма не мае. Мы знайшлi звесткi, што ў 1866 годзе раўбiцкi (тады — халяўшчынскi) касцёл быў забраны пад праваслаўную царкву, перад тым у 1863 годзе нашчадак ахвярадаўцаў касцёла Халева, як адзiн з арганiзатараў паўстання, быў павешаны перад народам — памёр ганебнай смерцю... Я лiчу, што зараз раздуваецца праблема штучна.

Я чуў i такое неафiцыйнае меркаванне музейшчыкаў: калi мы пераедзем у iншы будынак, хто да нас у музей пойдзе? Разумееце пытанне не музея, а будынка. Бо гэта касцёл — а касцёлы ўсе шыкоўныя.

— А ад 1991 года, калi пытанне было ўпершыню ўзнятае, цi былi нейкiя абвастрэннi гэтага змагання?

— Былi, людзi малiлiся пад сценамi храма — нават заходзiлi сюды, спрабавалi "акупаваць" храм. Ведаеце, мiнскую Катэдру так i выбiлi. Там быў тады зал бокса — дык вернiкi проста занялi яго, захапiлi, бiлiся ў лiтаральным сэнсе. Але ж мы хочам вырашыць усё законным чынам.

— Музей зараз кажа: "А куды нам падзецца, хiба што на двор, хай нам касцёл дасць якi будынак"...

— Яны то хочуць у Мiнск, то не хочуць у Мiнск. Мiнскi аблвыканкам гатовы прадаставiць iм будынак, але яны ж не хочуць выходзiць!

— Ксёндзу, а што гэта за будаўнiцтва, дзе вы заклалi падмуркi?

— Гiсторыя пачалася ў 2005 годзе. Я папрасiў тут пабудаваць вежу-званiцу каля касцёла: знайшоў архiўныя звесткi, што такая вежа была. Пры званiцы я папрасiў пабудаваць каплiцу, дзе мы маглi б малiцца. Мне Мiнiстэрства культуры забаранiла i блiзка падыходзiць да касцёла. Сказалi: можна будаваць на тэрыторыi вёскi альбо за межамi могiлак у паўднёва-ўсходнiм кiрунку. Я ўзяў зямельны надзел у паўднёва-ўсходнiм кiрунку, згодна з указаннямi. Там раней быў парафiяльны дом — плябанiя. I я думаю: навошта мне там вежа, давайце я плябанiю пабудую. Атрымаў усе згоды, дазвол на будаўнiцтва. Прапанаваў таксама ўзяць могiлкi пад сваю апеку... Раптам убачылi ў гэтым замах на касцёл!.. I не сталi глядзець на мае прапановы супрацоўнiцтва: яны бачылi тут выключна замах на ўласнае месца працы.

— У вашых апанентаў ёсць аргумент: у 1970-х гадах касцёл быў адрэстаўраваны за дзяржаўныя сродкi — сродкi мастацкага музея... Маўляў, вы хочаце ўсё гатовае забраць.

— Гэта — помнiк архiтэктуры, няма нiчога дзiўнага, што дзяржава клапоцiцца. Мы таксама аднаўляем шмат храмаў — за грошы касцёла. Калi так казаць — а хто зруйнаваў гэты храм? Савецкая ўлада. Выгнала вернiкаў на двор. А пасля савецкая ўлада яго i аднавiла!..

— Ксёндзу, кампрамiс, якi адбыўся на нашых вачах — касцёл Святога Роха ў Мiнску, дзе была зала фiлармонii, а цяпер там зноў моляцца вернiкi... Можа, неяк можна было б прыйсцi да згоды?..

— Я прасiў iх даць мне малiцца хаця б у невялiкiм пакойчыку-закрыстыi... Мы б там зрабiлi алтар, павесiлi б абразы. Быў бы кампрамiсны варыянт. Але мне сказалi, што мы паразвальваем экспанаты...

Тэгі: