it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 22

Калi я даведаўся, колькi цяпер гадоў Хведару Нюньку, я ахнуў — 81!.. Назiраўшы за iм на розных беларускiх iмпрэзах у Вiльнi, заўжды захапляўся ягонай энергiяй, энергетыкай, актыўнасцю i — нязломнай, невынiшчальнай беларускасцю. Ад 1989 года, ад моманту ўтварэння, Хведар Нюнька ўзначальвае Таварыства беларускай культуры ў Вiльнi. І калi вы пабачыце ў сённяшняй лiтоўскай сталiцы мемарыяльныя дошкi на беларускай мове — Кастусю Калiноўскаму, Рыгору Шырму, Янку Купалу — ведайце: гэта справы Таварыства i асабiстая заслуга Хведара Нюнькi. Але сустрэўшыся з iм учора ў Вiльнi за кубачкам зялёнае гарбаты, мне захацелася пагутарыць найперш не пра клопат надзённы, а распытаць пра яго самога, пра яго пакручасты лёс ...Мацi не хацела, каб Хведар нараджаўся зусiм — пiла розныя пiгулкi i гадасцi: час быў цяжкi, а адно дзiця ў сям'i ўжо было. Але Хведар выжыў — хоць i нарадзiўся хваравiтым. Адбылося тое ў вёсцы пад Мастамi, жыў з бацькамi ў Мастах i Шчучыне, адтуль сям'я ў 1943 годзе перабралася ў Вiльню. Нюнька памятае апошнiх уладароў нашых палацаў, норавы i дэталi даваеннага жыцця беларускiх мястэчак. Вось пра што захацелася мне папытаць Хведара Нюньку.

"Якуб ужо як пан,
жалезныя ложкi мае!.."

— Што вы запомнiлi з тае, перадваеннае Беларусi?

— Мае бацькi пераехалi з вёскi Алешавiчы, што ў Мастоўскiм раёне, калi мне было ўсяго некалькi месяцаў. Спачатку ў Масты. Вёска была даволi бедная, там былi напалову католiкi, напалову праваслаўныя. Беларусы, але нацыянальна несвядомыя. Зямлi ў нас было мала — усяго 2,5 гектара. А сям'я ў дзеда была вялiкая... Таму трэба было думаць, як пражыць далей. Масты тады толькi пачалi разбудоўвацца, там быў такi пан Канапацкi, якi заснаваў фанерную фабрыку, гэтая фанера iшла нават на будаўнiцтва самалётаў! Гэты пан даваў бясплатна зямлю тым, хто прыязджаў туды працаваць да яго.

— А сёння ваша вёска яшчэ iснуе?

— Так. Старыя людзi ўжо павымiралi, а моладзi троху ёсць. Я быў там гады два таму, праехаў праз усю вёску, на жаль, нiкога знаёмага не пабачыў. Там кiламетры за два на могiлках мая радня пахаваная — дзед, баба... Суседзi таксама, якiх я добра ведаў — бо да 12—13 гадоў бываў там у дзеда з бабаю...

— А па пераездзе ў Масты чым займаўся ваш бацька?

— Бацьку падказалi, што там можна адчынiць сваю краму, бо разбудоўваецца фабрыка — будуць пакупнiкi. I ён ухапiўся за гэтую iдэю. Прадалi з мамаю пасаг — каня, карову... Усё адно было мала. Дык бацька пазычыў у "амерыканца". "Амерыканцамi" называлi тых...

—...хто ездзiў на заробкi?

— Так! У аднаго такога чалавека бацька пазычыў 100 долараў.

— У доларах?!

— Ну так! У Мастах тады, праўда, памяняць не было дзе, трэба было ехаць у Гародню цi Лiду. Як i па тавар — ехалi канём. Да Лiды 55 кiламетраў, да Гароднi — 62, амаль тое самае. Вазiлi спецыяльныя балаголы. Вось уначы бацька едзе ў Лiду, забiрае тавар, на другi дзень прывозiць. Бацька быў чалавек слоўны, акуратны што да сваiх абавязкаў. I нават калi часам браў тавар у крэдыт — заўжды аддаваў дзень у дзень, таму яму верылi. Перад вайной, годзе ў 1938-39, ён ужо браў тавары з самае Варшавы, бо там былi самыя нiзкiя кошты.

— Няўжо таксама канём?!

— Не, ужо цягнiком — у Мастах жа станцыя была.

— Дык ваш бацька нейкую краму адчынiў, так?

— Ну так. Пан Канапацкi даў пляцоўку. Бацька дамовiўся з панам на лес — мужыкi талакою дапамаглi яму зрубiць хату, на санях перавезлi, паставiлi. У адной частцы — памяшканне пад краму, у другой — нашае жытло. Я той дом ужо добра памятаю. Хата мокрая была, напачатку на бэльках вiльгаць нават замярзала ўзiмку. Але крама была! Прывёз першыя тавары, пакупнiкi пайшлi, абарот пачаўся. Бацька быў вельмi эканомны. Не дазваляў сабе браць што лепшае паесцi з крамы — а браў, што не прадавалася. А ўжо жонка, мая мацi, якраз дзецям брала што выгаднейшае. Бо ў той краме ў адным куце прадавалася сукно ўсякае, а ў другiм прадукты.

— Унiвермаг!

— Атрымлiваецца!..

— А бацька сам гандляваў?

— Ну так. Потым ужо мацi памагала. Тады ўжо двое дзяцей было — сястра мая старэйшая i я. Я i цяпер памятаю, як у краму прывозiлi бочкамi селядцы, прыходзiлi мужыкi i выбiралi таўсцейшыя. Але, даядаючы за рабочымi, бацька затое ў хуткiм часе разлiчыўся з тым "амерыканцам", i пайшоў прыбытак! У нас у хаце з'явiлiся жалезныя ложкi. А гэта ўжо была вялiкая справа, бо ўва ўсiх былi драўляныя — i там клапоў было безлiч!.. I мужыкi ўжо ў вёсцы казалi: "Ты глянь — Якуб ужо як пан, жалезныя ложкi мае!.." А потым бацька купiў сабе мапед "Закс" — i ўжо ў Лiду i Гародню стаў ездзiць на тым мапедзе! Прыязджаў у вёску, браў бутэльку гарэлкi, частаваў мужыкоў. Дык мужыкi ўвогуле пачалi кумекаць: "Слухай ты, Нюнька такi як мы быў, а цяпер во як, на матацыкле ездзiць!.. Трэба i нам паспрабаваць крамы адчынiць". I некаторыя спрабавалi — i прагаралi... Бо трэба было нюх мець, i быць беражлiвым, як мой бацька — i часам з'есцi не тое, што ты хочаш, а што застаецца. У 1935 годзе, памятаю, па радыё гаварылi, калi памёр Пiлсудскi. У нас ужо прыёмнiк быў. Складаны апарат быў — трэба было закопваць вядро ў зямлю, як зазямленне, антэну вялiкую рабiць на дах. Электрычнасцi ж не было, дык мелi такi акумулятар з дзiркамi — уторкнеш у адну дзiрку, пасля ў iншую — i так пакуль той акумулятар не выйдзе ўвесь. Была ў бацькi слабасць — як Першамай цi якое iншае свята, ён уключаў той прыёмнiк як мага гучней — каб усе нават на вулiцы чулi. I лавiў савецкае радыё — песнi, святкаваннi. Казаў: "Во як жывуць людзi!.." Бо ў польскіх газетах пiсалi, што за кардонам голад, рэпрэсii.. А ён казаў: "Цi ж можа быць, каб голад быў — а людзi так весяляцца i спяваюць?!" Прапаганда — моцная рэч... I бацька таму меў славу "пракамунiстычнага". Рабочыя данеслi фабрыканту, што Нюнька агiтуе... Пасля яшчэ была гiсторыя, што адзiн фабрыкант, Ян Дэмбоўскi, краў грошы з касы фабрыкi. I на тыя грошы купляў багата чаго ў майго бацькi. Гэта раскрылася. I хоць бацька не быў вiнаваты, фабрыкант вырашыў адпомсцiць "пракамунiстычнаму" — i выставiў ахову, якая не давала працаўнiкам хадзiць у краму Нюнькi. Гандлю ў Мастах прыйшоў канец... Бацька вырашыў перабрацца ў Шчучын. Гэта быў хiба трыццаць шосты год.

"Бацька
белае выкiнуў,
а чырвонае вывесiў над крамаю..."

— У Шчучыне таксама краму адчынiлi?

— Так, толькi не будавалi, а наймалi памяшканне — у такiх сабе гандлёвых радах. Жылi таксама ў найманай кватэры — адной, другой, трэцяй. Справы пайшлi вельмi паспяхова. Тавары стаў браць на фабрыках — у Беластоку, Варшаве, Лодзi. Наладзiў-такi сабе аптовы гандаль — сшыткi прадаваў у школы цэлымi партыямi, са знiжкай. Усiм было выгадна!

— Дык вы ў школу ўжо ў Шчучыне пайшлi?

— Так — 1 верасня 1939 года! Па радыё ў той дзень абвясцiлi, што пачалася вайна. Настаўнiца сказала: iдзiце дахаты, як немца паб'ем, тады будуць заняткi... Школа польская была, усе тады школы польскiя былi...

— А ўвогуле на якой мове тады размаўлялi?

— Мяне бацькi хацелi выхаваць так, каб я мог зрабiць сабе кар'еру ў Польшчы — таму я да 13 гадоў ведаў толькi польскую мову, са мной па-iншаму не размаўлялi. Хлопцы ў вёсцы размаўлялi па-беларуску, а я з iмi па-польску... Бацька настроiў радыё на Мiнск — i ведаў, што бальшавiкi рыхтуюцца ўвайсцi. I вось мы з бацькам пайшлi сустракаць першыя танкi. Ён з iншымi крамнiкамi, яўрэямi, перад тым дамовiўся, што ўсе разам пойдзем сустракаць. А як трэба было iсцi, дык нiхто не пайшоў — толькi бацька i я пры iм. Зайшлi ў горад два танкi — i бацька мой абняў, расцалаваў таго камiсара. Палякi толькi коса паглядалi... I яны на ўсё жыццё гэта запомнiлi. Потым такi як мiтынг зрабiлi — i гэты камiсар прызначае бацьку кiраўнiком горада, як мэрам усё адно. Але бацька распытаў падрабязней — i адмовiўся. Бо ў яго ж крама, трэба было гандляваць... Пайшоў у краму, вынес сцяг, — белае адарваў, а чырвонае вывесiў каля ўваходу. I за сем дзён распрадаў вайскоўцам, радасны, усю краму. Не ведаючы яшчэ, што тыя савецкiя рублi нiчога асаблiвага не вартыя...

— Цiкава атрымлiваецца: бацька вас выхоўваў па-польску з прыцэлам на польскую кар'еру — а сам быў савецка арыентаваным чалавекам...

— Я б не сказаў, што савецка арыентаваным. Ён яшчэ ў 1914 годзе, калi пачалася Першая сусветная, быў бежанцам — уцякаў з iншымi ажно да Урала. I да iх там людзi вельмi добра паставiлiся, прынялi, прытулiлi. Тая памяць нагадвала яму, што людзi з усходу — добрыя...

"Я размаўляў
па-нямецку — i гэтым уратаваў бацьку
ад расстрэлу"

— Як вы патрапiлi ў Вiльню?

— Калi пачалася вайна, я быў у Алешавiчах у дзеда — пабачыў, як пачалося, усё стала рвацца. Салдаты прыйшлi ў вёску i сказалi: "уцякайце ў лес, мы там будзем у маёнтку Незабытоўскiх падпальваць склад са снарадамi, дык каб нiкога не забiла". Я вярнуўся ў Шчучын да бацькоў. Стала цяжка, арганiзавалася нямецкая камендатура. Бацькi нанялi мне настаўнiка — каб я вучыў нямецкую мову, якую я цудоўна засвоiў. Праз пэўны час нехта данёс немцам пра "левую" арыентацыю майго бацькi — яго завялi ў камендатуру, ледзьве не расстралялi. Я прыбег i па-нямецку патлумачыў, што бацька падраў сцяг. I гэта ўратавала — бо немцы не любiлi палякаў. Давялося ўцякаць. I тады па пэўных прычынах пераехаць у Вiльню было прасцей, чым у Гародню... У Вiльнi было шмат пустых кватэраў — бо немцы мэтанакiравана вынiшчалi яўрэяў, пусцелi цэлыя дамы...

— Што вы рабiлi пасля вайны?

— Беларускіх школ не было, я паступiў у рускую гiмназiю iмя Чарняхоўскага — яна знаходзiлася там, дзе цяпер Дом Урада. Скончыў яе ў 1948 годзе, паступiў на лясны факультэт пры ўнiверсiтэце — але цераз год яго далучылi да сельскагаспадарчае акадэмii ў Коўне. Купiў сабе матацыкл IЖ-350 — i на iм ездзiў у Вiльню... У 1953 годзе я паспяхова здаў экзамены, абаранiў дыплом па спецыяльнасцi "iнжынер лясной гаспадаркi". Атрымаў накiраванне ў Дзяржплан. Гэта была адказная ўстанова, якая давала шанцы на кар'еру! Але ўладкаваўся ў iншае месца, гады тры працаваў па спецыяльнасцi iнжынерам — аднак было не вельмi цiкава... Перайшоў працаваць у праектныя будаўнiчыя iнстытуты, адпрацаваў трыццаць пяць гадоў галоўным спецыялiстам па каштарысах. Меў вялiкiя заробкi — тысячу рублёў, у той час як праезд у транспарце каштаваў 4 капейкi, свiнiна была 2 рублi. Ужо тады расчараваўся ў камунiстах. I калi ў Шчучыне я быў першым пiянерам, то ў Вiльнi, дазнаўшыся больш усяго, я стаў антыкамунiстам...

...Ведаеце, я не стаў распытваць Хведара Нюньку менавiта пра ягоную дзейнасць на пасадзе старшынi Таварыства беларускай культуры ў Вiльнi, якое ён з аднадумцамi стварыў 4 лютага 1989 года. На гэтае пытанне я магу адказаць i сам. З тузiн мемарыяльных дошак па ўсёй Вiльнi — Францiшку Скарыну, Янку Купалу, Бранiславу Тарашкевiчу, Пётру Сергiевiчу, Рыгору Шырму, Кастусю Калiноўскаму, Вацлаву Ластоўскаму, Наталлi Арсенневай, Максiму Гарэцкаму... А таксама — дзясяткi выдадзеных кнiг, дзясяткi праведзеных iмпрэзаў, штодзённая праца на нiве Беларушчыны. Зусiм нядаўна гарадская ўправа Вiльнi ўзнагародзiла Хведара Нюньку дыпломам "За заслугi перад Вiльняй". Аднаго з прадстаўнiкоў усiх дыяспар.

Хведар Нюнька любiць паўтараць, што ў Вiльнi мусiць пабываць кожны беларус. I ён зрабiў шмат, каб мы маглi пабачыць беларускую Вiльню.

надрукавана ў "Звяздзе"

Тэгі: ,